Вясновая рапсодыя

У сёлетнім красавіку ідзе мокры снег, дзьме зусім не цёплы вецер, але ўсё ж такі жыццё набірае сілу. Успомніце, з якой любоўю вы саджалі восенню першацветы, нарцысы, цыбульныя кветкі — крокусы, мускары, сцылы, хіёнадоксы. І адбыўся веснавы цуд — усё гэта зацвіло або рыхтуецца да цвіцення. Цудоўна перазімавала гейхера — яе барвовае лісце так і ззяе рознымі пералівамі, выпусціла свае тычкі хоста, паказаліся апетытныя парасткі півоняў і садовых традэсканцый. Амаль паўметра ўжо даўжыня ў майго ўпадабанага кляматыса. Вось-вось зацвітуць ажурны каменяломнік і флёкс ігольчасты.

Клапатлівыя кветкаводы вырошчваюць расаду, але не вельмі сумуйце тыя, у каго няма такой магчымасці. Купіце насенне кларкіі, гадэцыі, аднагадовай валошкі, аксамітак, цыніі (у добрым грунце яна паспяхова дагоніць расадную), настуркі, алісум і інш. Усё гэта пры добрым доглядзе ператворыць вашу клумбу ў сярэдзіне ліпеня ў казачнае царства.

Зямля яшчэ халодная, але, што цікава, не мерзлая, так што можаце падзяліць касачы, хосту, гейхеру, хрызантэмы, першацвет. Хаця па маіх шматлікіх назіраннях аптымальны тэрмін для дзялення першацвету — раз у тры гады. Адна мая знаёмая робіць гэта кожную вясну, прычым ранавата, і ўсё прыжываецца — ну што ж, гэта яе стыль. Святлана Аксёнава садзіць прымулы радком. Таксама арыгінальна. І для сябе я зрабіла адкрыццё: не вельмі любяць галандскія нарцысы нашу глебу, хілаватыя атрымліваюцца. Пара штук увогуле цвіце ў мяне праз год. Мая прыяцелька Кацярына Пінчук садзіць нашы, беларускія: яны добра зімуюць, вырастаюць з моцнымі сцёбламі. У Надзеі Краснік прыгожа цвітуць галандскія батанічныя цюльпаны. Тут, праўда, ёсць адзін нюанс — цыбуліны ёй прывозілі непасрэдна з Галандыі. Яшчэ адна знаёмая кветкавод Святлана Хацкевіч ужо месяц прарошчвае каны. Яна не робіць гэта вельмі рана, у лютым, бо лепш пасадзіць пазней, калі пагроза замаразкаў канчаткова міне.


Учора я ўзяла фотаапарат і прайшлася па мікрараёне, у якім жыву. Убачыла нават такі цуд, як гіяцынты. Ведаю, што гэтыя кветкі вельмі капрызныя і могуць перазімаваць дрэнна. Але, відаць, гаспадыня іх старанна ўкрыла на зіму.

Ужо зараз кветкавы рынак ажывае. Абавязкова спытайцеся ў прадаўца, якая глеба патрэбна для кветкі, што лепш для яе — цень або сонца, ці вельмі пераборлівая ў доглядзе. Гадоў пяць назад я купіла гарычку ледзь ці не за пяць долараў. Ёй падыходзіць цень, а ў мяне — сонца. З бузульнікам адбылася цікавая гісторыя: у спякоту ён патрабаваў вельмі шмат вільгаці, і я яго падарыла. У маёй сяброўкі ён так разросся, што яна з задавальненнем аддала мне палову куста. І я не адмовілася: вельмі добра памятаю кветкі, з якіх пачынала, і таму яны мне дарагія. Гэта півоні, птушкамлечнік, скочкі.


А яшчэ ў мяне ёсць маленькае веснавое свята — цвіценне фарзіцыі. Я нават спецыяльна езджу ў тыя месцы, дзе яе шмат. Не менш люблю керыю, вейгелу, язмін. Але фарзіцыя для мяне, як для японцаў сакура.

Ала ШАЎЦОВА.
Фота аўтара і з інтэрнэту.