Заміякулькас — цудоўны хмызняк, дэкаратыўнае лісце якога прываблівае многіх кветкаводаў. Родам гэтая расліна з Афрыкі, чым і тлумачыцца наяўнасць у яе масіўнага каранёвага клубня, які назапашвае важкі аб’ём вільгаці. Шчыльнае цёмна-зялёнае лісце заміякулькаса быццам пакрыта васковым налётам, дзякуючы якому кветка выглядае шыкоўна.
Заміякулькас — доўгажыхар, непатрабавальная расліна, добра расце ў звычайнай дзярновай зямлі. Гэты прыгажун любіць святло, летам цудоўна сябе адчувае на вуліцы. Пры правільным доглядзе круглы год будзе радаваць вас сваёй незвычайнай лістотай.
Гэтая кветка мае клубневую каранёвую сістэму, з якой цягнецца лісце. Тое, што многія лічаць галінкамі, на самай справе, складанае перыстае лісце, пакрытае васковым налётам.
Усе часткі расліны прыстасаваны да выжывання ва ўмовах засухі. Лісце і карані назапашваюць вільгаць, якая сілкуе кветку ў засушлівы перыяд. Заміякулькас іншы раз зацвітае, але здараецца гэта рэдка, нават у хатніх умовах, дзе клімат і паліў аптымальныя для яго. Кветка заміякулькаса нагадвае катах, які ўтвараецца з дробных, светлых, непрыгожых кветачак. Сам катах з’яўляецца ў ніжняй частцы расліны і прыкрыты зялёным пакрывалам, таму малапрыкметны. Расце заміякулькас марудна, але дарослая расліна дасягае аднаго метра ў вышыню, таму хутчэй падыходзіць для вялікіх памяшканняў, хаця як адзіночная расліна ўпрыгожыць любы інтэр’ер.
Паліў
Заміякулькас лепш недаліць, чым пераліць. Ён любіць умераны паліў вясной і летам, а зімой увогуле паліваць трэба рэдка. Важна сачыць, каб земляны камяк цалкам прасыхаў паміж палівамі. У закрытых памяшканнях вільгаць выпараецца даўжэй, лішняй вадзе няма куды дзецца з гаршка, таму пераўвільгатненне можа выклікаць хваробы.
Тэмпература
Заміякулькас добра расце ў даволі шырокім тэмпературным дыяпазоне. Ён камфортна сябе адчувае і пры +15°С, і пры +24°С. Галоўнае, каб не было рэзкіх тэмпературных перападаў.
Унясенне падкормкі
Правільны догляд расліны ўключае абавязковае абагачэнне глебы ўгнаеннямі. Іх уносяць у перыяд вегетацыі — з вясны па восень. У зімовы час заміякулькас знаходзіцца ў стане спакою, таму ні асаблівы догляд, ні падкормка ў хатніх умовах яму не патрэбны.
Хваробы і шкоднікі
Заміякулькас рэдка хварэе і паражаецца шкоднікамі. Гэта вельмі вынослівая расліна, але і яе можна сапсаваць няўмелым доглядам. Як адзначалася вышэй, самая вялікая памылка — празмерны паліў, з-за якога пачынаюць загніваць карані. Калі такое здарылася, дастаньце расліну з гаршка, выдаліце загнілыя часткі, а здаровыя прысыпце тоўчаным вугалем, падсушыце і перасадзіце ў новую глебу, у далейшым палівайце кветку вельмі ўмерана.
Калі ў заміякулькаса жаўцее лісце, то гэта яшчэ не значыць, што ён хварэе. Заміякулькас хаця і марудна, але расце, у яго з’яўляецца новае лісце, а старое жаўцее і адмірае, пры гэтым на сцёблах могуць з’явіцца цёмныя плямы. Калі лісце жаўцее, але пры гэтым растуць новыя парасткі і цёмныя плямы сухія, усё ў парадку, расліна здаровая. Выдаляць пажаўцелае лісце трэба толькі пасля поўнага яго засыхання.
Калі заміякулькас жаўцее, і пры гэтым не растуць новыя парасткі, то прычыны для неспакою ёсць. Пажаўценне лісця можа выклікаць рэзкая змена тэмператур, скразнякі, недастатковы паліў і паражэнне шкоднікамі.
Заміякулькас можа паражацца павуцінным кляшчом, шчытоўкай, тлёй.
