Вясёлка са смакам тамата

У Беларусі можна вырасціць памідоры экзатычных гатункаў

Скажыце, што вы ўяўляеце, пачуўшы слова “памідор”? Як правіла, свядомасць выдае нам карцінку ярка-чырвонай агародніны. Чырвоны тамат вельмі папулярны. Мы купляем яго ў магазіне і вырошчваем на сваіх агародах. Менавіта чырвоны. Часам — жоўты і яшчэ радзей — аранжавы ці чорны (тыпу знакамітага гатунку “чорны прынц”).


Некалькі гадоў назад я сур’ёзна захапілася вырошчваннем таматаў. Стала збіраць звесткі пра агратэхніку іх вырошчвання і выпадкова трапіла на сайт памідораводаў-аматараў. Там я пазнаёмілася з захопленымі людзьмі, якіх можна назваць Помідоралюбамі з вялікай літары. Яны адкрылі для мяне цудоўны смачны свет таматаў.


Раней я нават уявіць не магла ўвесь спектр каляровай гамы і смакавых якасцей таматаў. Белыя, бэзавыя, сінія, зялёныя, чорныя, двух- і нават трохколерныя, у палоску і ў крапінку, ад 10 грам да кілаграма і нават больш. А смак можна падабраць для любога гурмана.


У першы год, пасадзіўшы каля 50 гатункаў таматаў-экзотаў, я крыху сумнявалася: атрымаецца — не атрымаецца. З нецярпеннем чакала паспявання. Прыйшоў ліпень, пара першых саспелых пладоў. Тое лета выдалася цёплым і сонечным, памідоры на маім участку ў Мінскай вобласці раслі добра.


Першы ўраджай таматаў даў экзатычны гатунак “джорджыя паласатая”: крэмава-ружовы плод з аранжавымі палоскамі. Як я радавалася прыгажосці і прыемнай фруктовай нотцы гэтага гатунку!

Потым паспелі зеленаплодныя памідоры. Так-так! Зялёныя, з ледзь жаўтаватым адценнем і нават проста зялёныя таматы могуць быць цалкам спелыя. Часам вызначыць іх спеласць па знешнім выглядзе проста немагчыма. Іх трэба трохі сціскаць пальцамі. Саспелыя — злёгку мяккія. Гэта гатункі “малахітавая скарбонка”, “ірландскі лікёр”, “таямніца зялёнай лічынкі”.


Потым прыйшла пара бікалораў. Гэта цяпер мае самыя любімыя гатункі — з адценнямі фруктовых смакаў. Бікалоры (двухколерныя гатункі) вельмі любяць цяпло і шмат сонца. Калі лета халаднаватае, то яны могуць быць праснаватымі на смак. Але калі з надвор’ем пашанцавала, то смак проста дзівосны! Гэта гатункі “прысмакі Вірджыніі”, “канада”, “армянскія”, “зорка Тэхаса” і іншыя.


Апошнімі з экзотаў спеюць гатункі колеру індыга. Іх афарбоўка таксама вельмі разнастайная. Сіне-чырвоныя, фіялетава-ружовыя, сінія з жоўтым, з палоскамі. Мне палюбіліся “танцы з смурфамі”, “буякі”, “сібірскі тыгр”.


Агратэхніка экзатычных таматаў нічым не адрозніваецца ад вырошчвання іх чырвоных сабратаў. Хіба што буйнаплодныя бікалоры ўсё ж для цяпліц. Пры пасадцы ў лунку я насыпаю 1 сталовую лыжку суперфасфату і жменьку попелу. Да першай падкормкі апырскваю таматы эпінам і цырконам некалькі разоў — гэта дапамагае раслінам адаптавацца да перападаў тэмпературы, што немалаважна ў сёлетнюю халодную вясну. У перыяд масавага цвіцення кормім па лісцях борам (1грам борнай кіслаты на 1 літр вады): падкормку даём не пад корань расліны, а пырскаем прама па лісцях.


Праз 2 тыдні пасля пасадкі каля кожнага кусціка палачкай раблю паглыбленне і насыпаю туды 1 чайную лыжку ўгнаення “Фертыка” (лета). Калі пачнуць налівацца плады, пад кожную расліну насыпаю па жмені попелу або паліваю зольнай выцяжкай, бо ў гэты час расліне неабходны калій.


Часам падкормліваю таматы травяной настойкай (дзьмухаўцы, крапіва, бананавая лупіна). Будзьце асцярожны з перадазіроўкай азоту (гной, курыны памёт лепш не выкарыстоўваць). Я неяк дадала ў таматавыя градкі перагной і перашчыравала, з той пары ўжо некалькі гадоў стрымліваю буянне таматаў жорсткім выдаленнем ніжняга лісця і павелічэннем дозы фосфару.

І пра страшылкі пад назвай “фітафтароз”. Чым ратавацца?


Пры вырошчванні таматаў у цяпліцы атрымліваецца абысціся без хіміі. Але з сярэдзіны чэрвеня як мага часцей трэба праводзіць прафілактычныя апрацоўкі — апырскванне кустоў. Чаргуем: 1 літр сыроваткі (малака) + 30 кропель ёду на 10 літраў вады; 20 таблетак метранідазолу на 10 літраў вады; выцяжка з попелу. Для прафілактыкі фітафторы важна пастаяннае праветрыванне, а таксама мульчыраванне пасадак.


На жаль, у адкрытым грунце без прымянення хімічных прэпаратаў дачакацца спелых пладоў да з’яўлення фітафторы амаль ніколі не атрымліваецца. Калі ж рабіць усё па інструкцыі, то шкоды здароўю мы не нанясём. Я раблю 4 апрацоўкі (3 з якіх пажадана зрабіць да 1 ліпеня). Чаргуюцца сістэмны і кантактны прэпараты (“Медны купарвас”, “Хом”, “Метаксіл” і інш.). Уважліва чытайце інструкцыі, вытрымлівайце тэрміны чакання, старанна мыйце агародніну!


Вырасціўшы аднойчы бікалор або сіні тамат, вы ўжо не зможаце адмовіцца ад іх ніколі. Трэба толькі падабраць смак для сябе.

На жаль, нашы насенныя магазіны не стракацяць разнастайнасцю экзатычнай агародніны. Шукайце іх па аб’явах у прыватных калекцыянераў. З Кітаем звязвацца не раю, бо гэта выдаткаваныя марна грошы і пустыя чаканні. Правярала гэта сама.


Жадаю кожнаму чытачу знайсці свае гатункі і атрымліваць эстэтычнае і смакавае задавальненне ад такой простай і такой незвычайнай агародніны, як тамат.

Іна АНТОНАВА,
педагог.
Фота аўтара.