Жыццё цудоўнае

Спадзяюся, Антон Паўлавіч Чэхаў не пакрыўдзіўся б на мяне за выкарыстанне назвы яго апавядання. Але жыццё сапраўды цудоўнае. Асабліва калі ты здаровы. І ў гэтым працэсе — працэсе захавання здароўя і жыцця — кожны можа ўдзельнічаць актыўна. У нашых сённяшніх рэаліях гэта не толькі здаровы лад жыцця: фізічная актыўнасць, паўнавартаснае харчаванне, пітны рэжым, здаровы сон. Гэта яшчэ і нашэнне масак у грамадскіх месцах, мыццё рук, дыстанцыяванне. А таксама неабходнасць вакцынацыі, тым больш што да каранавіруснай інфекцыі хутка далучыцца і грып. З усімі нюансамі прышчэпак будзем разбірацца з урачом-эпідэміёлагам аддзела эпідэміялогіі загадчыкам аддзялення імунапрафілактыкі Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Марынай Качкан.

Фота БелТА.

— Для прафілактыкі карана­віруснай інфекцыі ў Рэспубліцы Беларусь выкарыстоўваюцца наступныя вакцыны: Гам-КОВІД-Вак (вектарная) вытворчасці Расійскай Федэрацыі (гандлёвая марка вакцыны “Спутнік V”); вакцына супрац­ь SARS-CoV-2 (VeroCell), інакты­ваваная, вытворчасці КНР; вакцына “Спутнік Лайт” (вектарная) вытворчасці Расій­скай Федэрацыі. Усе вакцыны прызначаны асобам ва ўзросце 18 гадоў і старэйшых.

Прышчэпкі праводзяцца пасля дазволу ўрача на падставе апытання і агляду пацыента. Пасля працэдуры чалавек павінен 30 мінут заставацца каля кабінета для назірання за рэакцыяй на прышчэпку.

Вакцына “Спутнік V” уводзіцца двухразова з інтэрвалам 3 тыдні (магчыма павелічэнне інтэрвалу да 90 дзён). Эфектыўнасць складае больш за 90%. Чакаецца, што імунітэт фарміруецца на 2 гады, даказана — 6—9 месяцаў.

Міністэрства аховы здароўя рэкамендуе першачарговае правядзенне курсу вакцынацыі супраць каранавіруснай інфекцыі, а вакцынацыю супраць грыпу — праз 14 дзён пасля поўнага завяршэння курса вакцынацыі супраць COVID-19.

Таксама два разы ўводзіцца Vero Cell з інтэрвалам 21—28 дзён (магчыма павелічэнне да 56 дзён). Эфектыўнасць — больш за 70%.

“Спутнік Лайт” уводзіцца аднаразова. Эфектыўнасць вакцыны складае каля 80%. Чакаецца, што імунітэт будзе трымацца 4—5 месяцаў. Гэты від вакцыны рэкамендаваны Міністэр­ствам аховы здароўя для вакцынацыі ў першую чаргу студэнтаў, курсантаў, навучэнцаў вочнай формы навучання ўстаноў адукацыі, асоб, прызваных у 2021 годзе на тэрміновую воінскую службу. У наступную чаргу яна рэкамендавана асобам, якія перахва­рэлі на COVID-19 і раней не былі прышчэпленыя.

Сярод пытанняў, якія хвалююць насельніцтва, найчасцей задаюць наступныя: Ці можа вакцына выклікаць захворванне? Ці варта прышчэплівацца тым, хто перахварэў? Ці можна пасля вакцынацыі хадзіць без маскі?

Пра ўсё па парадку.

Захварэць пасля ўвядзення вакцыны нельга. “Спутнік V” і “Спутнік Лайт” утрымліваюць толькі S-бялок каранавіруса, а не цэлы вірус, вакцына Vero Cell утрымлівае цалкам забіты вірус, таму размнажэнне каранавіруса з вакцыны ў арганізме чалавека немагчыма.

Прышчэпка не дае 100-працэнтнай гарантыі ад заражэння каранавірусам, аднак дакладна вядома, што вакцынацыя на 100% абараняе ад цяжкага цячэння хваробы і лятальнага канца.

Імунітэт пасля перанесенай інфекцыі не забяспечвае доўгатэрміновую абарону, таму прышчапіцца неабходна. Калі вы хва­рэлі бессімптомна ці ў лёгкай форме, вакцынацыю можна пачынаць пасля поўнага выздараўлення. Калі хвароба была сярэднецяжкай ці цяжкай ступені, мэтазгодна ўвесці прышчэпку праз 2—4 тыдні пасля выздараўлення. Вакцынацыю можна адкласці пасля перанесенага захворвання з разлікам на постінфекцыйны імунітэт, але не больш як на 3—6 месяцаў.

Што тычыцца нашэння масак, то яно ўсё роўна застаецца абавязковым. Ва ўмовах цыркуляцыі карана­віруснай інфекцыі і адсутнасці дастатковага ўзроўню калектыўнага імунітэту гэта неабходна, як і іншыя меры прафілактыкі.

А вось ісці на самаізаляцыю пасля вакцынацыі патрэбы няма. Вакцына не ўтрымлівае патагенны для чалавека вірус, які выклікае COVID-19, таму ні захварэць, ні заразіць навакольных пасля прашчэпкі немагчыма.

І яшчэ некалькі слоў аб прафілактыцы грыпу. У гэтым го­дзе будуць выкарыстоўвацца вакцыны “Грыпол Плюс” вытворчасці Расійскай Федэрацыі і “Ваксігрып Тэтра” вытворчасці Францыі (на платнай аснове). Абе­дзве вакцыны ў­трымліваюць аднолькавы склад антыгенаў віруса грыпу — у адпаведнасці з рэкамендацыямі СААЗ на гэты эпідэмічны сезон, толькі “Ваксігрып Тэтра” — на адзін штам больш. Імунітэт пасля вакцынацыі развіваецца праз 14—21 дзень і забяспеч­вае абарону на працягу 8—12 месяцаў.

Безумоўна, кожны вырашае сам, рабіць прышчэпку ці не. Аднак толькі з дапамогай вакцынацыі і сумеснымі намаганнямі мы зможам адолець COVID-19 і вярнуцца да прывычнага жыцця.

Падрыхтавала Вераніка КЛЮТЧЭНЯ.