Сельдэрэй — цудоўная культура, якая валодае шматлікімі карыснымі ўласцівасцямі. Дзякуючы вітамінам і мікраэлементам, гэты караняплод аказвае дабратворны ўплыў на арганізм чалавека. Напрыклад, ён паляпшае абмен рэчываў, знімае напружанне, стрэс, раздражняльнасць.
Вядома, такі цуд можна купіць і ў магазіне, але ўсё ж лепш вырасціць яго ў сябе на агародзе або на дачы, папярэдне пасеяўшы дома насенне на расаду. Вырасціць расаду сельдэрэю не так ужо і цяжка, але трэба ведаць пэўныя тонкасці і сакрэты. Некаторыя крыніцы рэкамендуюць высаджваць расаду ў сакавіку, а іншыя сцвярджаюць, што самы час саджаць расаду ў лютым. З уласнага шматгадовага вопыту ведаю, што ўжо ў канцы студзеня ці пачатку лютага можна саджаць на расаду каранёвы сельдэрэй.
Насенне яго вельмі марудна ўзыходзіць з-за вялікай колькасці эфірных маслаў — часам да 80 дзён. Каб паскорыць гэты працэс, змяшчаем насенне ў мяшочак з марлі або іншай тканіны, затым прамываем некалькі мінут пад струменем гарачай вады, а пасля пакідаем на 2—3 сутак у вадзе хатняй тэмпературы. Ваду трэба часта мяняць, а потым яшчэ абліць насенне халоднай вадой.
Першыя парасткі з’яўляюцца над паверхняй зямлі ў лепшым выпадку праз 15—20 дзён пасля пасеву насення. Дарэчы, караняплод каранёвага сельдэрэю фарміруецца таксама вельмі павольна. Раннім гатункам сельдэрэю для паспявання патрабуецца дзесьці 120—130 дзён, а сярэдняраннім і сярэдняспелым — 150—180 дзён. Дні для паспявання лічым з моманту з’яўлення ўсходаў да спеласці агародніны.
Рэкамендую насенне каранёвага сельдэрэю на расаду высейваць, скажам, з канца студзеня па 15 лютага. Калі раптам не паспееце гэта зрабіць у лютым, то можна пасеяць і пазней, у пачатку сакавіка, але ў такім выпадку трэба выбіраць самыя скараспелыя гатункі, якія дадуць ураджай праз 140 дзён.
Яўген САЛАНОВІЧ,
дачнік са шматгадовым вопытам.