Дуброўка кустовая, курыльскі чай, пяцілісточнік кустовы — незвычайна трывалы куст, які вельмі разгаліноўваецца і мае шчыльную паўшарападобную крону вышынёй да 1,5 м.
Лісце ў кустовай дуброўкі перыстае, складаецца з 5 ланцэтных лісткоў даўжынёй да 3 см з лёгкім апушэннем.
Кветкі даволі буйныя, да 3,5 см у дыяметры, залаціста-жоўтыя, адзіночныя ці сабраныя ў маленькія суквецці. У кожнай кветцы каля 30 тычынак, што робіць яе сярэдзінку пушыстай.
Цвіце дуброўка з сярэдзіны чэрвеня і да кастрычніка.
Плады дуброўкі кустовай — зборныя сямянкі. Калі яны выспяваюць, то пакрываюць увесь куст своеасаблівымі “гузікамі” карычневага колеру з тонкімі валаскамі, што надае расліне дадатковую дэкаратыўнасць.
Пасадка
Дуброўку лепш высаджваць у сад вясной. Для гэтага рыхтуюць яму глыбінёй 50—60 см. Сочаць, каб каранёвая шыйка расліны знаходзілася на ўзроўні зямлі. Дрэнаж пластом 20 см абавязковы; яму ўкладваюць ліставой зямлёй, перагноем, пяском у суадносінах 2:2:1. Пры пасадцы ўносяць комплекснае мінеральнае ўгнаенне, а перад цвіценнем — фосфарнае і калійнае згодна з інструкцыяй. У гарачае сухое лета 3-разовы паліў абавязковы, з разліку 10—12 л на расліну. Пасля праводзяць рыхленне глебы на глыбіню 5—10 см, а потым яе мульчыруюць пластом 3—5 см.
Пры пасадцы шчодра паліць і, калі вада ўсмокчацца, замульчыраваць прыствольны круг. Гэтая мера дазволіць захаваць такую жаданую для дуброўкі вільгаць, бо каранёвая сістэма ў яе паверхневая і пакутуе ад перасушвання.
Асаблівасці культывавання
Дуброўка кустовая зімаўстойлівая, у дэкаратыўных форм у суровыя зімы могуць абмярзаць канцы аднагадовых парасткаў, з узростам і дзякуючы падкормкам іх марозаўстойлівасць узрастае.
Дуброўка таксама засухаўстойлівая расліна, але дрэнна пераносіць сухое паветра, святлолюбівая, але на сонцы летам афарбоўка кветак выгарае. Можа расці і ў паўцені (у цені перастае цвісці).
Патрабавальная да ўрадлівасці і аэрацыі глебы: не пераносіць яе ўшчыльнення, можа расці на вапнавых глебах. Кампактнасць кустоў падтрымліваецца аднаразовай абрэзкай парасткаў на 8—10 см у 3—4 гады ў другой палове красавіка. Пры неабходнасці праводзяць асеннюю фармоўку: у верасні парасткі абразаюць на 1/3 іх даўжыні. Шкоднікамі, хваробамі пашкоджваецца рэдка, часам сустракаецца ржа.
Догляд
Догляд дуброўкі нескладаны — паліў па меры неабходнасці (лепш увечары), рыхленне глебы, выдаленне пустазелля. Падкормліваць можна як мінеральнымі ўгнаеннямі, так і арганікай — перагной, гнаявая жыжка (0,2—0,5 л на вядро вады), дрэўны попел.
Дуброўка любіць “стрыгчыся”. Рэгулярная абрэзка стымулюе багатае цвіценне. Перш за ўсё выдаляюць сухія суквецці, пашкоджаныя парасткі і такія, што ўсыхаюць. Вясной стрыгуць яшчэ карацей — на адну трэць. Стрыжка можа быць і “мадэльнай” — надаць кусту пэўную форму (шара, піраміды і інш.), якая захоўваецца даволі доўга і ўзмацняе дэкаратыўнасць культуры.
Размнажэнне
• Атожылкамі
Гэта самы лёгкі спосаб: надрэзаны парастак трэба прыгнуць да глебы, у месцы надрэзу замацаваць шпількай і прысыпаць зямлёй. Пасля таго як у атожылка ўтворыцца свая каранёвая сістэма, яго перасаджваюць на новае месца.
• Пасынкамі
Іх надразаюць з леташняга прыросту ў пачатку лета, выдаляюць ніжнія лісты, для лепшай прыжывальнасці апрацоўваюць растворам “Карнявін”. Укараняюць у вільготнай глебе злёгку зацененага кутку сада, накрыўшы слоікам ці верхняй часткай пластыкавай бутэлькі. Пажадана некалькі разоў на дзець апырскваць вадой. Бутончыкі, якія з’явіліся, трэба абрываць, каб кветкі не аслаблялі маладую расліну.
• Размнажэнне зялёнымі пасынкамі
Пры падрыхтоўцы пасадачнага матэрыялу, з-за адсутнасці каранёвых зачаткаў у маладых пасынкаў, абрэзка з матачніка праводзіцца разам з лісцем. Гэты прыём дазваляе забяспечыць фотасінтэз, неабходны для выпрацоўкі арганічных рэчываў, такіх важных для якаснага ўкаранення і развіцця кожнай расліны.
