Хоста — дэкаратыўная карэнішчавая расліна, якая хутка разрастаецца ў шырокія плантацыі. Буйное лісце хосты — яе галоўнае ўпрыгажэнне: яно адрозніваецца па форме, памерах і колерах у залежнасці ад гатунку, бывае вузкім, круглым ці сэрцападобным, ад 5 да 38 см у даўжыню. Бліскучае і матавае, гладкае і фактурнае, ад цёмнага сіне-зялёнага да светлага, амаль крэмавага колеру. Вельмі папулярныя гатункі хосты з аблямаваным ці расфарбаваным лісцем.
З адных толькі хост можна стварыць дэкаратыўную клумбу ці горку. Ёсць букетны спосаб пасадкі, салітэрны, дывановы. Хоста можа расці па ўсім садзе: групамі, у прыствольных колах дрэў, каля вадаёма. Калі пасадзіць кусцікі хосты густа, то яны паслужаць абрамленнем кветнікаў ці дарожак.
Галоўнае правіла ў вырошчванні хосты — вільготная і добра дрэнажаваная глеба. Для росту хосты неабходны перыяд холаду, таму яе не вырошчваюць у памяшканнях. Не рэкамендуецца часта перасаджваць расліну — яна можа расці на адным месцы на працягу 10 гадоў.
Пасадка
Перад пасадкай хоста патрабуе падрыхтоўкі ўчастка. Высаджваць культуру на ранейшае месца не рэкамендуецца — неабходна змена раслін. Хоста добра расце на вільготных, нейтральных ці слабакіслых, багатых на гумус глебах з добрай водапранікальнасцю. Дзярнова-падзолістыя ці пясчаныя грунты перашкодзяць расліне раскрыць увесь патэнцыял, таму папярэдне глебу варта падрыхтаваць: у падзолістую дадаць перагной і пясок, у пясчаную — гліну.
Лепшым часам для перасадкі лічыцца канец вясны ці пачатак восені. Запоўніце ямку на 2/3 кампостам і торфам, а потым сфарміруйце невялікі пагорачак. На ім размяркуйце карані расады, засыпце глебай і злёгку ўшчыльніце. Робіцца гэта для таго, каб не пакідаць пустых участкаў, дзе застанецца паветра. Пасля пасадкі расліну трэба паліць.
Догляд
Догляд садовых хост асаблівых клопатаў не ўяўляе. Расліну дастаткова перыядычна праполваць, выдаляць старое ці падсохлае лісце, калі трэба — і кветаносы, і самае галоўнае — рэгулярна паліваць у такім рэжыме, каб не выклікаць пераўвільгатнення. Паліваць расліну неабходна кожныя 3—4 дні пасля лёгкага падсыхання грунту. Часцейшага паліву, як правіла, патрабуюць маладыя хосты, а таксама тыя, што растуць у кантэйнерах, на адкрытых сонечных участках і на пясчанай глебе. Дарослыя экзэмпляры і тыя, што растуць у цяні, звычайна ствараюць своеасаблівы вільготны мікраклімат, асабліва пасаджаныя групай ці ў кампаніі з іншымі раслінамі, таму не так моцна рэагуюць на недастатковы паліў.
Каб даўжэй захаваць вільготнасць глебы, садаводы нярэдка робяць мульчыраванне, але пры гэтым не падазраюць, што яно не заўсёды можа быць карысным. Па-першае, мульча — гэта лепшае месцажыхарства для слізнякоў і смаўжоў — галоўных ворагаў хосты. Па-другое, мульча з торфу ці сасновай кары з часам можа закісляць глебу, што для хосты непажадана. Па-трэцяе, мульчыраванне перагноем і кампостам зусім не падыходзіць для мініяцюрных і карлікавых гатункаў, таму што часта правакуе ў іх падправанне каранёвай шыйкі.
Невялікія экзэмпляры мэтазгодна мульчыраваць дэкаратыўнай галькай ці гравіем, але толькі не тыя, што растуць на адкрытых месцах, каб гарачыя ад спякоты камяні не выклікалі ў раслін перагрэў. Сярэдня- і высакарослыя хосты, асабліва тыя, што растуць пад дрэвамі, да штогадовага мульчыравання кампостам (ліставой зямлёй слоем каля 5 см) больш цярплівыя, бо яно забяспечвае ім неабходны мінімум пажыўных рэчываў і паляпшае дрэнаж глебы. Працэдуру гэтую аптымальна праводзіць увосень, пасля выдалення падмёрзлага і апалага з-за першых замаразкаў лісця. Пры гэтым глеба пад пасадку раслін павінна быць даволі ўрадлівай. Хосту падкормліваюць настоем каравяку з суперфасфатам, каліем і аміячнай салітрай. Угнаенні ўносяцца ў тры прыёмы: у пачатку вегетацыйнага перыяду, падчас завязвання бутонаў, пасля завяршэння цвіцення.
