Сад… Без яго не бывае ніводнага падворка. Сёння людзі актыўна набываюць участкі, многія вяртаюцца на радзіму, на дачы і ў першую чаргу прыводзяць у парадак свае старыя сады ці закладваюць новыя. Як абнавіць дзядулеў сад і з чаго пачаць закладку новага? Як падабраць культуры і гатункі і тым самым пазбегнуць памылак? Якія яны — тэндэнцыі сучаснага саду? Па адказы на гэтыя пытанні мы звярнуліся да прафесіянала — Андрэя Сінкевіча, галоўнага агранома гадавальніка “Дэкорсад”. Асновы садовага дызайну ён спасцігаў не толькі ў Беларусі, але і ў Англіі, Японіі, Нідэрландах, Германіі, шмат працаваў у прамысловых садах у Польшчы і ў Інстытуце пладаводства пры НАН Беларусі.
— Андрэй, сёння як ніколі папулярныя міні-сады. Што вы думаеце пра такую замену звычным дрэвам?
— Так, сёння мала хто саджае новы сад на насенных падвоях: большасць садаводаў імкнуцца знайсці нізкія дрэвы. Ужо ніхто не хоча чакаць некалькі гадоў, каб сарваць першы яблык ці грушу, ніхто не хоча абразаць вялікія дрэвы, збіраць ураджай на лесвіцы, а калі і яна не дастае, пакідаць ураджай птушкам. На дрэвах на нізкіх падвоях харчаванне ідзе не ў рост, а ў плады, за кошт чаго мы атрымліваем кампактныя невысокія дрэвы, якія хутка ўступаюць у пладанашэнне, даюць вялікі ўраджай, і збіраць яго можна, стоячы на зямлі. Пры гэтым крона не загушчана, лістота добра праветрываецца, таму дрэва менш хварэе. Акрамя таго, кампактныя дрэвы эканомяць месца, што дазваляе нават на невялікім участку вырасціць куды больш розных культур і іх гатункаў.
— Андрэй, а ці маюць рацыю тыя, хто замест выкарчоўвання старога саду бярэцца за пілу? Ці можна не проста амаладзіць сад, абрэзаўшы крону, а зрабіць яго нізкім?
— Так, можна. За кошт аб’ёму каранёў крона хутка адрастае і ўраджайнасць аднаўляецца. Але тут трэба быць гатовымі ўтаймоўваць рост дрэва пастаянна. А для гэтага трэба мець адпаведны інструмент і шмат здароўя. Гэта як машына з розным аб’ёмам рухавіка: можа быць, як у мапеда, а можа быць, як у поўнапрываднога джыпа. Вось падвой — гэта рухавік, які і штурхае ваша дрэва да росту. Дрэва мае такую будову, што аб’ём надземнай часткі прыкладна роўны аб’ёму каранёў. Таму калі мы абразаем крону, то каранёвая сістэма імкнецца тут жа аднавіць яе габарыты. Плюс любая абрэзка (тым больш такая грунтоўная) — гэта стрэс для дрэва, яно высільваецца, ды яшчэ застаюцца вялікія зрэзы і спілы — вароты для інфекцый і шкоднікаў. І яшчэ трэба добра разбірацца, дзе пладовыя галіны, якія з іх можна зразаць, каб не загубіць ваш будучы ўраджай.
— Які век маюць дрэвы на нізкіх падвоях? Ён жа меншы, чым у звычайнага саду на насенных падвоях?
— Так, гэта адзін з галоўных мінусаў міні-саду. Але тут не ўсё так адназначна. У прамысловых садах тэрмін эксплуатацыі дрэў на клонавых падвоях — 15—16 гадоў. І то з гадамі сад назапашвае хваробы, патрабуе больш догляду, абрэзкі, “з’ядае” зямлю пад сабой, таму трэба яго больш угнойваць. У прыватных садах, на дачах гаспадар не можа “раскачаць” дрэва на максімальную аддачу ўраджаю, прапануючы яму, скажам так, ахоўны рэжым, што дае магчымасць вырошчваць гэтае дрэва 30—40 гадоў. Але зноў-такі, пачынаючы з дваццатага года яму трэба дапамагчы: даць добрую падкормку і ахову ад шкоднікаў, неабходна зрабіць грунтоўную абрэзку.
— Раскажыце, з чаго пачынаць закладку новага саду? Дзе і як яго лепш размясціць на ўчастку?
