Што рабіць, калі сумна жыць?

Выконваючы ў жыцці пастаўленыя задачы і імкнучыся рэалізаваць розныя мэты — атрымаць адукацыю, выхаваць дзяцей ці зрабіць кар’еру, мы заўсёды адначасова знаходзімся пад ціскам і цэлага набору ўстановак. Напрыклад, прыносіць карысць людзям, умець рабіць тое, што трэба, а не тое, што падабаецца, браць адказнасць, адказваць за свае словы і ўчынкі — словам, не быць бестурботным, не ганяцца за задавальненнямі, быць “важным” чалавекам. У гэтым падыходзе ёсць супярэчнасці. Па-першае, чаму быць адказным трэба толькі перад іншымі, і ні слова пра тое, што трэба адчуваць сур’ёзнасць менавіта ў сваіх намерах. Па-другое, ніхто не гаворыць пра важнасць такіх рэчаў, як захопленасць сваёй справай (а значыць, сваімі жаданнямі!), апантанасць ідэямі, агонь і бляск у вачах. Ніхто не спрачаецца, што добра робіцца тое, што робіцца з душой, але на справе пра душу ніхто не клапоціцца. У рэшце рэшт мы і самі прызвычайваемся, што гэта дробязі.
А ўспамінаем тады, калі жыццё становіцца жахліва прэсным.

