Святлолюбівая армерыя

Армерыя — невысокая шматгадовая трава, якая ўтварае зараснікі. Яе вышыня — 15—60 см у залежнасці ад віду. Корань стрыжнёвы, кароткі. Гладкае прамастаячае сцябло. Часам яно можа быць апушанае. Лісты, якія ўтвараюць прыкаранёвую разетку, падобны да травы цёмна-зялёнага колеру. Яны сабраны ў шчыльныя курціны (падушкі). Суквецці чырвонага, белага, ружовага ці фіялетавага колеру. Кветкі дробныя, злучаны ў суквецці ў форме шара. Кветка святлолюбівая, добра пераносіць засуху. Цвісці гэтая расліна будзе доўга, да 70 дзён, пачынаючы з мая. Вядомы выпадкі і паўторнага цвіцення. Гэтыя цвітучыя шматгадовыя расліны можна вырошчваць і ў адкрытым грунце, і ў кантэйнерах. Цудоўна суседнічаюць з іншымі кветкамі.

Пасадка

Для гэтага існуе некалькі традыцыйных спосабаў: пасадка насеннем у адкрыты грунт; вырошчванне з дапамогай расады; размнажэнне з дапамогай дзялення куста.

Пасадка насеннем

Для таго каб прарасло як мага больш насення, за тыдзень да пасеву яго трэба змясціць на паліцу для агародніны ў халадзільніку. А потым, непасрэдна перад сяўбой, замачыць у цёплай вадзе з дабаўленнем “Цыркону” ці іншага падобнага прэпарату на 7—9 гадзін. Гэтую маніпуляцыю трэба праводзіць і для насення, якое будзе высеяна ў адкрыты грунт, і для насення, з якога будзе вырошчвацца расада.

Пасадка на расаду

У падрыхтаваную зямлю, засыпаную ў неглыбокія кантэйнеры, пасе­яць насенне на глыбіню да двух сантыметраў.

Кантэйнеры паставіць у цёплае, светлае месца і чакаць усходаў. Пасля таго як саджанцы паднімуцца і ў іх з’явяцца па два сапраўдныя лісткі, іх трэба распікіраваць у асобныя вазончыкі ці ў парнік і падрасціць.

Сяўба насення непасрэдна ў зямлю магчымая вясной, але яна не дае добрай усходжасці нават з падрыхтаванага і апрацаванага насення.

Падрошчаныя, памацнелыя са­джанцы можна высаджваць на прыся­дзібным участку, як толькі міне пагроза вясенніх замаразкаў. Для пачатку трэба вызначыцца з месцам у садзе, дзе будзе расці ваша шматгадовая расліна. Яно павінна быць з глебай, у якой многа пяску і камянёў. Цёплае і незацененае. Ідэальна падыдзе альпійская горка ці клумба блізка ад вадаёма.

За некалькі дзён да пасадкі ў глебу неабходна ўнесці арганіку. Калі вы хочаце, каб армерыя расла групай і пакрывала зямлю дываном, трэба высаджваць расліны ў шахматным парадку з крокам 15—20 см. Для гэтага можна раздзяліць месца пасадкі лініямі, і на іх перасячэнні пасадзіць саджанцы. У выпадку, калі расліны павінны выдзяляцца, іх садзяць па адной на адлегласці да 40 см.

Пры пасадцы армерыі нельга заглыбляць каранёвую шыйку. Вакол саджанцаў трэба зрабіць больш цвёрдай глебу і паліць іх. Наступныя тры тыдні неабходна памятаць пра паліў, не дапускаючы поўнага перасыхання грунту.

Кветкі армерыі не любяць шчолачную зямлю. Пасаджаныя ў такую глебу, яны хварэ­юць і страчваюць дэкаратыўнасць. Калі ў вашым садзе вапнавы грунт, трэба нейтралізаваць вапну растворам воцату, ці дабавіць у грунт пры падрыхтоўцы ўчастка да пасадкі салетру аміячную.

Пасадка дзяленнем куста

Яе выконваюць вясной, калі маладыя парасткі пачынаюць прабівацца скрозь зямлю. Нестарую расліну ва ўзросце да пяці гадоў выкопваюць і дзеляць на некалькі частак. Потым расліны высаджваюць у лункі. Памер лунак пажадана зрабіць большым, чым дыяметр каранёў “навічка”. Гэта трэба, каб добра раскласці і выпрастаць карані. Зямлю абавязкова ўтрамбаваць і паліць. Ва ўсіх апісаных вышэй выпадках пажадана мульчыраваць маладыя расліны. Гэта засцеражэ іх ад перасыхання і абмяжуе рост пустазелля, якое выбіраць з густой ліставой разеткі армерыі вельмі нязручна. Зацвітаюць расліны, атрыманыя з насення, звычайна на другі год, а тыя, якія з’яўляюцца часткай дарослага куста, могуць зацвісці і бягучым летам.

