Гэтая шматгадовая расліна адносіцца да сямейства амарылісавых, і расліны часта блытаюць. Але, у адрозненне ад амарыліса, яна не мае паху і цвіце ў зімовы час, а вось амарыліс выкідвае свае кветкавыя стрэлкі, як правіла, увосень. У амарыліса выганяецца адразу некалькі суквеццяў, і ёсць усяго адзін від, а гіпеаструм мае каля 90 відаў.
Найбольш яркія адрозненні ў знешнім выглядзе амарыліса ад гіпеаструма ў наступным:
- лісты амарыліса з’яўляюцца толькі пасля цвіцення, на гіпеаструме, які цвіце, лісце прысутнічае;
- кветканос гіпеаструма полы, унутры шэра-зялёнага колеру, у амарыліса сцябло моцнае, адлівае бардовым колерам;
- цыбуліна амарыліса грушападобная, а ў гіпеаструма — круглая;
- амарыліс вырошчваюць і ў адкрытым грунце, вырошчванне гіпеаструма магчыма толькі ў хатніх умовах;
- суквецці ў амарыліса значна драбнейшыя.
Цыбуліна амарыліса атрутная! У яе соку змяшчаецца алкалоід лікарын, здольны выклікаць апёкі на скуры. Таму працаваць з раслінай неабходна ў гумавых пальчатках.
Пасадка
Перад высаджваннем цыбулін у грунт неабходна ўважліва агледзець іх на прадмет захворванняў. Калі на паверхні прысутнічаюць плямы або чырвоныя кропкі, гэта гаворыць пра яе пашкоджанне грыбковым захворваннем. Такую цыбуліну трэба адпаведна апрацаваць або не выкарыстоўваць яе.
Пры набыцці пасадачнага матэрыялу трэба зывяртаць ўвагу, што ён павінен мець сухія лускавінкі цёмна-бурага адцення. Карані цыбуліны пры гэтым павінны быць жывымі. Аднак калі на ёй ёсць розныя прыметы дэфармацыі, напрыклад раўчукі ці ўвагнутасці, то ад яе трэба адмовіцца.
Ёмістасць для высадкі гіпеаструма лепш за ўсё падбіраць такім чынам, каб паміж цыбулінай і бакавой паверхняй вазона заставаўся зазор ад 1 да 3 сантыметраў. Пры выбары ёмістасці таксама трэба ўлічыць і памеры кветкі. Практычна ўсе гатункі гіпеаструма вырастаюць вышынёй не менш за 50—60 сантыметраў, таму вазон павінен быць глыбокім, шырокім і ўстойлівым.
Для гэтага віду хатніх кветак вельмі важны дрэнаж. Перад укладкай грунту абавязкова трэба засыпаць пласт керамзіту, цэглы ці невялікіх кавалкаў керамікі. Пасля гэтага засыпаецца грунт. Ён павінен быць рыхлым і лёгкім. Для гэтага можна змяшаць глебу з торфам, дрэўнай смалой і касцявой мукой самастойна або купіць гатовую сумесь у магазіне. Для паляпшэння выніку ў грунт можна дабавіць суперфасфат, але не больш як дзве чайныя лыжкі на літр глебы. Акрамя гэтага, не лішнім будзе дабаўленне фосфару. Яго выкарыстанне значна палепшыць цвіценне гіпеаструма. Высаджваючы цыбуліну, трэба падсыпаць жменю пяску пад самыя яе карані. Пасля гэтага яна пакрываецца пластом глебы. Важна, што грунт павінен пакрываць цыбуліну толькі напалову. Пасля пасадкі расліну трэба шчодра паліць, пазбягаючы пападання вады на цыбуліну і карані.
Маладыя расліны гэтага віду неабходна штогод перасаджваць. Старыя расліны перасаджваюцца адзін раз на тры гады. Перасадку праводзяць, як правіла, вясной, адразу пасля заканчэння цвіцення.
Калі расліна не перасаджваецца, то неабходна штогадовая замена верхняга пласта глебы. Але перасадку можна праводзіць і ў асенні час перад пачаткам перыяду спакою. Перад змяшчэннем у новы вазон цыбуліну неабходна агледзець на наяўнасць механічных пашкоджанняў і гнілі. Калі знойдзена прысутнасць хваробы, то ад такой расліны лепш пазбавіцца. Перад высаджваннем у новы вазон цыбуліну трэба змясціць у раствор марганцоўкі. Усе падоўжаныя карані абрэзаць. Месцы зрэзаў засыпаць парашковым актываваным вугалем.
Асвятленне
Кветка даволі святлолюбівая. Ёй трэба забяспечваць яркае, але ў той жа час рассеянае святло. Пад прамымі прамянямі сонца кветку можна пакідаць у перыяд да абеду і пасля 17:00. Але ў перыяд актыўнага росту кветцы неабходны працяглы светлавы дзень. Аптымальным жа месцам для вырошчвання з’яўляецца паўднёва-заходні ці паўднёва-ўсходні падаконнік.
