Закіпаем?..

У сучасным свеце жанчына сумяшчае ў сабе шмат розных роляў (маці, жонка, работнік). Часам жанчына нараўне з мужчынам выконвае абавязкі і разнастайныя функцыі. Найбольш тыповая сітуацыя двайной занятасці, калі жанчына будуе кар’еру на працы і дома. Усё гэта адбіваецца на эмацыянальным і фізічным самаадчуванні жанчыны.

Жанчына, якая актыўна працавала ўвесь рабочы дзень, часта займаецца рознымі справамі і дома: гатуе вячэру, правярае ўрокі ў дзяцей, удзяляе ўвагу мужу. Усё гэта можна назваць двайной нагрузкай. Патрабаванні, якія прад’яўляе работа і сям’я, часта супярэчаць адно аднаму. Работадавец з вялікай верагоднасцю аддасць перавагу незамужняй жанчыне (а яшчэ лепш мужчыну), чым замужняй і з дзецьмі. Мужчына ж лічыць за лепшае, каб жанчына больш часу аддавала сям’і, чым працы. Гэта ўсё можа выклікаць псіхалагічны дыскамфорт і стрэсавы стан у жанчыны.

Стрэс (мы будзем разумець пад стрэсам стан павышанага напружання як ахоўную рэакцыю на нядобрыя фактары) можа негатыўна паўплываць на фізічны і псіхалагічны дабрабыт жанчыны. Асноўныя сімптомы стрэсу: зласлівасць, стамляльнасць, дрэнны сон, зніжэнне канцэнтрацыі ўвагі і інш.

Як змагацца са стрэсам?

Па статыстыцы, асноўныя спосабы барацьбы выглядаюць так: тэлевізар — 46%, музыка — 43%, алкаголь — 19%, ежа — 16%, медыкаменты — 15%, спорт — 12%, секс — 9%, ёга, медытацыя — 2%.

Але найбольш эфектыўным спосабам барацьбы са стрэсам з’яўляецца паход да псіхолага, каб разабрацца ў сапраўдных прычынах, бо лепш ліквідаваць прычыну, чым яе сімптомы.

Калі ў вас няма магчымасці звярнуцца па дапамогу да спецыяліста, варта паклапаціцца пра сябе самастойна. І тут на выручку прыйдуць:

— паўнацэнны сон — трэба спаць па 8 гадзін на дзень, класціся лепш да 23-х;

— выкананне рэжыму дня — старайцеся прачынацца і класціся ў адзін і той жа час;

— правільнае харчаванне — ужывайце садавіну і агародніну, адмоўцеся ад шкоднай ежы і алкаголю, аднак памятайце, што такія прадукты, як шакалад, спрыяюць павышэнню настрою;

— заняткі спортам — вучоныя даказалі, што фізічная актыўнасць добра ўплывае на эмацыянальны фон, павышае ўвагу, паляпшае працаздольнасць;

— зносіны з пазітыўнымі людзьмі — больш праводзьце часу з блізкімі і любімымі;

— захапленні — адкрыйце схаваныя таленты ў сабе, запішыцеся на танцы, пачніце вывучаць іншую мову, малюйце;

— жыццё ў гармоніі з сабой — прыслухоўвайцеся да сябе і да свайго цела.

Выконваючы гэтыя няхітрыя рэкамендацыі, вы зможаце павысіць стрэсаўстойлівасць.

Валянціна ДУДЗІНСКАЯ,
псіхолаг гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера.