Клерадэндрум — род вечназялёных ці лістападных раслін сямейства вербенавых з разгалінаванымі парасткамі даўжынёй да 4 м. Кветкаводы часта называюць гэтую расліну “вэлюм нявесты”, “нявіннае каханне”, “дрэва лёсу” ці “валькірыя”.
Cярод жыццёвых форм пераважаюць ліяны, але таксама сустракаюцца дрэвы і кусты. На верхавінах парасткаў і ў ліставых пазухах размяшчаюцца шчытковыя або мяцёлчатыя суквецці, якія складаюцца з дробных, але вельмі прыгожых кветак. Яны растуць на доўгім кветканосе і нагадваюць дзіўныя букеты. Падвяночак у форме званочка падзелены на 5 частак. Яго дыяметр дасягае 25 мм. Затым ідзе драбнейшы венчык кантраснага адцення, а з яго цэнтра выглядае пучок доўгіх (да 3 см) тонкіх тычынак.
Цвіценне доўжыцца з сярэдзіны вясны да пачатку восені. Прыкветкі звычайна маюць святлейшую або чыста белую афарбоўку, а ў колеры пялёсткаў пераважае ружовае, бэзавае або пунсовае адценне. Цвіценне клерадэндрума суправаджаецца тонкім прыемным водарам. Ён жа ідзе і ад лісця. Прычым кожны від расліны мае свой унікальны пах. Венчыкі вянуць значна раней, чым прыкветкі. Пасля апылення з’яўляюцца прадаўгаватыя мясістыя плады аранжавага адцення. Іх даўжыня дасягае 1 см. Унутры хаваецца адзінае семя.
Асвятленне
Святло павінна быць яркае і ў той жа час рассеянае, таму падаконнікі з усходняга і заходняга боку — гэта лепшае рашэнне. Калі пакой знаходзіцца з паўднёвага боку, то расліну трэба ставіць у глыбіні памяшкання, удалечыні ад прамых сонечных прамянёў, а не на падаконнік.
Гэта расліна доўгага светлавога дня, таму прыйдзецца выкарыстоўваць лямпы для дасвечвання, каб павялічыць працягласць дня зімой да 14 гадзін і летам, калі ўсе вокны выходзяць на паўночны бок. Інакш можна страціць перыяд цвіцення.
Паліў
Паліваць клерадэндрум лепш адстоенай вадой хатняй тэмпературы. Паліў павінен быць шчодры, паколькі ў натуральных умовах клерадэндрум жыве ў вільготных тропіках. Улетку ваду наліваюць 1 раз у 2 дні, зімой — раз у тыдзень ці радзей. Прычына ў тым, што зіма — перыяд спакою, калі абменныя працэсы запавольваюцца. Да таго ж клерадэндрум скідае лістоту, за кошт чаго памяншаецца плошча выпарвання.
Пры гэтым рэкамендуецца перыядычна сачыць за верхнім слоем глебы. Калі навобмацак ён вільготны, больш вадкасці даваць не варта. Недапушчальна, каб глеба цалкам высахла і тым больш патрэскалася. Аднак і яе празмернае ўвільгатненне непажадана.
Скараціць страты вады можна дзякуючы мульчыраванню. Напрыклад, на паверхню глебы выкладваюць слой галькі.
Тэмпература і вільготнасць
Клерадэндрум любіць стабільны тэмпературны рэжым, які залежыць ад сезона.
У зімовы перыяд (кастрычнік — сакавік) — ад +12 да + 15°С. Гэта перыяд спакою, калі трэба скараціць паліў і выключыць падкормкі.
У летні перыяд (красавік — верасень) — ад + 20 да + 25°С. Тэмпературу варта падтрымліваць на пастаянным узроўні, выключаючы скразнякі, адкрыты вецер і моцныя перапады.
Пасля заканчэння цвіцення ў верасні тэмпературу па магчымасці варта паступова апускаць — напрыклад, па 2 градусы ў дзень. Калі не забяспечыць клерадэндруму перыяд спакою восенню і зімой, ён можа перастаць цвісці.
Клерадэндрум — гэта трапічная расліна, таму кветка мае патрэбу ў высокім узроўні вільготнасці. Забяспечыць яе можна некалькімі спосабамі:
1. Пастаянна падтрымліваць пэўны ўзровень вады ў паддоне (наліваць на гальку або іншыя камяні).
2. У летні сезон праводзіць штодзённае апырскванне лісця. Калі прамыя прамяні не дастаюць да кветкі, яе можна апырскваць у любы час.
3. Перыядычна можна рабіць расліне невялікі душ (у ванне), льючы ваду слабым патокам прама на лісце і парасткі. Гэта асабліва важна рабіць у гарачы перыяд.
4. Зімой апырскванні не робяць, а аб’ём паліву значна скарачаюць. У гэты час можна 1—2 разы на тыдзень праціраць лістоту вільготнай анучай.
Перасадка
Каранёвая сістэма клерадэндрума даволі далікатная, таму перасадку праводзяць метадам перавалкі. Для стрыжнёвага карэнішча неабходны глыбокі вазон. На дне размяшчаюць 4—5 см дрэнажнага слоя з абломкаў чырвонай цэглы, галькі або керамзіту. Глеба складаецца з:
* ліставога грунту;
* гліністага грунту;
* рачнога пяску;
* торфу.
Падкормка
Падкормліваюць клерадэндрум у перыяд цвіцення, бо ў гэты час ён расходуе шмат сіл і пажыўных рэчываў.
