Арыстакратка дыфенбахія

Дыфенбахія ўжо паўтара стагоддзя прыцягвае ўвагу кветкаводаў усяго свету. Яна вытанчаная, зграбная, раскошная — сапраўдная арыстакратка сярод стракаталістых раслін. Нават у пахмурны дзень дыфенбахія стварае адчуванне святла і цяпла. Гэтыя хуткарослыя ароідныя здольны дасягаць у вышыню больш за два метры і могуць упрыгожыць любы інтэр’ер. Прыродныя месцы жыхарства дыфенбахій — трапічныя вобласці Амерыкі.

Дыфенбахія адносіцца да хуткарослых і даволі буйных раслін. У добрых умовах яны зацвітаюць. Прысукветнае пакрывала ў іх вузкае, прадаўгаватае, выгнутае лодачкай, звычайна ў зеленавата-крэмавых тонах. Суквецце можа быць са слабым пахам, які часам падабаецца, але часцей яго лічаць непрыемным. Цвіценне знясільвае расліну, а насенне звычайна не выспявае, ды ў ім і няма патрэбы з-за прастаты размнажэння вегетатыўным шляхам. Цвіце дыфенбахія вясной, у красавіку — маі, на працягу некалькіх дзён, пасля чаго кветка вяне і яшчэ доўга не ападае. Калі яе апыліць, то спачатку паспеюць чырвоныя ці аранжавыя (атрутныя!) ягады. Суквецце пажадана выдаліць праз 3—5 дзён, таму што яно адбірае вельмі многа пажыўных рэчываў у расліны, з-за чаго прыпыняецца рост сцябла і ніжнія лісткі хутчэй усыхаюць.

Дыфенбахія ачышчае паветра ад таксінаў, якія выдзяляюцца з лінолеуму, розных палімерных пакрыццяў, лакаў, пластмасы, клею, мыйных сродкаў, сінтэтычных смол (фармальдэгід, ксілен, трыхлорэтылен, бензол). Яе рэкамендуюць вырошчваць у кватэрах, якія выходзяць вокнамі на аўта­трасу, у дамах, размешчаных побач з буйнымі фабрыкамі, заводамі, чыгункай і аўтастрадамі.

Дыфенбахія — энергетычная расліна і дзейнічае на нас прыкладна гэтак жа, як прагулка па лесе: асвяжае, бадзёрыц­ь, дае сілы. Яе рэкамендуюць вырошчваць тым, хто пакутуе ад сіндрому хранічнай стомленасці.

Тэмпература

Дыфенбахія — цеплалюбівая расліна. Усе прадстаўнікі гэтага роду маюць патрэбу ў цяпле: мінімальная (начная) тэмпература павінна быць не ніжэй 16°С. Акрамя таго, непажадана вельмі сухое паветра ў памяшканні, яго найменшая адносная вільготнасць — 65%.

Для нармальнага росту дыфенбахіі патрабуецца цяпло: каля +20—22°С. Пры тэмпературы ніжэй +10°С расліна загнівае і гіне. Не пераносіць нават невялікіх скразнякоў і халоднага паветра з форткі. Недапушчальна зімой ставіць расліну побач з ацяпляльнымі батарэямі, якія працуюць.

Асвятленне

Гэтыя расліны адносна святлолюбівыя, але прамыя прамяні сонца могуць нашкодзіць ім. Яны выдатна адчува­юць сябе на адлегласці 1—2 м ад акна пры рухомым сонечным святле, а з дадатковым асвятленнем нармальна растуць у глыбіні пакоя, калі там няма скразнякоў. Але трымаць іх у цёмным памяшканні толькі пры штучным святле ўсё ж не трэба.

Дыфенбахія будзе добра расці летам пад аховай цюлевай фіранкі каля акна, якое выходзіць на ўсход, захад ці поўдзень. Вясной і летам можа вытрымаць 1—1,5 месяца ў цені. Але калі пацьмянела афарбоўка лісця, расліну трэба перанесці ў светлае месца. Зімой ёй патрабуецца добрае асвятленне. Позняй восенню і зімой пры недахопе асвятлення дыфенбахію адпраўляюць на вымушаны адпачынак. Ставяць яе ў больш халоднае месца і скарачаюць паліў.

