Непатрабавальная аглаанема

Аглаанема з’яўляецца прадстаўніком сямейства ароідныя. Гэтая расліна адносіцца да дэкаратыўна-ліставых і мае вельмі прыгожыя буйныя лісты. У прыродных умовах у аглаанемы лісце аднатоннае і афарбавана ў насычаны зялёны колер. У хатніх умовах часцей сустракаюцца стракаталістыя гатункі з малюнкам на лістах. Сярод стракатых дыфенбахій, мудрагелістых філадэндранаў аглаанемы выглядаюць даволі сціпла. Але ўважлівы погляд заўважыць вытанчаную форму і тонкую афарбоўку лістоў, прыгожыя плады. Гэтыя расліны лёгка мірацца з недахопам святла, “прабачаюць” неакуратны паліў і няўдалы субстрат, стойка пераносяць скразнякі. Адзіная жорсткая ўмова — цёплае памяшканне.

Догляд

Як і ўсе ароідныя, аглаанема не пераносіць прамых сонечных прамянёў, хаця менавіта гэтая расліна сярод усіх астатніх прадстаўнікоў сямейства мае патрэбу ў больш яркай асветленасці. Гэта звязана з тым, што ліставая пласціна расліны мае больш светлы малюнак, а ўсе стракаталістыя гатункі, як вядома, патрабуюць святла больш, чым кветкі з чыста зялёнымі лістамі.


Цвіценне аглаанемы часам нават складана заўважыць. На верхавінцы ці ў пазухах развіваюцца і кветканосы, увянчаныя небуйнымі суквеццямі з белым ці крэмавым пачаткам і светлым ці зеленаватым пакрывалам.

Пасля цвіцення аглаанемы на месцы пачатка ўтвараюцца невялікія сакавітыя аранжавыя ці пунсовыя ягады, якія змяшчаюць крэмавае ці карычневае авальнае насенне.

Галоўная добрая якасць культуры — яркае лісце, якое спалучае ўсе адценні ад густа-зялёнага да кармінавага. Яно круглы год робіць расліну аглаанемы ўпрыгажэннем любога падаконніка, а падтрыманне яго знешняй прывабнасці не патрабуе спецыяльных ведаў і намаганняў.

Аглаанеме, як жыхарцы тропікаў, лепш знаходзіцца ў цёплым памяшканні. Калі летам тэмпература паветра можа вар’іравацца ад 21 да 26°С, то ў зімовы час, калі рост крышку затарможваецца, расліне трэба забяспечыць утрыманне пры 18—20°С. Важна, каб у любую пару года паветра не ахалоджвалася ніжэй 12—15°С, інакш гэта негатыўна паўплывае на стан расліны. Асабліва небяспечны скразняк і паток холаду, які ідзе ад вокнаў ці балконаў, а таксама гарачае сухое паветра ад прыбораў ацяплення.

І зімой, і летам аглаанеме патрабуецца працяглы светлавы дзень, не меншы за 11—15 гадзін. Пры недахопе святла можа адбыцца празмернае выцягванне, лісце пры гэтым страціць сваю дэкаратыўнасць.

Хаця аглаанемы ценевынослівыя, стракаталістым раслінам вельмі важна рассеянае святло, якое падтрымлівае яркасць і якасць афарбоўкі іх лістоў. Летам у паўдзённы час вазоны з аглаанемамі зацяняюць, абараняючы ад прамых прамянёў, а зімой пры неабходнасці забяспечваюць штучнае асвятленне.

Паліў

Паліў мяняюць у залежнасці ад пары года, тэмпературы паветра і стану расліны. У цёплы час вільгаці трэба больш, чым зімой ці глыбокай восенню. Калі ў пакоі халаднавата, то колькасць вады скарачаюць. Пры гэтым не варта кіравацца распаўсюджаным, але памылковым меркаваннем пра безумоўную любоў да вільгаці ўсіх выхадцаў з тропікаў. Аглаанема лягчэй перанясе сухасць грунту, чым яго пастаяннае пераўвільгатненне.


Для паліву неабходна браць толькі адстоеную цёплую ваду. А субстрату ў вазоне паміж палівамі абавязкова даюць прасохнуць на глыбіню 2—4 см. Аглаанема добра ставіцца да арашэння і абмывання лісця цёплай вадой.

Не трэба забываць, што ў час вегетацыі расліна патрабуе рэгулярных падкормак. Іх праводзяць з ранняй вясны і да кастрычніка, выкарыстоўваючы ўгнаенні для дэкаратыўна-ліставых культур.

Пасадка

Для пасадкі аглаанемы лепш выкарыстоўваць неглыбокія міскі, паколькі карані ў яе не растуць далёка ўглыбіню. Калі ж такой ёмістасці пад рукой няма, можна ўзяць і звычайны вазон, аднак неабходна насыпаць у яго добры дрэнажны пласт, запоўніўшы на 1/3 вышыні. Гэта дазволіць істотна зменшыць аб’ёмы вазона: у ім не будзе лішняй глебы, а вада будзе добра праходзіць праз дрэнаж, што выключыць рызыку загнівання каранёў.