З часам я пачала заўважаць, што сум да жыцця праяўляецца ў адзіноце. А з адзінотай нельга дамовіцца! Можна ўцячы ад яе ў дзейснае жыццё і патраціць шмат сіл, знайсці займальную работу, пазнаёміцца з цікавымі людзьмі… Як толькі крыху расслабішся, адчуваеш: яна побач, павейвае холадам, пужае да жаху. Кантактаў у сетцы становіцца ўсё больш, часу на перадышку ўсё менш, з кімсьці кантактуеш, нечым заняты. Увесь час. Няма калі нават выспацца. Цікавае жыццё… Варта на хвілінку спыніцца — і яна тут жа апынаецца побач: пужае “сіндромам выхаднога дня”, знясільвае перспектывай халоднай пустаты, сумам па чымсьці іншым — тут можна падставіць што заўгодна: іншую работу, горад, краіну і гэтак далей. Пужае. Страх прымушае пачынаць новае спусташальнае кола мітусні. Час ідзе. І вось ты ўжо трапляеш у разрад тых, хто даўно змагаецца з адзінотай. Цяпер ужо можна не мітусіцца і патраціць час на пошукі вялікага і чыстага кахання. Гэта здаецца вельмі добрым сродкам — знайсці іншага чалавека, які і будзе вырашэннем праблемы. І можна знайсці Іншага, і кінуцца ў адносіны, каб растварыцца і паляцець разам, у поўным яднанні. Закаханасць. Быць цалкам для іншага мала — ты хочаш ад яго такой жа сілы патрэбнасці ў табе, як твая ўласная. “Толькі закаханы мае права на званне чалавека!” — аказваецца, гэты рэцэпт сапраўднага жыцця ўжо быў вядомы і нават апісаны так дакладна, так правільна.
Няма неабходнасці аддаваць сябе ў распараджэнне справе і людзям. Можна доўга шукаць прычыны таго, як атрымалася, што мы лічым сябе тымі, хто не заслугоўвае цікавасці. Ці, наадварот, у сваёй саманадзейнасці не дапускаем магчымасці памылак і агрэхаў і таму не глядзім на сябе ці не дазваляем сябе шкадаваць. У кожнага з нас — свая гісторыя. Але праўда і ў тым, што дарослы чалавек павінен сам клапаціцца пра свае адносіны з сабой. Умець гэта рабіць — і значыць быць дарослым. Першыя спробы будуць няпростымі. Стараючыся наладзіць з сабой па-сапраўднаму добрыя адносіны, не патрабуйце ад сябе ўсяго і адразу. Пачніце з маленькіх крокаў. Пастаўцеся да сябе сур’ёзна. Так-так, па-сапраўднаму сур’ёзна, як да самага важнага чалавека ў жыцці. Паступова (вельмі павольна) вы навучыцеся сябе вытрымліваць. Вам трэба будзе навучыцца ахоўваць уласныя межы, заўважаць і спыняць спробы ўсё перабольшваць і рабіць занадта далёкія высновы. Але ўсё гэта ўжо не будзе надакучлівым, пакутлівым мучэннем ад адзіноты. Вы запоўніце пустату сабой? Спытайце ў сябе: “Што я пра сябе ведаю? Я ўвогуле цікаўлюся сабой? Які ў мяне стыль мыслення? Стыль работы? Характар? Якія ў мяне адносіны з іншымі людзьмі? Мае звычкі: чым я не падобны да іншых людзей майго ўзросту, чым падобны? Ці ведаю я сваю сапраўдную вагу, нарэшце? Ці памятаю пра свой узрост? Ці ёсць сферы, куды я не хачу глядзець і тым больш бачыць праўду (гэта можа быць узрост, характар, усе пералічаныя вышэй параметры і яшчэ шмат іншых). Дзе мае сляпыя плямы? Чаго я баюся?” Ваша задача толькі пералічыць, не паглыбляючыся. І пакінуць месца — спіс будзе працягвацца. Паспрабуйце зразумець: ці адчуваеце вы блізкасць да сябе? Калі ў цішыні і спакоі вы будзеце нейкі час сам-насам, ці прыйдзе нейкае пачуццё? Якое? Гэта можа быць цяпло ці нешта іншае. Яно часта прыходзіць са слязамі, таму што ў суме мы сабе вельмі блізкія. Калі вы так даўно не былі ў добрых адносінах з сабой, без слёз не абысціся. Столькі ўсяго трэба аплакаць, шмат аб чым пашкадаваць, сябе пашкадаваць, нарэшце. І плакаць, пакуль не з’явіцца цеплыня, якая пераадольвае разрыў з сабой. Падумайце, ці ведаеце вы, што яшчэ прымушае ваша сэрца цяплець? У жыцці шмат сітуацый, калі вы становіцеся інструментам у чужых руках, дазваляеце сабой карыстацца. Кожны раз пасля гэтага пашкадуйце сябе, каб зноў адчуць сваю цэласнасць. Змяняючы сапраўднае на “мысленнае”, мы паўтараем паводзіны дзіцяці, якое знаходзіцца ў няўтульнай атмасферы. Дзеці не могуць мяняць тое, што не падабаецца, і ствараюць свет фантазіі. Незадаволеныя жыццём, мы ў думках “уцякаем” з яго — у планы на заўтра, мары пра адпачынак. Стараемся не заўважаць тое, што прычыняе нязручнасць. Не можам жыць у рэальнасці, таму што яна неідэальная.
Раней было лепш: і вада макрэйшая, і трава зелянейшая. У гэтым жарце дзве долі праўды. Раней было добра, але мы гэтага не заўважалі і не радаваліся. Можна зразумець, што і цяпер нядрэнна, але мы сумуем па мінулым, у якім як быццам было лепш. Адзінае выйсце з гэтага — не жыві мінулым, а жыві сённяшнім. Што тычыцца пастаянных мысленных вяртанняў у мінулае, яны гавораць пра тое, што ў ім засталося шмат “неадрэагаваных” перажыванняў ці незадаволеная патрэбнасць. Калі такое адбываецца, наша псіхіка спрабуе вярнуцца да той сітуацыі і “закрыць” яе. Выкінуць з галавы ранішнюю сварку з мужам (ці з жонкай) не атрымліваецца, таму што давялося выслухоўваць папрокі, не выказаўшы пачуцця ў адказ. Вы “дажываеце” сітуацыю ў галаве, магчыма, з-за таго, што ў той момант таксама “адсутнічалі”.
Калі чалавек заўсёды знаходзіцца не тут і не цяпер, ён губляе кантакт з самім сабой, сваімі пачуццямі і патрэбнасцямі. Пры такім жыцці адчуваецца незадаволенасць, сум ці апатыя. Бегаючы з мінулага ў будучыню і назад, вы не паспяваеце зразумець, чаго вам хочацца, і пачаць выконваць жаданні. Няўменне жыць рэальнасцю шкодзіць і адносінам. Ад нас выслізгваюць важныя моманты — ад добрых учынкаў да здрады і прадажніцтва. Здаровыя адносіны немагчыма будаваць, знаходзячыся не тут і не цяпер. Яны патрабуюць пастаяннага ўзаемадзеяння са сваімі пачуццямі і ўнутранымі працэсамі. Без іх нельга быць па-сапраўднаму побач з іншым чалавекам і бачыць яго такім, які ён ёсць на самай справе. Нам цяжка ўбачыць рэальных людзей і рэальную сітуацыю, таму што многае пужае. Гэта прымае форму спробы адхіліцца і ад непрыемных пачуццяў, думак, і ад звязаных з імі спраў. Нават разумеючы важнасць канкрэтных заняткаў, мы ігнаруем іх, адхіляючыся на нешта нязначнае. У рэдкіх выпадках гэта нармальны стан, іншы раз пачуццё віны стымулюе ўзяцца за справу, але ў асноўным псуе настрой і актыўнасці не надае. Аднак з ім справіцца лягчэй, чым прыкласці намаганні ў выкананні справы. Прычынай можа стаць страх, непераноснасць эмоцый, якія спадарожнічаюць таму, што трэба зрабіць. Мы думаем, што гэта не тое, што нам трэба, ці не ўпэўнены, што атрымаецца. Боязна нават пачынаць. Пачуццё віны няздольнае выступіць у ролі “выспятка”, які адарве ад канапы. Яно аднімае яшчэ больш сіл і стамляе нас. Крыўдна яшчэ і тое, што і на нармальны адпачынак у такім выпадку не застаецца часу. Пры гэтым стрэс, які прыходзіць, вызваляе энергію, каб прыступіць да спраў. Аднак тое, што робіцца ў стрэсе, неэфектыўнае. Выбягаючы з дому на работу ў той самы апошні момант, мы думаем пра безліч спраў у офісе, пасля ў метро не можам успомніць, ці выключылі прас, ці замкнулі дзверы. Рэгулярная забыўчывасць — таксама вынік спробы ўцячы з рэальнасці. Забыўчывасць можа з’явіцца, калі ў чалавека ёсць скрытыя трывогі і страхі. Унутры адбываецца штосьці маштабнае, што аднімае шмат псіхічных сіл, але што мы па нейкіх прычынах ігнаруем. Адчуваючы дыскамфорт з-за таго, што акружае нас у рэальнасці, мы аддаём перавагу віртуальнаму свету. Калі чалавек не спраўляецца з рэальнасцю, не ведае, як яму ў ёй быць, і не робіць ніякіх дзеянняў, то, вядома, прасцей ад гэтай рэальнасці сысці. Падумайце, што менавіта вы не жадаеце заўважаць у сабе ці ў сваім жыцці і замяшчаеце гэта? На самай справе такая рэальнасць ніколі не прынясе сапраўднага задавальнення, а можа толькі пагоршыць стан спраў.

