Драсён сахалінскі

Некалькі гадоў назад я ўбачыла каля сваёй паліклінікі дзіўную расліну. Год назад яе не было, а цяпер перада мной рос велізарны куст з вялікімі лістамі і тоўстымі зялёнымі сцёбламі, якія нагадвалі бамбук. Я папрасіла адкапаць сабе парастак і праз некалькі тыдняў даведалася назву гэтай цудоўнай і непаўторнай па прыгажосці расліны. Гэта быў драсён сахалінскі.

Буйное, да 30 см, сэрцападобнае лісце сахалінскага драсёну мае вельмі прыемны цёмна-зялёны колер. Расліна вышынёй да 3 метраў, з прыгожай кронай. Расце курцінай і хутка распаўсюджваецца за кошт сваіх паўзучых каранёў. Сцёблы ў дыяметры да 3 см, унутры полыя, вельмі падобны на бамбук. Цвіце драсён сахалінскі ў перыяд са жніўня па верасень, у гэты час ён асабліва прыгожы. Паколькі сцёблы маюць вялікую вышыню, пажадана іх звязваць на вышыні 1,5 метра ад зямлі ў кольца. Расліна ідэальна падыходзіць на ролю шырмы. Калі трэба хутка закрыць агароджу або іншыя гаспадарчыя будынкі, канкурэнтаў у драсёну няма.

Драсён сахалінскі — расліна шматгадовая. Увосень наземная частка выразаецца, а вясной ад кораня з’яўляюцца новыя парасткі. Карэнішча ў сахалінскай грэчкі паўзучае, што спрыяе хуткаму распаўсюджванню і разрастанню. З-за гэтага расліна здольна хутка захопліваць новыя плошчы, таму прыходзіцца рэгулярна выдаляць лішні каранёвы зараснік. Былі выпадкі, калі маладыя парасткі вышынёй 30—40 см траплялі пад вясеннія замаразкі і гінулі. І ўсё роўна праз невялікі час з’яўляліся свежыя парасткі, расліна аднаўлялася.

Расце драсён сахалінскі на ўрадлівых глебах і пажадана на сонцы. Вельмі любіць арганічныя ўгнаенні. Спецыяльнага догляду не патрабуе. А калі ў маі — чэрвені падкарміць яго свежай дзіваннай, то куст вельмі здзівіць вас! Затое там, дзе расце драсён сахалінскі, у зямлі вы не знойдзеце ніводнага пустазелля. Чаму, пакуль не ведаю, бо там унізе, сярод ствалоў “бамбуку” заўсёды вільготна, а глеба добрая з-за таго, што лісце, якое ападае ўвосень, утварае цудоўную мульчу.

Драсён добра размнажаецца адрэзкамі карэнішча, а таксама насеннем-арэшкамі, падобнымі на вялікія грэцкія зярняты. Вясной абуджаецца рана, трэба паспець яго перасадзіць, пакуль сцябло толькі пачынае паказвацца з глебы.

Драсён вельмі прыгожа цвіце — з пазухі ліста з’яўляецца невялікі гучок, які фарміруе мяцёлку з бела-крэмавых ажурных кветак. Уявіце, што такія кветкі з’яўляюцца ў кожнай пазусе, а цвіценне працягваецца з канца лета да кастрычніка.

Карысныя ўласцівасці

Жыхары раёнаў, дзе ён сустракаецца дзікарослым, з поспехам выкарыстоўваюць зялёную масу расліны для кармлення жывёлы. Там змяшчаецца многа бялку, караціну, клятчаткі, руціну, вітаміну С, солей кальцыю і фосфару.

Японцы сахалінскі драсён садзяць на гарадскіх звалках, таму што гэтая расліна валодае здольнасцю прымаць з глебы солі цяжкіх металаў.

Гэта выдатны меданос, яго кветкі надзвычай любяць пчолы.

Можна ўжываць для ежы свежыя, вараныя лісты драсёну, а таксама маладое сцябло расліны. З яго робяць салаты, вараць супы, пякуць пірагі, як з рэвенем.

Абавязкова трэба расказаць і яшчэ пра некаторыя грані прымяненні грэчкі сахалінскай. Сцёблы, якія прастаялі зіму, вясной можна высякаць і летам выкарыстоўваць у якасці апор для гароху. А ўвосень пучкамі сцёблаў накрываць для снегазатрымання шматгадовыя расліны, якія патрабуюць на зіму ўцяплення. А яшчэ сцёблы, якія адслужылі сваё, я ўкладваю ў аснову кампоставай кучы, дзе яны служаць апошнюю, вельмі важную службу (нават дзве) — забяспечваюць дрэнаж ад празмернасці вільгасці і прыток паветра ў сярэдзіну кучы, без чаго немагчыма атрыманне якаснага кампосту. Вось якая цудоўная ва ўсіх адносінах гэтая расліна — грэчка сахалінская! Цудоўная яна яшчэ і сваёй надзвычайнай жывучасцю.

Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы,
педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага ЦТДіМ.

Фота аўтара.