Цукровы дыябет: непазбежная заканамернасць або непрыемнае непаразуменне?

Цукровы дыябет — гэта захворванне, пры якім павышаецца ўзровень цукру (глюкозы) крыві. У норме ўзровень цукру крыві ў здаровага чалавека 3,3—5,5 ммоль/л. Пры павышэнні цукру крыві вышэй за гэтыя значэнні, неабходна звярнуцца да ўрача для назначэння дадатковага абследавання з мэтай выключэння пераддыябету і дыябету.

Глюкоза з’яўляецца асноўнай крыніцай энергіі для клетак арганізма. Яна прысутнічае ў краватоку. У здаровага чалавека ўзровень глюкозы знаходзіцца ў строгіх межах і не перавышае норму. Пры высокім узроўні глюкозы крыві яна дзейнічае як атрута, паступова разбураючы арганізм, прыводзіць да цяжкіх наступстваў — інсульту, інфаркту, ампутацыі рук і ног, слепаты, нырачнай недастатковасці.
Для падтрымання нармальнага ўзроўню цукру крыві ў арганізме працуе складаная сістэма, галоўным звяном якой з’яўляецца інсулін. Інсулін выпрацоўваецца ў падстраўнікавай залозе і зніжае ўзровень цукру крыві шляхам пераносу глюкозы з крыві ў клетку. Калі інсуліну ў арганізме недастаткова, то цукар крыві павышаецца і развіваецца цукровы дыябет. У залежнасці ад прычын, па якіх інсулін не зніжае ўзровень цукру крыві, выдзяляюць тыпы цукровага дыябету — цукровы дыябет 1 тыпу, цукровы дыябет з прычыны хранічнага панкрэатыту і цукровы дыябет 2 тыпу, які сустракаецца найбольш часта.

Пры цукровым дыябеце 1 тыпу інсулін перастае выпрацоўвацца зусім, таму ўзровень цукру крыві павышаецца. Без інсуліну цукар крыві не паступае з краватоку ў клеткі, яны не атрымліваюць энергію, чалавек імкліва худзее. Праявы цукровага дыябету 1 тыпу, такія як смага, сухасць у роце, багатае мочааддзяленне, хутка прыводзяць да пагаршэння стану чалавека, нават да комы. Адзіным сродкам для лячэння цукровага дыябету 1 тыпу з’яўляецца інсулін. На жаль, на сёння мер прафілактыкі цукровага дыябету 1 тыпу няма.
Іншым тыпам дыябету з’яўляецца цукровы дыябет з прычыны хранічнага панкрэатыту, які развіваецца пры злоўжыванні алкаголем. Панкрэатыт — гэта запаленне падстраўнікавай залозы, пры якім можа перастаць выпрацоўвацца інсулін. Галоўным у лячэнні цукровага дыябету з прычыны хранічнага панкрэатыту з’яўляецца катэгарычная адмова ад алкаголю. У лячэнні таксама выкарыстоўваецца інсулін і таблеткі, якія зніжаюць цукар у крыві.

А вось цукровы дыябет 2 тыпу можна прадухіліць. Яго ўзнікненню ў большай ступені спрыяе няправільны лад жыцця. Асноўнымі фактарамі рызыкі развіцця цукровага дыябету 2 тыпу з’яўляюцца залішняя маса цела, няправільнае харчаванне, маларухомы лад жыцця.
Поўны чалавек мае шмат тлушчавай тканкі. А тлушчавая тканка — непрымірымы праціўнік інсуліну. Падстраўнікавая залоза поўнага чалавека выпрацоўвае вельмі многа інсуліну, каб прабіць сцяну тлушчавай тканкі і перанесці цукар з крыві ў клеткі.
З цягам часу падстраўнікавая залоза чалавека працягвае працаваць з вялікім напружаннем. Паступова яе рэсурсы вычэрпваюцца, і цукар крыві ў поўнага чалавека пачынае павышацца. На жаль, сімптомаў захворвання на ранніх стадыях яшчэ няма, і чалавек адчувае сябе здаровым. Таму дыягназ цукровага дыябету 2 тыпу вызначаецца праз 10 і больш гадоў. Часам здараецца так, што гэтае цяжкае захворванне выяўляецца выпадкова, пры развіцці сасудзістых ускладненняў дыябету — інфаркту міякарда, інсульту.
Формула барацьбы з пагрозай дыябету 2 тыпу простая: няма лішняй вагі — няма цукровага дыябету 2 тыпу. Таму цукар, прысмакі, і ўсё тое, што вы ясце і ад чаго адчуваеце салодкі смак у роце, тлустая ежа, паўфабрыкаты і фастфуд спрыяюць набору вагі, атлусценню, а значыць, і цукроваму дыябету 2 тыпу.
Жанчына, якая нарадзіла вялікае (больш за 4 кг) дзіця, амаль абавязкова захварэе на дыябет. Значная вага плода азначае, што ў перыяд цяжарнасці ў будучай маці павышаўся цукар. Ратуючыся ад яго, падстраўнікавая залоза выпрацоўвае залішнюю колькасць інсуліну. І як вынік — нарастае вага дзіцяці. Яно цалкам можа быць здаровым. Але маці — патэнцыяльны дыябетык, нават калі аналіз крыві гэтага не паказваў. Кроў на цукар у цяжарных бяруць у любы час, звычайна разам з агульным аналізам — гэта значыць, нашча. Па-добраму, жанчыне з вялікім плодам трэба вымяраць узровень глюкозы і пасля яды. Дзіця, народжанае з невялікай вагой (напрыклад, неданошанае) — таксама патэнцыяльны дыябетык, бо з’явілася на свет з несфарміраванай, негатовай да нагрузак падстраўнікавай залозай.

У народзе жыве трывалае няправільнае меркаванне, што хворы на цукровы дыябет хутка паўнее. Усё наадварот: атлусценне — прычына, а дыябет — амаль заўсёды вынік. Дзве трэці таўстуноў непазбежна захварэюць на дыябет. У першую чаргу тыя, хто мае тыпова “цукровую фігуру” — з атлусценнем у вобласці жывата. Тлушч са знешняга і ўнутранага боку жывата выпрацоўвае гармоны, якія правакуюць развіццё дыябету 2 тыпу.
Да дыябету вядзе не характар ежы, а атлусценне або залішняя вага, якую маюць каля 50% людзей усіх узростаў. І няважна, якія сродкі дапамаглі дасягнуць такіх вынікаў — пірожныя ці адбіўныя. Хаця тлушчы намнога небяспечней.
Або яшчэ адзін міф: дыябетыку нельга есці цукеркі, хлеб, макарону, крупы, салодкую садавіну. Памятайце, што 55% нашага рацыёну павінны складаць вугляводы. Без іх паказчыкі цукру скачуць, дыябет можа стаць некіруемым, развіваюцца ўскладненні, дэпрэсія. Зараз рацыён пацыента разлічваецца так, каб ён атрымліваў усе неабходныя арганізму пажыўныя рэчывы (бялкі, тлушчы і, галоўнае, вугляводы ў фізіялагічных прапорцыях), каб падтрымліваўся неабходны ўзровень цукру ў крыві, каб не было вострых сітуацый — рэзкага зніжэння (гіпаглікемія) або павышэння цукру (гіперглікемія).
Абмежаваць варта толькі жывёльныя тлушчы. Вугляводзістая ежа, наадварот, павінна пастаянна прысутнічаць і быць разнастайнай. Сёння на снеданне каша адна, заўтра — іншая, потым — макарона. Вугляводы трэба пастаўляць у арганізм, як ён таго патрабуе (пяць-шэсць разоў на дзень). Толькі вось здаровы чалавек ператварае іх у энергію сам, а дыябетык — пры дапамозе лекаў. Іншая справа, што ў абодвух выпадках лепш не рафінаваныя, або “хуткія”, вугляводы (цукар і прадукты, якія яго змяшчаюць), а грубыя (крупы, хлеб, бульба, макарона), у якіх яшчэ прысутнічае клятчатка.
Грэчка і зялёныя яблыкі карысны пры дыябеце, але не больш за ячныя крупы і чырвоныя яблыкі. У савецкія гады эндакрынолагі нават выдавалі дыябетыкам грэчку па талонах — быццам яна не павышае цукар крыві. Аднак потым высветлілася, што грэцкія крупы павышаюць глюкозу крыві таксама як і любая іншая каша. Што ж да яблыкаў і іншай садавіны, то колькасць у іх цукру залежыць хутчэй ад іх памеру і ступені спеласці, чым ад колеру.
А памятаеце мінулыя ўяўленні, што дыябетыку трэба перайсці ад цукру да цукразаменнікаў? Цукразаменнікі і падсалоджвальнікі ў лепшым выпадку — бескарысны баласт, у горшым — спрыяюць больш хуткаму разбурэнню нешматлікіх бэта-клетак падстраўнікавай залозы, якія яшчэ засталіся.
Так што адзіны правільны спосаб пазбегчы дыябету 2 тыпу — весці актыўны лад жыцця, правільна харчавацца. Тое ж адносіцца і да ўжо хворых. Для чалавека цвярозага розуму дыябет 2 тыпу — непрыемнае непаразуменне, з якім проста трэба навучыцца жыць.

Юрый ГУЗІК,
загадчык аддзела гігіены харчавання
Мінскага абласнога цэнтра гігіены,
эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.