Мадам батэрфляй

Кісліца хатняя фіялетавая — адна з нямногіх непатрабавальных раслін, якія вырошчваюць у памяшканні. Кісліца, ці аксаліс, — расліна, якая ўваходзіць у сямейства Кіслічныя. І сапраўды, лісце расліны мае кіславаты смак, таму што багата на солі шчаўевай кіслаты. Таксама ў іх ёсць караціны і вітамін В. Таму лісце кісліцы можна ўжываць у ежу. Аксаліс, ці кісліцу, называюць па-рознаму: канюшына шчасця, заечая капуста, кветка матылька, жалезны крыж, мадам батэрфляй, дзень і ноч.

Кісліца фіялетавая валодае адной характэрнай асаблівасцю: яе лісты трохвугольнай формы складваюцца і апускаюцца ў пахмурнае надвор’е ці з надыходам цемры. У гэты час здаецца, што на расліне размясцілася сямейства матылькоў. Таму і называюць кісліцу мадам батэрфляй, ці кветка матылька. Як толькі расліна адчувае дастатковую колькасць святла, пялёсткі вяртаюцца ў зыходнае становішча. З ХVІІ стагоддзя некаторыя віды кісліцы сталі расціць не толькі як дамашнія расліны, але таксама і ў садах. Яны сталі папулярнымі сярод садаводаў дзякуючы непатрабавальнасці і прыгожаму знешняму выгляду.

На доўгіх чаранках знаходзяцца лісты, якія складаюцца з 3 або 4 долей. Але сустракаюцца віды, якія маюць лісткі, што складаюцца з 5, 6 ці 9 долей. Яны маюць чырванаватае, зялёнае ці фіялетавае адценне. Цвіце аксаліс не вельмі вялікімі кветкамі, якія, як правіла, сабраны ў разетку і афарбаваны ў жоўты, бэзавы, ружовы ці белы колер. Кветкі гэтай расліны закрываюцца пасля захаду сонца, але таксама гэта можа адбыцца і ў пахмурнае надвор’е, з-за вельмі яркага сонечнага святла ці механічнага раздражнення.

Большасць кветкаводаў лічыць за лепшае вырошчваць у хатніх умовах як гаршковую расліну кісліцу чатырохлістую або трохвугольную. Гэтая расліна выкарыстоўваецца як глебапокрыўная ці бардзюрная ў простых і зімовых садах. Аксаліс здольны ўтвараць падушкі зялёнага ці пурпурнага адцення (у залежнасці ад віду). Для невялікіх кампазіцый або альпійскіх горак выкарыстоўваюць нізкарослыя віды, напрыклад, кісліцу adenophylla. А таксама аксаліс садзяць у кадкі з іншымі даволі вялікімі раслінамі. Вялікую колькасць відаў вы з лёгкасцю можаце расціць як садовую расліну, а яшчэ аксаліс выкарыстоўваецца для азелянення верандаў і балконаў.

Догляд

Кісліца непатрабавальная, і справіцца з яе вырошчваннем змогуць нават навічкі. Аксалісу патрэбна яркае рассеянае святло. Ён цудоўна сябе адчувае ў паўцені. Вельмі цеплалюбівы трохвугольны аксаліс абавязкова трэба засцерагчы ад халодных скразнякоў. Летам расліна прыцяняецца да прамога сонца, інакш на лістах з’явяцца апёкі і кісліца страціць сваю прывабнасць.


Вокны на паўночным баку не падыходзяць для вырошчвання кісліцы, таму што там будзе адчувацца недастатковасць асвятлення і сцёблы расліны выцягнуцца, афарбоўка лісця пацьмянее, і яно здрабнее. Але калі іншага выйсця няма, у зімовы час, увосень і ранняй вясной можна штучна прадоўжыць дзень, прымяніўшы асвятленне лямпамі дзённага святла.

У народнай медыцыне кісліца выкарыстоўваецца ў выглядзе настояў і адвараў у якасці жаўцягоннага, мачагоннага, супрацьзапаленчага сродку, для рэгуліроўкі стрававання. Аднак трэба памятаць, што ў вялікай колькасці расліна крыху атрутная.

Расліна цалкам камфортна сябе адчувае пры звычайнай хатняй тэмпературы. Але трэба звярнуць увагу на тое, што ў зімовы час тэмпература ў памяшканні, дзе знаходзіцца кісліца, не павінна паніжацца менш за 16°С. У цёплы час года аксаліс рэкамендуецца перанесці на вуліцу або перасадзіць у клумбы. Нейкая асаблівая вільготнасць паветра не патрабуецца, цалкам падыдзе звычайная.

Паліў

Кісліца любіць умерана вільготную глебу і не пераносіць засуху. Каб глеба не перасыхала, яе мульчыруюць пластом торфу, а лепш — дробным керамзітам, які будзе выконваць дзве ролі: захоўваць вільгаць і дэкарыраваць грунт. Паліваць кісліцу трэба да таго, як зямля цалкам перасохне, асабліва адказна паставіцца да гэтай працэдуры ў перыяд інтэнсіўнага росту кветкі, з красавіка па кастрычнік. Зімой колькасць вады для паліву скарачаецца, але не перапыняецца. У любую пару года сачыце за тым, каб у зямлі не было застою вады, таму што гэта можа даволі негатыўна паўплываць на каранёвую сістэму расліны.