Тэмпература
У час актыўнага росту кветкі яе цалкам задавольвае хатняя тэмпература паветра. Яе паніжэнне кветка можа ўспрыняць як сігнал да падрыхтоўкі да перыяду спакою. У перыяд спакою расліна свабодна можа вытрымаць тэмпературу ад +10°С. Але расліна не пераносіць моцныя перапады. Мінусавая тэмпература ўвогуле здольна забіць расліну.
Вільготнасць паветра
Вопытныя кветкаводы, якія ведаюць, як даглядаць гіпеаструм, сцвярджаюць, што да гэтага паказчыка расліна практычна абыякавая. Пыл з лісця неабходна выдаляць, праціраючы вільготнай сурвэткай, але не апырскваючы, бо пападанне вільгаці на цыбуліну непажаданае. Гранічная вільготнасць паветра ў пакоі павінна складаць каля 80%. Калі яна будзе большай, магчыма ўзнікненне грыбковых хвароб. У перыяд спакою вільготнасць павінна вар’іравацца ў межах 60—80%.
Правільны паліў
А вось да паліву гэтага цудоўнага экзота трэба аднесціся вельмі ўважліва, калі вы хочаце, каб ён цвіў. У пачатку вегетацыйнага перыяду расліна мае патрэбу ва ўмераным паліве, які паступова трэба павялічваць з моманту з’яўлення кветканоса. У час росту кветкавай стрэлкі і да самага пачатку цвіцення павінен быць шчодры паліў, але глеба ў вазоне павінна быць вільготнай, а не мокрай. Пажадана ажыццяўляць ніжні паліў або паліў з паддона, паступова дабаўляючы цёплую ваду да таго часу, пакуль земляны камяк не прамокне. Не дапускайце пападання на цыбуліну вады. Пасля заканчэння цвіцення паліў паступова змяншаюць.
Падкормка
Падкормкі мінеральнымі комплексамі павінны пачацца, калі стрэлка дасягне вышыні 15 см. У актыўны перыяд добра ўгнойваць расліну калійнымі і фосфарнымі прэпаратамі. Робяць гэта не радзей чым раз на месяц. Пасля таго як расліна адцвіла, пачынаецца рост цыбуліны і закладанне будучага кветканоса, таму паліваць кветку неабходна рэгулярна. Да канца летняга сезона лісце адпадае і расліна ідзе на спакой, які працягваецца некалькі месяцаў.
Арганічнае ўгнаенне: 250 г каравяку на 10 літраў вады або 10 г птушынага памёту на 10 літраў вады.
Перасадка
Перасадка кветкі — гэта адзін з найважнейшых этапаў яе догляду. Лепш за ўсё для гэтага занятку падыходзіць жнівень. У гэты час расліна ўжо адцвіла і хутка адправіцца на спакой, таму самы час памяняць ёй грунт. У расліны доўгія карані, таму вазон трэба выбіраць высокі, але вузкі. Калі вы пасадзіце цыбуліну ў прасторны і шырокі вазон, яна можа працяглы перыяд не цвісці. Для прыгатавання глебы бяруць рачны пясок, дзярновую зямлю, торф і перагной у прапорцыях 1×2×1×1. Але некаторыя кветкаводы купляюць гатовы грунт для цыбульных раслін. Перад пасадкай цыбуліну рыхтуюць, замачыўшы яе ў цёплай вадзе на пару гадзін. На дно вазона абавязкова закладваецца пласт дрэнажу, потым дабаўляюць субстрат. Неабходна, каб цыбуліна выступала над глебай на адну трэць. Грунт не павінен быць вельмі кіслотным, аптымальна 6,0—6,5 рН.
Глебу ўвільгатняюць і ставяць вазон на цёплы і светлы падаконнік. У летні перыяд многія кветкаводы перавозяць расліну на дачу і прыкопваюць на ўчастку. За лета цыбуліна добра разаўецца, а гэта станоўча адаб’ецца на наступным цвіценні. У канцы лета кветка зноў пераязджае ў хатнія ўмовы і ставіцца на ранейшае месца.
Прычыны адсутнасці цвіцення
Прычын, чаму гіпеаструм не цвіце, даволі многа.
- Цыбуліна знаходзіцца вельмі глыбока ў зямлі, а можа, недастаткова паспела для цвіцення. Памер яе павінен быць не меншым за 6—7 см.
- Вазон вельмі маленькі і каранёвая сістэма знаходзіцца ў прыгнечаным стане. Вельмі вялікі вазон, і расліна ўсе сілы кідае на ўтварэнне дзетак і вялікую колькасць лістоў, а на цвіценне ўжо сіл не застаецца.