Аглаанема любіць лёгкую і пажыўную ліставую сумесь, у цвёрдай глебе ёй цяжка ўтвараць дзетак. Для вырошчвання кветкі можна выкарыстоўваць два варыянты глебы:

1. Сумесь магазінных субстратаў: для дэкаратыўна-ліставых раслін і для архідэй. Першая глебасумесь занадта рыхлая і мае ўласцівасць злежвацца, што не вельмі добра для аглаанемы. Але калі развесці яе такой жа колькасцю субстрату для архідэй, то атрымаецца аптымальны варыянт грунту для ароідных.

2. Тым кветкаводам, якія лічаць за лепшае самім рыхтаваць глебасумесь, неабходна ўзяць:

* 2 часткі дзярновай глебы;
* 1 частку перагною;
* 1 частку торфу;
* 1 частку перліту.

Калі маладая расліна паспела нарасціць доўгія карэньчыкі, абразаць іх не трэба, а лепш акуратна пакласці ў вазон і выраўнаваць, прысыпаўшы зямлёй. Часам аглаанему прыходзіцца з-за гэтага размяшчаць ля самага краю вазона, каб было месца для ўкладання карэньчыкаў, аднак нічога страшнага ў гэтым няма. Пры пасадцы трэба памятаць, што карэньчыкі вельмі ломкія, таму ўтрамбоўваць глебу вакол кусціка занадта не варта, каб не паламаць іх.

Перасадка

Асаблівасць аглаанемы ў тым, што маладыя экзэмпляры растуць даволі хутка, а потым рост прытарможваецца. Таму першы час прыходзіцца перасаджваць расліну штогод. А дарослы экзэмпляр звычайна перавальваюць у вазон большага памеру не часцей чым праз два ці тры гады.

Перасадку лепш праводзіць у пачатку вясны, клапатліва пераносячы расліну разам з грунтам у новы вазон. Паралельна з перасадкай дарослай расліны часта праводзяць дзяленне куста — адзін з самых папулярных і простых спосабаў размнажэння аглаанемы.

Размнажэнне

У хатніх умовах атрымаць маладыя расліны аглаанемы можна, падзяліўшы дарослы экзэмпляр, выкарыстаўшы пасынкі, атрыманыя са сцябла, а таксама насенне. Вегетатыўныя спосабы, як правіла, менш працаёмкія і дазваляюць хутчэй абзавесціся жыццяздольнай самастойнай раслінай.

Акрамя таго, што ў выніку такога размнажэння аглаанемы даччыныя экзэмпляры цалкам наследуюць бацькоўскія рысы, яны ўжо прыстасаваны да створаных умоў і лягчэй пераносяць акліматызацыю. Пры вырошчванні аглаанемы з насення ёсць рызыка ўбачыць на сваім падаконніку ўсходы з лісцем, якое кардынальна адрозніваецца ад бацькоўскага.

Некаторыя віды расліны ў час росту за 3—4 гады страчваюць кампактнасць, празмерна падаўжаюцца і патрабуюць абнаўлення. У гэтым выпадку зручна выкарыстоўваць сцябло для пасынкавання. Пасынкі наразаюць са здаровай расліны так, каб на адрэзку сцябла было па пары вузлоў, выкарыстоўваюць таксама і верхавінкавы пасынак. Увесь пасадачны матэрыял на зрэзах апрацоўваюць здробленым драўнінным вугалем, потым на працягу сутак падсушваюць і ўкараняюць у вадзе ці субстраце, які складаецца з сумесі роўных долей перліту і торфу.

Для хуткага ўтварэння каранёвай сістэмы і каб пазбегнуць загнівання пасадачнага матэрыялу, пасынкі павінны знаходзіцца пры тэмпературы ад 22 да 26 °С і ў пастаяннай вільготнасці.

Калі ўсе ўмовы пры размнажэнні аглаанемы выкананы, дастатковыя для пасадкі карані ўтвараюцца праз 20—30 дзён. Перасаджваць можна ў звычайны грунт для дарослых раслін, не забываючы пра дрэнаж і клапатлівыя адносіны да пакуль яшчэ слабых каранёў.

Пры перасадцы аглаанемы, калі расліна вельмі разраслася і дала бакавыя гучкі, яе можна падзяліць на некалькі самастойных дзялянак. Каб не зрабіць шкоду каранёвай сістэме, працэдуру праводзяць, папярэдне добра паліўшы грунт. Аглаанему ачышчаюць ад субстрату, разбіраюць карані і вострым нажом аддзяляюць даччыныя атожылкі. Важна, каб усе новыя расліны мелі свае карані і пункт росту. Месцы зрэзаў неабходна хуценька прысыпаць парашком з драўніннага або актываванага вугалю.

Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы,
педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.

Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*