Паліў

Глебу падтрымліваюць увесь час у вільготным стане. Але без пераліваў! Вясной і летам перад чарговым палівам не трэба чакаць, калі падсохне верхні пласт глебы. Буйныя расліны і тыя, што растуць, спажываюць многа вады. Падсыханне верхняга пласта глебы вельмі хутка, за некалькі гадзін, прывядзе да недахопу вільгаці, што адаб’ецца на фарміраванні маладых лісткоў. Вада для паліву павінна быць мяккай (кіпячонай), нейтральнай ці слабакіслай, дастаткова цёплай, а зімой — цяплейшай, чым хатняй тэмпературы.

Апырскванне

Дыфенбахія пакутуе ад сухога паветра значна больш за іншыя трапічныя расліны, таму яе лісце рэкамендуецца штодзень апырскваць 1—3 разы. Апырскванне нельга замяняць палівам, хіба што абмываннем лістоў.

Падкормкі

Калі расліна атрымлівае дастаткова святла і цяпла, то падкормліваць яе можна круглы год (з сакавіка па верасень — праз 10 дзён, з кастрычніка па люты — праз месяц). Выкарыстоўваюць поўнае мінеральнае (напрыклад, “Віта”) і арганічнае ўгнаенні. Неабходна ўлічваць, аднак, што лісты, афарбаваныя ў белы, пры лішку азоту і недастатковай асветленасці зелянеюць, таму трэба пазбягаць прымянення арганічных угнаенняў для такіх гатункаў, а мінеральныя выкарыстоўваць у два разы ра­дзей, чым было сказана вышэй, і ў меншай канцэнтрацыі. Акрамя таго, лепш трымаць стракаталістыя формы на больш светлым месцы. Добры вынік дае чаргаванне “Віта” з адназамешчаным фасфатам калію (КН2РО4).

Дыфенбахія вельмі адчувальная на ўнясенне ўгнаенняў. Пры недахопе пажыўных рэчываў значна хутчэй агаляецца ніжняя частка яе сцябла. Вясной карысна дабаў­ляць у вазон (змеш­ваць з глебай у вазоне) пера­прэлую дзіванну (па 1 ст.л. на 1 л глебы). Раз у месяц варта апырскваць лісце растворам мікраэлементаў.

Перасадка і глеба

Перасаджваюць дыфенбахію штогод у канцы красавіка. Але можна рабіць гэта зімой і вясной — з лютага па май. У гэты ж час робяць перавалку. Новы вазон павінен быць больш прасторным, чым папярэдні, усяго на 1—2 см па баках і ўглыбіню. Глеба­сумесь — рыхлая, пажыўная і вода­пранікальная з рН 5,5 з дзярновай, ліставой зямлі, торфу і сухой дзіванны (1:1:0,5:0,5). Іншыя варыянты: ліставая, хвойная зямля, торф і пясок (1:1:1:0,5); дзярновая, ліставая зямля, торф і пясок (4:1:1:1). У глебу таксама дабаўляюць крыху драўніннага вугалю, касцявой мукі ці рагавых стружак. У буйных вазонах замяняюць частку глебавага камяка.

Пры правільна падабраным субстраце перасадку ў больш прасторную пасудзіну можна замяніць перавалкай, гэта значыць перасадкай без парушэння землянога камяка. Пры гэтым выконваецца агульнае правіла: новая ёмістасць павінна быць толькі нязначна большай за ранейшую (шчыльна ўваходзіць у яе). Сцябло трэба крыху заглыбіць, тады з яго па­дземнай часткі пачнуць развівацца новыя карані. Неабходна пазбягаць перавалкі ў разгар лета: яна пераносіцца раслінамі вельмі цяжка, калі многа святла і сухое паветра.

УВАГА: белы сок дыфенбахіі атрутны! Трапляючы на скуру, выклікае пякоту і раздражненне; у роце можа выклікаць пухліну языка, слізістых абалонак рота і слінных залоз. Пры гэтым у чалавека аднімае мову. За гэта на радзіме расліна атрымала назву “нямы трыснёг”, ці “нямая розга”. Жыхары трапічных лясоў Амерыкі гатуюць з дыфенбахіі атруту для знішчэння грызуноў.

У час “хірургічных” работ з раслінай трымайцеся мер засцярогі. Надзявайце пальчаткі і старайцеся, каб сок не трапіў на скуру і вочы. Пасля гэтага рукі трэба вымыць цёплай вадой з мылам.

Калі ў сям’і ёсць маленькае дзіця, не заводзьце дыфенбахію, пакуль яно не вырасце. Дзеці любяць усё цягнуць у рот, і можа здарыцца бяда.

