Вясновая рапсодыя

Сёлетні красавік выдаўся халодным, дзьме зусім не цёплы вецер, і ўсё ж такі жыццё набірае сілу. Успомніце, з якой любоўю вы саджалі ўвосень першацветы, нарцысы, цыбульныя кветкі — крокусы, мускары, сцылы, хіянадоксы. І адбыўся веснавы цуд — усё гэта зацвіло альбо рыхтуецца цвісці. Цудоўна перазімавала гейхера — яе барвовае лісце так і ззяе рознымі пералівамі. Выпусціла свае тычкі хоста, паказаліся апетытныя парасткі півонь і садовых традэсканцый. Амаль паўметра ўжо даўжыня ў майго ўпадабанага клямаціса. Вось-вось зацвітуць ажурная каменяломка і флёкс ігольчасты.

Клапатлівыя кветкаводы вырошчваюць расаду, але не вельмі сумуйце тыя, у каго няма такой магчымасці, купіце насенне кларкіі, гадэцыі, аднагадовай валошкі, аксамітак, цыніі (у добрым грунце яна паспяхова дагоніць расадную), настуркі, алісуму і інш. Усё гэта пры добрым доглядзе ператворыць вашу клумбу ў сярэдзіне ліпеня ў казачнае царства.

Зямля яшчэ халодная, але, што цікава, ня мёрзлая, так што можна падзяліць касачы, хосту, гейхеру, хрызантэмы, першацветы. Хаця, па маіх шматлікіх назіраннях, аптымальны тэрмін для дзялення першацвету — раз у тры гады. Адна мая знаёмая робіць гэта кожную вясну, прычым ранавата, але ўсё прыжываецца. Іншая знаёмая, Святлана Аксёнава, садзіць прымулы радком. Для сябе я зрабіла адкрыццё: не вельмі любяць галандскія нарцысы нашу глебу, вырастаюць слабаватыя. Праўда, нарцыс батанічны (мініяцюрны) цвіце няблага. Мая прыяцелька Кацярына Пінчук садзіць нашы, беларускія — яны добра зімуюць, маюць моцныя сцёблы. А  вось у Надзеі Краснік галандскія батанічныя цюльпаны цвітуц­ь прыгожа. Тут, праўда, ёсць адзін нюанс — цыбуліны ёй прывозілі непасрэдна з Галандыі. Яшчэ адна мая знаёмая, кветкавод Святлана Хацкевіч, ужо месяц прарошчвае канны. Яна не робіць гэта вельмі рана, у лютым, бо лепш пасадзіць пазней, калі пагроза замаразкаў канчаткова міне.

Учора я ўзяла свой памочнік фотаапарат і прайшлася па мікрараёне. Убачыла нават такі цуд, як гіяцынты. Відаць, гаспадыня іх старанна ўкрыла на зіму. Ведаю, што гэтыя кветкі вельмі капрызныя і мо­гуць перазімаваць дрэнна.

Ужо зараз кветкавы рынак ажывае. Абавязкова спытайцеся ў прадаўца, якая глеба патрэбна для кветак, што для іх лепш — цень альбо сонца, ці вельмі пераборлівая расліна ў доглядзе. Так, гадоў пяць назад я купіла гарычку, якая каштавала нятанна. Але ёй падыхо­дзіць цень, а ў мяне сонца. А бузульнік, напрыклад, у спякоту патрабаваў вельмі шмат вільгаці, і я яго падарыла. У маёй сяброўкі ён так разросся, што яна з задавальненнем аддала мне потым палову куста. І я не адмовілася. Вельмі добра памятаю кветкі, з якіх я пачынала, таму яны мне дарагія. Гэта півоні, птушкамлечнік, скочкі.

А яшчэ ў мяне ёсць маленькае вясновае свята — цвіценне фарзіцыі. Я нават спецыяльна езджу ў тыя месцы, дзе яе шмат. Не менш люблю керыю, вейгелу, язмін. Але фарзіцыя — гэта для мяне як для японцаў сакура.

Ала ШАЎЦОВА.
Фота аўтара.