Вясна ўступіла ў свае правы. Хутка час адпачынкаў, і многія з нас паспяшаюцца прыводзіць у парадак свае агароды і дачныя ўчасткі. Нехта вырошчае таматы і перцы, нехта — бульбу і кабачкі, нехта аддае перавагу кветкам. А я прапаную вам вырасціць кавуны, бо кавун — гэта цудоўны дэсерт з выдатнымі смакавымі якасцямі.
Бахчавыя прыйшлі да нас з Паўднёвай Афрыкі. Менавіта там упершыню пачалі вырошчваць гэтыя смачныя і сытныя ягады. Але не варта лічыць, што гэтая ягада выключна паўднёвая. Упэўніваю вас, што кавуны цудоўна адаптаваліся і добра сябе адчуваюць у беларускім клімаце. Усё часцей на нашых агародах можна ўбачыць паласатыя бакі гэтай духмянай гіганцкай ягады. І вырасціць яе не складаней, чым агурок. Трэба толькі выканаць некаторыя ўмовы, якімі я падзялюся з вамі.
Паколькі не ва ўсіх ёсць цяпліцы, я раскажу пра вырошчванне кавуна ва ўмовах адкрытага грунту.
Такім чынам, ідзём у садовыя цэнтры і выбіраем насенне. Правільна выбранае насенне — гэта 50% поспеху. На мой погляд і вопыт маіх калег-агароднікаў, добра зарэкамендавалі сябе “падарунак Поўначы F1”, “ружовае шампанскае F1”, “Адысей F1”, “Лівія F1” і іншыя гібрыды. Перавагу лепш аддаць менавіта гібрыдам, а не гатункам, бо яны больш жывучыя.
У канцы красавіка кладзём насенне на прарошчванне. Зручна пакласці яго на вільготныя ватныя дыскі і паставіць у цяпло. (Дыскі намачыць звычайнай цёплай вадой. Пакласці семечку на вільготны ватны дыск і зверху вільготным дыскам накрыць. Семечку можна злёгку разлузаць пасля таго, як яна намокне. Можна ўсё гэта змясціць у пакет, але пакет трэба адкрываць для праветрывання. Сачыць, каб вада не высахла.) Як толькі семечка намеціцца, перамяшчаем яе ў вазончык з грунтам. (Я аддаю перавагу грунту “Тэравіта”.) Пасадка насення — на глыбіню 5—6 см. Накрываем вазон плёнкай і ставім у цёмнае месца. Пажадана, каб тэмпература была +25—+30 градусаў, але не менш за +22 градусы. Праз тыдзень плёнку знімаем і выстаўляем вазон з будучым кавуном на святло. Калі расток з’явіцца раней, то расліну на святло выстаўляем раней. Далей зніжаем тэмпературу да +20—+25 градусаў, каб сеянцы не выцягваліся.
Да моманту высадкі на пастаяннае месца расадзе павінна быць 20—25 дзён (лічыць ад даты пасадкі прарошчанага семечка). Расаду я не падкормліваю. Пажыўны грунт — і ўсё. Перад высадкай расады яе трэба загартаваць. На працягу дзён дзесяці выносім расліны на адкрытае паветра (на балкон). Спачатку на паўгадзіны, паступова павялічваючы час “прагулак”.
Калі вы вопытны і смелы агароднік, то можаце прышчапіць кавун на лагенарыю. У інтэрнэце вы знойдзеце дзясяткі відэаўрокаў, як гэта робіцца. І калі ў вас атрымаецца, то прышчэпленыя кавуны вырастуць буйнейшымі за не прышчэпленыя. Зніжаецца небяспека захворвання расліны на фузарыёз.
Як рыхтаваць пасадачнае месца? Капаем ямку, насыпаем туды 15—20 літраў куплёнай зямлі або кампосту, дабаўляем сталовую лыжку суперфасфату або ўгнаення “Фертыка” і паўшклянкі попелу. Перамешваем з зямлёй. Садзім расаду на пагорачак-узвышэнне. Пад корань паліваць нельга, таму што кавуны ўспрымальныя да грыбных хвароб. Робім вакол пагорачка кольца і паліваем толькі цёплай вадой.
Пры пасадцы дабаўленне пажыўнага грунту і ўгнаення абавязковае для развіцця кавуна. Кавун любіць фосфар і калій. У далейшым догляд расліны звычайны: рыхленне, паліў. Першы паліў трэба выканаць пры пасадцы, другі — пасля з’яўлення 5—7 лістка, потым у перыяд цвіцення, затым — па меры неабходнасці.
На працягу ўсёй вегетацыі я больш нічым не ўгнойваю кавуны. Мая мэта — экалагічна чысты прадукт, думаю, як і ваша. Першапачатковай падрыхтоўкі лункі дастаткова. (Магчыма падкормка попелам пры з’яўленні завязей.) І яшчэ. Кавуну нельга азот, таму ніякага свежага гною!
Існуюць розныя меркаванні пра тое, што слаць на зямлю. Нехта сцеле плёнку (чорную або празрыстую), нехта — аграспан. А нехта мульчыруе какосавым субстратам. Выбірайце тое, што вам зручна і даступна. Зверху ставім дугі і накрываем нятканым матэрыялам. Растуць кавуны пад укрывальным матэрыялам увесь сезон. Ён абараняе расліны ад дажджоў, ад шкоднікаў, ад апёкаў. У асабліва гарачы час можна прыадкрываць кавуны для праветрывання.
Прынцып вырошчвання кавуноў у цяпліцы такі ж, як і ў адкрытым грунце, толькі кавуны вырошчваюць вертыкальна. Падвязваюць плеці, а самі плады ўкладваюць у падвязаныя сетачкі, кошыкі, кашпо. Фарміруюць кавуны ў адну плець. Усе бакавыя плеці пасынкуюць. Першыя жаночыя кветкі трэба… праігнараваць. А трэцюю, чацвёртую і, калі трэба, пятую апыляем. Пэндзлем знімаем пылок з мужчынскай кветкі і пераносім на жаночую. Жаночую кветку адрозніць лёгка, яна быццам ужо з маленькай завяззю кавуна. Калі не апыліць простай мужчынскай кветкай, то яна адпадзе. Калі завязь пачынае расці, вешаем бірачку з датай завязі. Гэта вельмі дапаможа, калі настане час збіраць ураджай.
На расліне пакідаем 2 ягады, якія растуць.
Як толькі кавун дасягнуў свайго гатункавага памеру і перастаў расці, трэба спыніць паліў. Інакш плады будуць вадзяністымі і цукру не набяруць. Не паліваць ні кроплі! Якімі б жаласлівымі вачамі кавун на вас не глядзеў! Я ведаю, як хочацца паліць, калі зямля зусім сухая. Трымайцеся! Думка пра салодкія кавуны будзе надаваць вам сіл.
Мой самы першы кавун важыў усяго 1,7 кг. Гатунак быў драбнаплодны, я не ведала пра паліў і іншыя тонкасці. Але гэта быў самы прыгожы, чырвоны і духмяны кавун у свеце!
Жадаю вам цудоўных дзесяцікілаграмовых кавуноў. У вас усё атрымаецца!
Іна АНТОНАВА,
педагог.
Фота аўтара.