Мудрагелістыя ліхтарыкі

Радзімай фуксіі з’яўляецца Цэнтральная Амерыка і Новая Зеландыя. У сучасным свеце выведзена мноства відаў расліны з самай разнастайнай колеравай гамай. Фуксіі славяцца доўгім, з самай вясны і да позняй восені, цвіценнем. Расліны можна вырошчваць у ампельнай, куставой і штамбавай форме. Неверагодная колькасць афарбовак і відаў мудрагелістых ліхтарыкаў здзіўляе і зачароўвае. Каб расліна вырасла здаровай і радавала сваім цвіценнем пастаянна, трэба ведаць, як правільна яе даглядаць, як паліваць і падкормліваць.

Асвятленне

Правільнае асвятленне гарантуе расліне дастатковую колькасць сонечнай энергіі. Гэта вельмі святлолюбівая кветка, таму вазоны лепш за ўсё ставіць на падаконнікі, куды трапляе многа святла на працягу дня. Спёку расліна не пераносіць — лепш за ўсё выстаўляць яе на сонца раніцай і вечарам, калі не вельмі горача. У перыяд цвіцення нельга перастаўляць вазон, таму што могуць апасці бутоны.

Улічыце, што не ўсе фуксіі аднолькава ставяцца да асвятлення. Гатункі ў сіне-блакітнай гаме аддаюць перавагу паўценю, на яркім святле іх пяшчотныя кветкі выгараюць і асыпаюцца. Таму фуксіі з пяшчотна-блакітнай спаднічкай ставяць у паўцень. Аранжава-чырвоным кветкам, наадварот, патрэбны сонечныя ванны: без ласкавых прамянёў яны не раскрыюць прыгажосць сваіх яркіх убораў. Размяшчаць такія гатункі на санцапёку, канечне, не трэба, а вось негарачае ранішняе сонца ім даспадобы. Фуксіі з белымі, бела-ружовымі і ружовымі кветкамі лічаць за лепшае рассеянае святло. У поўным цені цвіценне будзе мізэрным, на яркім сонцы кветка хутка страціць дэкаратыўнасць. Чым больш сонечнага святла дастаецца бела-ружовай фуксіі, тым ярчэй атрымаецца ружовае адценне ў афарбоўцы кветкі.

Тэмпература

Пры доглядзе ў хатніх умовах кветка фуксіі захоўвае ўласцівую ёй у прыродзе сезоннасць. Перыяд актыўнай вегетацыі і цвіцення доўжыцца з вясны і да восені, а зімой расліна адпачывае, таму выкананне тэмпературнага рэжыму пры доглядзе хатняй кветкі вельмі важна.

Летам лепш за ўсё расліны сябе адчуваюць ва ўмерана прагрэтым памяшканні ці ў садзе пры тэмпературы 16—24°С. Калі будзе халадней, развіццё расліны затарможваецца, спыняецца ўтварэнне новых бутонаў —  пахаладанне становіцца для фуксіі сігналам пра пачатак перыяду спакою.

Перавышэнне планкі ў 25°С дзейнічае на дэкаратыўную культуру прыгнятальна. Фуксія можа скінуць бутоны, лісце драбнее, бляднее. У такі час расліны рызыкуюц­ь быць пашкоджанымі хваробамі, і такая небяспека найбольш верагодна пры вырошчванні і доглядзе фуксіі ў садзе.

У гарачыя дні трэба прыняць усе меры, каб засцерагчы расліну, якая цвіце, ад пякучага сонца. Таксама неабходна рэгулярна апырскваць зелень мяккай вадой.

У хатніх умовах фуксіі цудоўна абжываюцца на заходніх ці ўсходніх вокнах. Тут ёсць неабходны раслінам для цвіцення і захаванння сакавітасці лісця паўцень. Калі вазон вымушана знаходзіцца на паўночным акне, кветцы забяспечваюць падсвечванне да 12 гадзін у суткі.

Вільготнасць

У цёплы перыяд года фуксію неабходна рэгулярна апырскваць вадой для падтрымання неабходнага воднага балансу. У зімовы перыяд кветка не мае патрэбы ў дадатковым апырскванні, але калі ў памяшканні вельмі горача, то можна апырскваць 1 раз на тыдзень ці наліць вады ў сподак пад вазон з кветкай.

Паліў і падкормка

З вясны да восені фуксіі павінны атрымліваць шчодры паліў, які да надыходу сезона спакою плаўна зніжаецца.

