Сінгоніум — расліна-сіноптык

Хатнія расліны — частка нашага ўтульнага, прыгожага жыцця; з імі і дыхаецца лягчэй, і бытавыя праблемы вырашаюцца прасцей. Гэта заўважылі яшчэ старажытныя кітайскія мудрацы, параіўшы чалавеку купіць на дзве апошнія манеты хлеб і кветкі, якія дадуць яму “нагоду жыць далей”. Сінгоніум — прадстаўнік сямейства ароідных, які прыйшоў да нас з Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі.

Сінгоніум — гэта хуткарослая ліяна з эфектнымі стрэлападобнымі лістамі, паветранымі каранямі і тонкімі сцёбламі. Па меры росту расліне неабходна ствараць апору, каб сцябло абвівала яе, падобна да таго, як у прыродных умовах яна абвівае ствалы магутных трапічных дрэў. Другі варыянт — вырошчваць кветку як ампельную, тады яе лісце будзе звісаць пышным дываном. Нягле­дзячы на адносную непатрабавальнасць, у сінгоніуму ёсць адна асаблівасць: яго млечны сок атрутны і можа выклікаць раздражненне слізістага покрыва. Менавіта таму трэба быць асцярожным, даглядаючы кветку.

Калі б хатнія расліны маглі выбіраць сабе прафесіі, то сінгоніум, напэўна, стаў бы сіноптыкам. Справа ў тым, што гэты зялёны гадаванец здольны прадказваць набліжэнне дажджу. Перад ападкамі сінгоніум пачынае “плакаць”: на завостраных кончыках яго лісткоў утвараюцца кропелькі вады.

Такую з’яву, характэрную для гэтай ліяны, можна цалкам лагічна растлумачыць з пункту гледжання навукі. З’яўляючыся выхадцам з зараснікаў трапічных лясоў, сінгоніум асабліва любіць вільгаць, а кропелькі вады на кончыках лістоў з’яўляюцца яго натуральнай рэакцыяй на павышаную вільготнасць паветра, якая часцей за ўсё і папярэднічае дажджу.

Месцазнаходжанне і асвятленне

Месца для вырошчвання сінгоніуму павінна быць з правільным асвятленнем і можа мяняцца ў залежнасці ад пары года і даўжыні светлавога дня. Яркія сонечныя прамяні кветцы супрацьпаказаны. Ідэальным будзе рассеянае асвятленне і паўцень, таму пажадана выбіраць падаконнікі на заходнім ці ўсходнім баку дома. У цёплую пару года неабходна ствараць кветцы паўценевыя ўмовы, а ў асеннія і зімнія месяцы выкарыстоўваць дадатковае падсвечванне лямпай дзённага святла.

Тэмпература і вільготнасць

Да тэмпературы сінгоніум ставіцца талерантна. У памяшканні яна не павінна быць вышэйшай за +25°С у летні час, зімой будзе дастаткова +17°С. Паколькі расліна родам з тропікаў, то вільготнасць паветра адыгрывае немалаважную ролю. Неабходна праводзіць штодзённае апырскванне лісця і паставіць ёмістасць з раслінай у паддон з керамзітам, заўсёды падтрымліваючы яго ў вільготным стане. Для апырск­вання ваду неабходна браць хатняй тэмпературы.

Паліў

Расліна з’яўляецца вільгацелюбівай і рэгулярны паліў ёй неабходны. Ён праводзіцца па меры таго, як высыхае зямля, гэта значыць калі глеба высахла на 3 см, яе варта ўвільгатніць. Для гэтага выкарыстоўваецца адфільтраваная ці адстоеная на працягу некалькіх дзён вада хатняй тэмпературы. Адзін раз на 10 дзён трэба купаць сінгоніум пад душам, старанна ўвільгатняючы земляны камяк у вазоне. Больш за тое, залогам дэкаратыўнасці і здароўя кветкі з’яўляецца яе рэгулярнае апырск­ванне, асабліва ў абагравальны перыяд, калі ў пакоі перасушанае паветра з-за цэнтральнага ацяплення.

Абрэзка

Вясенняя абрэзка парасткаў да даўжыні 20 см дазваляе амаладзіць расліну. На працягу года галіны сінгоніуму адраста­юць да 30 см (прыкладна на 6 лістоў). Прышчыпванне парасткаў на адлегласці 6 см ад лістка дае магчымасц­ь для галінавання ўжо існуючых параст­каў і росту новых. Гэты прыём дазваляе стварыц­ь кусцістую пышную крону. У цэнтр вазона ўстаўляецца труба, абматаная мохам, якая будзе апорай для сінгоніуму. Робіцца гэта пры перасадцы расліны ў іншы вазон, каб не пашкодзіць карані кветкі. Мох на трубцы ўвільгатня­юць у час паліву. Расліна сваімі паветранымі каранямі добра за яго трымаецца і закручваецца па апоры.

Сінгоніум з’яўляецца выдатным ачышчальнікам паветра ў памяшканнях. Яго лісце паглынае шкодныя рэчывы з навакольнага паветра, у тым ліку фармальдэгід, насычае памяшканне кіслародам. Многія кветкаводы лічаць сінгоніум раслінай, якая станоўча ўплывае на энергетыку чалавека. Кветка, якая стаіць у спальні, дорыць спакойны сон.

Сінгоніум можна вырошчваць без выкарыстання глебы, у гідрагелях рознай афарбоўкі ці іншых пажыўных рэчывах. Гэты метад называецца гідрапонікай і высаджаная такім чынам расліна ў празрыстым вазоне выглядае вельмі эфектна.

