Бягоніі дэкаратыўна-ліставыя

Свет бягоній вельмі разнастайны. Ёсць віды, якія растуць у адкрытым грунце, ёсць пакаёвыя цвітучыя віды.

Але не менш багата выглядаюць дэкаратыўна-ліставыя віды, пра якія і хочацца пагаварыць.


Род бягонія атрымаў сваю назву ў гонар губернатара Гаіці Бягона. У ім налічваецца больш за тысячу відаў аднагадовых і шматгадовых раслін, паў-хмызнякоў, хмызнякоў і ліян.

Травяністыя бягоніі вар’іруюцца ад “малышоў” велічынёй 3—4 см да даволі ўнушальных экзэмпляраў. Ёсць нават формы з адным лістом.

Лісце бягоніі мае форму слановага вуха, бо цэнтральная жылка дзеліць лісцевую пласціну на дзве асіметрычныя часткі. Край нярэдка напамінае лісце клёна.

Яшчэ больш разнастайная іх афарбоўка. Колер вагаецца ад зялёнага да барвовага, пры гэтым верхні бок можа быць альбо аднатонным, альбо пакрытым карункамі і плямкамі серабрыстага, чырвонага і жоўтага колеру. Яны могуць размяшчацца хаатычна альбо радамі паралельна жылкам.

Ніжні бок лісцевай пласціны часта чырвоны, карычневы, фіялетавы розных адценняў.


Вельмі станоўчы момант у вырошчванні дэкаратыўна-ліставых бягоній — добрая ценевынослівасць. Добра яны растуць на паўночных і ўсходніх вокнах, на паўднёвых іх трэба прыцямняць.

Усе бягоніі аб’ядноўвае патрэба ў высокай вільготнасці. У зімовы час ліставым відам патрабуецца дадатковае ўвільгатненне паветра з дапамогай пульверызатара. Ёсць і менш патрабавальныя віды, але хаця б рэдкае апырскванне не пашкодзіць і ім.

Зімоўка раслін залежыць ад паходжання. Субтрапічныя бягоніі маюць патрэбу ў адносна халаднаватай зімоўцы, аднак тэмпература не павінна зніжацца ніжэй за 12—14 градусаў. Для трапічных відаў аптымальны варыянт — 18—20 градусаў. Летам усе бягоніі маюць патрэбу ў высокай тэмпературы.

Зноў-такі ўлетку гэтыя пакаёвыя кветкі паліваюць шчодра, зімой — умерана.

Для вырошчвання бягоній лепш выкарыстоўваць куплёны грунт. У той жа час, калі ў 80-я гады жыла ў Лагойску і купіць грунт было праблематычна, я вырошчвала іх у агароднай глебе. І нічога — раслі.

Штогод можаце перасаджваць маладыя расліны, у больш сталых экзэмпляраў памяняйце толькі верхні слой глебы.

Для падкормкі можна выкарыстоўваць “Ідэал”, “Пакон” (дарэчы, дарагаватае, але вельмі добрае ўгнаенне), “Эфект”. Калі вы жывяце ў вёсцы, можна выкарыстоўваць і арганіку.


Бягоніі добра размнажаюцца лісцевымі чаранкамі. Прычым ёсць тры метады. Можаце проста паставіць чаранок у ваду альбо памясціць у вільготны пясок. А можаце пакласці ліст гарызантальна ніжняй паверхняй уніз, надрэзаўшы ў некалькіх месцах лісцевую пласцінку. Хутка ў месцах надрэзаў з’явіцца карэнне, а потым і маладыя расліны. Падыходзіць нават такі экзатычны метад, як выразанне з ліста невялікіх квадрацікаў памерам з паштовую марку. Выразаныя кавалачкі раскладваюць жылкай уніз па паверхні субстрату і замацоўваюць тонкім дротам. Гарызантальнае размнажэнне вельмі зручна рабіць у пластыкавых каробках з-пад торта.

Калі вы набываеце расліну ў магазіне, на лісці не павінна быць ніякага налёту, сухіх плям і інш.

А цяпер — аб найбольш распаўсюджаных відах бягоніі дэкаратыўна-ліставой.

Адной з найпрыгажэйшых з’яўляецца бягонія грыфіта. Расліна вышынёй да 50 см. Сцёблы кароткія, ляжачыя, косасэрцападобныя лопасці ў аснове ліста перакрываюцца. Цэнтр і край ліста цёмна-аліўкава-зялёны, паміж імі — шырокая серабрыстая зона. Ніжні бок ліста з чырванаватым адлівам. Уся расліна пакрыта чырвона-фіялетавымі валаскамі. Расліны ценелюбівыя, на сонечных вокнах патрабуюць зацямнення. Паліў летам шчодры, а зімой умераны. Зімой не пашкодзіць змясціць вазон у паддон з вільготным пяском.

Бягонія каралеўская — найбольш папулярная сярод кветкаводаў. Гэта буйная травяністая расліна з паўзучым сцяблом, пакрытая густым апушэннем. Лісце вялізнае, каля 30 см у даўжыню. Ніжні бок чырвоны, афарбоўка верхняга вар’іруецца ад зялёнага да цёмна-фіялетавага.

Паліў шчодры летам і ўмераны зімой. Дарэчы, улетку расліну можна не баяцца заліць. Наадварот, пры слабым паліве падсыхаюць кончыкі лісця. Размнажаецца лісцевымі чаранкамі і адрэзкамі лісця, якія наразаюцца разам з жылкай.

Бягонія дыядэма — буйная прамастаячая расліна са сцёбламі вышынёй каля 40 см. Лісце буйное, з доўгімі чаранкамі, каля 15 см у даўжыню і 12 см у шырыню, асіметрычнае, падобнае на лісце клёна. Ніжні бок пурпурны, верхні — ружовы, з яркімі чырвонымі жылкамі. Кветкі белавата-ружовыя, сабраныя ў гронку.
Зімой не пашкодзіць апырскванне.

Бягонія ярка-чырвоная самая непераборлівая сярод дэкаратыўна-ліставых бягоній. Яе вышыня дасягае 2 м, яна часта выкарыстоўваецца для азелянення розных устаноў. Зімой паліў умераны, летам — шчодры. Зімовая тэмпература — 10—15 градусаў. Размнажаецца чаранкамі. Добра пераносіць цень, яе можна паставіць нават на падлогу.

Ала ШАЎЦОВА.
Фота з інтэрнэту.