Магнолія Суланжа — гібрыд сямейства магноліевых, атрыманы ў 1820 годзе французскім батанікамселекцыянерам Эцьенам СуланжамБадэ шляхам скрыжавання магноліі аголенай і лілеякветкавай. Унаследаваўшы ад сваіх бацькоў усе станоўчыя якасці, расліна вельмі хутка стала папулярнай. Дзякуючы разнастайнасці гатункаў, устойлівасці да замаразкаў, а таксама ранняму, багатаму і вельмі прыгожаму цвіценню магнолію Суланжу вырошчваюць як дэкаратыўную культуру на прысядзібных участках, газонах каля прыватных дамоў і катэджаў, а таксама ў зімніх садах і аранжарэях.
Расліна ўяўляе сабой дрэвападобны куст або дрэва вышынёй ад 2—3 да 8 м, з раскідзістай кронай акруглай або пірамідальнай формы. Каранёвая сістэма ў гэтай расліны добра разгалінаваная, асноўная частка каранёў размешчана ў паверхневым пласце глебы. Нізкія з плаўнымі выгінамі і прыгожай карой галіны растуць амаль ад самай зямлі. Кветкі — буйныя, чаша або бакалападобныя (нечым падобныя да цюльпанаў), дыяметрам да 25 см, з непаўторным водарам, які добра адчуваецца нават на адлегласці. Афарбоўка кветак, у залежнасці ад гатунку, можа быць чыста белай, светларужовай, пурпурнай, чырвонай і нават двухколернай. Цвіце гэты від магноліі вельмі рана — у красавіку — маі. Пры цёплай вясне цвіценне можа пачацца нават у сакавіку.
Акрамя прыгажосці багатага цвіцення папулярнасць гэтаму віду магноліі надае таксама такая характарыстыка, як зімаўстойлівасць — расліна можа вытрымліваць маразы да —25оС без пашкоджання кветкавых і ліставых пупышак, растрэсквання кары. Асаблівасць гэтай культуры — з’яўленне спачатку мноства кветак, а затым ужо лістоты. Пры гэтым кветкі займаюць большую частку парасткаў.
Пасадка
90% поспеху ў вырошчванні дэкаратыўнай культуры залежыць ад выбару месца для пасадкі. Гібрыдная разнавіднасць не выносіць перасадак, таму трэба адразу ўсё абдумаць. Для пасадкі гэтай культуры выбіраюць месца, якое найбольш поўна адпавядае наступным патрабаванням:
* Асветленасць — для магноліі падыходзяць добра асветленыя і абароненыя ад халоднага ветру і скразнякоў месцы. Пры гэтым не варта высаджваць гэтую расліну на санцапёк, бо на пачатковым этапе росту саджанец можа не вытрымаць пастаяннай высокай тэмпературы і загінуць.
* Пасадка ў цені забаронена, бо расліна не пакажа ўсю сваю прыгажосць і будзе паступова чэзнуць. Чым старэйшае дрэва, тым яно менш успрымальнае да сонечных промняў.
* Глеба — грунт участка для пасадкі магноліі павінен быць рыхлым, урадлівым, мець блізкую да нейтральнай рэакцыю асяроддзя (нейтральную кіслотнасць). Лепш за ўсё расце гэтая дэкаратыўная культура на звязнасупясчаных і суглінкавых глебах, якія падсцілаюцца пяскамі і супескамі.
* Узровень грунтавых вод — паколькі паверхневая каранёвая сістэма магноліі прыгнятаецца падтапленнем грунтавымі водамі, іх максімальны ўзровень на працягу сезона павінен быць на глыбіні не меншай за 120 см.
На выбраным па такіх крытэрыях участку магнолію высаджваюць ранняй вясной, пасля адтайвання глебы і сходу талых вод, або ўвосень (у кастрычніку). Высадку робяць у ямы дыяметрам 1 м і глыбінёй 30—40 см. На дно ямы перад пасадкай высыпаюць сумесь з урадлівай (дзярновай) глебы, нізіннага торфу і добра згнілага кампосту ў суадносінах 2:1:1. Саджанец размяшчаюць у цэнтры ямы такім чынам, каб карані яго абапіраліся на пагорачак высыпанай на дно пажыўнай глебасумесі. Яму з саджанцам засыпаюць паступова, ушчыльняючы прылеглую да каранёў глебу. Верхнія пласты глебы ў яме, каб пазбегнуць выпарэння вільгаці, не ўшчыльняюць, пакідаючы ў рыхлым стане. Пасля пасадкі саджанец паліваюць цёплай вадой з лейкі.
