Недатыка бальзамін

Недатыкай бальзамін называюць таму, што пры нязначным дотыку да каробачкі яго плода яна раптоўна адкрываецца. Пяць створак імгненна скручваюцца і з сілай выстрэльваюць насенне. За сваё працяглае і пышнае цвіценне расліна атрымала яшчэ адну назву — “агеньчык”. У Германіі яе называюць “старанная Ліза”, а ў Англіі — “клапатуха Лізі”. Бальзамін садовы ў Аўстрыі называюць “цудоўная венка” — жыхары гэтай краіны параўноўваюць расліну з дзяўчынай. У Расіі кветка атрымала назву “Ванька мокры”.

Людзі палюбілі бальзамін за непатрабавальнасць. А за здольнасць цвісці практычна круглы год і ўпрыгожваць дом расліну сталі называць вечным агеньчыкам, або вечнацветам.

Пасадка

Бальзамін можа расці як у садзе, так і ў доме. Ён не любіць скразнякоў, гарачыні, не любіць, калі чагосьці занадта шмат (попелу, угнаенняў). Яму трэба, каб было ціха, цёпла і ўтульна.

Бальзамін садовы патрабуе ўрадлівай, лёгкай глебы. Хаця гэта і вільгацелюбівая расліна, але залішняй вільгаці не пераносіць. На халоднай і цяжкай глебе расці не будзе.

Добра расце ў зацішку, каб сонейка свяціла на яго некалькі га­дзін у дзень, але толькі раніцай ці вечарам. Цудоўна адчувае сябе ў прыствольных колах дрэў, каля сцяны дома ці плота (толькі не з паўднёвага боку). Калі ў кватэры няма іншага месца для гаршка з бальзамінам, акрамя як на паўднёвым акне, то ў гарачыя летнія дні яго неабходна зацяняць. Лепшае месца для бальзаміну — усходні ці заходні бок, дзе ёсць рассеянае святло. Расці бальзамін можа і ў цяні, але з-за недахопу святла ён не будзе цвісці. Бальзамін Уолера можна вырошчваць і як аднагадовую, і як шматгадовую расліну.

Калі вырошчваць бальзамін як травяністую расліну для адкрытага грунту, то гэта будзе аднагадовая расліна, таму што бальзамін не перажывае зіму, нават калі яго ўкрыць лісцем ці перагноем. Кветку часта пераносяць на зіму ў дом, кватэру ці цёплую лоджыю, дзе тэмпература павінна быць у межах +15 — +18°С. У такіх хатніх умовах бальзамін, атрымаўшы належны догляд, не загіне. Вясной ён дасць новыя парасткі. Гэта значыць, што бальзамін Уолера, які вырошчваецца ў адкрытым грунце, калі яго перанесці на зіму ў дом, выжывае і можа лічыцца шматгадовай раслінай.

Рэкамендуецца браць для вырошчвання раслін не вельмі вялікія гаршкі. Чым большая ёмістасць, тым больш сіл расліна патраціць на ўтварэнне прыросту каранёў і зялёнай масы. Кветак у гэтым выпадку не будзе вельмі доўгі час. Перасаджваюць бальзамін звычайна вясной. Наяўнасць добрага дрэнажу абавязковая.

Адзіны недахоп: бальзамін, які перажыў зіму, не цвіце так пышна, як гэта робіць маладая расліна, а таму яго амалоджваюць (абразаюць). У такім выпадку атрымліваецца цудоўны пасадачны матэрыял, бо бальзамін добра размнажаецца верхавінкавымі чаранкамі. Расліна-матачнік пасля абрэзкі дае новыя парасткі і пачынае пышна цвісці.

Паліў

Расліна любіць вільготны грунт. Глеба ў гаршку павінна быць умерана вільготнай, але не мокрай. У вяснова-летні час, калі расліна інтэнсіўна развіваецца, ёй патрабуецца больш вады. Пры недахопе вільгаці бальзамін скідвае лісты і бутоны, вяне. Неабходна сачыць, каб вада не застойвалася ў гаршку, што можа служыць прычынай загнівання каранёў, а таксама з’яўлення дробных мошак. Абавязковым з’яўляецца дрэніраванне глебавай сумесі. Зімой паліў змяншаюць і паліваюць толькі тады, калі земляны камяк злёгку падсохне. Чым халадней у памяшканні, тым радзей трэба паліваць.

Прыглядайцеся да сваіх раслін — яны самі падаюць сігналы, калі ім штосьці не падабаецца.

*         У бальзаміну панікла лісце — вельмі горача і не хапае вільгаці.

*         Лісце жаўцее і ападае — холадна, лішак вільгаці, праверце наяўнасць шкоднікаў.

*         Загніваюць унізе сцябліны — лішак вільгаці, нізкая тэмпература, недахоп святла.

*         Мала ці зусім не ўтвараюцца бутоны — працяглая засуха.

*         Лісце бледнае, сцябліны выцягваюцца — недахоп пажыўных рэчываў у глебе, недахоп святла.

*          Спыняецца цвіценне, вянуць кветкі — рэзкае пахаладанне, перасадка ў залішне вялікі гаршчок, моцнае перасыханне глебы.

Падкормкі

Падкормліваюць кветкі двойчы ў месяц комплекснымі ўгнаеннямі. Не варта захапляцца, прымяняючы азотазмяшчальныя падкормкі, таму што пры лішку азоту расліна пачне буяць, а цвісці стане вельмі скупа. Бальзамін, які дагля­даюць у хатніх умовах, добра рэагуе на ўгнаенні з высокім утрыманнем калію. Гэта стымулюе яго цвіценне. Падобныя падкормкі ўносяцца ў перыяд бутанізацыі.