— Пасадка саду пачынаецца з падрыхтоўкі глебы, з яе пераворвання ці культывацыі, мінімум год засявання любымі сідэратамі. Лепш высаджваць сад рэгулярны ці ландшафтны. Першы — прамысловы, дрэвы высаджваюцца роўнымі радамі. Але на дачы, дзе ёсць лазня, альтанка, цяпліца, агарод, дрэвы найчасцей “раскідваюцца” ў ландшафтным ключы. Праўда, такі сад губляецца візуальна, даглядаць яго складаней. Затое можна падабраць, напрыклад, самае цёплае месца на ўчастку пад паўднёвыя дрэвы, а пад тую ж сліву або чарэшню аддаць месца з паўночнага боку, каб гэтыя дрэвы закрывалі ўчастак ад ветру.
Далей трэба вызначыцца з культурамі. Не варта саджаць усё адразу або купляць расліны стыхійна. Лепш намаляваць план саду і згодна з ім скласці спіс усіх культур. Абавязкова загадзя выберыце іх гатункі — апісанне гатункаў лепш глядзець на сайтах не прадаўцоў, а вытворцаў, напрыклад Інстытута пладаводства НАН Беларусі.
Пачынаць пасадку саду лепш з традыцыйных правераных культур: яблыні, грушы, вішні, чарэшні, слівы, алычы. Плюс ягадныя культуры: клубніцы, маліны, парэчкі, агрэст, цяпер яшчэ попытам карыстаюцца буякі. Усе яны пры мінімальнай агратэхніцы гарантавана дадуць добры і хуткі ўраджай.
Гэта асноўныя культуры для садоў Беларусі. Астатняе — персікі, абрыкосы, нектарыны, хурма, вінаград і іншыя культуры — калі ёсць месца і час іх даглядаць, у прыватнасці, многім з іх патрэбна штогадовая абрэзка.
А выбіраючы рабіну ці каліну садовую, барбарыс, кізіл, ядомую чорную бузіну, драбнаплодныя яблыні, хенамелес (айву японскую), гумі, абляпіху, шыпшыну, некалькі разоў падумайце, ці трэба яны вам, бо большасць гэтых культур выкарыстоўваецца толькі для перапрацоўкі — кампоты, варэнні, джэмы, чаі. Ці будзеце вы гэтымі нарыхтоўкамі займацца? Інакш гэта марна патрачаныя грошы і час.
Падлічыць колькасць дрэў і кустоў у садзе лепш, арыентуючыся на колькасць едакоў у сям’і. Напрыклад, на сям’ю з 2 дарослых і 2 дзяцей прыкладная колькасць такая: 2—3 кусты парэчак, дзясятак-два кустоў малін, мінімум 40 кустоў клубніц, калі любіце агрэст — 1—2 кусты з рознымі тэрмінамі паспявання ці можна адзін, дзе некалькі гатункаў прывіты на залацістыя парэчкі (так званы штамбавы варыянт вырошчвання). Яблынь я прапаную мець мінімум 4 гатункі: летнюю, асеннюю і 2 зімовыя (пры ўмове, калі ў вас ёсць дзе захоўваць яблыкі зімой — склеп, лоджыя і інш.). Грушы — 1 асенняя і 1 зімовая, а калі ў вас няма ўмоў для захавання, то 1 летняя, 1 асенняя. Слівы, чарэшні можна па адной пасадзіць. Вішні дастаткова будзе адной, але ўлічвайце, што ў Беларусі толькі 4 гатункі вішань самаплодныя. Астатнім патрэбен апыляльнік.
Гэта, дарэчы, таксама трэба ўлічваць. Каб сэканоміць зямлю, варта дамаўляцца з суседзямі і саджаць тыя, якія будуць адна для адной апыляльнікамі. Чаму такая сітуацыя з костачкавымі? Ды таму, што вішні, чарэшні, кізіл, абрыкосы ў дзікай прыродзе Беларусі амаль ці зусім не сустракаюцца, таму пераапыліцца для іх шансаў няма. Адзінокая груша і на хутары апыліцца, бо насякомыя ляцяць і за 2 кіламетры, а ў нашых лясах заўсёды ёсць грушы-дзічкі. Фундук апыліцца і ляшчынай, якая расце ў лесе. Зрэшты, калі побач няма апыляльніка, можна проста ўставіць у крону ў перыяд масавага цвіцення квітнеючую галінку з культуры іншага гатунку. Калі яе падвесіць у бутэльцы з вадой, галінка пацвіце два-тры дні. Гэтага дастаткова для апылення кізілу, абляпіхі і інш.
— А чаму так атрымліваецца, што ў пэўным раёне ў садах не можа прыжыцца пэўная культура, скажам вішня?
— Тут шмат залежыць ад глебы. Таму не ўсе выбраныя вамі культуры могуць расці без праблем. Калі ў вас пясок, то будуць добра расці паўднёвыя культуры: абрыкос, персік, нектарын, вінаград, грэцкі арэх, бо такая глеба хутка праграваецца і няма застою вільгаці. Калі ў вас суглінак (такіх у Беларусі 70%), добрая тлустая зямля, чарназём, то вам пашанцавала і ў вас будзе расці амаль усё (толькі пад пэўныя культуры трэба ўнесці дабаўкі: пад паўднёвыя культуры — пясок, пад буякі — кіслую глебу). Горш за ўсё, калі ў вас балоцістая глеба. На такой мала раслін могуць расці: трэба адводзіць ваду ці саджаць у валы, пагоркі. Але і тут ёсць выйсце — культуры на вегетатыўных падвоях, бо ў іх каранёвая сістэма залягае неглыбока. Калі вы пасадзіце на балоцістай глебе ці на глебе з высокім узроўнем залягання грунтовых вод дрэва на насенным падвоі, яго корань, быццам морквіна, дарастае да вады, загнівае і гіне. У сярэднім на гэта патрэбна 2—3 гады. Каб тут быў поспех, трэба проста разумець культуру, ведаць, у якіх умовах яна можа расці. Не трэба саджаць вінаград, які не любіць сырасці і туманаў, у нізіне ўчастка ці сонцалюбівую чарэшню ў цені.
— Але пасадзіць — гэта палова справы. Трэба ж яшчэ і дагледзець. Наколькі гэта складаная навука?
— Лепшы падыход — мінімальныя мерапрыемствы: зімовая абрэзка саду (выдаліць хаця б хворыя, сухія і перакрыжаваныя галіны), вясновая апрацоўка (дрэва прачынаецца часцей за ўсё з кладкай шкоднікаў і са спорамі хвароб пад карой ці ў прыствольным крузе). Калі не зрабіць вясновую апрацоўку, гэтыя споры разляцяцца за сезон па ўсім вашым садзе, яшчэ і суседскі захопяць. У ідэале даць яшчэ апрацоўку да цвіцення і па завязі. Якія сродкі выбіраць? Тут таксама вырашаць кожнаму асабіста, апрацоўваць народнымі фітасродкамі ці моцнымі фунгіцыдамі і інсектыцыдамі. Але ёсць хваробы, з якімі народныя сродкі проста не справяцца. Напрыклад, антракноз, мілдзью, аідыум на вінаградзе ні содай, ні воцатам, ні фітаспарынам не стрымаеш. Такія сродкі накіраваны больш на прафілактыку, чым на лячэнне хвароб саду.
— Дзякуй, Андрэй, за размову. Ужо праз тыдзень-другі надыдзе час для садовых эксперыментаў. Спадзяюся, вашы парады будуць вельмі дарэчы.
Парады садаводам ад Андрэя Сінкевіча:
• Высаджваць усе культуры трэба ў аптымальныя для гэтага тэрміны. Гэта ці ранняя вясна — прыкладна 20 сакавіка, ці восень, пачынаючы з 20 верасня і да першых замаразкаў.
• Саджанцы павінны быць здаровымі, роўнымі, свежымі, з добрай каранёвай сістэмай, з біркай, якая адпавядае найменню гатунку. Калі сумняваецеся, ці свежы саджанец, пазногцем правядзіце па кары — драпіна павінна быць зялёнай і светлай, а не карычневай.
• Пры куплянні звяртайце ўвагу на маркіроўку на саджанцы. Абавязкова павінен быць указаны падвой, на які прышчэплены саджанец, яго ўзрост і гатунак. На пытанне пакупніка “Гэта ж нізкарослы?”, хутчэй за ўсё, вам адкажуць сцвярджальна, а на пытанне “Ці ёсць у вас “глостэр”?”, хутчэй за ўсё, першы саджанец з мяшка якраз ім і акажацца.
• Перад пасадкай саджанец пастаўце ў ваду на суткі. Высаджвайце яго ў акультураную зямлю, а не ў газон ці ў дзірван з пустазеллем. Альбо насыпайце глебу ў лунку. Лунку зрабіце па памеры каранёвай сістэмы, у сярэднім 50 × 60 і ў глыбіню 40 см.
• Харчавання, якое ёсць у зямлі, для маладога саджанца дастаткова. Першыя 2—3 гады дадаткова ўносіць ўгнаенні не трэба.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.