Як вы ведаеце, вясной галоўны клопат дачніка — гэта расада. Менавіта на гэтым, самым раннім этапе развіцця раслін закладваюцца асновы будучага багатага ўраджаю. Здаровая, моцная, вырашчаная па ўсіх правілах расада выдатна перанясе пікіроўку, а потым і перасадку ў адкрыты грунт. Добры рост расады можа забяспечыць нам бульба, якая багата на калій. Менавіта гэтага пажыўнага рэчыва звычайна не хапае маладым расадным парасткам. Калій забяспечвае паўнавартасны рух сокаў у лістах, сцябле і карэнішчы расады.
Калій трэба браць з адвару клубняў. Праз 15—20 мінут пасля закіпання вадкасць зліваем і астуджваем. Паліваем расаду пад карэньчык, дабаўляючы ў гэты раствор перад падкормкай кроплю ёду. Угнойваць такім чынам можна не толькі расаду, але і дарослыя расліны ў адкрытым грунце, і нават хатнія кветкі.
Пры вырошчванні расады аматары-агароднікі часам прапускаюць такі момант, як падкормка, якую трэба праводзіць далікатна і правільна, бо агародніна асабліва ўразлівая на этапе расады. Ведайце, што маладым парасткам не патрэбны спецыялізаваныя мінеральныя падкормкі. Угнаенні для расады тыя ж самыя, што і для дарослых раслін, толькі ў меншай дазіроўцы. Каб не нашкодзіць нашым маладым парасткам, трэба рэкамендаваную на ўпакоўцы вытворцам канцэнтрацыю ўгнаення скараціць у два разы.
Каб атрымаць моцную расаду перцаў, вельмі важна звяртаць увагу на тэмпературу вады пры паліве — яна павінна быць не ніжэйшай за +25°С, інакш рост расады можа затармазіцца. Калі мы выкарыстоўваем гатовы грунт з магазіна, то падкормліваць расаду не трэба — у такой глебе ўжо ёсць усе пажыўныя элементы. Калі мы вырошчваем расаду ў пластыкавых кубачках, то не забываем зрабіць у іх дрэнажныя адтуліны. У грунт нашы перцы ў такіх выпадках трэба заўсёды высаджваць з камяком зямлі, разрэзаўшы сам пластыкавы кубачак.
Неабходна таксама сачыць за вільготнасцю ў расадным памяшканні — час ад часу перцы трэба апырскваць летняй добра адстоенай вадой.
Каб атрымаць добры ўраджай перцу ва ўмовах кароткага лета, сеяць яго на расаду прыходзіцца даволі рана і да самай высадкі забяспечваць гэтай расадзе раўнамернае развіццё без стрэсаў і рэзкай змены ўмоў. У гэтым — галоўная асаблівасць паспяховай тэхналогіі вырошчвання расады перцу ў хатніх умовах.
Як жа вырасціць расаду перцу правільна?
Грунт для вырошчвання расады павінен быць рыхлы, вільгацяёмісты, з дастатковай колькасцю пажыўных рэчываў і нейтральнай рэакцыяй! Як правіла, глебу для расады мы рыхтуем самі з 2 частак агароднай зямлі, гэта значыць адной часткі перагною ці перапрэлага гною, драўнянага попелу (вялікая жменя попелу на вядро перагною), 1 часткі торфу ці пілавіння. Агародную зямлю лепш за ўсё браць тую, што адпачыла, гэта значыць тую, дзе на працягу апошніх 2—3 гадоў не вырошчваліся паслёнавыя культуры: тамат, баклажан, перац, фізаліс, бульба.
Пры адсутнасці гною і драўнянага попелу можна прымяняць мінеральныя ўгнаенні. З азотных — аміячную салетру (яна змяшчае 30—35% азоту), з фосфарных — просты (15—17% фосфарнай кіслаты) ці двайны суперфасфат, з калійных — сернакіслы калій ці калійную салетру. Немэтазгодна выкарыстоўваць хлорысты калій і калійную соль — у іх многа шкоднага для каранёў нашай расліны хлору.
Лішак азоту для перцу не небяспечны, бо яго сцябло адносна ўстойлівае для выцягвання.
Як бачым, для падкормкі расады перцу праросткам патрабуюцца азотна-фосфарныя дабаўкі, якія стымулююць рост новых лісткоў, а таксама нармалізуюць абменныя працэсы, а яшчэ — удзельнічаюць у развіцці каранёвай сістэмы нашай расады.
За час росту расады перцу мы ажыццяўляем падкормкі не больш як 3 разы.
Яўген САЛАНОВІЧ,
дачнік са шматгадовым вопытам.