Упрыгажэннем любога ўчастка, нават самага маленькага, можа стаць вадаём, а калі пасяліць у вадаёме німфеі, ён будзе прыцягваць да сябе асаблівую ўвагу і дарыць шмат станоўчых эмоцый гаспадарам і гасцям саду. Той, хто ўпершыню бачыць цвітучую ружовую німфею ў нашым вадаёме, не верыць, што яна сапраўдная — настолькі неверагодна выглядае гэтая цудоўная кветка.
Вадаём з німфеямі — упрыгажэнне саду і наша гордасць.
Як вядома з грэчаскай міфалогіі, німфеі — гэта божаствы прыроды: лясоў, гор, азёр, рэк і мораў. Нядзіўна, што кветкі, названыя ў іх гонар, цудоўныя. Род гарлачык, або німфея, уключае каля 50 відаў травяністых водных мнагалетніх раслін з мясістымі карэнішчамі. Кветкі буйныя, дзіўнай, прыгожай формы.
З размоў са сваімі знаёмымі садоўнікамі, нават самымі дасведчанымі, становіцца зразумела, што мала хто адважваецца вырошчваць німфеі, бо лічыць, што культура гэтая складаная і капрызная ў доглядзе.
Хочацца ўпэўніць усіх, хто сумняваецца: гэта не так! Мы вырошчваем німфеі ўжо больш за 5 гадоў, і гэта прыносіць нам вялікае задавальненне і радасць.
Намі была прадстаўлена даследчая работа “Что же делать, если вдруг затянулся тиной пруд” на конкурсе работ даследчага характару “Юны даследчык — 2019”. Як вынік — дыплом I ступені на раённым узроўні. На XVI Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Моладзь у навуцы 2.0’19” атрымалі сертыфікат удзельніка.
У даследчай рабоце мы не толькі даказалі, што ў барацьбе з водарасцямі дапамагаюць німфеі, але і расказалі, якім спосабам лепш за ўсё іх размнажаць.
Для нашага вадаёма німфею набылі ў магазіне. Найбольш распаўсюджаныя віды — белая і чыста-белая німфея. Але нашу ўвагу прыцягнула ружовая прыгажуня. Гэта німфея Escarboucle.
Пасадка
Неабходна ўзяць чаранкі з верхавін парасткаў з актыўнымі пупышкамі.
Перад пачаткам ачысціць карэнішча ад глею і старога лісця. Каб знізіць рызыку заражэння, карэнішча варта апрацаваць растворам перманганата калію. Прамытае вадой пасля апрацоўкі, карэнішча німфеі Escarboucle гатова да вегетатыўнага размнажэння.
Зрэзаўшы ў німфеі ўчастак карэнішча з пупышкай, неабходна яе пасадзіць у невялікую і шырокую ёмістасць (вядро на 10—12 л, таз), у якой трэба зрабіць дрэнажныя адтуліны.
Ёмістасці запоўніць глебавай сумессю: змяшаць у роўных прапорцыях вільготную гліну без якіх-небудзь прымесей, садовую зямлю і перагной.
Карэнішча размясціць гарызантальна, каб німфея правільна развівалася. Грунт добра ўшчыльніць, насыпаўшы зверху пласт чыстага пяску і выклаўшы камяні або гальку.
Завяршыўшы пасадку, ёмістасці трэба перанесці на дно сажалкі. Дарэчы, німфеі растуць у нас не толькі ў вадаёме, але і ў невялікіх бочках на альпійскіх горках.
Догляд
Расліна не патрабуе дадатковага догляду. Насуперак распаўсюджанаму меркаванню, што німфеі не варта заводзіць у вадаёмах, глыбіня якіх не перавышае 3 м, вадзяная лілея нядрэнна расце ў вадаёме з прэснай вадой з глыбінёй крыху больш за 1 м. Німфея не баіцца маразоў. Галоўная ўмова для яе зімоўкі — няпоўнае прамярзанне сажалкі. У такім выпадку ўжо ў момант раставання лёду на паверхні пачнецца рост німфеі. Таму на зіму мы не дастаём яе з вадаёма.
Цвіценне
Зацвітае расліна ў сярэдзіне мая. Кветкі трымаюцца да 4 дзён. Сцёблы ў тоўшчы вады скручваюцца ў спіраль, зацягваючы кветку на дно вадаёма. Цвіценне німфеі працягваецца да кастрычніка.
Вясной, адразу пасля раставання лёду і снегу, у садах яшчэ толькі расцвітаюць першыя цюльпаны, а ў нашым вадаёме, як у вялікім акварыуме, ужо цвітуць прыгажуні-німфеі! Прыгожыя кветкі німфеі зачароўваюць і захапляюць.
Яўгенія ІВАНОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Пяршайскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Валожынскага раёна.