Пасля таго як знялі ўраджай парэчак і агрэсту, не варта забываць дзесьці ў верасні падкарміць і добра апрацаваць гэтыя ягадныя кусты.
Неабходна прыбраць павуцінне, падсохлае і закручанае лісце на кожным кусце і ўсё гэта спаліць. Акрамя таго, усім ягаднікам у верасні неабходна мінеральная падкормка суперфасфатам і каліем, бо ў гэты час пачынае расці каранёвая сістэма. Для чырвоных парэчак і агрэсту дастаткова ўзяць па 1 сталовай лыжцы двайнога суперфасфату і па 2 сталовыя лыжкі калію на куст, а вось для чорных парэчак варта ўзяць дзве сталовыя лыжкі двайнога суперфасфату і адну — калію. Такія ўгнаенні лепш за ўсё ўносіць перад палівам пры сухім надвор’і. Пасля дажджу выкарыстоўваць хлорысты калій непажадана, асабліва пры падкормцы агрэсту. Кусты агрэсту могуць заўчасна скінуць лісце, асабліва пры працяглым сухім надвор’і, і гэта дрэнна адаб’ецца на каранёвай сістэме куста.
Таксама не варта ў гэты час рабіць азотную падкормку, у тым ліку настоем травы ці гною, паколькі азот будзе спрыяць росту канцоў у галінак кустоў, а новы прырост не паспее добра адраўнець і да зімы можа проста засохнуць. Лепш, наадварот, спыніць рост такіх галінак. Для гэтага трэба прышчыпнуць верхавіны ў чорных парэчак і агрэсту. А вось з чырвонымі парэчкамі так рабіць не трэба, паколькі ў іх на канцах закладваецца найбольшая колькасць пладовых пупышак — для багатага ўраджаю наступнага года.
Яўген САЛАНОВІЧ,
дачнік са шматгадовым вопытам.