Вырошчваем дыні

Многія дачнікі ў Беларусі вырошчваюць дыні. Хтосьці спрабуе іх вырошчваць у парніках і цяпліцах, а нехта даволі паспяхова здымае багаты ўраджай з адкрытага грунту. Праўда, для гэтага патрабуецца, каб лета было цёплым і сонечным. Мы ў сябе таксама добры дзясятак гадоў вырошчваем гэтую цеплалюбівую паўднёвую культуру. Як паказвае наш шматгадовы вопыт, у Беларусі экзатычную расліну лепш за ўсё вырошчваць праз расаду.

Сёння я падзялюся сваім вопытам вырошчвання дыні. Трэба сказаць, што справа гэта не надта складаная. Пры жаданні нават пачынаючы агароднік можа атрымаць добры ўра­джай. Трэба сказаць, што ў 2020 годзе мы ў сябе вырошчвалі дыні больш у парніках і атрымалі даволі добры ўраджай. З-за не зусім спрыяльнага вясновага і летняга надвор’я ў адкрытым грунце ў мінулым го­дзе дыні ў нас на дачы не паспелі выспець да канца.

Перад сяўбой насення на расаду трэба праверыць яго на ўсходжасць. Для гэтага змясціце насенне ў 2%-ны працэнтны раствор звычайнай солі. Непрыдатнае для пасадкі насенне ўсплыве, а тое, што засталося, будзьце ўпэўнены, узыдзе.

У канцы красавіка — пачатку мая самы час выса­дзіць насенне дыні на ра­саду. І да канца мая ў вас будзе гатовая расада для высадкі ў адкрыты грунт. Саджанцы моцнай ра­сады да канца мая — пачатку чэрвеня будуць гатовыя да высаджвання на зага­дзя падрыхтаваныя і добра ўгноеныя градкі. Галоўнае, каб да гэтага часу глеба добра прагрэлася. Дарэчы, гэтай расліне патрэбна добра праг­рэтая глеба на працягу ўсяго сезона. Як вырошчваць уласна ра­саду — пытанне простае.

Семачкі дыні неабходна змясціць у тарфяныя ёмістасці з глебай для ра­сады. У кожную ёмістасць — па адным. Справа ў тым, што гэтая культура абсалютна не пераносіць пікіроўкі. Насенне заглыбляюць на 2—3 см. Паліў неабходны ўмераны, інакш карэньчыкі могуць загніць. Узыхо­дзяць дыні праз 2 тыдні пасля пасадкі.

Вырошчванне ра­сады павінна доўжыцца не больш за месяц, таму неабходна разлічыць тэрмін. Акрамя таго, трэба ўлічваць высокую ўспрымальнасць гэтых раслін да замаразкаў.

За тыдзень да пасадкі перакопваем і рыхтуем у сонечным месцы градку (на якой да гэтага не раслі агуркі, гарбузы або кабачкі) і ўгнойваем глебу. Гэта трэба зрабіць абавязкова, паколькі карані ў гэтай расліны вельмі вялікія і маюць патрэбу ў пэўнай колькасці пажыўных рэчываў.

Рыхтуем лункі, якія заліваем цёплай вадой, і чакаем яе поўнага ўсмоктвання. Нельга заглыбляць расліну пры перасадцы. Каранёвы камяк павінен выступаць над паверхняй глебы прыкладна на 2 см. Гэта забяспечыць вентыляцыю каранёў і будзе перашкаджаць іх загніванню. Адлегласць паміж дарослымі кустамі павінна складаць каля метра.

Як расада, так і дарослыя расліны дыні не пераносяць пераўвільгатнення глебы, таму паліў трэба рабіць прыкладна раз на два тыдні. У любым выпадку зямля пад кусцікамі раслін не павінна быць вільготнай, а лепш злёгку падсохлай.

Вырошчванне гібрыдаў і гатунковых дынь некалькі адрозніваецца. Справа ў тым, што ў гатунковай дыні жаночыя кветкі знаходзяцца на бакавых парастках, таму трэба прышчыпваць цэнтральнае сцябло. У гэтым выпадку бакавыя парасткі будуць развівацца больш інтэнсіўна. У гібрыдаў жа жаночыя кветкі размяшчаюцца на цэнтральных парастках, таму ў дадзеным выпадку трэба прышчыпваць бакавыя парасткі. Гэта дазваляе пазбегнуць загушчэння такой далікатнай расліны. На кожным кусце дыні мы пакідаем не больш за тры плады.

Яўген САЛАНОВІЧ,
дачнік са шматгадовым вопытам.