Як выбраць зімовы абутак для дзіцяці?

У магазіне ад асартыменту дзіцячага зімовага абутку разбягаюцца вочы: ёсць любы фасон, колер і памер. Як выбраць добры і якасны тавар, які верай і праўдай будзе служыць вашаму дзіцяці ў самую слотную і халодную пару года?

Нашы зімы складаюцца як бы з трох сезонаў — бясснежнага сухога, марознага снежнага і слотнага ў адлігі. Для марознага сухога надвор’я лепшы варыянт — валёначкі, боцікі на цыгейцы, скураныя або замшавыя. А вось для слоты падыдуць папулярныя цяпер сноўбутсы (гібрыд валёнкаў і гумовых ботаў) і высокія скураныя боцікі.
Давайце вызначымся, якім ён павінен быць, дзіцячы зімовы абутак. У першую чаргу зручным і цёплым, не ўпітваць вільгаць і не набракаць ад вады. Як і любы абутак, зімовы таксама абавязаны адпавядаць форме і памеру нагі. Калі вы не можаце ўзяць з сабой дзіця ў магазін — абвядзіце на кардоне контуры яго ступні, выражце і вазьміце з сабой. Не забывайце ўлічваць пад’ём ступні. Гэта дапаможа вам зрабіць правільны выбар у магазіне. Абавязкова нагадайце прадаўцу, што, калі тавар не падыдзе, вы маеце права яго вярнуць ці абмяняць.
Не купляйце абутак навыраст або ўпрытык. Зімой важна, каб была магчымасць надзець на нагу пры неабходнасці цёплую шкарпэтку. Аптымальны памер з зазорам не больш за 2 см. Прымяраць абутак трэба стоячы. Хай дзіця ў ім пабегае. Так вы адразу ўбачыце, камфортна яму ці не.
Не забывайце пра галалёд. Гнуткая няслізкая (рыфленая) падэшва — галоўная перавага зімовага абутку. Чым глыбей баразёнкі на падэшве, тым больш бяспечна на слізкім лёдзе. Для маленькіх дзяцей зручным для перамяшчэння будзе абутак на малюсенькім, не больш за 6 мм, абцасе. Гэта не дазволіць дзіцяці, якое ходзіць яшчэ няўпэўнена, завальвацца назад.
Зімовы абутак павінен быць лёгкім. Карапуз і без таго апрануты як капуста. А цяжкія боцікі стануць прычынай хуткай стомленасці ножак. Старанна прамацайце ўнутраную частку боцікаў. Грубых швоў і стыкаў быць не павінна.
Лепш за ўсё купляць абутак з натуральных матэрыялаў. Вызначыць сапраўдную скуру вельмі лёгка падпаленай запалкай або запальнічкай. Натуральная скура не паддаецца агню і пахне падсмаленым пер’ем. У магазіне гэты спосаб, зразумелая справа, не падыходзіць. Дакраніцеся да скуры далонню, праз некаторы час яна нагрэецца ад вашай рукі. Скуразамяняльнік застанецца халодным.
З багацця раменьчыкаў, маланак, шнуркоў выбірайце “ліпучкі”. Яны дапамогуць зафіксаваць абутак на назе, а таксама спросцяць працэс абування малых.
Наяўнасць супінатара ў падэшве можа засцерагчы ваша дзіця ад плоскаступнёвасці.
У зімовым гардэробе маленькага чалавека павінен быць абутак з розных матэрыялаў. Скураны добра кладзецца па форме дзіцячай ножкі, цёплы, зручны пры хадзе. Недахопы: можа прамокнуць у слоту. Абутак з замшы і нубуку мае тыя ж перавагі і недахопы, што і скураны абутак, але патрабуе больш стараннага догляду.
Замшу робяць са шкуры авечкі або аленя шляхам тлушчавага дублення. Яна валодае высокай эластычнасцю і порыстасцю, дзякуючы чаму добра прапускае паветра і ваду. Таму замшавы абутак у дажджлівае надвор’е насіць нельга, непажадана абуваць яго і пры моцных маразах. Нубук — скура буйной рагатай жывёлы, з вонкавага боку апрацаваная абразіўнымі матэрыяламі, што надае ёй характэрную няроўную варсістую паверхню. Вартасць абутку з нубуку заключаецца ў лёгкасці, трываласці і носкасці. Ногі ў ім не мерзнуць зімой і не пацеюць летам, бо порыстая структура выдатна захоўвае цяпло і цудоўна вентылюецца. Да недахопаў гэтага матэрыялу можна аднесці тое, што ён не любіць вільгаці і патрабуе надзвычайных да сябе адносін і догляду. Таму трэба дакладна ведаць, як правільна даглядаць, мыць і чысціць абутак з нубуку.