- Парушэнне нармальнага цыкла расліны. Не быў арганізаваны перыяд спакою, або кветканос абрэзалі адразу пасля цвіцення.
- Перасадка ў новы грунт адбывалася даўно, і кветка перастала атрымліваць пажыўныя рэчывы з грунту. Даўно не ўносіліся ўгнаенні, глеба страціла сваю ўрадлівасць. Няправільны паліў, празмерная вільготнасць глебы без перыядычнага высыхання.
- Кветку пашкодзіла хвароба. Выяўляецца гэта ў дачасным пажаўценні лістоў ці пацямненні іх колеру.
- Расліне не хапае святла, стаіць у вельмі гарачым ці халодным памяшканні.
Спакой
Расліне патрабуецца перыяд адпачынку, ці спакою, для гэтага яе перастаюць паліваць і прымаюць у халаднаватае і цёмнае месца, у якім тэмпература не павінна падымацца вышэй за 13°С. Такія ўмовы забяспечваюцца з верасня па снежань. Каб карэньчыкі не высахлі цалкам, паліў здзяйсняецца праз паддон раз на месяц.
У снежні расліну выносяць на святло і пачынаюць будзіць, пачынаецца ўвільгатненне, унясенне пажыўных рэчываў. Да вясны кветка выкідвае кветканос. Трэба ведаць, што пры паўторным цвіценні цыбуліна знясільваецца, і гэта ўплывае на якасць кветкі. Спакой неабходны для аднаўлення сіл у цыбуліне.
Размнажэнне
Насеннем
Каб атрымаць насенне, расліну апыляюць. Пасля заканчэння цвіцення на стрэлцы пачынае фарміравацца насенная каробачка, але не спяшайцеся яе зразаць: насенню трэба даць выспець. Пасля збору яго высаджваюць, бо яно вельмі хутка страчвае ўсходжасць. Усходы з’яўляюцца даволі хутка, праз 14 дзён. Маладыя расліны не патрабуюць спакою, гэты перыяд неабходны тады, калі цыбуліна вырасце да 5 см. Догляд расады заключаецца ў пастаянным паліве і сістэматычных падкормках.
Вегетатыўны спосаб
Такі метад больш хуткі, чым вырошчванне з насення. Для гэтага трэба аддзяліць ад бацькоўскай цыбуліны маладыя парасткі. Як правіла, гэта робяць у час перасадкі расліны. Аддзяленне лепш за ўсё праводзіць пры дапамозе абеззаражанага вострага рэжучага інструмента. Для гэтых мэт выдатна падыдзе лязо ці канцылярскі нож. Пасля таго як дзеткі аддзелены, трэба апрацаваць месца зрэзу вугальным парашком. Малады парастак пасля зрэзу высаджваюць у асобную ёмістасць, напоўненую лёгкім, рыхлым грунтам.
Дзяленне цыбуліны
Гэты тып развядзення гіпеаструма з’яўляецца самым папулярным. Працэдуру лепш за ўсё праводзіць позняй восенню. Абумоўлена гэта тым, што ў такі час цыбуліна змяшчае мноства пажыўных рэчываў.
Цыбуліну змяшчаюць у ёмістасць, напоўненую грунтам. Верхні пласт глебы знімаюць. Гэта трэба зрабіць такім чынам, каб пакрыта была толькі ніжняя частка цыбуліны. З яе прымаюць усе засохлыя лускавінкі і абразаюць лісты. Пасля гэтага цыбуліну вострым нажом раздзяляюць на чатыры роўныя часткі. Разрэзы павінны даходзіць да самай паверхні грунту. У іх устаўляюць пластыкавыя ці драўляныя спіцы. Яны павінны быць устаноўлены так, каб долькі цыбуліны не дакраналіся адна да адной.
Хваробы і шкодныя насякомыя
Сярод насякомых, якія паразітуюць і часам нападаюць на гіпеаструмы, можна назваць павуціннага кляшча, мучністага чарвяца, шчытоўку. Яны забіраюцца ў лускавінкі цыбуліны і потым знаходзяцца на лістах. З-за іх прысутнасці лісты скручваюцца, жаўцеюць, а кветканос паступова высыхае і здаецца вельмі слабым. Змагацца з гэтымі шкоднікамі можна рознымі спосабамі: іх знішчаюць уручную пры дапамозе намочанай у спірце губкі ці ватнага дыска. Потым расліну абавязкова апрацоўваюць з дапамогай карбафосу ці актэліку. Самая страшная хвароба гіпеаструмаў — чырвоная гніль. Тут дапаможа фундазол ці драўняны вугаль. Пры дрэнных умовах утрымання цыбуліна пашкоджваецца фузарыёзам ці антракозам. Вось чаму так важна сачыць не толькі за станам глебы, але і за здароўем самой цыбуліны.
Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы, педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.
Фота аўтара.