Цыкламен — кветка радасці і натхнення

Адна з самых прыгожых раслін у нашых дамах — цыкламен. Яго далікатныя кветкі ствараюць у пакоі радасную атмасферу. Гэта асабліва прыемна, таму што цвітуць цыкламены ў асенне-зімовы перыяд, калі так мала яркіх сонечных дзён.

Корань цыкламена ўяўляе сабой пляскатую круглую клубнецыбуліну да 15 см у дыяметры з адзі­ным пунк­там росту. Пашкодзіце яе — пашко­дзіце цыбуліну. Лісце ў цык­ламена прыкаранёвае, скурыстае, сэрцападобнае, расце на чаранках да 30 см даўжынёй, цёмна-зялёнага колеру з шаравата-серабрыстым малюнкам. Арыгінальнай формы кветкі падобны да дзіўных матылькоў — пялёсткі адагнутыя і завостраныя, часам махрыстыя, і колеравая палітра неверагодна шырокая: кіпенна-белыя, ружовыя, усе адценні чыр­вонага, бардовыя і фіялетавыя. Цвіце цыкламен даўжэй за тры месяцы.

Цікава, што цыкламен сімвалізуе сонца, хаця сам лічыць за лепшае расці на паўночных вокнах. Калі чалавек гля­дзіць на расліну, яго ахоплівае радасць і натхненне, ён адчувае прыліў сіл. Цыкламен вельмі карысна мець у дамах, дзе жывуць эмацыянальныя людзі з мяккім, але зменлівым характарам, якія вельмі залежаць ад свайго настрою, ад мер­кавання навакольных — кветкі вызваляюць іх замкнутую энергію.

Глеба

Субстрат для расліны неабавязкова купляць. Яго можна згатаваць самастойна па наступных рэцэптах:

  • ліставая зямля, перагной, пясок у суадносінах 2:1:1;
  • ліставая зямля, перліт, пясок (2:1:1).

Часам замест перагною ці перліту выкарыстоўваюць торф, але лепш па­збягаць яго ў складзе грунту для цыкламена. Кіслотнасць субстрату не павінна перавышаць рН 7. У адваротным выпадку павышаецца рызыка развіцця захворванняў.

Глебу перад пасадкай пажадана папярэдне абеззаразіць. Для гэтага яе награваюць у печы ці апрацоўваюць слабым растворам марганцоўкі. На дно вазона ўкладаюць дрэнажны пласт з дробных камянёў (граніт, жвір, галька).

Перасадка

  • лепшым для перасадкі лічыцца летні перыяд, калі цыкламен выходзіць са стану спакою;
  • сігналам для перамяшчэння ў новы вазон стане з’яўленне маладых лісткоў на клубняплодах;
  • нельга турбаваць расліну, якая цвіце;
  • прасторныя ёмістасці не падыходзяць для перасадкі — ад клубня да сценкі вазона павінна быць не больш за 3 см;
  • карані, якія разрасліся, перамяшчаюць у новы кантэйнер разам са старым земляным камяком.

Угнаенні

Для нармальнага развіцця і фарміравання бутонаў грунт неабходна насы­чаць пажыўнымі рэчывамі. Пачынаючы з перыяду нарастання ліставой масы і да з’яўлення кветак цыкламен падкорм­ліваюць раз на два тыдні мінеральным угнаеннем. Расліна добра рэагуе на арганіку. Умерана прымяняюць азотныя ўгнаенні. Іх лішак вядзе да загнівання каранёў. Пра недахоп жалеза сігналізуе пажаўценне лісця. У гэтым выпадку куст апырскваюць хелатам жалеза, а ў перыяд цвіцення ўносяць пад корань.

Празмерная падкормка азотнымі ўгнаеннямі перашкаджае цвіценню раслін. Лішак мінеральных угнаенняў у глебе дрэнна дзейнічае на цыкламен, таму пры падрыхтоўцы грунту для маладых раслін іх колькасць мінімізуюць.

У перыяд развіцця лісця цыкламена і фарміравання насення кветак пад расліну ўносяць мінеральныя ўгнаенні з мікраэлементамі. З сярэдзіны жніўня ў пажыўным растворы зніжаюць долю азотных угнаенняў, каб прадухіліць загніванне цыбуліны.

Рэгулюйце ўгнаенні ў залежнасці ад складу глебы, у якую пасаджаны цыкламен. Напрыклад, расліны, пасаджаныя ў спецыяльныя глебасумесі, не патрабуюць дадатковага ўнясення ўгнаенняў.

Падкормка спыняецца, калі расліна пачынае актыўна цвісці.

Падкормка выконваецца толькі ў папярэдне палітую глебу, каб не дапусціць назапашвання ў глебе солей.

Першая падкормка дазваляецца толькі пасля з’яўлення расткоў.

Падкормка праводзіцца толькі для здаровых раслін.

Асвятленне

Расліна святлолюбівая, але дрэнна пераносіць прамыя сонечныя прамяні. Ёй падыходзіць рассеянае святло ці паўцень. Аптымальна трымаць вазон на падаконніках усходніх і заходніх вокнаў. Калі ваша кватэра размешчана на паў­днёвым баку, трэба арганізаваць прыцяненне кветкі. На паўночным баку робяць дадатковае асвятленне.

