Мяцёлчатая гартэнзія — папулярная расліна нашых садоў. У цяперашні час выведзена мноства яе гатункаў для азелянення паркаў, садоў і прысядзібных участкаў. Яна вядома дзякуючы таму, што надзвычай прыгожа цвіце і доўга ажыўляе ландшафт яркімі фарбамі сваіх суквеццяў. Выдатна выглядае такая гартэнзія як у адзіночных, так і ў групавых пасадках. Дзякуючы ўстойлівасці расліны да загазаванасці, добра расце і пышна цвіце ў гарадскіх умовах. Гартэнзія мяцёлчатая — даволі буйны куст, які пры належным доглядзе хутка дасягае вышыні 1,5 м. Пры рэгулярнай абрэзцы яго вышыня не перавышае 2 м, а куст вызначаецца кампактнасцю.
Пасадка
Гартэнзія (усе віды) — святлолюбівая расліна, якая добра расце на сонечным і адкрытым месцы, але яркага сонца і моцнага ветру трэба пазбягаць. Таму ў пік гарачыні ёй неабходна лёгкае зацяненне, расліна вельмі любіць менавіта рассеянае святло, пры гэтым здольна добра расці і ў лёгкім паўцені, праўда, у гэтым выпадку куст пазней зацвітае з меншай колькасцю кветак. Вельмі важна, каб раніцай былі сонечныя прамяні, у першай палове дня, таму гартэнзіі лепш падыходзіць усходні бок, чым заходні. Гартэнзія добра расце на ўрадлівых, багатых на гумус гліністых глебах. Горш развіваецца на чырваназёмах, а пясчаныя грунты ёй увогуле супрацьпаказаны. Аптымальны ўзровень кіслотнасці — рН 5,2—6,0. Максімальная яркасць суквеццяў назіраецца менавіта на кіслай глебе, а на нейтральнай адзначаецца павольнае развіццё і бледная афарбоўка. Шчолачная глеба прыводзіць да хларозу (пажаўценне лістоў). Пры росце куста на шчолачнай глебе часта ўзнікае недахоп жалеза і магнію, што выяўляецца светлай і бледнай афарбоўкай лісця, таму варта падкісляць глебу ці апрацоўваць куст хелатам жалеза.
Для пасадкі гартэнзій рыхтуюць спецыяльную збалансаваную глебавую сумесь з угнаеннямі. Сюды ўваходзяць перагной, дзярновая зямля, ліставая зямля і торф у роўных частках ці перагной, садовая зямля (чарназём), торф і пясок у суадносінах 2:2:1:1. Таксама ў складзе павінны прысутнічаць пажыўныя рэчывы: 20—25 г (сталовая+чайная лыжка) карбаміду (мачавіны), 24—29 г сульфату калію (дзве сталовыя лыжкі) і 60—70 г суперфасфату (150—250 г касцявой мукі). Калі паблізу растуць елкі і сосны, то пад імі можна накапаць лёгкую, рыхлую і злёгку кіслую глебу. Некаторыя садаводы паспяхова вырошчваюць кветкі ў такім грунце нават без унясення ўгнаенняў пры пасадцы. Цалкам забараняюцца вапна, крэйда і драўняны попел.
Пры пасадцы адлегласць паміж кустамі павінна быць 140—240 см, а ад найбліжэйшых буйных кустоў і дрэў — 230—300 см. Калі вы хочаце садзіць гартэнзію ў рад (жывая агароджа, міксбордар), то можна выкапаць траншэю шырынёй 90—110 см. Калі хочаце дабіцца больш ранняга цвіцення, пры пасадцы капайце ямы бліжэй адна да адной (70—80 см), а праз 2—3 гады прарэдзьце кусты пры неабходнасці. Глыбіня пасадачнай ямы — 35—45 см, шырыня — 50—65 см. Карані растуць пераважна ўшырыню, распасціраюцца значна далей ад кроны. Каранёвая шыйка павінна размяшчацца на ўзроўні глебы, максімум на 2—3 см ніжэй, інакш кветка будзе дрэнна развівацца.
Падкормка
Пры пасадцы гартэнзіі ў глебавую сумесь з угнаеннямі першыя два гады яе можна не падкормліваць. Агульнае правіла падкормак: да ліпеня — кіслыя ўгнаенні (сульфат амонію, сульфат калію), а з ліпеня да кастрычніка — калійна-фосфарныя (касцявая мука, суперфасфат). Патрэба расліны ў пажыўных рэчывах высокая, таму што яна расце і інтэнсіўна цвіце.