Калі плануецца саджаць некалькі гатункаў, адлегласць паміж імі ў радзе падбіраюць з улікам дыяметра іх кроны і вышыні дарослай расліны. Гэта неабходна для таго, каб у будучыні суседнія расліны не датыкаліся галінамі, мінімальна зацянялі адна адну. У сярэднім адлегласць паміж рознымі гатункамі павінна быць 2—3 м. Пры пасадцы некалькіх радоў шырыня міжраддзя павінна складаць ад 3 да 5 м.
Важна! Не варта высыпаць у яму адразу ўсю глебу. Частку яе трэба пакінуць на падсыпанне — праз некаторы час глеба ў пасадачнай яме ўшчыльніцца і асядзе, утвараючы тым самым паглыбленне каля саджанца. Калі яго не засыпаць, тут у ім можа збірацца залішняя вільгаць, якая будзе пры працяглым застоі прыгнятаць рост і развіццё маладой расліны.
Паліў
У расліны паверхневая каранёвая сістэма, таму адной з галоўных умоў добрага развіцця з’яўляецца своечасовы паліў, паколькі дрэва не зможа самастойна здабыць сабе ваду з нетраў зямлі.
Вільгацелюбівая расліна мае патрэбу ў частым паліве мяккай вадой з адсутнасцю вапны. Можна выкарыстоўваць цёплую дажджавую ваду.
Неабходна сачыць за тым, каб вада цалкам увабралася ў глебу, інакш яе застой можа прывесці да загнівання каранёвай сістэмы. Ад зін раз у два дні трэба выліваць пад расліну 10—20 л вады, у залежнасці ад узросту дрэва.
Захаваць вільготнасць глебы, а таксама стварыць спрыяльны мікраклімат у прыствольным крузе дапамагае мульчыраванне. У якасці мульчы можна выкарыстоўваць кару хвойных дрэў, пілавінне, салому, нізінны торф, кампост. Глебу ўкрываюць слоем мульчы ранняй вясной, пасля паверхневага рыхлення і ўмеранага паліву. Далей мульчу перыядычна абнаўляюць. Пастаянны слой мульчы на працягу цёплай пары года павінен мець таўшчыню не меншую за 5 см.
Рыхленне глебы
Паколькі большая частка каранёў размяшчаецца ў паверхневым пласце глебы, рыхліць грунт паблізу расліны варта на мінімальную глыбіню (2—3 см). Каб пазбегнуць пашкоджання каранёў, не варта перакопваць і глыбока рыхліць глебу ля расліны, усё пустазелле лепш выдаляць уручную.
Падкормка
Першыя 2 гады маладую расліну не падкормліваюць. Пачынаючы з 3га года, у цёплае надвор’е праводзяць дзве падкормкі.
Першую падкормку робяць ранняй вясной, у перыяд абуджэння пупышак. Яна забяспечвае больш дружнае і пышнае цвіценне, актыўны рост расліны.
Другую падкормку праводзяць летам (да сярэдзіны ліпеня). Яна неабходна для таго, каб кара на маладых парастках падужэла і яны не павымярзалі на працягу зімы.
Робяць падкормкі такімі комплекснымі ўгнаеннямі, як AGRECOL “Для магноліі” — 40—50 г/м кв.; “Універсальнае” Кіміра — 80—100 г/ м кв.
Пры падкормцы ўгнаенні раўнамерна раскідваюцца каля расліны, закрываюцца пры рыхленні.
Абрэзка
Магнолія Суланжа мае патрэбу ў фарміруючай абрэзцы. Падчас правядзення працэдуры выдаляюць абламаныя, пашкоджаныя і сухія галіны. Абразаць іх трэба адразу пасля цвіцення.
Каб раны пасля выдалення буйных галін хутчэй зацягнуліся, рэкамендуецца правесці апрацоўку зрэзаў садовым варам.
Нельга праводзіць моцную абрэзку, бо пупышкі закладваюцца на леташніх парастках. У выніку такой працэдуры можна скараціць цвіценне.
Размнажэнне
Найбольш эфектыўнымі спосабамі размнажэння з’яўляюцца пасынкаванне і пасеў насення.
Пасынкаванне
Дачнікі і прафесійныя садаводы размнажаюць магнолію чаранкамі. Галоўнае, каб была цяпліца.
Нарыхтоўку чаранкоў праводзяць ранняй вясной, робячы зрэз пад пупышкай пад вуглом у 45о. Ніжняе лісце варта выдаліць.
Калі верхнія лісточкі занадта вялікія, іх прыйдзецца ўкараціць на 1/3. Пасля падрыхтоўкі чаранка зрэз апрацоўваюць стымулятарам корнеўтварэння.
Лепш за ўсё чаранкі ўкараняюцца ў цяпліцы. Ад пасадкі да з’яўлення каранёў праходзіць 2 месяцы. У сярэдзіне ліпеня чаранкі рэкамендуецца перасадзіць на пастаяннае месца. Менавіта ў гэты час магнолія ўступае ў фазу актыўнага росту.
Магнолію можна вырасціць з насення. Поспех залежыць ад праведзенай стратыфікацыі. Сеянцы з’яўляюцца праз 4 месяцы пасля пасадкі. Першыя 20 дзён жыцця расады — самыя галоўныя ў развіцці здаровага дрэва. У гэты час сеянцам патрэбен належны догляд.
Неабходна:
падтрымліваць стабільны тэмпературны рэжым і вільготнасць;
забяспечыць дасвечванне люмінесцэнтнымі лямпамі;
падтрымліваць вільготнасць глебы.
Нежыццяздольныя парасткі адразу трэба выдаліць, каб яны не забіралі пажыўныя рэчывы ў экзэмпляраў, якія растуць добра.
Падрыхтоўка да зімовага сезона
Маладыя магноліі ва ўзросце да трох гадоў старанна ўкрываюць напярэдадні зімовага сезона. Для гэтага пасля першых устойлівых маразоў размешчаныя блізка да паверхні глебы карані ўцяпляюць слоем мульчы, пілавіння, саломы. Усе шкілетныя галіны і ствол замотваюць агравалакном або мешкавінай. Галіны з нявыспелай драўнінай, а таксама паламаныя ветрам, абразаюць. Невялікія кусты цалкам накрываюць агравалакном, спанбондам. Вясной укрыццё здымаюць з надыходам устойлівай станоўчай тэмпературы.
Барацьба са шкоднікамі і хваробамі
Асноўная хвароба, якая пашкоджвае магноліевы куст, — хлароз. Выяўляецца ён на лістах у выглядзе жоўтых плям. Прычыны хларозу — шчолачная глеба, застой залішняй вільгаці ў каранёвай зоне, падтапленне каранёвай сістэмы грунтавымі водамі. Для барацьбы з гэтай хваробай шчолачныя глебы падкісляюць верхавым торфам, іглічным ападам. Калі прычынамі хларозу сталі падтапленне грунтавымі водамі і дрэнная водапранікальнасць глебы, расліну перасаджваюць у іншае месца.
Асноўнымі шкоднікамі, якія прама ці ўскосна пашкоджваюць расліну, з’яўляюцца:
павуцінны клешч — асабліва моцна атакуе магнолію і іншыя кветкавыя культуры ў сухое гарачае надвор’е. Пасяляючыся на лістах, высмоктвае з іх сокі. Пашкоджаныя парасткі не даюць прыросту, слабеюць і могуць на працягу зімы вымерзнуць. Для барацьбы з павуцінным кляшчом магнолію апырскваюць такімі акарыцыдамі, як Акцелік, Актара, Фітаверм, Амайт, Фуфанон;
грызуны — падгрызаюць каранёвую шыйку маладога саджанца, пашкоджваюць кару. Траўміраваныя ўчасткі апрацоўваюць садовым варам;
краты — пракладваючы свае хады, краты часта подгрызаюць карані магноліі, выклікаючы аслабленне, а часта і гібель расліны. Для барацьбы з імі выкарыстоўваюць ультрагукавыя або самаробныя адпужвальнікі, змяшчаюць у глебу пасткі, заліваюць краціныя норы, што выходзяць на паверхню, вадой.
Калі правільна пасадзіць і даглядаць магнолію, то з невялікага саджанца можна вырасціць дужую і пышна квітнеючую расліну, якая ўпрыгожыць любы сад ці газон.
Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы,
педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.