  • Найбольшую патрэбу ў вадзе адчуваюць расліны, якія цвітуць.
  • Калі фуксія адпачывае, скончыўшы масавае цвіценне, грунт пад ёй увільгатняюць прыблізна раз на тыдзень.

Вясной і летам кветку варта палівац­ь шчодра, таму што верхні пласт глебы хутка сохне з-за высокай тэмпературы паветра, кветка можа адчуваць недахоп вільгаці.

У зімовы час расліну паліваюць не часцей за два разы на месяц. Пры гэтым абавязкова знаходжанне ў халаднаватым памяшканні пры невялікіх плюсавых тэмпературах. Калі гэтага не зрабіць, вырошчванне і догляд фуксіі ў хатніх умовах значна ўскладніцца.

У цяпле і пры недахопе святла за зіму парасткі выцягваюцца, лісце часткова ці цалкам ападае, і на падаконніку застаецца толькі каркас былой прыгажуні. З надыходам вясны такія расліны адстаюць у развіцці, не вельмі дружна і ахвотна ўступаюць у пару цвіцення.

Зімой падкормкі не патрэбны, але ў перыяд вегетацыі яны дапамагаюць фуксіі ўтвараць мноства бутонаў і хутка аднаўляцца пасля цвіцення. Угнойваць кветкі пачынаюць у другой палове сакавіка. Для падкормкі штотыднёва прымяняюць комплексны сродак для кветкавых культур.

Пры доглядзе фуксіі і вырошчванні яе ў хатніх умовах трэба памятаць, што паліў угнаеннем праводзіцца па злёгку вільготным субстраце. Пазакаранёвыя падкорм­кі фуксій праводзяцца па тыльным боку лісткоў.

Пасля перасадкі расліну не трэба падкормліваць каля месяца. Гэтае ж правіла адносіцца да маладых саджанцаў, якія толькі ўкараняюцца.

Для паскарэння ўтварэння зялёнай масы расліны паліваюць угнаеннямі з павышанай колькасцю азоту. А для закладкі і падтрымання пышнага цвіцення неабходны саставы, у якіх пераважае калій і фосфар.

Пры вырошчванні і доглядзе фуксіі ў садзе добры вынік даюць падкормкі саставамі, багатымі на арганіку, а дарослыя экзэмпляры станоўча адгукаюцца на ўнясенне мікраэлементаў.

У перыяд вегетацыі вельмі карысна апырскваць расліну, пажадана гэта рабіць з раніцы і вечарам для забеспячэння яе дадатковай вільгаццю. Карысна таксама ўвільгатняць паветра каля кветкі — пастаўце каля вазона ёмістасц­ь з вадой.

Грунт

Каб у расліны хапала сіл на актыўнае цвіценне, яна павінна атрымліваць шчодрую і комплексную падкормку. Пры гэтым немалую ролю адыгрывае грунт, у якім расце кветка. У догляд фуксіі ў хатніх умовах пажадана ўключаць штогадовыя перасадкі, якія павінны прыпадаць на вясну — час пачатку абу­джэння і росту кветкі.

Фуксія непатрабавальная да грунту. Дарослыя кветкі можна са­джаць у любы ўрадлівы субстрат, адзіная ўмова — нейтральны паказчык рН. Таксама ў вазон да глебы можна дабавіць торф, пясок, гліну, падыдзе перліт. Напрыклад, можна зрабіць сумесь з дзярновай зямлі, торфу і кампосту ў прапорцыях 2:1:1 ці змяшаць ліставую зямлю, торф і пясок у прапорцыях 3:2:1.

Абавязковае выкарыстанне дрэнажу дазволіць прадухіліць перанасычанасць глебы вадой. У якасці карысных дабавак можна выкарыстоўваць пясок, гумус, су­глінак.

Абрэзка

Для аздараўлення расліну неабходна абразаць. Тыя кусты, якія будуць зімавац­ь у падвале, абразаюць увосень, так што вясной застанецца толькі абрэзаць па­шкоджаныя парасткі ці тыя, што засохлі. Кветка, якая перазімавала ў памяшканні, мае патрэбу ў большай абрэзцы.

Неабходна выдаліць усе тоненькія і хваравітыя на выгляд галінкі. Калі ваша ўлюбёнка мае патрэбу ў фарміраванні кроны, то неабходна абрэзаць усе непатрэбныя галінкі, каб надаць ёй жаданую форму. Для гэтага адлічыце з самага нізу галінкі 2—3 пупышкі, а лішняе выдаліце.

Размнажэнне

Каб кветка расла правільна, неабходна ведаць правілы размнажэння фуксіі ў хатніх умовах. Існуе некалькі спосабаў.