Комплексная падкормка для росту
У пачатку — сярэдзіне мая падкарміце куст комплексным мінеральным угнаеннем — 25—35 г на 10 літраў вады ці асобна сумессю са сталовай лыжкі (15 г) мачавіны + 25—30 г суперфасфату (2 ст.л.) і сталовай лыжкі (15 г) сульфату калію. Мінеральныя ўгнаенні можна дапоўніць арганічнымі: настоем каравяку ці птушынага памёту — 1:10. Падкормку паўтарыце праз 13—16 дзён.
Калійна-фосфарная падкормка для цвіцення
За 12—16 дзён да цвіцення (пачатак — сярэдзіна чэрвеня) варта правесці вадкую падкормку: растварыце 65—75 г суперфасфату і 40—50 г сульфату калію ў вадзе і паліце куст. Паўтарыце папярэднюю падкормку падчас масавага цвіцення, каб прадоўжыць яго і забяспечыць закладку новых кветкавых пупышак. Для падкормкі не рэкамендуецца выкарыстоўваць драўняны попел. Добра падыходзяць угнаенні для верасовых відаў і рададэндрана. Не дапускайце лішку азоту, які прыводзіць да зніжэння зімаўстойлівасці, пагаршэння цвіцення і спрыяе развіццю гнілі. Прымяняйце яго толькі ў красавіку — маі.
Важна!
Лішак угнаенняў, асабліва арганічных (каравяк, памёт), прынясе больш шкоды, чым недахоп.
Паліў
Гартэнзія мяцёлчатая — вільгацелюбівая расліна. Яе паліваюць 2 разы ў тыдзень з разліку каля 3 вёдраў на расліну. Аднак трэба ўлічваць, што мульчыраванне і дажджы зніжаюць норму паліву. Вада павінна быць без хлору. Можна выкарыстоўваць дажджавую.
Абрэзка
Для падтрымання дэкаратыўнасці куста пачынаючы з 4—5-гадовага ўзросту гартэнзію трэба абразаць. Гэтую працэдуру праводзяць вясной пасля раставання снегу і пасля набухання пупышак, але да іх распускання.
Тэхналогія фарміруючай абрэзкі
Выдаляюць тонкія галіны, накіраваныя ў сярэдзіну кроны. Іх зразаюць “на кольца”.
Абразаюць буйныя парасткі. На кожным пакідаюць 2—3 пупышкі. Зрэзы робяць папярочныя над пупышкай.
Выразаюць слабыя і пашкоджаныя марозам галіны. Буйныя падмерзлыя галіны зразаюць да здаровага ўчастка.
Амалоджвальная абрэзка
На старых кустах пакідаюць 6—10 моцных шкілетных галін, астатнія цалкам выразаюць. Такую працэдуру праводзяць штогод.
Іншы спосаб: куст цалкам абразаюць “на пень”. У гэтым выпадку амалоджаную дэкаратыўную расліну атрымліваюць на другі год.
Асенняя абрэзка для гартэнзіі непажаданая, бо пасля яе расліны горш пераносяць маразы. У гэты перыяд выдаляюць суквецці, якія адцвілі, каб галіны не паламаліся пад снегам.
Пакрокавая інструкцыя па пасадцы гартэнзіі
1. Выкапайце яму неабходнага памеру за 15—30 дзён да пасадкі.
2. Падрыхтуйце глебавую сумесь, засыпце пасадачную яму і пакіньце яе на 1—2 тыдні. Калі глеба асядзе, пачынайце рыхтаваць саджанцы да пасадкі.
3. У расліны трэба падразаць карані. Палепшыць прыжывальнасць саджанца дапамагае выкарыстанне стымулятару росту. Карані расліны апускаюць у раствор на 2 гадзіны.
4. Выкапайце яму і на конус глебавай сумесі пастаўце саджанец на патрэбнай глыбіні, затым выпрастайце карані.
5. Неабходна сачыць за тым, каб каранёвая шыйка была на ўзроўні з зямлёй.
6. Паступова засыпайце яму і рабіце больш цвёрдым грунт.
