Што нам падкажа тэмперамент дзіцяці?

Дзеці адрозніваюцца адно ад аднаго па тэмпераменце з моманту нараджэння. Часта бацькі, не ведаючы пра гэтыя асаблівасці, турбуюцца, ці няма ў паводзінах дзіцяці якіх-небудзь парушэнняў? Адных цікавіць, што трэба зрабіць, каб падахвоціць дзіця да актыўных дзеянняў, іншыя, наадварот, пытаюцца, як супакоіць малыша, у якога ўнутры — “вечны рухавік”. Сэнс гэтых пытанняў зводзіцца да аднаго: як паўплываць на эмацыянальны настрой дзіцяці, які пераважае?

Тэмперамент — гэта характарыстыка прыродная, вельмі ўстойлівая і за час жыцця мяняецца вельмі рэдка. Менавіта таму шматлікія спробы бацькоў перарабіць тэмперамент сына або дачкі церпяць няўдачу. Акрамя таго, вераломнае ўмяшанне ў індывідуальнасць дзіцяці можа спрыяць развіццю такіх асобасных рыс, як капрызнасць, нервовасць, упартасць, агрэсіўнасць, трывожнасць. Таму дзіця трэба не перарабляць, а прымаць такім, якое яно ёсць.

Маючы зносіны з законнымі прадстаўнікамі выхаванцаў, я часта назіраю ў асобнай катэгорыі бацькоў недастатковы ўзровень ведання індывідуальных асаблівасцей свайго дзіцяці, якое магло б дапамагчы пазбегнуць многіх памылак у яго выхаванні. А гэта магло б даць магчымасць прадбачыць дзіцячую рэакцыю ў розных сітуацыях і прадукцыйна працаваць з моцнымі бакамі дзіцячага тэмпераменту.

Традыцыйна вылучаюць 4 тыпы тэмпераменту: халерык, сангвінік, флегматык і меланхолік. Кожны з іх патрабуе пэўнага падыходу ў выхаванні і навучанні. Прапаную пазнаёміцца з прыметамі, характэрнымі для дзяцей розных тэмпераментаў.

Дзіця-меланхолік

У яго паводзінах многа незразумелага, але яны вынікаюць з яго багатага ўнутранага свету. Яно любіць жывёл, асабліва тых, якіх можна прылашчыць. Не вельмі таварыскае, не любіць вялікіх кампаній. Умее кантраляваць свае паводзіны, не капрызнічае з-за дробязей. Да новых знаёмых адносіцца з асцярожнасцю. Амаль непрыметнае ў групе равеснікаў. Вельмі лёгка засмуціць дзіця-меланхоліка, але і ўзрадаваць таксама нескладана. Гэта мілыя, абаяльныя і лёгка ранімыя дзеці.


У працэсе ўзаемадзеяння з такімі дзецьмі трэба звярнуць увагу на тэмп і інтанацыю свайго маўлення. Для меланхоліка падыдзе павольны, спакойны тэмп. У сумесных занятках лепш выкарыстоўваць маляванне, лепку, канструяванне, неспаборніцкія гульні. Трэба ўлічваць таксама, што меланхолікам, як і флегматыкам, неабходна крыху больш прасторы. Калі халерыкі і сангвінікі могуць спакойна пераносіць шум у доме, пастаяннае гучанне тэлевізара або прыёмніка, то флегматыкі і меланхолікі могуць хутка стаміцца, у іх з’яўляецца жаданне пасядзець у цішыні.

Бацькам меланхоліка трэба памятаць, што грубае абыходжанне з ім проста недапушчальнае. Такое дзіця патрабуе многа клопату, любові і разумення. Дарослыя павінны памятаць, што іх малыш перажывае свае праблемы даволі доўга. Лепш за ўсё, калі ў яго будзе ў сям’і чалавек (адзін з бацькоў, бабуля, брат ці сястра) або хаця б свойская жывёла, якой ён мог бы даверыцца цалкам, атрымліваць ад яго максімум цеплыні і ўвагі.
Яшчэ бацькам варта больш назіраць за паводзінскімі праяўленнямі свайго малыша і вучыцца ўздзейнічаць на яго да таго, як ён расплачацца або вельмі раззлуецца. У хвіліны, калі дзіця пераўзбудзіцца, яго пажадана адвесці ў спакойнае месца, пагладзіць або проста ціхенька пасядзець побач.

Дзіця-халерык

Пастаянна актыўнае, заўсёды ведае, чаго хоча. Любіць многа гаварыць, хутка наладжвае кантакт як з дзецьмі, так і з дарослымі. Пасля наведвання грамадскіх месцаў (цырк, заапарк і інш.) можа быць вельмі ўзбуджана. Яно падкрэслена самастойнае, бывае запальчывым і агрэсіўным. У яго ўчынках часта адсутнічае элемент адбумвання, яно імпульсіўнае, схільна да выбухаў гневу, але потым можа прыціхнуць і стаць “залатым” дзіцем.


