Лімон Меера

Сорт Меера быў выве­дзены больш за сто гадоў назад, і па сённяшні дзень менавіта яго можна назваць найбольш папулярным сортам лімона для дамашняга вырошчвання. Са­джанцы гэтага сорту выдатна адчуваюць сябе практычна ў любой кліматычнай зоне пры забеспячэнні правільных умоў. Пры правільным вырошчванні лімон Меера (ці кітайскі лімон) добра цвіце і дае вельмі высокія ўраджаі невялікіх пладоў аранжавага колеру, якія маюць саладкаваты апельсінавы прысмак.

Лісце яго параўнальна маленькае, цёмна-зялёнае. Бутоны і кветкі сабраны ў гронкі. Ураджайнасць высокая, і пладаносіць дрэўца пачынае раней за іншыя сарты — ужо на другі год жыцця — пры ўмове, што вырашчана яно з укаранёнага ці прышчэпленага чаранка, узятага з пладаноснага дрэва.

У хатніх умовах кітайскі лімон вырастае да паўтара метра ў вышыню і адрозніваецца шырокай кронай. У перыяд росту лімоннаму дрэву неабходна дапамагаць фарміраваць крону шляхам укарочвання парасткаў, якія інтэнсіўна растуць, і пасынкаваннем пупышак, што прарас­таюць.

• Лімоны любяць сонца, таму дрэўцы трэба тры­маць у светлых, сонечных памяшканнях, а летам іх можна выносіць на адкрытае паветра — лоджыю ці балкон. Што тычыцца паліву, то лімон Меера мае патрэбу ў частым паліве невялікімі порцыямі вады. У летні перыяд праводзіць паліў неабходна 2 разы ў суткі — у ранішнюю і вячэрнюю пару, абавязкова пры гэтым апырскваючы расліну чыстай вадой.

• Зімой паліваць лімон рэкамендуецца 2—3 разы на тыдзень, сочачы за станам землянога камяка. Грунт у вазоне заўсёды павінен быць злёгку ўвільготненым, але не мокрым. Перасыханне землянога камяка можа прывесці да сур’ёзных наступстваў, у тым ліку і да гібелі расліны. У зімовы перыяд расліна таксама мае патрэбу ў апырскванні.

Пры пасадцы або перасадцы лепш за ўсё выкарыстоўваць глебагрунт з высокім утрыманнем гумусу. Вясной варта выдаляць дробныя галінкі, якія перасталі пладаносіць, а таксама хворыя парасткі.

Размнажаць лімон Меера добра чаранкаваннем. Пасадку чаранкоў право­дзяць у пачатку вясны. Для ўкаранення лепш за ўсё браць аднагадовыя, добра выспелыя парасткі.

Падчас цвіцення лімона неабходна падтрымлі­ваць вільготнасць паветра не менш за 50%, асвятленне на працягу дня павінна быць інтэнсіўным, а харчаванне — арганізаваным і збалансаваным (падкормка макра- і мікраэлементамі кожныя 10 дзён у перыяд цвіцення і плоданашэння).

Ёсць і шкоднікі ў карлікавых лімонаў — гэта чыр­воны павуцінны клешчык і белакрылка. З хвароб могуць зрэдку з’яўляцца каранёвая гніль, антракноз, якія ўзнікаюць пры залішнім паліве.

Змагацца са шкоднікамі і хваробамі трэба апырскваннем настоем тытуню, карбафосам ці мыльнай эмульсіяй. Апырскванне варта рабіць адзін раз на 2—3 тыдні.

Яўген САЛАНОВІЧ.