7. Паліце куст 8—12 літрамі вады і прысыпце карой, пілавіннем ці торфам — 6—8 см у таўшчыню і 16—20 см у дыяметры. Паліваць расліну трэба толькі адстоенай вадой, хлор можа выклікаць хлароз лісця.
8. Закрыйце кветку ад прамога сонечнага святла днём і ад моцнага ветру.
Размнажэнне
Гартэнзію можна размнажаць насеннем, але гэта доўгая працэдура, якая не вельмі падыходзіць для садавода-аматара. Рэкамендуецца размнажаць куст пасынкамі і атожылкамі.
Пасынкамі
Пасынкі можна зразаць да распускання пупышак ці з лісткамі ў сярэдзіне лета.
У першым выпадку пасынкі зразаюцца наўскос, каб на кожным было не менш за 2 пупышкі. Потым іх высаджваюць у торф і пясок пад ухілам 60 градусаў, заглыбляючы ніжнюю пупышку на 3 см. Добра паліваюць, накрываюць спанбондам і змяшчаюць у цяпліцу. У адкрыты грунт расліны, якія ўкараніліся, высаджваюць наступнай вясной.
У другім выпадку ніжнія лісты з пасынкаў прымаюць, а верхнія ўкарочваюць напалову. Пасынак на паўгадзіны ставяць у раствор “Фундазалону”, высаджваюць у кантэйнер з торфам і пяском і пакідаюць у цені. Саджанец накрываюць слоікам ці верхняй разрэзанай паловай пластыкавай бутэлькі. Паліваць саджанец трэба двойчы ў тыдзень на працягу 4 тыдняў. За гэты тэрмін пасынкі павінны ўкараніцца, і ўкрыццё з кантэйнераў можна паступова знімаць. На зімоўку кантэйнеры адпраўляюць у памяшканне з нізкай дадатнай тэмпературай. На пастаяннае месца расліны высаджваюць у жніўні наступнага года.
Атожылкамі
Вясной, пакуль пупышкі не з’явіліся, грунт каля расліны разрыхляюць, паглыбляюць на 15 см і прыкопваюць самы ніжні парастак куста. Парастак можна зафіксаваць у глебе з дапамогай каменя ці моцнага дроту. Надземную частку парастка прымацоўваюць да апоры і паліваюць.
У жніўні на атожылку ўтвараюцца новыя парасткі. Калі яны дасягнуць даўжыні 15—20 см, іх акучваюць. Акучванне паўтараюць кожныя 7—10 дзён, пакуль узгорачкі, што атрымаліся, не будуць па вышыні 20—25 см. Аддзяляць маладыя расліны ад мацярынскай і высаджваць на пастаяннае месца можна праз год.
З абрэзкаў гартэнзіі можна сабраць зімовыя букеты. Гэта робіцца наступным чынам. З парасткаў зразаюцца ўсе лісты, яны звязваюцца па некалькі штук і падвешваюцца кветкамі ўніз, пакідаюцца ў цёмным пакоі, які праветрываецца, для высушвання.
Зімоўка
Дарослыя мяцёлчатыя гартэнзіі здольны пераносіць зімовыя маразы. Аднак, перазімаваўшы ў зацішку, куст пачынае цвісці раней і больш. Абавязкова маюць патрэбу ў зацішку маладыя расліны.
Перад укрыццём прыствольнае кола ў куста засыпаюць пластом мульчы ў 30 см (можна выкарыстоўваць торф ці пілавінне). Прыгінаць парасткі ў мяцёлчатай гартэнзіі не трэба, бо яны могуць зламацца. Вакол расліны ставяць рад калоў і абмотваюць іх галінамі елкі і сасны. Зверху нацягваюць спанбонд, лутрасіл.
Хваробы і шкоднікі
Шчолачны субстрат глебы можа выклікаць хлароз на лістах.
Прамыя сонечныя прамяні здольны пакідаць на кусце апёкі.
Пры недахопе пажыўных рэчываў у зямлі расліна падвяргаецца грыбковым захворванням.
Ад нашэсця тлі расліну апрацоўваюць драўняным попелам. У ваду для паліву перыядычна дабаўляюць марганцоўку для прафілактыкі пашкоджання нематодамі. Ад павуціннага кляшча куст апрацоўваюць інсектыцыдамі.
Падрыхтавала Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы, педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.
Фота аўтара.