Кожны год у бібліятэцы № 11 Гомеля праходзяць выставы творчых работ жыхароў раёна. І гэты год не стаў выключэннем. Адкрыццём сезона стала выстава работ Юліі Віктараўны Львовіч “Бісерны россып”. Яе выдатныя ўпрыгажэнні, якія бяруць у палон сваёй прыгажосцю, маглі пабачыць чытачы і госці нашай бібліятэкі. Усе былі ў захапленні, ніхто не застаўся абыякавым, а многія нават пажадалі набыць сабе такія ўпрыгажэнні.
Юлія Віктараўна ў 2000 годзе скончыла Гомельскі музычна-педагагічны каледж, а ў 2004 годзе — Мазырскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Н.К.Крупскай. Зараз працуе настаўніцай пачатковых класаў у сярэдняй школе № 47 Гомеля.
Творчыя задаткі з’явіліся ў Юлі яшчэ ў дзяцінстве. Пачыналася ўсё з простых “фенечак” з нітак і пацерак, якія яна пляла для сябе і сваіх сябровак. Пазней, убачыўшы ў інтэрнэце вырабы з бісеру, дзяўчына вырашыла асвоіць бісерапляценне. Аднак сутыкнулася з праблемай пошуку спосабаў і тэхнікі стварэння вырабаў. Але хто шукае, той заўсёды знойдзе! Юлія Віктараўна ўзялася за работу, і яе першыя вырабы адразу ўсім спадабаліся.
З кожным годам прафесіяналізм майстра расце, тэхніка адточваецца, пераходзіць на новы ўзровень. Юлія Віктараўна любіць сваё захапленне і не шкадуе на яго ні сіл, ні часу. Як любога творчага чалавека, яе зачароўвае працэс і заўсёды цікавіць вынік.
“Я ўлюбёна ў бісер. Бісерапляценне для мяне не проста справа — гэта самае яскравае выражэнне майго “я”, адчуванне шчасця, якое я хачу перадаць у сваіх упрыгажэннях іншым людзям”, — гаворыць Юлія Віктараўна.
І гэта сапраўды так! Яе работы прыцягваюць увагу, здзіўляюць навізной. Разглядаючы іх, быццам трапляеш у прыгожую казку. Любая жанчына сапраўды можа трапіць у казку, проста прымерыўшы ўпрыгажэнні, зробленыя Юліяй Віктараўнай. Вырабы з бісеру, пацерак, шклярусу і самацветаў дапоўняць вобраз як самавітай дамы, так і стыльнай лэдзі.
Юлія Віктараўна — таленавіты чалавек, сапраўдны майстар, сваімі рукамі яна прыўносіць часцінку прыгажосці ў штодзённае жыццё.