Паліў

Ёсць пэўныя тонкасці і ў тым, як правільна паліваць цыкламен. Рабіць гэта можна двума спосабамі. Не рэкамендуецца, каб вада трапляла непасрэдна на клубень ці парасткі, таму паліў трэба рабіць або па краі вазона, або праз паддон:

ü рэкамендаваная тэмпература вады — на 3—4°С ніжэй за хатнюю;

ü праз гадзіну пасля паліву зліваюць лішнюю вільгаць з паддона, каб не загнівалі карані;

ü калі цыкламен адцвіў, праводзіць паліў трэба радзей;

ü летам лісце жаўцее і сохне, а клубень агаляецца — у гэты час паліў скарачаюць да мінімуму.

Паліў цыкламена ў перыяд спакою скарачаецца ў некалькі разоў, але цалкам спыняць яго нельга, каб карані не страцілі жыццяздольнасць. Калі лісце жаўцее, пакрываецца плямамі і ападае, значыць у памяшканні вельмі горача і суха.

Вільготнасць паветра

Усе цыкламены любяць вільготнае паветра. Забяспечыць высокую вільготнасць у хатніх умовах няпроста, асабліва ў зімовы ацяпляльны перыяд, таму кветку рэкамендуецца паставіць у паддон з керамзітам ці торфам, які пастаянна робяць вільготным. Апырскваць лісты і кветкі нельга. Можна ўвільгатняць паветра ў памяшканні, але ні ў якім разе не апырскваць саму кветку.

Размнажэнне

Размнажаць цыкламен можна вегетатыўным і насенным спосабамі. Вегетатыўным карыстаюцца толькі ў перыяд спакою расліны. Для гэтага:

  1. клубень дастаюць з грунту і прасушваюць;
  2. разразаюць на часткі так, каб кожная мела карэньчыкі і пупышку з лісткамі;
  3. зрэзы апрацоўваюць драўнінным вугалем і даюць падсохнуць;
  4. праз два-тры дні пасадачны матэрыял можна высаджваць у вазоны.

Догляд зімой

Перыяд актыўнага цвіцення цыкламенаў пачынаецца зімой. У гэтыя месяцы ёсць свае асаблівасці догляду расліны:

  • тэмпература памяшкання не павінна перавышаць +20°С, інакш цыкламен пачне скідваць лісце і раней увойдзе ў перыяд спакою;
  • першы раз угнаенні ўносяць, калі вышыня кветаноса з бутонам дасягае 10 см, падкормку паўтараюць яшчэ раз праз тыдзень. У якасці ўгнаення выкарыстоўваюць 0,01-працэнтны раствор гіберэліну, ім апырскваюць лісты.

Цвіценне і перыяд спакою

Пры недастатковым паліве і неналежным узроўні вільготнасці паветра ў памяшканні цыкламен наўрад ці парадуе вас цвіценнем. Не цвіце расліна і ў вельмі цёплым памяшканні, асабліва калі да такой тэмпературы не прывыкла. Праўда, часам цыкламен прывыкае да высокай тэмпературы і, калі ўсе астатнія ўмовы выконваюцца, у рэшце рэшт пачынае цвісці.

Калі цвіценне завяршаецца, у кветкі паступова жаўцее лісце — цыкламен рыхтуецца да перыяду спакою. Жоўтыя лісты лепш выдаляць, але не абразаць, а выкручваць да той пары, пакуль яны не аддзеляцца ад цыбуліны. Паліў паступова скарачаюць і толькі зрэдку паліваюць клубень, які адпачывае ў зямлі. Цыкламен трэба пераставіць у зацененае месца да таго часу, пакуль у расліны зноў не з’явяцца прыметы жыцця.

Хваробы і шкоднікі

Лісты, якія жаўцеюць і вянуць, мо­гуць з’яўляцца, калі расліне вельмі горача ці паветра ў памяшканні занадта сухое. Іншая прычына — яркае сонечнае святло. Таксама гэта можа адбывацца па прычыне недастатковага паліву.

Калі лісты і кветаносы загніваюць, хутчэй за ўсё, прычына — пераўвільгатненне глебы і пападанне вады на верхнюю частку клубня.

Калі цыкламен хутка адцвітае, зна­чыць ён знаходзіцца ў вельмі гарачых умовах і яму не хапае пажыўных рэчываў. Неабходна перанесці яго ў халаднаватае месца і рэгулярна ўносіць угнаенне.

Цыкламен можа пашкоджвацца рознымі відамі гнілі, а таксама наступнымі шкоднікамі: цыкламенавы клешчык, трыпсы, тля. Пра наяўнасць шкоднікаў гаворыць з’яўленне дробных дэфармаваных лістоў.

Карысныя парады

  1. Ні ў якім разе не захоўвайце клубні цыкламена, які адцвіў, у халадзільніку: пасля такога захоўвання цыбуліна не прачнецца.
  2. Цыкламен не выносіць гарачыні і духаты, але выдатна жыве ў халаднаватым памяшканні пры тэмпературы, некамфортнай для чалавека, — усяго 6—12°С.
  3. Прамыя сонечныя прамяні могуць выклікаць апёк на прыгожых лістах цыкламена.
  4. Не закопвайце клубень расліны ў зямлю: на паверхні павінна заставацца як мінімум трэць цыбуліны.
  5. Цыкламен не выносіць лішку мінеральных солей у глебе, таму будзьце асцярожныя з угнаеннямі.
  6. Вазон для цыкламена трэба браць маленькі, каб ад цыбуліны да сценкі вазона быў пласт глебы не таўсцейшы за 2—3 см.

Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы,
педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.
Фота аўтара.