Алеандр, ці Ружа Міжземнамор’я

Алеандр, які пышна цвіце дома, прыгожы і некапрызны ў доглядзе. Выкарыстоўваецца ў ландшафтным дызайне для стварэння яркіх акцэнтаў у групавых пасадках. Алеандр нездарма называюць ружай Міжземнамор’я, яго пышныя буйныя суквецці на самай справе нечым нагадваюць каралеву кветак.

Цвіценне

Цвіценне хатняга алеандра — відовішча маляўнічае, яно зачароўвае. З ліпеня да пачатку кастрычніка кончыкі цёмных парасткаў з зялёным прадаўгаватым лісцем увенчаны яркімі гронкападобнымі суквеццямі. Буйныя кветкі афарбаваны ў белы, чырвоны, бэзавы, ружовы ці жоўты колер. Яны прыемна пахнуць, могуць быць простымі, махровымі і паўмахровымі. Звычайна кветка ўтворана пяццю пялёсткамі, але ў махровых відах іх можа быць больш. Пах квітнеючай расліны настолькі інтэнсіўны, што можа выклікаць галаўны боль, таму ў гэты час лепш выносіць алеандр з пакоя, у якім вы збіраецеся спаць.

Каб цвіценне было пышным і прыгожым, расліну абавязкова абразаюць. Калі куст летам не атрымае шмат святла, ён можа не зацвісці. Да лістапада выспявае плод — каробачка з насеннем-парашутамі.

Тэмпература

Каб дапамагчы расліне прыстасавацца да жыцця ў кватэры, трэба падтрымліваць правільны тэмпературны рэжым. Расліна цеплалюбівая, у той жа час адчувальная да тэмпературы ў памяшканні. Зімой слупок тэрмометра не павінен апускацца ніжэй за +5°C, летам аптымальнай тэмпературай лічыцца +18…+27°C. Моцная спёка ёй не падабаецца, але і рэзкіх перападаў быць не павінна.

Алеандр вельмі чуйна рэагуе на застой паветра, таму памяшканне важна часта праветрываць, не дапускаючы пападання на расліну халодных парываў ветру ці скразняку.

Паліў

Паліў не менш важны для добрага самаадчування кветкі, яго частата непасрэдна залежыць ад узроўню слупка на тэрмометры. Калі пануе спёка, а алеандр знаходзіцца пад прамымі сонечнымі прамянямі, то паліваць яго трэба рэгулярна. Але з палівам трэба быць асцярожнымі. Нягледзячы на тое, што алеандр — вільгацелюбівая расліна, яго нельга заліваць. Лішак вільгаці загубіць карані. Куст трымаюць у цёплы час на паддоне з вільготным керамзітам. Вясной і летам паліваюць, калі субстрат падсохне зверху. Восенню і зімой — радзей, прыкладна раз у 10 дзён. Паліў праводзяць цёплай адстоенай вадой. Затым глебу мульчыруюць, каб вільгаць захоўвалася даўжэй.

Апырскванне

Апырскванне — важная працэдура, якая дапамагае трапічным раслінам адаптавацца да жыцця ў памяшканні з сухім паветрам. Алеандр любіць частыя арашэнні, летам можна смела браць вазон, ставіць яго ў ванну і рабіць расліне паўнацэнны душ. У моцную спёку расліну часам апырскваюць (у пасляабедзенны час, прыцяніўшы кветку, каб не было апёку лісця). Зімой паветра становіцца больш сухім ад радыятараў ацяплення, таму апырскванне праводзяць штодзень.

Асветленасць

Алеандру, каб правільна развівацца і прыгожа цвісці, неабходна добра асветленае месца. Калі расліне будзе мала святла, яна не толькі цвісці адмовіцца, але і скіне лісце.

Малады кусцік, прынесены з магазіна, паступова прывучаюць да яркіх сонечных прамянёў. Дарослая расліна аддае перавагу паўднёваму боку дома, дзе больш святла. Калі ўмовы дазваляюць змясціць расліну толькі ў паўночнай частцы дома, устанаўліваюць люмінесцэнтныя або фіталямпы.

