Галандскія касачы

Амаль усе добра ведаюць карэнішчавы касач, які яшчэ называюць барадатым. Галандскі касач сустракаецца радзей, але ён не менш прыбавны, чым яго сабрат.

Звычайна гэта касач сіняга колеру, з жоўтымі мазкамі ў цэнтры трох звісаючых пялёсткаў, так званых фолсаў, а тры іншыя, накіраваныя ўверх, таксама сіняга колеру. Гэты гатунак доўга захоўвае прывабны выгляд. Ён, дарэчы, ёсць і ў мяне, але аб гэтым ніжэй.
Увогуле, палітра галандскіх касачоў вельмі разнастайная. Ёсць шмат аднаколерных: белыя, блакітныя, сінія, бэзавыя, фіялетавыя, жоўтыя, двухколерныя з жоўтымі альбо сінімі мазкамі .
У залежнасці ад гатунку, цыбуліны аднаго ўзросту могуць мець розныя памеры, ад 2,5 да 3,5 см у дыяметры.
Касачам падабаюцца сонечныя і ціхія месцы, без парываў ветру. Глеба павінна быць пажыўная, вода- і паветрапранікальная, з добрым дрэнажом, з нейтральнай рэакцыяй. Для гэтага трэба дабавіць пясок і вапну, калі глеба гліністая. Калі глеба пясчаная, у яе трэба падмяшаць дзірваністай і лісцевай зямлі з абавязковай карэкціроўкай кіслотнасці. Ні ў якім выпадку не трэба выкарыстоўваць свежы перагной і вялікія дозы ўгнаенняў. Для падкормкі вельмі карысны попел.
Перад пасадкай цыбуліны трэба абавязкова пратравіць у фундазоле альбо іншым прэпараце. Пасля прасушкі адразу пасадзіць.
Для пасадкі зручна выкарыстоўваць завостраны круглы калок. Робяць засечку на адлегласці 15 см ад завостранага канца. Калком праколваюць глебу да засечкі, потым насыпаюць жменю пяску, высаджваюць цыбуліну, заглыбляючы яе ў пясок на 2—3 см. Потым акуратна засыпаюць.
Калі цыбуліны прарослыя (менавіта так было ў мяне), выкопваем ямку глыбінёй 10 см, туды апускаем цыбуліну і засыпаем пяском.
Цыбуліны можна высаджваць і ўвосень, і вясной. Мне касач прынеслі вясной у тарфяным гаршочку, сказаўшы, што гэта цыбульны касач, вельмі прыгожы. Але, на жаль, у першы год ён не зацвіў, толькі нарасціў лісце. А сёлета цвіў з 20 мая па 10 чэрвеня.
Кветканосы галандскага касача могуць быць у вышыню ад 40 да 70 см. У апоры гэтая кветка патрэбы не мае.
Некаторыя кветкаводы рэкамендуюць раз у два-тры гады выкопваць гняздо цыбульных касачоў пасля засыхання лісця. Захоўваць цыбуліны такім жа чынам, як і цюльпаны. А пачынаючы з трэцяй дэкады жніўня высаджваць у грунт. Буйныя цыбуліны зацвітуць на наступную вясну, а больш дробныя — праз сезон.
Чым добры такі метад? Ён дазваляе ўбачыць стан цыбуліны, пры неабходнасці падлячыць яе. Можна аддзяліць цыбуліну-дзетку і высадзіць яе асобна на дарошчванне. Адзначыўшы, якога колеру былі кветкі, можна ўвосень пасадзіць іх на свой густ.
У некаторых рэкамендацыях прапаноўваецца не чапаць гняздо 4—5 гадоў. Тут таксама ёсць станоўчы момант — вялізная купа цыбульных касачоў выглядае проста непаўторна.
Яшчэ важны момант — цыбульныя касачы пачынаюць цвісці дзён на дзесяць раней, чым карэнішчавыя, у трэцяй дэкадзе мая, калі кветнік пуставаты.
На зіму галандскія касачы лепш прыкрыць дубовым лісцем альбо лапнікам, у бясснежную зіму яны могуць вымярзаць.

Ала ШАЎЦОВА.
Фота аўтара і з інтэрнэту.