Глеба

Грунт для сінгоніуму трэба выбіраць рыхлы, каб ён добра прапускаў ваду і паветра. Кіслотнасць глебы павінны быць слабай ці нейтральнай (рН ад 6 да 7). Склад землясумесі можа быць наступным: зямля ліставая, перагной, пясок (вермікуліт) у суадносінах 2:1:1, з выкарыстаннем сосновай кары ў якасці разрыхляльніка. Гатовы грунт для высадкі расліны можна купіць у магазіне. Вазон для расліны павінен быць сярэдніх памераў. У вялікіх ёмістасцях можна высаджваць адразу па некалькі кветак, дзякуючы чаму яны будуць выглядаць пышнейшымі.

Перасадка сінгоніуму

Для маладых экзэмпляраў расліны гэтую працэдуру трэба выконваць штогод. Ужо дарослы сінгоніум дазваляецца перасаджваць праз кожныя 2—3 гады. Выконваецца перасадка наступным чынам.

На дно вазона насыпаецца дрэнаж.

Зверху дабаўляецца субстрат з нейтральным або слабакіслым складам.

Расліна асцярожна перасаджваецца ў новы вазон.

Для прыгатавання грунту трэба ўзяць частку пяску і па дзве часткі торфу, а таксама дзярновай і ліставой глебы. Пры гэтым хатні сінгоніум ідэальна падыходзіць для яго вырошчвання на гідрапоніцы.

Размнажэнне

Размнажаецца расліна з дапамогай верхавінкавых пасынкаў. Для гэтага патрабуецца мінімум адна пупышка на выбраным парастку. Для развіцця пасынка выдатна падыдуць: вада, запраўленая актываваным вугалем, звычайны пясок, сфагнум, вермікуліт.

Якасны рост парастка можна забяспечыць пры падтрыманні тэмпературы ў 25°С (дапушчальна адхіленне ў 2 градусы). Пасля ўкаранення пасынка расліны можна рассаджваць па асобных вазончыках.

Акрамя выкарыстання верхавінкавых пасынкаў, размнажэнне сінгоніумаў магчыма таксама пасынкамі сцябловымі даўжынёй ад 10 да 15 см, якія маюць не менш за два сцябловыя вузлы, даволі моцнымі і без прымет хвароб і наяўнасці шкоднікаў.

Наяўнасць або адсутнасць паветраных каранёў з’яўляецца вырашальным фактарам пры выбары спосабу ўкаранення — пасынак з паветранымі карэньчыкамі можна пасадзіць адразу ў грунт, у выпадку адсутнасці каранёў яго або ўкараняюць у вадзе, або ў сумесі роўных частак сфагнуму, вермікуліту і торфу, змясціўшы ў міні-цяпліцу (зробленую са слоіка ці пакета).

Толькі ў дзікай прыродзе можна ўбачыць цвіценне сінгоніуму. У канцы вясны на ліяне раскрываюцца кветкі белага колеру, потым утвараюцца пахучыя ягады, якія вельмі любяць малпы.

Праблемы пры вырошчванні

Жаўцізна на лістах — гэта толькі адна з распаўсюджаных праблем. Важна таксама ведаць, што рабіць пры іншых непрыемнасцях, з якімі вы можаце сутыкнуцца пры вырошчванні сінгоніуму. Лісткі могуць пачаць ападаць у выпадку недастатковай вільготнасці паветра. Перад гэтым іх краі і кончыкі набываюць карычневае адценне. Калі вы заўважылі такую праяву, неабходна тэрмінова павысіць вільготнасць у памяшканні, дзе знаходзіцца расліна.

Пры лішку вільгаці ў пакоі на кончыках лістоў сінгоніуму могуць з’яўляцца кропелькі. Аднак гэта ніколькі не шкодзіць кветцы, таму зніжаць вільготнасць паветра не абавязкова. А вось празмерна вялікая колькасць вільгаці разам з нізкімі тэмпературамі для расліны згубныя. У такім асяроддзі сінгоніум пачынае гнісці і вельмі хутка гіне.

Нізкая вільготнасць для расліны небяспечная не толькі з-за магчымасці ападання лісткоў, але і з прычыны стварэння для шкоднікаў добрых умоў. Сярод найбольш распаўсюджаных можна вылучыць тлю і шчытоўку, пазбавіцца ад якіх можна пры дапамозе павышэння ўзроўню вільгаці і апра­цоўкі месцаў пашкоджання спецыяльнымі растворамі з кветкавых магазінаў.

Шкоднікі

Шкоднікі сінгоніуму праяўляюць сябе рознымі спосабамі. Лісты пачалі скручвацца — значыць, кветка пашкоджана тлёй. Любімае месца шкодніка — ніжняя частка ліставой пласціны. У такім выпадку сінгоніум спыняецца ў росце, лісце пачынае страчваць колер, жаўцець і адпадаць, пакідаючы голыя парасткі. Для знішчэння шкоднікаў выкарыстоўваюць інсектыцыды, напрыклад, “Дэцыс”, “Фітаверм” і інш. Шчытоўка пашкоджвае лісты з абодвух бакоў, таму яны ўсыхаюць і адміра­юць. Для барацьбы можна выкарыстоўвац­ь фосфарарганічныя інсектыцыды, такія як “Актэлік” (20 кропель на літр вады). Калі на ніжняй частцы лісця з’явіліся карычневыя плямы, значыць, гэта трыпсы. Яны з’яўляюцца на сінгоніуме пры ўтрыманні расліны ў гарачым пакоі з перасушаным паветрам. Знішчаць калоніі гэтага шкодніка можна тымі ж прэпаратамі, якія паспяхова спраўляюцца з тлёй і шчытоўкай. Апрацоўку право­дзяць з дапамогай апырск­вання расліны. Для прафілактыкі праз два тыдні працэдуру паўтараюць.

Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы, педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.
Фота аўтара.