Для паспяховага і стабільнага цвіцення клерадэндрум варта рэгулярна падкормліваць на працягу ўсяго цёплага сезона — з красавіка да верасня ўключна. У гэты час падкормку праводзяць кожныя 2 тыдні (усяго 10—12 разоў за сезон).
Звычайна ўгнаенні чаргуюць. Напрыклад, спачатку ўносяць комплекснае мінеральнае, а затым арганічнае. Можна набыць і спецыяльныя дабаўкі для квітучых раслін — напрыклад, “Флоргумат” або “Агрыкола”. Дазіроўка вызначаецца ў адпаведнасці з інструкцыяй.
Абрэзка
Дэкаратыўная каштоўнасць клерадэндрума звязана не толькі з прыгожымі і духмянымі кветкамі, але і з самім кустом. Абрэзка дазваляе надаць яму цікавую форму. Для гэтага кожную вясну (у сакавіку) да пачатку актыўнага росту варта выдаліць усе пашкоджаныя галінкі, а астатнія (здаровыя) парасткі ўкараціць на трэць даўжыні.
На працягу сезона (вясна, лета і пачатак восені) варта перыядычна праводзіць дадатковыя работы. Напрыклад, калі верхавінкавы парастак моцна разросся, варта выдаліць яго, а каб не дапускаць падобнага ў будучыні — прышчыпнуць верхавіну.
Яшчэ адзін цікавы прыём — атрымаць куст на штамбе. Для гэтага трэба выдаліць усе ніжнія парасткі на вышыні да 50—60 см. Дзякуючы гэтаму, расліна глядзіцца асабліва прывабна: па форме яна будзе нагадваць невялікае дрэўца.
Карысць абрэзкі яшчэ і ў тым, што кветкі распускаюцца менавіта на маладых атожылках. Атрыманы матэрыял зручна выкарыстоўваць для пасынкавання.
Спосабы размнажэння
Клерадэндрум аднолькава добра размнажаецца насеннем і атожылкамі.
Пасынкаванне
Аптымальны тэрмін пасынкавання — вясна (красавік — май), калі з’явіцца маладое зялёнае лісце. Паслядоўнасць дзеянняў такая:
1. Адразаюць адраўнелы парастак з 3—4 парамі лісця.
2. Выдаляюць ніжняе лісце цалкам.
3. Пакідаюць верхнюю пару і ўкарочваюць лісце напалову.
4. Атожылкі прысыпаюць карнявінам і высаджваюць у вазоны з дрэнажом.
5. Засыпаюць грунтам, які складаецца з торфу і буйнога пяску.
6. Ставяць у кантэйнер ці іншую цяпліцу, паліваюць і ўвесь час падтрымліваюць высокую вільготнасць (можна кожны дзень апырскваць расліну з распыляльніка).
7. Праз месяц можна перыядычна адчыняць цяпліцу для праветрывання.
8. Як толькі з’явяцца 3—4 пары лісця, клерадэндрум можна перасадзіць у вазон.
Насенны спосаб
Клерадэндрум можна размножыць і насеннем. Збіраюць яго толькі пасля завядання кветак. Спелае насенне павінна быць цалкам цвёрдае, а не мяккае. Парадак дзеянняў наступны:
1. Насенне саджаюць у сумесь з роўных частак торфу і пяску ўперамешку з невялікай колькасцю перліту.
2. Шчодра апырскваюць і ставяць у цяпліцу.
3. Саджанцы з’яўляюцца ўжо праз 6—7 дзён. Праз 2—3 месяцы можна перасаджваць іх у вазон.
Насенне звычайна садзяць у сакавіку. Тады можна паспець перасадзіць клерадэндрум у чэрвені — ліпені. Кветка паспее прыжыцца на новым месцы і падрыхтавацца да зімовага перыяду.
Каранёвыя валаскі ў клерадэндрума вельмі далікатныя — перасаджваць яго варта з асцярожнасцю.
Хваробы і шкоднікі
Нягледзячы на высокі імунітэт да розных захворванняў, клерадэндрум зрэдку хварэе, калі ўмовы яго вырошчвання далёкія ад ідэальных.
Сярод шкоднікаў, што паражаюць кветку, варта вылучыць павуціннага кляшча і белакрылку, якія з’яўляюцца пры недастатковай вільготнасці паветра.
Калі вы заўважылі, што вашу кветку атакавалі шкоднікі, трэба як мага хутчэй апрацаваць яе інсектыцыдам!
Лячэнне праводзяць згодна з інструкцыяй, з прамежкамі прыкладна ў тыдзень.
Галоўная напасць — гэта грыбковыя хваробы, што ўзнікаюць з-за вельмі шчодрага паліву і адсутнасці дрэнажнага слоя.
Акрамя гэтага, існуюць праблемы, звязаныя з памылкамі вырошчвання.
Магчымыя цяжкасці
Часам знешні выгляд клерадэндрума становіцца нездавальняючым з-за памылак у доглядзе:
* лісце пажаўцела і звяла — недастатковы паліў;
* бураватыя плямы на лістоце — сонечныя апёкі;
* лісткі сохнуць ад краю і ападаюць разам з бутонамі — занадта сухое паветра;
* міжвузеллі занадта доўгія, а парасткі голыя — недахоп асвятлення.
* расліна не выпускае кветканосаў вясной — вы не змаглі забяспечыць яму “халаднаваты” перыяд спакою і грэбавалі ўгнаеннямі (ці, наадварот, перакармілі азотам).
Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы, педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.
Фота аўтара і з адкрытых крыніц інтэрнэту.