Традэсканцыя

У нашай рубрыцы мы ўжо пісалі пра традэсканцыю садовую віргінскую — чароўную расліну з дробнымі блакітнымі альбо белымі кветачкамі. Але ёсць яшчэ і пакаёвая традэсканцыя — непераборлівая ампельная расліна, якая гадоў трыццаць назад была ў кожным доме. Зараз мода на яе вяртаецца, і гэтая кветка вартая таго, бо падыдзе да любога інтэр’ера, добра расце ў цемнаватым месцы, не патрабуе вельмі стараннага догляду.

Існуе некалькі відаў традэсканцыі пакаёвай. У большасці іх лісце даволі дробнае, падоўжанае, завостранае, паверхня яго гладкая альбо апушаная. Афарбоўка лісця ў розных відаў бывае як раўнамерна зялёнай, так і паласатай (з белымі, крэмавымі альбо жоўтымі палоскамі). Таксама могуць прысутнічаць ружовыя, бэзавыя, фіялетавыя адценні. Стракаталісцевыя формы кветкі ў цяперашні час вылучаны ў асобны род — зебрына традэсканцыя.

Цвіценне пакаёвай традэсканцыі не ўяўляе асаблівай прыгажосці. Адны віды цвітуць у пакоі вельмі рэдка, другія — часцей. Дробныя бэзавыя альбо фіялетавыя кветачкі з’яўляюцца на канцах доўгіх сцёблаў.

Кветка добра расце і ў цёплых памяшканнях з тэмпературай да +25°С і ў больш халаднаватых, дзе тэмпература вагаецца ад +8 да +12°С. Нядрэнна пераносіць і цёплую зімоўку.

Гэтыя непераборлівыя расліны добра адчува­юць сябе не толькі ў памяшканнях з рассеяным святлом (вытрымліваюць яркае сонца), але і ў паўцені. Лепшыя месцы для вырошчвання — ля вокнаў, што выходзяць на захад альбо ўсход. Адна мая знаёмая кветкавод замацавала традэсканцыю ў прыгожым плеценым кашпо акурат на акне, убіўшы цвік над ім. Звонку гэта выглядае вельмі арыгінальна. Іншы варыянт — палічкі для ампельных кветак ці проста шафа альбо кніжная паліца. Зялёныя традэсканцыі ўвогуле добра пераносяць зацемненыя месцы, а стракаталісцевыя патрабуюць больш святла.

Летам традэсканцыі можна размясціць на ло­джыі альбо балконе. Атрымаецца ўтульная зялёная зона.

У вясенне-летні перыяд кветка мае патрэбу ў шчодрым паліве. Увосень і ўзімку яе паліваюць радзей — пасля падсыхання верхняга слоя зямлі ў вазоне. Лішак вільгаці больш шкодны, чым яе недахоп. Тым не менш пры доўгай засусе традэсканцыя будзе развівацца горш. Праз паўгадзіны лішак вады з паддона трэба выліць. У летні час расліну карысна апырскваць, зрэдку гэта можна рабіць і ў іншы час.

Традэсканцыя непатрабавальная да складу глебы. Добра расце ў сумесі перагнойнай і ліставой зямлі з дабаўленнем пяску. Вельмі цяжкая глеба для яе непажаданая.

З сакавіка па жнівень традэсканцыю ўгной­ваюць два разы ў месяц. Ро­бяць гэта комплексным мінеральным угнаеннем для дэкаратыўных раслін. Зялёныя формы можна падкормліваць угнаеннем на аснове біягумусу.

На жаль, асаблівасцю пакаёвай традэсканцыі з’яўляецца яе хуткае старэнне. Лісце ў аснове сцябла засыхае, парасткі агаляюцца. Кветку рэкамендуецца перасаджваць кожную вясну.

Для амаладжэння раслін можна выкарыстоўваць кароткую абрэзку. Густую зеляніну парасткаў дастаткова лёгка атрымаць шляхам прышчэпкі, якая спрыяе разгалінаванню.

Тоўстае мясістае карэні­шча традэсканцыі разрастаецца даволі марудна, таму яна можа доўга расці на адным месцы. Дзяленне карэні­шча лепш рабіць з сакавіка па май, але пры неабходнасці можна акуратна раздзяліць яго і перасадзіць з камяком зямлі ў пачатку лета.

Лёгка размнажаецца традэсканцыя чаранкамі з 2—3 міжвузеллямі, якія можна паставіць у слоік з вадой. Высаджваць у вазон лепш адразу некалькі парасткаў, каб атрымаць добра разгалінаваную кветку.

Ала ШАЎЦОВА.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту.