20 лістапада па ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень педыятра. Сімвалічна, што менавіта ён прызнаны і Сусветным днём дзіцяці. Для таго каб малыш рос здаровым, побач павінны знаходзіцца не толькі разважлівыя бацькі, але і дасведчаны ўрач, якому можна без кроплі сумненняў даверыць здароўе свайго дзіцяці.
Абмеркаваць набалелыя пытанні наконт неабходнасці правядзення вакцынацыі, расказаць пра найбольш небяспечныя інфекцыйныя захворванні, прафілактыку стамляльнасці школьнікаў, правільны падыход да маленькіх пацыентаў і іх бацькоў згадзілася ўрач-педыятр 7-й гарадской дзіцячай паліклінікі Мінска мама двух дзяцей Кацярына Міхайлаўна РАЦЬКОВА.
— Кацярына Міхайлаўна, многія маладыя мамы замест таго, каб звярнуцца па параду да ўчастковага педыятра, шукаюць адказы ў інтэрнэце. Чым выкліканы такі недавер да ўрача?
— Недавер бацькоў да ўрачоў, у тым ліку да педыятраў, несумненна, ёсць. Асабліва востра гэта адчуваецца, калі ўпершыню прыходжу да дзіцяці на агляд дадому ці прымаю яго ў кабінеце. У бацькоў ёсць інтэрнэт з вялікай колькасцю інфармацыі, якая часта падаецца няправільна. Мамы правяраюць і звяраюць веды педыятра наконт таго, ці правільна выстаўлены дыягназ, глядзяць, якія лекі выпісваюцца пры тым ці іншым захворванні. Зразумела, інфармацыя ўвогуле не фільтруецца. Не маючы медыцынскай адукацыі, мамы не могуць вызначыць, якія звесткі лішнія. У скептычных адносінах бацькоў сваю ролю адыгрывае і сарафаннае радыё. Мамы дзеляцца на дзіцячай пляцоўцы, у чарзе ў паліклініцы, які педыятр добра вылечыў, а які не вельмі, які прэпарат варта купляць, а які бессэнсоўны, бо, на іх погляд, не мае эфектыўнасці і г.д. Пасля такога словы спецыяліста, яго назначэнні ўжо ўспрымаюцца па-рознаму. Безумоўна, сам доктар павінен умець выклікаць прыхільнасць да сябе і маленькага пацыента, і яго бацькоў. Няўменне ўрачоў весці дыялог, а таксама аўтарытэтныя выказванні, незразумелыя тэрміны — усё гэта аддаляе і стварае непрыязныя адносіны паміж урачом і пацыентам. А павінна быць наадварот.
— Ёсць бацькі, якія пры першых сімптомах насмарку даюць дзіцяці антыбіётык. У чым небяспека такой перастрахоўкі?
— Вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі, на якія часцей за ўсё хварэюць нашы дзеці, выкліканы менавіта вірусамі, і лячэнне антыбіётыкамі ў такіх выпадках зусім не апраўдана. Што тычыцца прафілактычнага назначэння антыбіётыкаў падчас прастуды ці проста для перастрахоўкі, як вы назвалі, то гэта вельмі распаўсюджаная памылка, якая прыносіць велізарную шкоду. Такія прэпараты не папярэджваюць развіццё бактэрыяльных ускладненняў пры рэспіраторных вірусных інфекцыях, іх назначэнне проста так, на ўсялякі выпадак, спрыяе фарміраванню ўстойлівасці бактэрый да тых антыбактэрыяльных сродкаў, якія былі ўжыты. Бяздумнае саманазначэнне антыбіётыкаў з мэтай прафілактыкі можа прывесці да таго, што, калі дзіця сур’ёзна захварэе, напрыклад, на пнеўманію і яму спатрэбіцца антыбіётык, выбіраць проста не будзе з чаго: бактэрыя можа быць устойлівай да таго ці іншага дзеючага рэчыва, на аснове якога выраблена лякарства.
Такім чынам, прымаць рашэнне аб назначэнні антыбактэрыяльнага прэпарату павінен выключна педыятр. Робіцца гэта на падставе старанна сабранага анамнезу, агляду, лабараторных даных. Калі антыбіётык дзіцяці ўжо быў назначаны, неабходна няўхільна выконваць рэкамендацыі па яго прыёме, бо парушэнне рэжыму прымянення (скарачэнне курса лячэння або пропуск дозы) істотна павялічваюць рызыку фарміравання ў бактэрый устойлівасці да антыбіётыкаў. Калі гаварыць пра бацькоў, іх рэакцыю на хваробу дзіцяці, то павінны насцярожыць такія сімптомы, як млявасць дзіцяці, адсутнасць цікавасці да цацак, працяглая (больш за трое сутак) высокая або такая, якую цяжка збіць, тэмпература цела, падазроны кашаль, цяжкае дыханне або яго змяненне. Да доктара трэба звяртацца ў пачатку захворвання, каб не дапускаць самалячэння, і далей — для кантролю эфектыўнасці назначэнняў і назірання за станам дзіцяці.
— Сёння ў дзіцячых садках і школах бацькі пішуць дазвол на тое, каб паставіць дзецям прышчэпкі супраць грыпу. Ці мэтазгодна іх рабіць і ці заўсёды вакцынацыя ад інфекцый будзе эфектыўнай?
— Хачу нагадаць, што шэраг сур’ёзных інфекцый, напрыклад, грып і пнеўмакокавую інфекцыю, можна прадухіліць своечасовай вакцынацыяй. Дзякуючы вакцыне (разгледзім актуальны зараз грып), выпрацоўваюцца антыцелы да дадзенага штама віруса. Я рэкамендую прышчэпліваць дзяцей, якія наведваюць дзіцячыя калектывы, а таксама тых, хто мае захворванні крыві, парокі развіцця, захворванні нырак, эндакрыннай сістэмы, знаходзіцца ў імунадэфіцытным стане. Важна выконваць умовы правільнай вакцынацыі! Дзіця павінна быць саматычна здаровым. Вакцынацыю неабходна праводзіць мінімум за месяц, а лепш за 3—4 месяцы да пачатку эпідэміі. Не рэкамендую рабіць прышчэпку дзеткам з індывідуальнай непераноснасцю, якія маюць алергію на курыны бялок (ён уваходзіць у склад вакцыны), пры абвастрэнні хранічных захворванняў, у перыяд ВРВІ і на працягу 2 тыдняў пасля выздараўлення.
Рашэнне аб вакцынацыі дзіцяці прымаюць яго бацькі, параіўшыся з педыятрам, якому давяраюць. Варта адзначыць, што, дзякуючы вакцынацыі ад грыпу, у нас штогод змяншаецца колькасць смяротных зыходаў, якія выклікаюцца ўскладненнямі грыпу.
Тым не менш тых, хто выступае супраць прышчэпак, сёння вельмі многа. У інтэрнэце блукае інфармацыя пра сусветную змову навукоўцаў і фармкампаній, пра страшныя пабочныя эфекты вакцын, прыводзяцца бясконцыя асабістыя прыклады інвалідызацыі дзяцей нібыта з-за вакцынацыі, тлумачыцца, што страшныя эпідэміі зніклі не дзякуючы таму, што пачала праводзіцца імунізацыя. Безумоўна, бацькі губляюцца і паддаюцца на такую інфармацыю, не спрабуючы нават пашукаць правераныя крыніцы, дзе прыводзіцца статыстыка смяротнасці падчас тых захворванняў, ад якіх праводзіцца вакцынацыя. Мамы і таты ўпэўнены, што ў наш час нельга заразіцца страшнымі хваробамі. Яны ўпэўнены, што лепш перахварэць і набыць імунітэт, многія баяцца ўскладненняў пасля прышчэпкі, а нехта прытрымліваецца пэўных рэлігійных поглядаў і перакананняў, па прычыне якіх і не прышчэпвае дзяцей. Каб гэтага пазбегнуць, трэба зноў жа строіць даверлівыя адносіны з бацькамі дзіцяці, тлумачыць наступствы адмовы ад прышчэпак, прыводзіць прыклады і расказваць пра адзёрны энцэфаліт, пнеўмакокавы менінгіт, слупняк, поліяміэліт. Успышкі гэтых захворванняў у шэрагу краін звязаны з масавымі адмовамі ад вакцынацыі. Калі ж вакцына дзіцяці была ўведзена, трэба папярэдзіць бацькоў пра непажаданыя з’явы пасля прышчэпак. Гэта могуць быць павышэнне тэмпературы цела, боль у месцы ўвядзення вакцыны, інфільтраты, адзёрападобныя высыпанні, болі ў жываце і г.д. Звычайна гэта доўжыцца 1—3 дні і праходзіць без асаблівага лячэння, пры падтрымцы і назіранні педыятра. Непажаданыя з’явы ад вакцыны — гэта невялікая плата за тое, каб масава і пакутліва не хварэць на страшныя інфекцыі.
— Сёння шырока рэкламуюцца супрацьвірусныя сродкі. Вы мама і педыятр. Як ставіцеся да імунамадулятараў? Яны насамрэч дзейсныя ці маюць хутчэй эфект плацэба?
— Пытанне аб супрацьвірусных прэпаратах нават больш спрэчнае, чым прышчэпкі. Сёння супрацьвірусныя прэпараты прадстаўлены некалькімі тыпамі: інгібітары нейрамінідазы, інтэрфероны, індуктары інтэрферонаў, цыклічныя аміны, раслінныя прэпараты і інш.
Пры грыпе выкарыстоўваюць інгібітары нейрамінідазы (“Асельтамівір”, “Занамівір”), якія маюць даказаную навуковымі даследаваннямі эфектыўнасць. Нейрамінідаза — гэта фермент, які шырока распаўсюджаны ў прыродзе і прысутнічае ў абалонках шэрага вірусаў, у тым ліку вірусах грыпу. З цыклічных амінаў у нашых аптэках фактычна прадстаўлены толькі “Рэмантадзін”. Яго фармакалагічнае ўздзеянне абумоўлена здольнасцю прыгнятаць спецыфічную рэпрадукцыю вірусных клетак. Аднак сёння гавораць і пра нізкую эфектыўнасць “Рэмантадзіна” супраць існуючых штамаў віруса грыпу, бо мутацыі вірусаў паспрыялі з’яўленню ўстойлівых да дадзенага прэпарату форм. Тым не менш рэмантадзін актыўна выкарыстоўваецца як частка прафілактычнай і супрацьвіруснай тэрапіі дзякуючы спектру дзеяння і невысокаму кошту. Што тычыцца шматлікіх прэпаратаў на аснове інтэрферонаў, практычна ні ў аднаго з іх няма дастатковай доказнай базы ў пытаннях эфектыўнасці. Звязана гэта з тым, што маштабныя клінічныя даследаванні дзеянняў такіх прэпаратаў не праводзіліся. Як мама дваіх сыноў прызнаюся, што не даю сваім дзецям дадзеныя лякарствы, і як педыятр не лічу патрэбным назначаць іх і прымяняць падчас звычайнай ВРВІ.
— Пытанне захавання здароўя малодшых школьнікаў заўсёды было актуальным. На што часцей за ўсё скардзяцца мамы? Якія сігналы з боку арганізма паказваюць, што дзіця перагружана школьнай праграмай?
— Скаргі на стамляльнасць школьнікаў нярэдкія, пік іх прыпадае перад пачаткам канікул. Мамы расказваюць пра галаўныя болі, няўважлівасць, плаксівасць ці агрэсіўнасць, дрэнную памяць дзяцей. У сучаснай школе дзеці, насамрэч, перагружаны. Такія высновы раблю і па назіраннях за сваім сынам-другакласнікам. Для таго каб дапамагчы дзецям, ёсць некалькі рэкамендацый: прытрымлівацца пітнога рэжыму (каля 2 літраў вады ў дзень), які неабходны для добрага энергетычнага абмену і для забеспячэння клетак арганізма кіслародам; абавязкова неабходна гуляць на свежым паветры, займацца фізічнымі практыкаваннямі. Акрамя гэтага, бацькі павінны забараняць дзецям вучыць урокі пры тэлевізары, які працуе, ці слухаючы музыку. Гэта прыводзіць да знясілення нервовай сістэмы. Зразумела, вялікую ролю адыгрывае і харчаванне, таму варта паклапаціцца, каб яно было рацыянальным. Таксама, параіўшыся з урачом, можна звярнуцца да некаторых лекавых прэпаратаў. Так, пры зніжэнні канцэнтрацыі і разумовай працаздольнасці, дрэннай памяці, пагаршэнні сну педыятр можа назначыць гліцын ці асобныя мікра- і макраэлементы, вітаміны.
Дарэчы, важным і неабходным для правільнага функцыянавання арганізма дзіцяці з’яўляецца вітамін Д, які невыпадкова называюць вітамінам сонца. У адрозненне ад іншых пажыўных рэчываў, ён амаль не змяшчаецца ў ежы, затое ў максімальных дозах выпрацоўваецца, калі наша скура падвяргаецца ўздзеянню цяпла і света. Такім чынам, вітамін Д — гэта цэлая група тлушчарастваральных вітамінаў, але менавіта Д3 нам найбольш вядомы. Яго адметнасць у тым, што ён сінтэзуецца, калі сонечныя прамяні кантактуюць з верхнімі пластамі скуры. У пахмурнае надвор’е мы гэтага пазбаўлены.
Недахоп вітаміна Д прыводзіць не толькі да рахіту, пра які ведае большасць бацькоў, але і павышае рызыку развіцця дыябету, бранхіяльнай астмы і шматлікіх іншых аўтаімунных, сардэчна-сасудзiстых захворванняў, дэпрэсіі. Прыметамі дэфіцыту дадзенага вітаміну з’яўляюцца павышаная стамляльнасць, адсутнасць апетыту і настрою, слабасць, болі ў мышцах, слабыя косці (у тым ліку зубы), частыя інфекцыйныя захворванні.
— Мамы заўсёды дзяліліся на дзве катэгорыі. Адны пакутуюць на сіндром бабуль, ухутваюць дзяцей нават летам, а іншыя разумна падыходзяць да гэтага пытання. Як вы рэагуеце на праблему лішняй вопраткі?
— Мамы, якія апранаюць дзяцей, нібы на Паўночны полюс, у мільён вопратак, у мяне выклікаюць ужо нават не ўсмешку, як было раней, а абурэнне. Летам даводзіцца бачыць такія сем’і, дзе мама і тата апрануты па надвор’і, а дзіця ўкамплектавана ўдвая. Напрыклад, бацька ідзе ў майцы, а дзеці бягуць побач у цёплых кофтах і шапачках. Сёлетняя восень была вельмі цёплай, але большасць дзяцей ужо была апранута ў зімовую вопратку. Хачу сказаць, зыходзячы з вопыту, што малышы часцей за ўсё пачына-юць хварэць не з-за таго, што замёрзлі, а з-за таго, што іх перагрэлі. Дзіця, якое спацела, хутчэй прастуджваецца.
Актуальным застаецца і пытанне загартоўвання. Дзеці, якіх загартоўваюць, больш устойлівыя да прастудных захворванняў і лягчэй і хутчэй пераносяць інфекцыйныя хваробы.
— Кацярына Міхайлаўна, у замежнай медыцыне, напрыклад, у Польшчы, няма такой паслугі, як выклік урача дадому. Ці заўсёды ў нас апраўданы адпаведныя званкі? І ўвогуле, які вопыт замежных калег вам імпануе?
— Сёння педыятру з мамамі-“бабулямі” працаваць складаней, чым з дзіцем. Акрамя агляду і лячэння маленькіх пацыентаў, трэба хвілінку паспачуваць, выслухаць і пастарацца дапамагчы дарослым. Дрэнны і агрэсіўны настрой бацькоў адразу праходзіць, калі педыятр і дарослага, і дзіця сустракае з усмешкай. І так павінна быць, таму што здароўе дзетак — наш агульны абавязак.
Як участковы педыятр хачу адзначыць, што сёння фіксуецца шмат неабгрунтаваных выклікаў урача. У многіх краінах за гэта даюцца штрафы або зусім няма такой паслугі, як прыезд медыкаў дадому. Мне падабаецца страхавая медыцына, забеспячэнне сучасным абсталяваннем замежных калег. Хочацца верыць, што і наша сістэма аховы здароўя будзе развівацца ўслед за сусветнай.
Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.