У самае сэрца

Па меры назапашвання даных аб магчымых наступствах перанесенага COVID-19 навукоўцы звярнулі ўвагу, што так званы посткавідны сіндром нярэдка працякае цяжэй, чым сама вірусная інфекцыя. Першапачаткова яны меркавалі, што COVID-19 паражае выключна лёгачную тканку, а спадарожныя шматлікія ўскладненні з’яўляюцца толькі вынікам гіпаксіі (кіслароднага галадання) і выяўленага запаленчага працэсу. Сёння, акрамя паражэння нервовай і дыхальнай сістэм, нырак, печані і іншых органаў, урачы адзначаюць частыя ўскладненні пасля каранавіруса на сэрцы і сасудах.

Як жа каранавірус можа ўплываць на сардэчна-сасудзістую сістэму? Па-першае, інтаксікацыя (атручванне арганізма), якая ўзнікае пры любой, у тым ліку каранавіруснай, інфекцыі, абцяжарвае работу сэрца і выклікае некантралюемае зніжэнне артэрыяльнага ціску. Па-другое, вірус пранікае ў клеткі і прымацоўваецца да бялку АСЕ2. Гэты бялок ёсць у эндатэліі (клетках, якія высцілаюць крывяносныя сасуды), а таксама ў лёгкіх, сэрцы і іншых органах. Вірус, пранікаючы ў гэтыя клеткі, часткова разбурае іх і выклікае пашкоджанне сардэчнай тканкі, памяншаючы кровазабеспячэнне сэрца, што павялічвае рызыку яго запалення.

Вірус можа як паражаць непасрэдна сэрца, так і парушаць работу імунітэту, які пры гэтым пачынае змагацца з уласным сэрцам, з-за чаго ўзнікае імуннае запаленне сэрца — міякардыт. Запаленчы працэс у міякардзе зніжае скарачальную здольнасць сардэчнай мышцы. Нялечаны міякардыт прыводзіць да сур’ёзных ускладненняў: арытміі — парушэння праводнасці электрычных імпульсаў, што праяўляецца тахікардыяй, экстрасісталіяй, фібрыляцыяй перадсэрдзяў; кардыяміяпатыі — сардэчнай недастатковасці, якая суправаджаецца змяненнем аб’ёму жалудачкаў, павелічэннем перадсэрдзяў, парушэннем выкіду крыві з сэрца ў сасудзістае рэчышча; фарміравання ўнутрысардэчнага тромба, а таксама раптоўнай смерці.

Ускладненні на сэрцы пры посткавідным сіндроме не абмяжоўваюцца міякардытам. Могуць развіцца таксама перыкардыт (запаленне знешняй абалонкі сэрца), каранарыт (запаленне сасудаў, якія дастаўляюць да міякарда насычаную кіслародам кроў) і шмат іншых захворванняў, якія пагражаюць жыццю.

Яшчэ каранавірус пашкоджвае ўнутраную высцілку сасудаў, яны перастаюць быць гладкімі, а гэта актывуе згортвальную сістэму. І прама ў сасудах утвараюцца тромбы, якія іх закаркоўваюць. Сілкаванне органаў парушаецца, аж да некрозу (змярцвення) тканак. Калі згустак крыві трапіў у сасуд галаўнога мозгу, гэта можа скончыцца інсультам, калі ў лёгкія — тромбаэмбаліяй або інфарктам лёгкіх, у іншыя органы — іх ішэмічным паражэннем.

Ад стану сардэчна-сасудзістай сістэмы напрамую залежыць здароўе і працягласць жыцця чалавека. Для прафілактыкі захворванняў сэрца і сасудаў патрэбны комплекс мер, звязаных з адказным стаўленнем да свайго арганізма. Важна сачыць за ціскам і пульсам, асабліва калі пасля хваробы не ўдаецца доўга аднавіцца. Калі ёсць павышаная стамляльнасць, галаўныя болі, а пры звычайных фізічных нагрузках з’яўляюцца адышка і сціскальныя болі ў вобласці сэрца, сэрцабіццё, адчуванне “перабояў”, няма рытмічнасці пульсу, варта звярнуцца да спецыяліста, каб разабрацца ў прычынах такога стану.

Для ўмацавання сэрца лепшыя вітаміны — гэта актыўны адпачынак, збалансаванае харчаванне, рэжым сну і бадзёрасці, рэгулярная фізічная нагрузка: прагулкі, лячэбная фізкультура, прабежкі і г.д. Яны і імунітэт умацуюць, і настрой паднімуць. Важна адмовіцца ад ужывання спіртных напітка, курэння, а таксама пазбягаць стрэсавых сітуацый.

Практыка паказвае, што сёння адзіны спосаб эфектыўна абараніць сябе — гэта вакцынацыя. Толькі з яе дапамогай можна пазбегнуць цяжкіх ускладненняў. Нават калі прышчэплены чалавек будзе інфіцыраваны, што таксама здараецца, ён перанясе хваробу або лёгка, або бессімптомна і будзе абаронены ад адкладзеных ускладненняў.

У першую чаргу, вядома, трэба прышчапляцца людзям, у якіх высокая рызыка цяжкага цячэння COVID-19. Гэта пажылыя людзі, а таксама тыя, хто пакутуе ад захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы. Ім вельмі важна ўсвядоміць, што, калі яны захварэюць на каранавірус, мож  а здарыцца так, што нават самыя гераічныя намаганні ўрачоў і сучасныя прэпараты не змогуць іх выратаваць.

Падрыхтавала Наталля КАЛЯДЗІЧ.