Грануляваныя ўгнаенні трэба выкарыстоўваць вельмі асярожна, бо, трапіўшы на лісце, яны могуць выклікаць апёк. Не варта захапляцца залішне частымі падкормкамі ці працягваць уносіць угнаенні ў другой палове ліпеня, таму што гэта будзе стымуляваць актыўны рост новых разетак і хоста не паспее падрыхтавацца да зімы. Увогуле, пры правільным доглядзе хоста лічыцца даволі холадаўстойлівай раслінай.
Каб куст рос прыгожым і акуратным, маладыя кветкавыя стрэлкі трэба своечасова зразаць — тады лісце не будзе разрастацца ў бакі.
Размнажэнне
Часцей за ўсё хосту размнажаюць чаранкаваннем ці дзяленнем куста. Часам выкарыстоўваюць насенне, але сеянцы растуць горш, а дэкаратыўныя кусцікі фарміруюцца толькі на 4 год.
Размнажэнне чаранкамі праводзяць з сярэдзіны мая да жніўня. У якасці чаранкоў падыходзяць толькі маладыя парасткі з “пятачкай”, невялікім лісцем і кароткімі карэньчыкамі. Пасля абрэзкі ў чаранкоў адразу падразаюць лісце, каб знізіць выпарэнне.
Пасля высадкі расліна пачынае хварэць, лісце вяне. Яе патрэбна рэгулярна і шчодра паліваць і апырскваць вадой. Праз некалькі дзён хоста ажыве і пачне развівацца.
Размнажэнне дзяленнем куста ажыццяўляецца ранняй вясной ці ў пачатку верасня. Куст разбіваюць на маленькія дзялёнкі з адной (ці дзвюма) разеткамі лісцяў. Дзялёнкі змяшчаюць у падрыхтаваныя лункі (20—25 см), шчодра палітыя вадой, высаджваюць на адлегласці 30—35 см адна ад адной.
У першыя дні пасля пасадкі расліну добра паліваюць, каб яна хутчэй прыжылася і ўкаранілася.
Шкоднікі і хваробы
Каб аберагчы хосту ад слізнякоў і смаўжоў, якія ўяўляюць небяспеку ў асноўным танкалістым гатункам, яе пажадана мульчыраваць вострымі асколкамі яечнай шалупайкі ці тоўчаных ракавінак і паліваць толькі раніцай. Больш непрыемнасцей могуць прынесці сцябловыя нематоды, якіх цяжэй выявіць і знішчыць. Жывуць і размнажаюцца нематоды ў сцябле (зімуюць у каранях), прычым найбольш актыўна — у здаровых экзэмплярах, а ўяўляюць небяспеку тым, што могуць пераносіцца пры паліве (з дажджавой вадой) на іншыя расліны і рана ці позна выклічуць іх заражэнне. Выявіць шкодніка можна па з’яўленні ў канцы лета некратычных ці жоўтых плям на ліставых пласцінках і пасля правядзення дыягностыкі: дробна парэзанае лісце хосты апусціць у празрыстую ёмістасць з вадой на 10—30 хвілін — нематоды з’явяцца ў вадзе. Самы эфектыўны метад барацьбы з гэтым шкоднікам — выдаленне з участка і знішчэнне хворых раслін і іх суседзяў у радыусе 2 метраў.
Абрэзка хосты
З надыходам восені ліставая пласцінка хосты набывае мудрагелістыя жоўтыя адценні, а пасля бурэе і засыхае. Выдаленне масы надземнай часткі дапаможа захаваць расліну да наступнага года.
Абрэзка праводзіцца да наступлення халадоў, калі лісце яшчэ не паспела аслізнуць і размякчыцца, а шкоднікі — схавацца ў больш глыбокіх слаях глебы. Пасля першых замаразкаў, калі лісце ляжа на зямлю, праводзіцца абрэзка. Лісце зразаюць блізка да зямлі, старанна абыходзячы спячыя пупышкі аднаўлення, з якіх на будучы год вырасце новае лісце.