З такімі дзецьмі часта патрабуецца нямала цярплівасці і пачуцця такту. Галоўнае ў працэсе зносін з імі — гэта навучыць трымаць сябе ў руках. Дзіцяці-халерыку падыдуць хуткія і спаборніцкія гульні. У гульнях пажадана прадугледзець магчымасць пройгрышу дзіцяці і паказаць, што, перш чым што-небудзь зрабіць, нядрэнна б і падумаць. Такому дзіцяці лепш чытаць і расказваць гісторыі пра гераічныя подзвігі і ўчынкі, дзе воля і спакой ствараюць цуды. Дзяцей-халерыкаў нельга сарамаціць у прысутнасці чужых за іх нястрыманасць і непаслухмянасць. Лаяць лепш пасля таго, як яно супакоіцца, можа, нават праз дзень, не караючы фізічна, тлумачачы наступствы яго ўчынкаў.

Дзіця-флегматык

У большай ступені, чым іншыя дзеці, умее кантраляваць свае паводзіны. Яно асцярожнае, стрыманае, няспешнае і маўклівае. Любіць парадак, ведае многа вершаў і песень, насцярожана ставіцца да ўсяго новага. Цярпець не можа гульні, дзе трэба праяўляць хуткасць і спрытнасць. Яно вельмі педантычнае, можа піць толькі са свайго кубка, гуляць толькі са сваёй цацкай. Яму цяжка самастойна прымаць рашэнні, спакойна аддае права выбару іншаму. Схоплівае і запамінае новыя правілы і інфармацыю павольна, але грунтоўна. Флегматыкі могуць падоўгу займацца адной і той жа справай: разглядаць карцінкі, ляпіць ці маляваць.


Бацькоў дзяцей-флегматыкаў часта турбуе празмерны спакой эмацыянальнага свету дзіцяці, некаторая абыякавасць і няздольнасць суперажываць. Каб флегматык развіваўся гарманічна, яго трэба вучыць фантазіраваць і прыдумляць. Яго не трэба вельмі рана класці спаць на ноч. А вось раніцай прыйдзецца будзіць яго больш настойліва. Карысным для такога дзіцяці будзе загартоўванне. Гэтыя дзеці аддаюць перавагу спакойным гульням. У гульні не пакідайце дзіця аднаго, падштурхоўвайце, тармасіце, заінтрыгоўвайце яго, падганяйце ў час яды. Не варта вельмі актыўна праяўляць да яго любоў знешне. Наадварот, уяўная раўнавага дарослага будзе для яго стымулам да пераадолення сваёй абыякавасці і заваявання любові.

Дзіця-сангвінік

Рухавае і хутка пераключаецца з аднаго задання на другое. Яно здаецца несабраным, рассеяным, несур’ёзным і неакуратным, але ўсё ж гэтае дзіця прыемнае ў зносінах, яно завадатар, выдумшчык і фантазёр.


Яно вясёлае, жыццярадаснае, спрытнае і таварыскае. Быць непастаянным не загана, а ўласцівасць яго тэмпераменту. Такія дзеці міралюбныя, не паматяюць зла, добрыя і шчодрыя. Яны могуць гаварыць не змаўкаючы, задаваць мноства пытанняў, аднак іх цяжка надоўга нечым захапіць, заінтрыгаваць. Дзіця-сангвінік не любіць знаходзіцца адно, вельмі любіць шумныя кампаніі.

З такім дзіцем весела гуляць у рухавыя гульні, прыдумляць і фантазіраваць. Сангвінікі хутка стамляюцца ад аднастайных заняткаў, таму ў арсенале педагогаў і бацькоў заўсёды павінен быць набор нясумных гульняў. Навучыцца ўтрымліваць увагу дзіця-сангвінік можа з дапамогай дарослага, які аддае яму многа часу ў сумесных занятках: прагляд фільмаў, чытанне кніг, прыдумванне гісторый, збіранне канструктара і г.д.

Не варта забываць, што ў любым тыпе тэмпераменту ёсць мноства станоўчых момантаў. У кожнага дзіцяці ёсць запас якасцей і ўласцівасцей, якія дапамагаюць яму захаваць сваю індывідуальнасць. А задача дарослых — разглядзець яе і падкрэсліць найбольш камфортным для нашага дзіцяці спосабам.

Заканчваючы размову пра тыпы тэмпераменту, хачу дадаць, што многія канфлікты і неразуменне ўчынкаў дзіцяці звязаны з несупадзеннем тэмпераменту малыша і дарослага, які яго выхоўвае. Напрыклад, калі мама валодае халерычным тыпам тэмпераменту, а яе маленькая дачка — меланхолік, то, хутчэй за ўсё, маму будзе раздражняць тэмп жыцця, зручны для дачкі. Але ў гэтым выпадку дзіця проста не можа адпавядаць патрабаванням дарослага! Вынікам будзе ўсё большая незадаволенасць мамы і капрызы дачкі. Вырашыць супярэчнасці могуць толькі чулыя адносіны да свайго дзіцяці і павага яго прыродных індывідуальных асаблівасцей.

Вікторыя РУБЕЦ,
педагог-псіхолаг ясляў-сада № 14 Слоніма.