Падбор вазона

Памер вазона залежыць ад узросту куста. Калі ён зусім малады, падыдзе невялікая ёмістасць. Па меры росту куста мяняецца яго каранёвая сістэма. Адразу высаджваць расліну ў вялікі вазон нельга: будзе расці толькі корань, росту лісця і павелічэння яго колькасці не адбудзецца. У маленькім вазоне затармозіцца рост куста, корань будзе дэфармаваны.

Калі карэньчыкі пачынаюць адрастаць і пераплятацца паміж сабой, патрэбны больш прасторны вазон. Новую ёмістасць падбіраюць так, каб карані расліны размяшчаліся свабодна, тады пажыўныя рэчывы і вільгаць будуць ім даступны. Важна суаднесці памеры кветкі і габарыты ёмістасці, каб цяжкі дарослы куст па меры росту не выпаў з маленькага вазона. З часам куст перасаджваюць з вазона ў кадку.

Глеба

Выбіраючы грунт, трэба звяртаць увагу на яго кіслотнасць: ён павінен быць нейтральным або слаба-шчолачным. Расліне неабходна ўрадлівая і добра дрэнажаваная глеба. Купляюць гатовы субстрат ці рыхтуюць глебасумесь дома з роўных частак перагною, торфу, дзярновай зямлі і пяску (перліту). Для структуравання субстрату і ў якасці прафілактыкі бактэрыяльных інфекцый прымешваюць крыху здробленага драўніннага вугалю. З часам грунт абнаўляюць.

Алеандр ядавіты! Калі ў вас ёсць маленькія дзеці або цікаўная дамашняя жывёла, вы павінны быць удвая асцярожнымі.

Падкормка

Падкормка і ўгнаенне комплекснымі растворамі неабходны для нармальнай вегетацыі. З угнаеннямі трэба быць асцярожнымі, каб не аслабіць куст празмернай стымуляцыяй і не парушыць падрыхтоўку да фазы цвіцення. Падчас актыўнага росту, вясной і летам, алеандр 2 разы ў месяц паліваюць разбаўленым удвая вадкім угнаеннем для хатніх раслін. Падкормкі праводзяць пасля паліву па вечарах ці ў пахмурнае надвор’е.

Перасадка

Маладыя кусты можна перавальваць у новыя, большыя па аб’ёме вазоны штогод. Пры гэтым каранёвая сістэма не трывожыцца, а пустоты паміж сценкамі кантэйнера і земляным камяком запаўняюцца свежым субстратам. Дарослыя кусты лепш перасаджваць не часцей за 1 раз у 3—4 гады.

Размнажэнне

Лепш за ўсё размнажаць алеандр чаранкаваннем, а можна і насеннем. Але перад тым як размнажаць расліну, неабходна атрымаць пасадачны матэрыял. Для гэтага са здаровай кветкі таго гатунку, які спадабаўся, зразаюць маладыя чаранкі так, каб на іх былі кропка росту і некалькі зялёных лістоў, што раскрыліся. Загатоўка і ўкараненне прызначаных для размнажэння алеандра саджанцаў праводзіцца летам. Ніжняе лісце выдаляюць, а чаранкі прыкопваюць у вільготную сумесь пяску, перліту і торфу. Кантэйнер з пасадкамі лепш накрыць плёнкай ці паставіць у цяплічку. Калі на саджанцах з’явяцца карані даўжынёй 3—5 см, маладыя алеандры рассаджваюць па ўласных вазонах. Яшчэ прасцей і больш наглядна ўкараніць алеандр у звычайнай вадзе, куды можна дабавіць раскрышаны драўнінны вугаль. Пасля перасадкі ў вазон маладыя расліны лёгка акліматызуюцца, наступнай восенню іх можна акуратна абрэзаць, каб даць пачатак кусцістай пышнай кроне.

Размнажэнне насеннем праводзяць адразу пасля яго збору: яно хутка губляе ўсходжасць.

• Насенне вытрымліваюць некалькі гадзін у растворы марганцоўкі і высяваюць у вільготны грунт, не заглыбляючы.

