Квітней, хатні кветнік!

Многія не ўяўляюць свайго жыцця без мілых сэрцу пакаёвых раслін. Але не ўсім вядома, што падкормка кветак цукрам пры захаванні правільных прапорцый дазваляе атрымліваць асалоду ад іх прыгажосці вельмі доўга. Магчыма, нашы парады дапамогуць вам напоўніць свой дом ноткамі вясновага настрою і цяпла.

Некаторым здаецца, што хатнім кветкам патрабуецца толькі рэгулярны паліў вадой. Але львіная доля хатніх насаджэнняў знаходзіцца ў вазонах з абмежаванай колькасцю пажыўнага асяроддзя. Відавочна, што яны востра адчуваюць дэфіцыт карысных мікраэлементаў у глебе. Таму хатнім раслінам патрабуецца пэўная дапамога з боку гаспадароў. У доглядзе кветак можна выкарыстоўваць спецыяльныя ўгнаенні, а можна падкарміць іх так неабходным пажыўным растворам глюкозы. Для гэтага возьмем 5 мл глюкозы і 2 мл вітаміну B1 на 5 літраў вады. Ажыццявім 5—6 паліваў з інтэрвалам у два тыдні — і расліны аддзячаць нам сваім магутным ростам і багатым цвіценнем.

А калі раптам у вас у вазонах з пакаёвымі раслінамі з’явіліся мушкі, то варта выкарыстаць гарчычны настой: 1 чайная лыжка парашку на 1 літр вады. Настойваем не менш як суткі ў цёмным месцы, потым гэты настой разводзім вадой 1:1, сюды ж дадаём крыху вадкага мыла і апырскваем свае пасадкі. Такім растворам можна апрацоўваць любыя расліны.

Яўген САЛАНОВІЧ,
кветкавод-аматар.