Абутак са скуразамяняльніка больш устойлівы да вады, чым натуральная скура, аднак і паветра ён прапускае слаба. Ножкі пацеюць і пераахалоджваюцца.
Сноўбутсы — гэта гумовыя боцікі з фетравымі, лямцавымі або трыкатажнымі ўкладкамі. Яны ідэальна падыходзяць для слоты.
Валёнкі ў апошні час зноў увайшлі ў моду. Яны лёгкія, і цеплаахоўная функцыя валёнкаў пераўзыходзіць астатнія віды абутку. Нават пры намаканні воўна забяспечвае нагам сухое цяпло. Недахоп — абмежаванне рухомасці ступні.
Вялікай папулярнасцю карыстаюцца сінтэтычныя боты з так званай “мембраны”. Верхні матэрыял — тэкстыль, усярэдзіне — мембрана з сінтэтыкі, якая не прапускае ваду ў вадкай фазе, затое добра прапускае яе ў фазе пары, гэта значыць спрыяе таму, каб вільгаць унутр не пранікала, а вось пара знутры выводзілася без затрымак. Вынік: ногі абаронены ад холаду і вільгаці.
Любы выбраны вамі зімовы абутак, як дзіцячы, так і дарослы, патрабуе ўважлівага догляду. У першую чаргу ён заўсёды павінен быць чыстым і сухім — выкарыстоўвайце воданепрымальныя і ахоўныя крэмы.
Асноўныя правілы догляду за зімовым абуткам немудрагелістыя.
Рэагенты на аснове солей, якімі пасыпаюць снег і лёд у горадзе, пашкоджваюць калагенавыя валокны скуры, з-за чаго боты могуць пакарабаціцца, змяніць колер і нават парвацца. Таму адразу пасля куплі:
* скураныя боты ці чаравікі варта апрацаваць спецыяльнымі саставамі, якія абароняць іх ад бруду і вільгаці;
* на нерыфленую скураную падэшву пастаўце гумовую прафілактыку, гэта прадухіліць яе хуткі знос;
* намоклы абутак неабходна высушыць на спецыяльных распорках пры хатняй тэмпературы. Нельга карыстацца сушылкамі, батарэямі, фенамі або пыласосамі;
* пасля таго як абутак высахне, яго варта неадкладна апрацаваць сродкамі па доглядзе за скурай;
* абуваць і здымаць абутак трэба з дапамогай ражка.
Абутковыя крэмы на арганічных растваральніках — гуталіны — можна назваць класікай абутковай касметыкі. Яны ўтрымліваюць воск, цэрэзін, парафін, фарбавальнікі і растваральнікі, цяжка ўпітваюцца і патрабуюць дадатковай апрацоўкі абутку шчоткай. Менавіта гэтыя крэмы ідэальна падыходзяць для догляду за зімовым абуткам, бо лепш за іншыя сродкі абараняюць скуру. Так званыя эмульсійныя крэмы, звычайна кітайскай вытворчасці, складаюць другую групу абутковых крэмаў. У іх склад, акрамя растваральнікаў, уваходзіць вада, змешваючыся з якой растваральнік утварае эмульсію. Адносна невялікае ўтрыманне растваральніку робіць іх больш мяккімі ў параўнанні з гуталінам. Яны ўтвараюць порыстую плёнку, здольную прапускаць пот і вільгаць. Таму такія крэмы больш падыходзяць для цёплага надвор’я.
Асобна варта згадаць дэзадаранты для абутку, большасць з якіх валодае таксама антыбактэрыяльным эфектам. Незалежна ад таго, якім сродкам вы карыстаецеся, усе касметычныя працэдуры варта праводзіць звечара, каб даць крэму як след упітацца. Тады раніцай абутак застанецца толькі папаліраваць. І чым горшае надвор’е, тым часцей трэба звяртацца да ахоўных крэмаў.

Юлія ВАРАНЕЦКАЯ,
загадчыца аддзялення сацыяльна-гігіенічнага маніторынгу і ацэнкі рызыкі
Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.