• Накрываюць плёнкай, зрабіўшы ў ёй адтуліны. Пакідаюць пры +21 °С.

• Плёнку знімаюць для паліву і праветрывання.

• Тыдні праз паўтара з’яўляюцца ўсходы. Пры з’яўленні 2 сапраўдных лісцікаў іх пікіруюць у асобныя вазоны.

Абодва варыянты размнажэння зразумелыя і даступныя. Але пры размнажэнні насеннем расліна развіваецца даўжэй, а гатункавыя прыметы губляюцца.

Абрэзка

Штогод, бліжэй да жніўня, рэкамендуецца праводзіць абрэзку парасткаў. А калі ваша расліна ўжо цвіце, то трэба дачакацца, пакуль яна адцвіце. Падчас абрэзкі паўкусту надаецца не толькі акуратная форма, але і закладваецца магутны падмурак для наступнага спрыяльнага цвіцення. Памятайце, толькі галінкі, што перазімавалі, зацвітуць з надыходам лета. Пры абразанні галінкі ўкарочваюцца прыкладна напалову. Вось і з’явяцца ў вас чаранкі для размнажэння алеандра.

Стрыжку праводзяць у пальчатках, каб млечны сок расліны не трапіў на рукі.

Перыяд спакою

Перыяд спакою выпадае на канец кастрычніка — сярэдзіну лютага. Расліну ў гэты час захоўваюць пры тэмпературы +8…+15°С пры паўнацэнным асвятленні, інакш алеандр скіне лісце і не зацвіце. Паліў скарачаюць, а ад угнаенняў наогул адмаўляюцца.

Хваробы і шкоднікі

Пры няправільным доглядзе алеандр пашкоджваюць хваробы і шкоднікі. Тады можна ўбачыць пагаршэнне яго знешняга выгляду:

• лісце алеандра становіцца плямістым — пашкоджанне грыбком (хвароба распаўсюджваецца хутка; каб расліна не загінула, яе трэба тэрмінова апрацаваць фунгіцыдам, выдаліць пашкоджаныя часткі);

Пры перасадцы буйнога куста часам праводзяць яго дзяленне, што дазваляе хутка размножыць алеандр.

• бутоны не раскрываюцца — кветцы холадна (паставіць у цяплейшае месца);

• алеандр не цвіце — недахоп святла, цяпла, вады, пажыўных рэчываў, няправільная абрэзка, дрэнная вентыляцыя (пераставіць у светлае цёплае месца, паліць, уг наіць, праветрываць);

• ападае лісце — недахоп святла восенню і зімой, расліне холадна (устанавіць падсветку, пераставіць у цёплае месца, летам з вуліцы на ноч заносіць дамоў);

• у алеандра сохне і ападае лісце — недахоп святла і вільгаці (пераставіць у светлае месца, паліць);

• жаўцее лісце — няправільнае ўгнаенне, лішак вільгаці (скарэкціраваць падкормку, абмежаваць паліў);

• скідвае бутоны — паліў халоднай вадой, расліне холадна (пераставіць у цёплае месца, паліваць толькі цёплай вадой);

• чорныя кропкі на лісці — грыбковае захворванне (апрацаваць фунгіцыдам);

• лісце блякне і драбнее, суквецці губляюць дэкаратыўнасць, пупышкі, закладзеныя летам, восенню не раскрываюцца — мала святла (пераставіць у светлае месца, устанавіць падсветку);

• сохнуць кончыкі лісця — сухое паветра ў памяшканні (апырскаць, паставіць на паддон з вільготным керамзітам).

Пры сухім паветры ў памяшканні, недахопе святла, лішку вільгаці куст могуць атакаваць шкоднікі. Часцей за ўсё кветка пакутуе ад тлі, павуціннага кляшча, шчытоўкі, мучністага чарвяца. Яны псуюць выгляд алеандра, знясільваюць яго. Змагацца з імі няпроста, таму лепш загадзя прадухіліць іх нападзенне, адкарэкціраваўшы тэмпературу і вільготнасць паветра.

Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы, педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.