Сучасная медыцына можа пахваліцца тым, што перамагла большасць небяспечных захворванняў, ад якіх у мінулым у эпідэміях гінулі мільёны. Аднак канчаткова перамагчы паразітаў, якія існуюць многія стагоддзі, пакуль не ўдаецца. Так, яшчэ да нашай эры Герадот пісаў, што егіпецкія жрацы старанна галілі галовы, каб засцерагчы сябе ад небяспекі вошай. Мінулі стагоддзі, але, на жаль, праблема барацьбы з гэтымі дробнымі насякомымі актуальная і да гэтай пары.
Педыкулёз — захворванне, абумоўленае паразітаваннем на чалавеку вошай.
Як можна заразіцца?
Пры непасрэдным кантакце. Вошы — насякомыя без крылаў. Яны не ўмеюць скакаць і лятаць, але вельмі добра бегаюць.
Пры абмене асабістымі рэчамі — калі прымерваюць шапачкі і кепкі адзін аднаго, прычэсваюцца чужымі расчоскмі, спяць на адной падушцы. Найбольш актыўна яны мігрыруюць, калі ў чалавека павышаецца тэмпература цела з прычыны захворвання, фізічнай нагрузкі, перагрэву ў гарачае надвор’е. Вошы дрэнна пераносяць высокую тэмпературу. З-за гэтага яны перамяшчаюцца на кончыкі валасоў і, лёгка адчэпліваючыся ад іх, у шэрагу выпадкаў знаходзяць новага гаспадара.
Што рабіць бацькам, калі знайшлі ў дзіцяці вошы?
Набудзьце ў аптэцы сродак для апрацоўкі ад педыкулёзу. Апрацуйце валасістую частку галавы дзіцяці сродкам у адпаведнасці з інструкцыяй. Змыйце сродак шампунем. Пасля апрацоўкі любымі інсектыцыдамі абавязкова выдаліце з валасянога покрыва мёртвых паразітаў і гніды з выкарыстаннем густога грабеньчыка. Для гэтага галаву ўмоўна падзяліце на чатыры сектары і старанна прачашыце кожную пасму валасоў. Гэтую працэдуру лепш праводзіць над белай тканінай, каб, калі нейкая вош выжыла, гэта можна было ўбачыць і механічным шляхам знішчыць паразіта. Для аблягчэння зняцця гнід намачыце пасмы валасоў у растворы воцату (адна сталовая лыжка 9-працэнтнага сталовага воцату на літр вады). Апаласніце валасы цёплай вадой.
Пераканайцеся, што не заражаны і астатнія члены сям’і. На працягу месяца аглядайце ва ўсіх валасістую частку галавы на наяўнасць вошай. Выключыце магчымую прысутнасць вошай у доме. Памыйце адзенне, ручнікі, пасцельную бялізну дзіцяці і членаў сям’і пры тэмпературы не ніжэй за 90°С, прапрасуйце іх з адпарваннем і пакіньце паляжаць дні на два. Так вы заб’яце насякомых механічнай апрацоўкай і высокай тэмпературай і пазбавіце ежы вошай, якія выжылі. Памятайце: мыццё без кіпячэння не знішчае яйкі вошай.
Матрац, коўдру, падушку, верхняе адзенне, мяккую мэблю, якімі карысталася дзіця, праветрыце на марозе ці пакіньце пад прамымі прамянямі сонца на працягу сутак. Калі гэта немагчыма — закрыйце ў паветранепранікальным пакеце на 10 дзён.
Мяккую мэблю, дываны апрацуйце супрацьпаразітарным аэразолем. Апрацуйце расчоскі, шпількі, гумкі для валасоў з дапамогай інсектыцыдаў, якія выкарыстоўваліся для лячэння педыкулёзу.
У час лячэння хворы павінен пастаянна насіць галаўны ўбор для прафілактыкі распаўсюджвання паразітаў.
Апрацуйце цацкі, пракіпяціўшы іх 15 мінут. Калі прадметы, цацкі, верхняе адзенне нельга мыць, кіпяціць і апрацоўваць, то іх закрываюць у моцны поліэтыленавы паветранепранікальны пакет на 10 дзён — вошы і гніды загінуць самі.
Догляд валасоў у час лячэння
Часта мыйце галаву, але першае мыццё пасля апрацоўкі — толькі на трэція суткі, а далей праз дзень, мінімум тыдзень, пры гэтым не выкарыстоўвайце бальзамы, маскі, ласьёны для валасоў, таму што яны пакрываюць іх ахоўным слоем і на вошай не дзейнічаюць выкарыстаныя раней лекавыя прэпараты.
Штодзень аглядайце галаву на наяўнасць у валасах асобін паразітаў і іх яек на працягу мінімум 2 тыдняў. Штодзень вычэсвайце валасы грэбенем — да 2 тыдняў.
Неабходна памятаць, што без лячэння педыкулёз не пройдзе.
Юлія КАНАПЛЯНІК,
урач-эпідэміёлаг супрацьэпідэмічнага аддзялення Цэнтра гігіены
і эпідэміялогіі Ленінскага раёна Мінска.