Выспела каліна

Сярод мноства ягад, што растуць на тэрыторыі Беларусі, многія чамусьці забываюць пра каліну, а дарма. Канечне, яе горкія ягады наўрад ці хто-небудзь будзе есці проста з дрэва. А вось калі сабраць ягады пасля першых замаразкаў, горыч у іх ужо не будзе так адчувацца, і тады з каліны можна згатаваць морс, кісель, начынкі для пірагоў, зварыць варэнне ці проста перацерці з цукрам ці мёдам.

Дзякуючы сваім карысным, лекавым уласцівасцям, каліна шырока выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне. Тлумачыцца гэта тым, што ў ярка-чырвоных ягадах каліны аскарбінавай кіслаты ў два разы больш, чым у цытрусавых, а па ўтрыманні солей жалеза яны пераўзыходзяць лімоны і апельсіны ў пяць разоў. Багатая каліна і на вітаміны А і Е. У касметалогіі з яе ягад ро­бяць крэмы і маскі для твару, выкарыстоўваюць у якасці танізуючага, узнаўляльнага і амалоджвальнага сродку.

Лекавыя якасці маюць плады, кара, кветкі каліны. Так, для лячэння гіпертанічнай хваробы, атэрасклерозу, гастрыту, каліту, язвеннай хваробы страўніка і дванаццаціперснай кішкі, прастуды выкарыстоўваюць настой пладоў каліны. Праўда, нельга ўжы­ваць каліну пры павышанай згусальнасці крыві, схільнасці да тромбаўтварэння, цяжарным жанчынам.

Кветкі каліны нарыхтоўваюць падчас цвіцення, кару — да пачатку вегетацыі (ранняй вясной), плады — пасля іх поўнага выспявання.

Звараныя ў мёдзе ягады каліны карысныя пры кашлі і захворваннях верхніх дыхальных шляхоў. Сок з лісця рэкамендуецца як умацоўваючы сродак пасля цяжкіх захворванняў, пры фурункулёзе, скурных высыпаннях. Прымаць па 1/4 шклянкі тры разы на дзень ці змазваць пашкоджаныя ўчасткі скуры.

Адварам кветак і ягад каліны добра паласкаць горла пры ангіне і асіплым голасе.

Калінавы куст стане ўпрыгажэннем любога ўчастка. Гэта вельмі марозаўстойлівая расліна, якая добра расце як у паўцені, так і пад яркім сонцам. Кожныя два гады пры перакопванні глебы вакол куста каліны ў прыствольны круг трэба ўносіць перапрэлы гной (вядро пад куст) для падкормлівання.

Падрыхтавала Вера НІКАЛАЕВА.