Як вярнуцца да самога сябе?

Працэс вяртання ў “тут і зараз” патрабуе вялікай усвядомленасці, асабліва калі звычка застарэлая і раней вы над гэтым ніколі не задумваліся.
1. Старайцеся сачыць за сабой, за тым, чаму прысвечаны думкі. Гэта не значыць, што трэба перастаць планаваць ці звяртацца да мінулага вопыту. Калі вы пішаце справаздачу і ўспамінаеце метады, якія выкарыстоўвалі ў мінулы раз, — скарыстоўвайце на карысць! Але калі вы ўспамінаеце, як на вас сварыліся за пралікі, варта зразумець, што вашы магчымасці адрозніваюцца ад тых, што былі раней. Вярніцеся ў рэальнасць і дзейнічайце!
2. Адарвіцеся ад інтэрнэту. Сетка дае нам адчуванне падманлівага задавальнення. Гэта ўсё роўна, што харчавацца цукеркамі: голад спатолены, смак прыемны, але не дае арганізму набору рэчываў для здароўя. Выкарыстоўвайце такія практыкаванні: азірніцеся вакол, агледзьце тое, што вас акружае. Мы прызвычаіліся рабіць усё “на аўтамаце”: выходзіць з дому, уключаць камп’ютар. Ацэньвайце сэнс сваіх дзеянняў.
3. Разбярыцеся з тым, што перашкаджае вам рабіць тое, што трэба. Баіцеся, што не справіцеся? Нечага не разумееце і засмучаецеся? Выкананне справы нагадвае аб непрыемных уражаннях? У дзяцінстве вас прымушалі мыць посуд, але дзяцінства скончылася, ад прыбірання можна атрымліваць задавальненне. Рассартаваўшы пачуцці, прасцей зразумець, што з імі рабіць. Ад нервавання рухайцеся ў бок засяроджанасці. Мыць посуд з сумам лепш, чым не мыць яго ўвогуле.
4. Прыслухоўвайцеся да імгненных жаданняў. На што рэагуюць вашы душа і цела? У нашай практыцы прынята гэта заглушаць (не купляй тое, што не будзеш насіць). Купляць, можа, і не трэба, але і праскокваць міма не варта. Гэта тыя моманты, у якіх вы радуецеся жыццю і адчуваеце патрэбнасці.
5. Звяртайце ўвагу не на вынік, а на працэс. Арыентаванасць на вынік дазваляе дабівацца вышынь, але працэс быццам знікае з жыцця. Што і як з вамі адбываецца, калі вы ідзяце на работу? Невыразныя роздумы аб стосе рабочых папер справе не дапамогуць, але пазбавяць вас асалоды ад прагулкі.
Навучыцца мастацтву “жыць і цяпер” можна і займаючыся практыкамі, накіраванымі на самапазнанне: ёга, медытацыя, цыгун, спяванне мантраў. Гэта канцэнтруе чалавека на целе і тых працэсах, якія ў ім адбываюцца, на псіхіцы і пачуццях. Гэта дапаможа вярнуцца ў рэальнасць і ўсвядоміць сябе ў ёй.

Алена БРЫЦКО,
урач-псіхатэрапеўт 17-й гарадской паліклінікі Мінска.