Ну і цуд гэтыя лілеі!

Другая палова жніўня і ўвесь наступны восеньскі час — падыходзячы момант для пасадкі і размнажэння лілей. Яны добра растуць на адным месцы 4—5 гадоў, а потым робяцца дробнымі, страчваюць сваю дэкаратыўнасць. Некаторымі тонкасцямі вырошчвання з намі падзялілася вопытны кветкавод Кацярына Мікалаеўна Пінчук. Яе лілеі заўсёды здаровыя і прыгожыя.


Ідэальна, калі лілеі саджаюць у свежую глебу, але Кацярына Мікалаеўна пасадзіла свае лілеі гады тры назад на клумбу, дзе раслі аксаміткі. Месца яна выбрала высакаватае, абароненае ад ветру, у той жа час зрабіла так, каб лілеі не цяснілі іншыя кветкі. На месцы не было застою вады, які мог прывесці да гібелі цыбулін.

Глебу кветкавод выбірала не вельмі цяжкую, умераную, але пры пасадцы ўносіла ў лунку жменьку пяску і хвойнага ападу. Лункі зрабіла па 30—40 см. Насыпала ў лунку дзве сталовыя лыжкі комплекснага мінеральнага ўгнаення “Кеміра”.

Цыбуліны кветкавод замочвала ў растворы марганцоўкі (5 г на 10 літраў вады). Потым добра прасушвала.

Для пасадкі выбрала ціхі сонечны дзень. Калі пасадзіць цыбуліны глыбей, яны ўлетку менш пакутуюць пры перагрэве, а ўзімку маюць менш шансаў змерзнуць. Пры гэтым варыянце таксама ўтвараецца больш сцябловых каранёў.

Падкормлівае кветкі Кацярына Мікалаеўна асаблівым чынам. Спачатку шчодра іх палівае, потым на вільготную глебу рассыпае комплекснае мінеральнае ўгнаенне, а затым зноў палівае. Такія падкормкі ідуць лілеям на карысць.

Вельмі важна дачакацца, пакуль сцябло засохне на 1/3. Тады яго можна абрэзаць. Калі абрэзаць зялёнае сцябло, лілея не зможа поўнасцю сфарміраваць здаровую цыбуліну.

Найбольш часты варыянт размнажэння лілей — дзяленне гнязда цыбулін, якое за некалькі гадоў разраслося. Гэты спосаб размнажэння можна прымяняць да ўсіх гатункаў лілей. Пры гэтым поўнасцю захоўваюцца ўсе гатунковыя прыметы.


Узяцца за гэтую цікавую справу можна праз месяц пасля адцвітання кветкі. За гэты час лілея паспявае поўнасцю выспець і знаходзіцца ў стане падрыхтоўкі да зімы. Гняздо, якое разраслося, акуратна выкопваюць віламі, імкнучыся не пашкодзіць, раздзяляюць на асобныя цыбуліны і перасаджваюць на патрэбнае месца.

Можна размножыць і цыбулінкамі-дзеткамі. Яны звычайна ўтвараюцца ў аснове сцябла. Іх асцярожна аддзяляюць ад сцябла і садзяць на дарошчванне. Праўда, не ўсе гатункі лілей утвараюць такіх дзетак.

Вельмі спрыяльнае восеньскае размнажэнне лускавінкамі цыбулін. Кацярына Мікалаеўна робіць так. Буйная здаровая цыбуліна адмываецца ад зямлі. Пры лёгкім націсканні аддзяляюцца ад асновы некалькі знешніх лускавінак (з 1 цыбуліны можна зняць да 3—6 лускавінак). Нават пасля такой аперацыі матачная цыбуліна зацвіце ў вызначаны час. Аддзеленыя лускавінкі дэзынфіцыруюць і змяшчаюць у цёмныя пакеты з торфам пры пакаёвай тэмпературы. Праз 2 месяцы лускавінкі з утворанымі карэньчыкамі змяшчаюць у невялікія вазоны. Кацярына Мікалаеўна эксперыментавала так з белай лілеяй, і даволі ўдала.

Гэты спосаб размнажэння з’яўляецца ўніверсальным. Акрамя таго, такім чынам вы можаце размножыць рэдкія расліны, якія не даюць дзетак і бульбачак.

Бульбачкі ёсць толькі ў некаторых відаў лілей, у прыватнасці кучаравістай. Высяваюць іх восенню і адразу пасля пасадкі старанна прыкрываюць. Іх мульчыруюць тарфяной крошкай або лісцевым перагноем. Прыкрываюць і на зіму.

Дарэчы, Кацярына Мікалаеўна заўсёды ўкрывае свае лілеі на зіму сцёбламі адцвіўшых хрызантэм.

Існуе некалькі відаў лілей: азіяцкія, трубкаватыя і інш. Азіяцкія найбольш устойлівыя да складаных умоў. Існуюць азіяцкія гібрыды. Іх вырошчваюць практычна паўсюдна. Што ж трэба ведаць пра іх нявопытнаму кветкаводу?

Набытыя цыбуліны павінны быць пасаджаны ў грунт як мага хутчэй. Можна на некаторы час апусціць цыбуліну ў вільготны пясок.

У адкрыты грунт азіяцкія лілеі высаджваюць у канцы жніўня — пачатку верасня або вясной. Глыбіня пасадкі цыбуліны павінна быць 15—20 см ад донца цыбуліны. Калі глеба цяжкая, можна садзіць глыбей.

Ніколі не саджайце лілеі на ўчастку, дзе раслі цюльпаны або іншыя цыбульныя. Цюльпаны хварэюць на стракаталістасць, гэтая хвароба можа непрыкметна перадацца лілеям, тады калекцыю выратаваць будзе немагчыма.

Азіяцкія гібрыды аддаюць перавагу нейтральным і слабакіслым глебам, не выносяць арганікі і застою вільгаці.

Добра растуць яны на адным месцы 3—4 гады. Потым іх трэба рассаджваць.

Азіяцкія лілеі святлолюбівыя, таму ім патрэбна светлае месца. У цені яны могуць вырасці крывымі.

Вельмі важны агратэхнічны прыём — мульчыраванне. Слой сасновай кары, хвойнага ападу павінен быць не меншы за 5 см.

Падкормкі патрэбны падчас бутанізацыі. Потым частыя падкормкі могуць прывесці да хуткага завяршэння цвіцення.

Пасля цвіцення сцябло абразаюць на 1/3.

Вельмі цікавы дэкаратыўны эфект атрымліваецца, калі вы адразу пасадзіце ў адно гняздо некалькі лілей аднаго габітусу рознага колеру. У вас атрымаецца сапраўдны букет. Праўда, каб ён разрастаўся, не садзіце побач іншыя расліны.

Часам настрой лілеяводам псуе чырвоны жук. Калі яго мала, збярыце рукамі. Калі ж ён ужо размножыўся, выкарыстайце спецыяльныя прэпараты. Для кветак яны адносна бясшкодныя.

Ала ШАЎЦОВА.
Фота аўтара і з інтэрнэту.