Перыяд спакою

Вялікая колькасць відаў кісліцы ў час перыяду спакою, які доўжыцца месяц ці паўтара, не страчвае лісце, а проста перастае расці. Паліваць у гэты час расліну трэба вельмі рэдка. У тым выпадку, калі ў асенні час аксаліс страчвае лісце, паліў значна скарачаюць, з часам спыняючы зусім. І лепш за ўсё на гэты час паставіць яго ў халаднаваты сухі пакой.

Цвіценне

Аксаліс можа цвісці незалежна ад пары года, калі яму забяспечыць дастатковае асвятленне. Для гэтага пасля таго, як скончыцца перыяд звычайнага цвіцення, паліў значна скарачаюць і перамяшчаюць расліну ў халаднаваты пакой (тым самым вы створыце штучны перыяд спакою). Праз 4 тыдні перасаджваюць у свежую землясумесь, пачынаюць шчодра паліваць, а таксама ставяць у добра асветленае месца. Зацвіце аксаліс прыблізна праз 30—40 сутак.

Абрэзка

Для фарміравання пышнай кроны і доўгага цвіцення аксалісу неабходна цалкам абрэзаць усе старыя лісткі. Аднак рабіць гэта неабходна восенню ці вясной у залежнасці ад таго, ці ёсць магчымасць стварыць правільныя ўмовы для стану адпачынку.

Калі ў зімовы час кветка будзе знаходзіцца пры +12—+14°С, то стрыгчы лепш за ўсё восенню, непасрэдна перад пачаткам адпачынку. Калі ж паветра будзе цёплым, то ў такім выпадку абрэзку лістоў праводзяць пасля зімы.

Угнаенне

Падкормліваць кісліцу трэба толькі ў час цвіцення, а таксама ў перыяд актыўнага росту раз на 2—3 тыдні. Для гэтага выдатна падыходзіць комплекснае мінеральнае ўгнаенне (прымяняюць 1/2 ад рэкамендаванай дозы).

Перасадка

Для аксалісу выдатна падыдзе шырокі кветкавы вазон, у які трэба пасля перыяду спакою садзіць не па адной, а па некалькі цыбулінак ці клубеньчыкаў. Не забудзьце пра добры дрэнажны пласт. Грунт для хатняй кветкі рыхтуецца рыхлы і нейтральны. Ён складаецца з роўных частак дзёрну, ліставой зямлі, перагною, торфу, пяску.

Калі землясумесь празмерна пажыўная, то цвіценне кісліцы будзе бедным, затое лісце — густым.

У Еўропе кісліцу называюць канюшынай шчасця, ці шчаслівай канюшынай. Лічыцца, што яна здольна прынесці ў дом шчасце і ўдачу, але для гэтага трэба, каб кветка памяняла свайго гаспадара ў апошні дзень года. Таму для еўрапейцаў кісліца з’яўляецца найлепшым падарункам на Новы год.

Размнажэнне

Дзяленнем каранёў. Гэтая працэдура праводзіцца ў час перасадкі кісліцы. Корань пры гэтым раздзяляюць на некалькі частак уручную ці з дапамогай нажа. Аддзеленыя расліны высаджваюць у розныя ёмістасці.

Даччынымі цыбулінамі (клубнямі). Пры гэтым ранняй вясной ці ў канцы зімы выбіраюць некалькі цыбулін і высаджваюць у агульную ёмістасць. Не патрабуецца моцнага заглыблення, пасадачны матэрыял дастаткова прысыпаць пластом зямлі ў некалькі сантыметраў. Пакуль клубні не пусцяць карані, расліну трымаюць пры тэмпературным рэжыме 9—12 °С, рэгулярна ўмерана ўвільгатняючы зямлю. Прыблізна праз адзін месяц тэмпературу павялічваюць.


Пасынкаваннем. Пасынак з лісткамі акуратна аддзяляюць і размяшчаюць у вільготным пяску. Захоўваюць пастаянную тэмпературу, прыблізна 24—26°С, не дапускаючы пападання прамых прамянёў сонца. Паліў праводзіцца ўмераны. Карэньчыкі павінны з’явіцца на працягу месяца.

Метадам насення, які неабходна праводзіць вясной. Невялікае насенне аксалісу рассыпаюць па паверхні зямлі і акуратна ўвільгатняюць глебу з дапамогай апырсквання. Дробнае насенне дазваляе не засыпаць іх зямлёй, яны ўкрыюцца самастойна ў час арашэння.

Хваробы кісліцы

Хварэе кісліца часцей за ўсё з-за няправільна арганізаванага догляду. Напрыклад, калі ў расліны пачынаюць падсыхаць лісты, у большасці выпадкаў прычына заключаецца ў пападанні на іх прамых сонечных прамянёў. Пераставіўшы вазон у зацененае, але светлае месца, можна хутка вырашыць гэтую праблему.

Некантралюемы паліў і застой вады могуць прывесці да шэрай гнілі на каранях, яны пакрываюцца белаватым налётам і пачынаюць падгніваць. У гэтым выпадку кісліца мае патрэбу ў перасадцы ў свежы грунт, абеззаражванні карэнішчаў растворам марганцу і забеспячэнні добрага дрэнажу ў вазоне.

Калі расліна летам знаходзілася на адкрытым паветры, яе могуць аблюбаваць шкоднікі — белакрылка, тля, мучністы чарвец ці клешч. Гэтымі паразітамі кісліца можа заразіцца і ў кватэры ад кветак, якія стаяць побач. Пазбавіць расліну ад шкоднікаў дапамогуць апырскванні інсектыцыдамі. Калі адной апрацоўкі будзе недастаткова, праз тыдзень трэба правесці паўторнае апырскванне.

Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы,
педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.
Фота аўтара і з інтэрнэту.