Павуцінны клешч — гэта вельмі маленькі чырвоны павучок. З’яўляецца на ніжнім баку лісцяў і абкладае іх тонкімі белымі павуцінкамі. Знішчаецца апырскваннем і абмываннем лісцяў (асабліва з ніжняга боку) вадой, слабым тытунёвым настоем, апыленнем (на свежым паветры, не ў пакоі) молатай серай, або расліна апрацоўваецца гатовымі сістэмнымі інсектыцыдамі.
Шчытоўка, ці шчытавая тля, атрымала назву ад васковападобнага шчытка, якім пакрываецца цела дарослага шкодніка. У маладым узросце шчытоўка малапрыкметная, але хутка размнажаецца, пакрываючы сцёблы і лісце расліны цёмнымі плямамі. Дарослыя асобіны нерухома сядзяць пад шчыткамі, з-пад якіх выпаўзаюць лічынкі і распаўзаюцца па ўсёй расліне. У гэты час іх знішчаюць, апырскваючы мыльна-тытунёвым растворам, да якога можна дадаць крыху газы ці дэнатураванага спірту. Дарослых шкоднікаў разам са шчыткамі выдаляюць вільготным тампонам, але пры гэтым усё роўна трэба апрацаваць усю расліну інсектыцыдам ці мыльным растворам, каб знішчыць лічынкі.
Тля — дробнае насякомае, якое мае зялёную, шэрую ці чорную афарбоўку. Пасяляецца на ніжнім баку лісцяў і харчуецца сокам расліны, што прыводзіць да засыхання і згортвання лісцяў. Хутка размнажаецца. Знішчаецца гатовымі прэпаратамі, якія прадаюцца ў магазінах, ці растворамі нікацін-сульфату ў вадзе з мылам у суадносінах 1:1 (1 г нікацін-сульфату на 1 л мыльнай вады). Праз суткі пасля апрацоўкі расліну трэба добра памыць, закрыўшы глебу поліэтыленам. Пры неабходнасці апрацоўку паўтараюць.
У любым выпадку, калі заміякулькас жаўцее і хваробы яго відавочныя, нават калі адпала ўся надземная частка расліны, не спяшайцеся кветку выкідаць. Дастаньце яе з гаршка, агледзьце карані і клубні, калі яны не страцілі пруткасці і выглядаюць здаровымі, абмыйце іх слабым растворам марганцоўкі, падсушыце і пасадзіце ў новую глебу, пачніце паліваць. Цалкам магчыма, што здаровыя клубні заміякулькаса (як у сябе на радзіме, калі падчас засухі адпадае ўся надземная частка расліны) пры наступленні спрыяльных умоў даюць новыя парасткі.
Перасадка
У хатніх умовах пры захоўванні правіл утрымання часта перасаджваць заміякулькас не трэба. Звычайна гэта робяць кожныя 3—4 гады. Пры гэтым абнаўляюць субстрат у гаршку, а пры неабходнасці падбіраюць гаршчок большага памеру.
Перасадку заміякулькаса праводзяць у найбольш спрыяльную пару года, якой лічыцца красавік. Адразу пасля перасадкі кветка расці не будзе — гэта нармальная з’ява. Заміякулькас прывыкае да новай глебы і даследуе яе. Мне падарылі невялікую расліну ў 2011 годзе. У канцы красавіка я перасадзіла яе ў гаршчок вышынёй 26 см і дыяметрам 30 см. У канцы красавіка 2015 года ён разросся на ўвесь гаршчок. Я дастала яго і раздзяліла на 6 частак. Адну з іх пасадзіла ў той жа гаршчок у новую глебу. Цяпер ён выглядае так, як на фота. Падкормліваю попелам і растворам аміяку, молатай яечнай шкарлупінай. У гэтым годзе нядаўна выпусціў парастак, які не паспеў яшчэ раскруціцца, а побач расце ўжо другі з адной галінкі. Такое ўпершыню.
Глеба
Глебу лепш падбіраць з аптымальнай колькасцю гумусу, бо расліна будзе расці ў ёй некалькі гадоў і бедная гумусам глеба не падыдзе. Глебавую сумесь можна скласці самастойна. Для гэтага трэба ў роўных прапорцыях узяць агароднай і лясной зямлі, можна дадаць крыху перагною і пяску.
Дрэнаж
Абавязковая ўмова — наяўнасць у гаршку дрэнажнага матэрыялу. Дрэнаж адводзіць лішнюю ваду і паляпшае аэрацыю. Ім запаўняюць каля чвэрці гаршка. У якасці дрэнажнага матэрыялу падыдзе гравій, керамзіт і вермікуліт. Апошні валодае выдатнымі ўласцівасцямі не толькі паглынаць вільгаць, але і ў патрэбны момант вяртаць яе караням.