Пры зялёным пасынкаванні трэба правільна абраць парасткі на матачным кусце. Пасынкі павінны быць аднолькавыя па памеры і аднародныя па фізіялагічным стане. Ад гэтага ў вялікай ступені залежыць паўнавартаснае ўтварэнне каранёвай сістэмы і як вынік — якасць саміх саджанцаў.
Пры падрыхтоўцы пасадачнага матэрыялу неабходна памятаць — лепш за ўсё ўкараняюцца пасынкі з парасткаў, якія маюць рост сярэдняй сілы. І калі ў сонечныя дні загатоўваць пасынкі трэба толькі ў раннія ранішнія гадзіны, то ў пахмурнае надвор’е абрэзка можа рабіцца ў любы час дня. Для атрымання добрага выніку нельга каб пасынкі звялі ці падсохлі. Лепш за ўсё, калі з моманту абрэзкі да высадкі ў падрыхтаваны і добра ўвільготнены субстрат прайшло не больш за 48 гадзін. Усе неабходныя інструменты і матэрыялы варта падрыхтаваць загадзя, каб пасынкі адразу пасля абрэзкі былі апрацаваны абеззаражвальным і стымулюючым саставам і высаджаны ў глебавую сумесь.
У выпадку, калі няма магчымасці адразу пасля зрэзкі размясціць пасынкі ў пастаянным месцы для ўкаранення, іх неабходна пакласці ў чысты поліэтыленавы пакет з этыкеткай і захоўваць у спецыяльнай сумцы ў цені.
Якасны пасадачны матэрыял павінен мець 2—4 міжвузеллі, ад гэтага залежыць даўжыня пасынкаў, якія, у залежнасці ад віду, могуць быць ад 8 да 12 см. У тым выпадку, калі на 3—5-сантыметровых пасынках, якія засталіся пасля абрэзкі на матачным кусце, прысутнічаюць лісткі, іх неабходна выдаліць.
Ніжняя лінія зрэзу, пры падрыхтоўцы пасынкаў да пасадкі, робіцца на адлегласці 0,5—1 см ніжэй пупышкі. Верхні ж зрэз неабходна рабіць адразу над пупышкай.
Нарэзаныя 8—10-сантыметровыя пасынкі, выраўнаваныя ніжнімі канцамі, звязваюцца мяккім матэрыялам па 25—50 штук у пучкі.
• Дзяленне куста
Дуброўку, пачынаючы з 4-гадовага ўзросту, можна рассаджваць. Робіцца гэта і вясной і восенню, як раніцай, так і вечарам, але абавязкова ў цёплае надвор’е. Выбраны гучок (на ім павінны быць роставыя пупышкі) трэба аддзяліць ад мацярынскай расліны і высадзіць на пастаяннае месца, паліць.
• Насеннем
Яго збіраюць у канцы лета ці сярэдзіне восені (у залежнасці ад рэгіёна), ачышчаюць і высушваюць, для захоўвання (на працягу некалькіх гадоў усходжасць застаецца) раскладаюць па папяровых пакеціках. Некаторыя садаводы саджаюць насенне адразу пасля збору. А ўвогуле пасадка насення магчыма як вясной, так і пад зіму. Насенне вельмі дробнае, таму яго нельга засыпаць глебай, лепш размеркаваць па паверхні грады ці пасадачнай скрыні і злёгку прыціснуць рукой. Дуброўка часта дае самасеў, гэтыя сеянцы таксама можна выкарыстоўваць для размнажэння. Маленькія расліны перасаджваюць на разводачную граду, а праз 2 гады — на пастаянне месца.
Прымяненне
Дуброўка добра вытрымлівае стрыжку, прыдатна для меданосных і фармаваных, густых прыгожых бардзюраў, якія свабодна растуць, прыгожа цвітуць, і нізкіх жывых агароджаў, якія асабліва добра выглядаюць на фоне цёмных хвойных парод. Яна прыдатна і для падбівання высокіх агароджаў, якія агаляюцца знізу. Дуброўка добрая як у адзіночных, так і ў групавых пасадках з іншымі дрэўнымі, у камяністых садах. Яна гарманічна ў кампазіцыях са шматгадовымі, хвойнымі раслінамі.
Палягальныя сцелістыя гатункі хутка страчваюць форму, лягчэй за ўсё іх утрымліваць у форме падушкі. Такія гатункі добра падыходзяць для камяністых горак, а таксама ў кампазіцыях з высокімі кустамі і хвойнымі як падбіўка. Усе дуброўкі добра выглядаюць на газоне. Групу прамастаячых дубровак можна садзіць як жывую агароджу. Стрыжка надасць бардзюру парадны выгляд.
Стымулятары росту
Апрацоўка пасынкаў сінтэтычным высакаякасным стымулятарам росту, які добра зарэкамендаваў сябе, спрыяе хуткаму ўтварэнню магутнай каранёвай сістэмы. 0,1—0,2-працэнтны раствор гетэрааўксіну, іншая назва НВК — бета-індалілвоцатнай кіслаты, неабходна прыгатаваць з 100—200 г канцэнтрату, разведзенага ў 1 л вады. Прыгатаваны састаў-стымулятар у цёмным, халаднаватым памяшканні можна захоўваць да 7 дзён.
Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы,
педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.
Фота аўтара і з інтэрнэту.