Пасля абрэзкі неабходна парыхліць глебу, каб пад раслінай не засталося кладак слізнякоў, якія загінуць ад холаду. У якасці прафілактыкі ад размнажэння іншых шкоднікаў паверхню глебы каля раслін прысыпаюць прэпаратам “Метальдэгід”.
Падрыхтоўка да зімы
Рыхтуючыся да зімы, многія садаводы робяць памылку, укрываючы хосту яе лісцем. Мала хто задумваецца, што пры гэтым пад раслінай захоўваецца ачаг размнажэння хвароб і шкоднікаў.
Лепшай зімовай “коўдрай” будзе ельнік, пакладзены паверх кустоў. Вясной глебу пад кустом неабходна апрацаваць, каб не дапусціць развіцця кладак садовага слізняка.
Гатункі з цёмна-зялёным і блакітным лісцем лепш высаджваць сярод фруктовых дрэў (пад яблыняй, грушай). Густыя кроны дрэў засцерагуць хосту ад сонечных промняў.
Гатункі з залацістым і жоўтым лісцем любяць пагрэцца на сонейку раніцай. Іх можна высадзіць на ўсходнім баку ўчастка побач з невялікімі хмызнякамі ці высокімі кветкамі. Раніцай хоста атрымае сонечнае цяпло, а днём схаваецца ад яго за больш высокімі суседзямі.
Галоўная задача любога кветкавода — захаваць расліну да наступнага года. Пасля завяршэння цвіцення рэкамендуецца выдаліць кветаносы. Гэта дазволіць расліне захаваць сілы для зімоўкі. У адваротным выпадку хоста пачне ўтвараць насенне, што аслабіць яе.
Восенню хосту ніколі не падкормліваюць, каб яна не вымярзала. Апошняя падкормка ажыццяўляецца да сярэдзіны жніўня. Пры гэтым мульчыраваць глебу пад раслінамі арганікай дазваляецца з другой паловы кастрычніка. Такая мера дазволіць абараніць каранёвую сістэму ад падмярзання. Выбар арганічных матэрыялаў для мульчыравання не абмяжоўваецца ўласным лісцем хосты. У якасці ўкрыцця можна выкарыстоўваць сухое драўнянае пілавінне, торф, сухую траву. Перад укрыццём матэрыял для мульчыравання стэрылізуюць, або апрацоўваюць прэпаратам “Фітаспарын-М”, які абароніць ад шкоднікаў і засцеражэ ад бактэрыяльных і грыбковых хвароб, або тытунёвым пылам, якога баяцца галоўныя шкоднікі хосты — садовыя слізнякі.
Дзяленне хосты восенню
Калі за некалькі гадоў у хосты вырасла вялікая курціна, то яе ў пачатку восені лепш раздзяліць. Спачатку абкопваем расліну па перыметры, акуратна вымаем і добра страсаем з яе рэшткі зямлі. Раздзяляем пры дапамозе віл на некалькі саджанцаў. Калі куст невялікі, то рэжам нажом на дзве-тры часткі.
Вельмі доўгія карані абразаем знізу, каб ім не было цесна ў яме. Лісце абразаем, каб не расходавала пажыўныя рэчывы. Выбіраем для высадкі саджанцаў хосты добрае месца, капаем невялікую ямку, наліваем крыху вады і саджаем. У сярэдзіне ямкі лепш зрабіць невялікі пагорачак, паставіць на яго дзялёнку, размеркаваць карані, прысыпаць зямлёй. Крыху дадаць фосфарна-калійных угнаенняў, стараючыся не трапіць на карані. Цалкам засыпаць і добра паліць.
На пасадку можна накідаць крыху лісця з іншых дрэў і хмызнякоў або накрыць лапнікам, каб хосце было добра зімой.
Саджанцы, нарыхтаваныя ўвосень, можна захаваць да вясны. Крыху ўкарочваем карэньчыкі, абразаем лісце, складваем у пакет, прысыпаем вільготнай сумессю пяску і пілавіння і захоўваем ў склепе пры тэмпературы +2—-5°С.
Хоста даволі позна прачынаецца пасля зімы. Для таго каб ваш сад быў заўсёды прыгожым, можна паміж раслінамі высадзіць першацветы: пралескі, гіяцынты, мускары, крокусы… Калі першацветы адцвітуць, хоста сваім прыгожым магутным лісцем закрые непрывабныя месцы на кветніках.
Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы,
педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.
Фота аўтара.