Пасынкаванне

Нарэзаць верхавінкавыя ці сцябловыя пасынкі па жаданні можна ў любы зручны час з вясны і на працягу ўсяго лета. Важна толькі, каб на парастках сфарміраваліся здаровыя пупышкі і ў грунт трапілі не зялёныя, а ўжо паўадраўнелыя сцёблы.

Калі ўкараненне пасынкаў праводзіцца ўвосень ці зімой, расліне абавязкова забяспечваюць дадатковае падсвечванне і падтрымліваюць летні рэжым тэмпературы і вільготнасці.

Пасынкі наразаюць вострым чыстым нажом, пасля чаго з парасткаў выдаляюц­ь усё лісце, акрамя верхняй пары.

  • Самы лепшы перыяд для размнажэння фуксіі — з лютага па сакавік.
  • Тыя кветкі, якія вельмі павольна растуць, можна ў асобных выпадках пасынкаваць у жніўні і верасні.
  • Пасынкі павінны быць не меншымі за 5—7 см даўжынёй.
  • Садзіць іх трэба ў рыхлы субстрат, напрыклад пясок, таксама можна паставіць у ваду.
  • У сярэднім праз 25 дзён неабходна абрэзаць карані, якія адраслі.

Пасля гэтага неабходна пасадзіць пасынкі ў вазоны на 7—9 см у грунт.

Для таго каб будучая расліна была пышнай, у вазон трэба пасадзіць па некалькі пасынкаў. Маладыя расліны будуць цвісці ў гэтым жа годзе пасля перасадкі.

Лістамі

Каб размножыць кветку лістамі, неабходна:

  • адарваць сцяблінкі з самымі здаровымі на выгляд лісцікамі і пакласці іх у разрыхленую зямлю на глыбіню 1 см;
  • накрыць лісты пластмасавай ці жалезнай накрыўкай. Для добрага росту ліст­кі кожны дзень трэба апырскваць вадой. Ваду для апырсквання трэба браць цёплую і абавязкова кіпячоную.

Як толькі ў аснове сцябла вы ўбачыце разеткі, якія з’явіліся, можна пачынац­ь перасаджваць іх у маленькія вазончыкі.

Хваробы і шкоднікі

Першая прымета захворвання расліны — ападзенне лістоў. Прычына — перасушанае цёплае паветра, недастатковасц­ь вільгаці і святла.

Яшчэ куст можа захварэць пры празмерным паліве. З-за залівання кветкі на лістках будуць утварацца дробныя расінкі.

Таксама прымета захворвання — парашкападобныя плямы на лістках. Каб пазбавіцца ад іх, трэба зрабіць наступнае: падрыхтаваць сумесь вады і фундазолу ў прапорцыі 11:1 і апырскаць кветку растворам.

Яшчэ адной прычынай, чаму ў фуксіі ападае лісце, з’яўляецца хлароз. Пры гэтым захворванні лісце кветкі жаўцее і асыпаецца. Узнікае яно з-за празмернага паліву ці недахопу такіх элементаў, як азот і магній.

Каб зразумець, ці здаровая расліна, неабходна даследаваць яе карані: калі яны вельмі густа пераплецены, то неабходна тэрміновая перасадка. Вызначыць захворванне можна па колеры каранёў: калі яны чорнага ці карычневага колеру, то кветка хварэе на каранёвую гніль. На жаль, пасля знаходжання гнілых каранёў расліну ўжо не выратаваць.

Што да шкоднікаў, то самымі папулярнымі з’яўляюцца белыя мухі, лічынкі якіх харчуюцца сокам кветкі. Каб пазбавіцца ад гэтых нежаданых “кватарантаў”, неабходна апрацаваць кветку спецыяльнымі сродкамі “Ангара” ці “Актэліка”. А яшчэ можна выкарыстоўваць мыльны раствор.

Калі фуксія не цвіце

Самымі распаўсюджанымі прычынамі адсутнасці кветканосаў з’яўляюцца:

  • утрымліванне кветкі зімой у вельмі гарачым пакоі;
  • празмерны паліў;
  • недастатковы паліў у летні перыяд;
  • недахоп карысных рэчываў і ўгнаенняў;
  • недастатковая колькасць святла ў час вегетацыі.

А калі ў фуксіі не раскрываюцца і ападаюць бутоны, трэба замяніць верхні пласт глебы і разрыхліць яго для лепшага паступлення кіслароду да каранёў. 

Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы,
педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.
Фота аўтара.