На многае ў гэтым жыцці мы не маем уплыву. Але з іншага боку, шмат што падуладна чалавеку. Прынамсі, мы дакладна можам уплываць на якасць свайго жыцця, ключавым складнікам якой з’яўляецца наша здароўе. І ўжо тут, як у вядомай прытчы, усё ў нашых руках.
У далёкія часы ў адной кітайскай вёсцы жыў мудрэц. Адусюль прыходзілі да яго людзі са сваімі праблемамі і хваробамі, і ніхто не сыходзіў, не атрымаўшы дапамогі. За гэта мудраца любілі і паважалі.
Але адзін жыхар вёскі лічыў яго шарлатанам і вырашыў даказаць, што мудрэц ведае далёка не ўсё. Заціснуўшы матылька ў далонях, ён спытаў:
— Скажы, мудрэц, які матылёк у мяне ў руках: жывы ці мёртвы?
А сам падумаў: “Калі скажа, што жывы, то я матылька задаўлю, а калі скажа, што мёртвы, — выпушчу”.
Мудрэц, крыху падумаўшы, адказаў:
— Усё ў тваіх руках.
Сапраўды, усё ў нашых руках. Сёння мы перажываем няпростыя кавідныя часы. І калі ў самым пачатку распаўсюджвання гэтай каварнай хваробы мы многага баяліся, бо не разумелі наступстваў, то цяпер у нас ёсць магчымасць зрабіць прышчэпкі. Так, яны з’явіліся хутка, без прывычных тэрмінаў для клінічных даследаванняў. Але ж само жыццё вельмі паскорылася, тым больш навука! Насамрэч нам усім вельмі пашанцавала, што так хутка з’явілася працуючая прышчэпка ад COVID-19.
Я — прыхільніца прышчэпак. І ўрачам давяраю з маленства. Магчыма, таму, што маці ўсё сваё жыццё працавала ў бальніцы. Калі мы з сястрой хварэлі, то заўсёды лячыліся выключна медыцынскімі метадамі. Гэта дапамагала. Заўсёды.
Калі нарадзілася дачка, мае перакананні не змяніліся. Дзіця лячылі толькі па прадпісанні ўрача. І прышчэпкі ўсе рабілі ў тэрмін. І я не расчаравалася ў іх.
Не расчаравалася і тады, калі сама вырашыла прышчапіцца ад каранавіруса, хоць зрабіць гэта ўдалося не з першага разу. Прыехала ў пункт вакцынацыі рашуча настроеная на прышчэпку, але за пяць мінут да закрыцця медсястра сказала, што больш нікога прымаць не будзе, бо ёй яшчэ трэба дакументы аб зробленых прышчэпках падрыхтаваць і адправіць.
Спачатку я абурылася: няўжо дакументы могуць быць важнейшымі за чалавека? Але пасля, ужо едучы дадому, падумала, што і дакументы важныя. Інакш як мы даведаемся пра дынаміку? Крыху пазней другая спроба аказалася паспяховай. І ў нашай сям’і праз вакцынацыю ўжо прайшлі практычна ўсе.
Я разумею, што прышчэпка — гэта не панацэя. І ўсё ж гэта добрая падтрымка для нашага здароўя. У гэтым мне давялося яшчэ раз пераканацца, гледзячы на сваіх калег. Асабліва тых, хто перахварэў.
Прышчэпленыя або рэдка хварэюць, або пераносяць хваробу лёгка. Па маіх назіраннях, катэгарычна супраць вакцынацыі выступаюць толькі тыя, хто не сутыкаўся з кавідам. Хочацца дапісаць: “Пакуль”. Але ж не хочацца чакаць моманту, калі “певень клюне”.
Таму ўсё ў нашых руках!
Галіна Сідаровіч:
— У мінулым кастрычніку я захварэла на каранавірус. Няцяжка, ва ўсякім выпадку абышлося без бальніцы. Але здарылася тое, што называюць Long COVID. Былая энергія, святло ў вачах, нармальнае дыханне вярнуліся толькі праз паўгода. Пахі не вярнуліся дагэтуль. Таму як толькі з’явілася магчымасць прышчапіцца, я адразу запісалася на вакцынацыю. Была ледзь не першай сярод калег і родных. Не буду называць вакцыну, скажу толькі, што без пабочкі не абышлося. Пасля першай прышчэпкі паднялася тэмпература, а пасля другой моцна балела плячо. Зрэшты, на трэці дзень непрыемныя сімптомы зніклі. Але гэта, хачу сказаць, былі кветачкі ў параўнанні з самой хваробай.
Прайшло паўгода, і я ўжо думаю пра рэвакцынацыю. Між тым вакол мяне ёсць людзі, якія яшчэ не адважыліся на першую прышчэпку. Чаму? Чаму ў ХХІ стагоддзі прагрэсіўныя рашэнні, здольныя захаваць жыццё, раптам аказаліся незапатрабаванымі?
Нашы бабулі ў маладосці “інтэрнэтаў не чыталі”. Затое спраўна прышчаплялі сваіх дзяцей, нашых татаў і мам, ад адзёру, коклюшу, поліяміеліту, краснухі, слупняку і іншых хвароб. Пазней нашы бацькі прышчаплялі нас. І нічога, выраслі ўсе здаровыя і разумныя. Мы давяралі тым вакцынам, зробленым “на прадметным шкельцы”. Што здарылася зараз? У ХХІ стагоддзі мне даводзіцца зноў і зноў тлумачыць, навошта я зрабіла прышчэпку — самае лагічнае дзеянне ва ўмовах пандэміі.
Я прышчапілася, таму што веру ў навуку! Мне не падабаюцца размовы, маўляў, мы прышчапіліся б, але толькі еўрапейскай ці амерыканскай вакцынай. Але ж тыя вакцыны, што ёсць, паказалі сябе даволі эфектыўнымі. І пракрастынацыя (чаканне, адкладванне на потым) у нашай сітуацыі зусім не да месца. Калі разважаць глабальна, то вакцыны толькі ўмоўна расійскія ці кітайскія. Бо навука — яна прагрэсіўная, гуманная і інтэрнацыянальная.
Той жа расійскі “Спутник” — гэта не толькі плён працы і талент вучоных цэнтра імя Гамалеі ў Маскве (дарэчы, установе 130 гадоў). Гэта яшчэ і геній Луі Пастэра, таго ж Мікалая Гамалеі, іншых падзвіжнікаў. Гэта ўсе папярэднія вакцыны, якія выратавалі мільёны жыццяў. Гэта тысячы навуковых артыкулаў з усяго свету, медыцынскія сімпозіумы, распрацоўкі, выпрабаванні, страты. Гэта каласальны вопыт і шанс выжыць.
Я прышчапілася, і мне падабаецца адчуваць сябе абароненай. І нават калі я захварэю (эфектыўнасць вакцыны каля 80%, а гэта значыць, што кожны пяты можа падчапіць “карону”), спадзяюся на лёгкае цячэнне хваробы. Прынамсі, я буду ведаць, што зрабіла ўсё, каб захаваць сябе, сваіх калег і сваю сям’ю.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.