Матэрыялы
Пасля падрыхтоўкі ўсіх матэрыялаў можна пачынаць перасадку. Спачатку расліну акуратна дастаюць з гаршка. У некаторых выпадках можна злёгку пастукаць па яго сценках, каб глебавы камяк адышоў. Дастаўшы расліну, страсаюць з каранёў зямлю.
Падчас перасадкі неабходна выкарыстоўваць гумавыя пальчаткі. Паколькі сок расліны ядавіты, працаваць з ёй неабходна вельмі асцярожна. І калі ў вас дома ёсць заміякулькас, трымайце яго далей ад дзяцей і хатніх жывёл.
Агляд і абрэзка пашкоджаных каранёў
Ачышчаныя ад зямлі карані аглядаюць і пры выяўленні падгнілых карэньчыкаў (яны маюць дрэнны пах і мяккія навобмацак) іх выдаляюць.
У падрыхтаваны гаршчок насыпаюць дрэнаж, зверху — крыху глебасумесі і размяшчаюць расліну. Потым свабоднае месца ў гаршку прысыпаюць грунтам. Перасаджваць заміякулькас трэба на тую ж глыбіню, што і ў ранейшым гаршку. Пасля перасадкі расліне нейкі час не патрабуецца догляд, яе проста пакідаюць у спакоі і ставяць у паўцень.
Заміякулькас перасаджваюць, пакуль ён малады. Старыя расліны не трывожаць, каб кветка не загінула.
Размнажэнне пры перасадцы
Заміякулькас добра размнажаецца, пры гэтым атрымаць новыя экзэмпляры можна некалькімі спосабамі.
Пры перасадцы можна раздзяліць расліну і такім спосабам размножыць яе ў хатніх умовах. Гэты спосаб называюць чаранкаваннем. Аддзеленыя часткі бяруць з пупышкамі і для ўкаранення змяшчаюць іх у вільготны пясок ці сумесь пяску, перліту і торфу. Пры гэтым лепш накрыць іх шклянымі каўпачкамі або слоікамі. Парасткі трэба старанна даглядаць, бо ўкараненне доўжыцца каля двух месяцаў, а гэта павышае верагоднасць іх загнівання. Расліну абавязкова ставяць у цёплае і светлае месца.
Размнажэнне лісцевымі пласцінкамі. Гэты спосаб больш доўгі, першыя лісточкі новай расліны могуць з’явіцца толькі праз год, нават пры захаванні неабходных умоў. Лісцікі высаджваюць у глебавую сумесь, якую папярэдне стэрылізуюць у духоўцы. Саджанцы змяшчаюць у цяплічку і ставяць у цёплае месца.
Вегетатыўны спосаб размнажэння заміякулькаса ўключае наступны алгарытм дзеянняў:
1. Акуратна адламаць патрэбную колькасць лісцевых пласцінак.
2. Пласцінкі падсушыць, пакінуўшы іх на пару гадзін і пасыпаўшы зрэз спецыяльным сродкам, прызначаным для ўкаранення, або драўняным вугалем.
3. Падрыхтаваць ёмістасці для грунту: зрабіць шылам на дне некалькі дзірачак.
4. Пакласці на дно дрэнаж такім чынам, каб ён заняў чацвёртую-трэцюю частку пасудзіны.
5. Падрыхтаваць грунт: змяшаць дзве часткі торфу і адну — перліту.
6. Укараніць лісцевыя пласцінкі ў падрыхтаванай пасудзіне з сумессю.
Пасля перасадкі заміякулькас на нейкі час пакідаюць у спакоі, ён павінен укараніцца ў новай глебе і адаптавацца. Потым даглядаюць, як звычайна.
Заміякулькас мае дзве народныя назвы: “жаночае шчасце” і “доларавае дрэва”. Народная погаласка сцвярджае, што заміякулькасу (як і таўсцянцы — “грашоваму дрэву”) выдатна ўдаецца “весці грашовыя справы”. А майстры фэн-шуй рэкамендуюць вырошчваць яго ўсім, хто хоча прымножыць свае зберажэнні, асабліва калі яны захоўваюцца ў доларах. Каб кветка дапамагла пераадолець фінансавыя цяжкасці, неабходна прадаставіць ёй месца ў паўднёва-ўсходнім сектары пакоя ці дома. Кажуць, што лепш за ўсё “працуе” тая кветка, якую падарыў добры чалавек на якое-небудзь свята.
Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы,
педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.
Фота аўтара.