Можна выкарыстоўваць монафасфат калію (5 г на вядро вады) — паліваць па 0,5 літра пад куст. Падыдзе і любая іншая падкормка.

Пры ўнясенні падкормак неабходна ўлічваць, што лішак солей у грунце можа выклікаць ападанне лістоў ці іх пажаўценне, што значна знізіць дэкаратыўнасць расліны. Каб гэтага не адбылося, комплексныя ўгнаенні рэкамендуецца даваць у палавіннай дозе ад указанай у інструкцыі. Акрамя таго, бальзамін любіць пазакаранёвыя падкормкі, якія пажадана праводзіць раз у два тыдні на працягу ўсяго перыяду вегетацыі. Напрыканцы лета падкормку спыняюць.

Размнажэнне

Размнажаецца і насеннем, і чаранкамі.

  1. Прасеяную, рыхлую глебу насыпце ў кантэйнеры, акуратна разраўняйце і злёгку папырскайце з пульверызатара, не дапускаючы ўшчыльнення глебы.
  2. Па паверхні субстрату акуратна рассыпце насенне, стараючыся размяшчаць яго як мага радзей. Аптымальна раскласці насенне па адным на адлегласці хаця б 2—3, а лепш і 4 см паміж імі.
  3. Паколькі бальзамін Уолера прарастае толькі пры доступе святла, цалкам насенне не закрывайце, а толькі злёгку прыцерушыце дробным пяском ці прасеянай глебай. Зверху акуратна папырскайце з пульверызатара.
  4. Накрыйце насенне празрыстым шклом ці плёнкай.

Для размнажэння чаранкамі ў расліны зразаюць верхавіну і ўкараняюць яе ў пяску ці вермікуліце, накрываюць плёнкай. Чаранок дае карэньчыкі праз 6—8 дзён, потым яго высаджваюць у грунт ці ў гаршкі з тарфяной сумессю. Чаранкаваць бальзамін можна ўвесь вегетатыўны перыяд. Калі вам неабходна атрымаць з кусціка бальзаміну максімальна вялікую колькасць чаранкоў, трэба ведаць такі сакрэт: незадоўга да пачатку чаранкавання расліну змяшчаюць у менш светлае памяшканне. Ад недахопу святла парасткі выцягваюцца, іх верхавінкі зразаюць і ўкараняюць у шклянках з халоднай кіпячонай вадой. Ніжнія лісцікі пры гэтым выдаляюць, каб яны не датыкаліся да вады. Карэньчыкі звычайна з’яўляюцца на працягу тыдня. Потым расліну можна высаджваць у грунт.

Памяшканне, дзе ёсць гаршкі з бальзамінам, неабходна час ад часу праветрываць — гэта дабратворна ўплывае на развіццё раслін. Аднак засцерагайце іх ад скразнякоў. Бальзамін хваравіта рэагуе на халодныя патокі паветра. Каб вырасціць прыгожую кветку, падтрымлівайце тэмпературу +16—+24°С.

Перад высадкай варта апрацаваць грунт фунгіцыдамі, крыху падкарміць гноем і ўвільгатніць.

Пікіроўка сеянцаў

Прыкладна праз 3—4 тыдні пасля ўсходаў, калі сеянцам стане цесна ў кантэйнеры, іх трэба распікіраваць у большы посуд. Занадта вялікія ёмістасці для гэтага не патрэбны, падыдуць маленькія пластыкавыя шкляначкі.

У хатніх умовах цяжка стварыць ідэальныя ўмовы для росту бальзамінавай расады. Сеянцы часта атрымліваюцца моцна выцягнутымі. Гэта, вядома, дрэнна, але не крытычна. Пры пікіроўцы заглыбляйце іх да семядольных лісцікаў, іншы раз расліны даводзіцца нават злёгу скручваць. Расліна добра пераносіць пікіроўку, але ўсё-такі некалькі дзён патрымайце шкляначкі ў цяні, не выстаўляце адразу на сонца.

Пасынкаванне

Пасля пікіроўкі маладыя расліны пачынаюць хутка расці, але, на жаль, гэтак жа хутка яны пачынаюць зноў выцягвацца. У гэты час у іх трэба прышчыпваць верхавінкі. У выніку і выцягванне стрымліваецца, і ўтвараюцца бакавыя парасткі, а кусцісты квітнеючы шарык заўсёды лепш, чым адзінокі доўгі парастак. Заўсёды прышчыпвайце парасткі ў бальзамінаў, фарміруйце куст.

Выкарыстанне

Бальзаміны можна выкарыстоўваць у любых кветніках, дзе неабходны квітнеючыя расліны, якія не патрабуюць пастаяннага догляду. Садовы бальзамін даволі высокі, ён хутка расце, добра кусціцца і доўга цвіце, таму яго можна высаджваць у новых мікс­бордзерах для запаўнення пустой прасторы паміж шматгадовымі кветкамі і хмызнякамі, якія яшчэ не разрасліся.

Цвіце бальзамін садовы ўсё лета, а часам і да кастрычніка, калі стаіць цёплае надвор’е. Калі цвіценне заканчваецца, на расліне з’яўляюцца сакавітыя плады ў выглядзе паўпразрыстай даўгаватай каробачкі з насеннем. Трэба падлавіць момант паспявання насення і акуратна сабраць яго ў мяшочак, каб выса­дзіць на наступны год.

 

 

 

Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы,
педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.