Амаладжэнне і пасынкаванне

Расце дыфенбахія вельмі хутка (прырост 30—50 см за год). А лісты адносна недаўгавечныя і ніжняя частка сцябла праз некаторы час агаляецца, таму расліны неабходна рэгулярна амалоджваць. Вялікая і моцная расліна атрымліваецца пры ўкараненні верхавіны. Вясной верхавіну з 5—7 лістамі зразаюць прыкладна на 1,5—2 см ніжэй за вузел. Млечны сок змываюць цёплай вадой, зрэз падсушваюць папяровай сурвэткай. На 1—2 дні верхавінкавы пасынак ставяць у пусты сухі слоік для загойвання зрэзу. Але можна і адразу па­чаць укараненне ў вадзе, сфагнуме, пяску ці ў сумесі пяску з торфам. Асноўныя ўмовы пры гэтым — цяпло (+21—30°С), адсутнасць прамых сонечных прамянёў, частае апырскванне ці абмыванне лістоў.

З ніжняй часткі абрэзанага на вышыні 10 см ад глебы сцябла таксама можна атрымаць новую расліну. Маладыя парасткі ўтвараюцца з кожнага міжвузелля. Сярэднюю частку сцябла пасля абрэзкі таксама выкарыстоўваюць на пасынкі. Яе дзеляць на адрэзкі з 1—2 міжвузеллямі, заглыбляюць гарызантальна ў пясок ці ў сумесь торфу з пяском так, каб а­дзін вузел быў у субстраце. Зверху накрываюць поліэтыленавым пакетам (шклянкай, слоікам). Укараненне доўжыцца каля 6 тыдняў.

Цікава размнажаць дыфенбахію паветранымі атожылкамі. У выбраным месцы на сцябле трэба зрабіць некалькі невялікіх надрэзаў (калі ёсць невялікія прыдаткавыя карані, то не трэба). Потым крыху ніжэй да сцябла неабходна прывя­заць кавалак полі­этыленавай плёнкі ў выглядзе спаднічкі, якая глядзіць уверх. Надрэзы на сцябле трэба абкласці вільготным мохам сфагнумам і завязаць плёнку зверху, унізе плёнку прака­лоць у 2—3 месцах. (Нельга выкарыстоў­ваць свежы мох: ён цямнее і загнівае; спачатку мох высушваюць, потым увільгатня­юць.) На плёнку трэба надзець кольца з цёмнай паперы ці фольгі, каб да маладых карэньчыкаў не пранікала святло, інакш яны пазелянеюць і будуць выконваць функцыю апорных ці паветраных каранёў. Укараненне доўжыцца больш за месяц, і вільгаці можа не хапіць. Пры дапамозе медыцынскага шпрыца мох прыйдзецца рабіць вільготным дадаткова, лішкі вады выцекуць праз адтуліны ўнізе плёнкі.

Хваробы і шкоднікі

Часам дыфенбахіі нязначна пашкоджваюцца шчытоўкай. У такім выпадку неабходна палепшыць умовы ўтры­мання — перш за ўсё павысіць вільготнасць паветра, са­браць і знішчыць шкоднікаў (агляд паўтараюць кожныя 3 дні). Карысна часцей мыць і апырскваць расліны, праціраць іх спіртавым растворам наготкаў папалам з вадой. Залішняе цяпло і вельмі сухое паветра спрыяюць з’яўленню павуціннага кляшча. Пры гэтым нараўне з карэкціроўкай рэжыму дыфенбахіі неабходны штодзённы халаднаваты душ (асабліва старанна трэба прамы­ваць ніжні бок лісця). Выкананне правіл агратэхнікі, асабліва водныя працэдуры, дапамагае змагацца са шкоднікамі, не звяртаючыся да хіміі.

Найбольш часты дэфект пры вырошчванні дыфенбахіі ў доме — некроз (засыханне) кончыкаў лісця, а часам і ўсяго краю ліста. Гэта можа тлумачыцца наступнымі прычынамі: скразнякамі, паніжанай ці павышанай тэмпературай паветра і яго празмернай сухасцю, застойваннем вады ў вазоне, увільгатненнем лісткоў у цёмны час сутак ці на прамым сонечным святле. Калі афарбоўка лісця становіцца менш яркай, значыць, расліне не хапае святла, у глебе ёсць лішак азоту і недахоп фосфару, калію і мікраэлементаў. Тое ж змяненне афарбоўкі плюс дэфармацыя і драбненне лісця, а таксама пагаршэнне росту сведчаць пра зашчалачэнне субстрату. Калі ж пачынаюць хутка вянуць і засыхаць ніжнія лісткі, час падумаць пра перавалку.

Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы,
педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.
Фота аўтара.