Догляд

Армерыя непатрабавальная ў доглядзе. Кветка гэтага віду любіць сонца, яна засухаўстойлівая. Ёй патрэбны ўмераны паліў, у час дажджу дастаткова прыродных ападкаў. Трэба сачыць за тым, каб глеба паміж палівамі паспявала высахнуць, каб не дапусціць загнівання каранёў. У гарачае надвор’е трэба забяспечваць кветцы арашэнне метадам дажджавання.

Грунт для пасадкі павінен быць пясчаным ці камяністым, глыбінёй прыкладна 20 см. Можна стварыць яго самастойна, выкарыстоўваючы рачны пясок і зямлю з парніка.

Армерыя — кветка, якая любіць святло, таму лепш садзіць яе ў добра асветлены кут сада. Перад пасадкай глебу трэба папярэдне падрыхтаваць, старанна разрыхліўшы і дабавіўшы ўгнаенні.

Трэба сачыць за вільготнасцю глебы, каб не загнілі карані. Калі глеба вельмі вільготная, неабходна зрабіць дрэнаж. Трэба выканаць шэраг нескладаных працэдур, і ваша расліна заўсёды будзе выглядаць прывабна.

• Перад цвіценнем трэба падкарміць яе мінеральнымі ўгнаеннямі.

• Падкарміць яшчэ пару разоў у час пышнага цвіцення.

• У засушлівае лета трэба право­дзіць рэгулярны паліў, але заліваць расліну нельга.

• Пасля таго як армерыя пяць гадоў расла на адным месцы, яе трэба абнавіць. Для гэтага кветку выкопваюць, дзеляць на часткі і рассаджваюць. Гэта значыць, перасадка з дапамогай дзялення куста — абавязковая працэдура для армерыі.

Адзін з важных этапаў догляду кветкі — абрэзка. Абразаць армерыю трэба пасля актыўнай фазы цвіцення, выкарыстоўваючы секатар. Гэты няхітры спосаб дазволіць кветцы зацвісці паўторна за адзін сезон, а таксама не дасць расходаваць сілы на бутоны, якія ўжо не зацвітуць.

Хваробы і шкоднікі

Расліна не баіцца ні хвароб, ні шкоднікаў. Пагрозу ўяўляе толькі шчолачны грунт. У ім расліна можа стаць аслабленай, і тады на ёй з’яўляецца тля.

Для таго каб абараніць расліну, неабходна апрацоўваць яе прафілактычнымі прэпаратамі. Неабходна сачыць за тым, каб вільготнасць глебы не была павышанай, бо гэта прыводзіць да загнівання каранёў.

Кіслотнасць глебы таксама важная, інакш на расліне могуць з’явіцца плямы. Гэта небяспечна тым, што кветка запаволіць рост ці нават перастане расці. Выратаваць яе ў гэтым выпадку можа толькі кардынальная абрэзка.

Празмерны паліў і лішак угнаенняў могуць прывесці да таго, што расліна перастане цвісці.

Армерыя ў ландшафтным дызайне

Гэтая кветка ўніверсальная ў садзе. Добра выглядае з іншымі кветкамі, але можа расці самастойна асобнымі кустамі.

Армерыя ў ландшафтным дызайне выкарыстоўваецца ў ракарыях (сады з выкарыстаннем элементаў з камянёў), пры закладцы альпійскай горкі, паміж плітамі садовых дарожак, у якасці кветкавых бардзюраў.

Вельмі выйгрышна і кантрасна будуць выглядаць гэтыя кветкі на фоне яркай зеляніны ці высокіх раслін. З іншымі відамі сцелістых кветак таксама выглядаюць добра.

Зімоўка

Калі зіма будзе снежная, то расліна можа перазімаваць без укрыцця. Накрываць неабходна толькі адзін гатунак — дзірваністую армерыю. У якасці матэрыялу для ўкрыцця можна ўзяць лапкі, перапрэлае лісце і інш.

І звычайныя садаводы, і вопытныя ландшафтныя дызайнеры для ўпрыгожвання альпінарыяў, камяністых садоў, рабатак, кветкавых бардзюраў маюць у распараджэнні дзясятак відаў кветкі армерыі. Армерыя альпійская, армерыя прыгожая, армерыя прыморская, армерыя дзірваністая, армерыя звычайная, армерыя цудоўная, армерыя японская, армерыя сібірская, армерыя арктычная і іншыя.

Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы,
педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.