Драўлянае хараство

Беларусь спакон вякоў і па сённяшні дзень славіцца як край цудоўных рамёстваў і таленавітых майстроў. Гэта людзі, адораныя асаблівай цеплынёй, шчодрасцю душы, у зносінах з якімі і сам узбагачаешся не толькі новымі ведамі, але і светлымі адчуваннямі. Такім чалавекам з’яўляецца Леанід Паўлавіч Хаванскі, жыхар маленькай вёсачкі Белагурна Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці.

Чалавецтва даўно навучылася выкарыстоўваць прыродныя матэрыялы, найбольш даступным з якіх лічыцца драўніна. Драўніна прыгожая сама па сабе. Яе малюнак, колер, водар — непаўторныя. Леанід Паўлавіч змог рэалізаваць свае прыродныя здольнасці ў рабоце з дрэвам. Трапіўшы ў яго рукі, яно набывае другое жыццё. Майстар разьбы па дрэве ашчадна і ўважліва адносіцца да матэрыялу, стараючыся захаваць яго прыродную прыгажосць.
Леанід Паўлавіч жыве і працуе ў нешматлюднай і ціхай вёсачцы Белагурна, недалёка ад вёскі Белалозы, дзе нарадзіўся. Ужо тры гады ён на пенсіі, але па-ранейшаму працягвае працаваць у школе, ствараць прыгажосць і вучыць гэтаму дзяцей.
Леанід Паўлавіч прыйшоў у сістэму адукацыі не адразу. 15 гадоў ён працаваў механікам у Баранавіцкім вагонным дэпо. Затым у 36 гадоў паступіў у Мазырскі педагагічны інстытут, пасля заканчэння пачаў выкладаць працоўнае навучанне ў Мяляхавіцкай сярэдняй школе Дзятлаўскага раёна. Менавіта вучоба ў Мазырскім педагагічным інстытуце натхніла Леаніда Паўлавіча, падштурхнула да стварэння драўлянага хараства, а работа ў школе — на асваенне разьбы па дрэве. Тэхніку разьбы па дрэве ён спасцігаў самастойна. Паступова вучыўся сам і вучыў дзяцей. Захапленне справай, а галоўнае — настойлівасць у дасягненні пастаўленай мэты дазволілі Леаніду Паўлавічу не проста навучыцца разьбе па дрэве, а стаць сапраўдным майстрам.
Калі знаёмішся з яго работамі, пачынаеш разумець: цябе чакае сустрэча з цудоўным чалавекам, улюбёным у прыгажосць. Яго ўмелымі рукамі аформлены інтэр’еры памяшканняў школы і школьнага музея, пакояў дома, які Леанід Паўлавіч пабудаваў уласнымі рукамі.
Дом Леаніда Паўлавіча адразу прыцягвае да сябе ўвагу. Хатні інтэр’ер можна назваць аўтарскім: ажурны столік, прыгожыя драўляныя крэслы, канапа, зэдлікі, кніжныя паліцы, грандыёзныя пано і карціны — усё ўласнай вытворчасці. Яго работам зноў і зноў здзіўляюцца нават тыя, хто іх ужо шмат разоў бачыў. Работы поўныя аптымізму, радасці, якая перадаецца людзям.
Прыгожы малюнак фактуры дрэва майстар умела падкрэслівае аздабленнем, лакіраваннем, паліраваннем, вашчэннем. Над некаторымі работамі майстар працуе больш за год, бо выбраць і апрацаваць дрэва, падрыхтаваць яго да апрацоўкі вельмі складана.
Леанід Паўлавіч перакананы: драўляны свет — унікальны. Прынясіце яго вырабы ў хату, і нават у пахмурны дзень стане ў пакоі святлей; вазьміце іх у рукі — адчуеце летняе жнівеньскае сонца, якім налілося дрэва.
Важны этап у рабоце майстра — падбор патрэбнай драўніны. Так, напрыклад, для посуду трэба падбіраць толькі алешыну, бярозу, асіну ці таполю. Гэтыя пароды валодаюць спецыфічнымі ўласцівасцямі, менш зношваюцца. Вялікія скульптуры вырабляюцца ў асноўным з мяккай і лёгкай ліпы. Леанід Паўлавіч стараецца не выбіраць здаровыя дрэвы для сваіх вырабаў. Нядаўнія моцныя вятры зламалі шмат дрэў, у тым ліку і тыя, якія цудоўна падыходзяць для работы народных майстроў. І вось, узброіўшыся звычайнай тачкай і нажоўкай, Леанід Паўлавіч шыбуе па матэрыял. Зараз яму дастаткова толькі глянуць, каб умомант уявіць, што з гэтага кавалка дрэва атрымаецца.
Творчая майстэрня ў школе нагадвае невялікую галерэю, у якой размешчаны цудоўныя вырабы з дрэва. Вабяць вока ўзорныя драўляныя рамкі для фотаздымкаў, падсвечнікі, мініяцюрныя драўляныя шкатулкі, велікодныя яйкі, кухонны посуд. Усе гэтыя вырабы, зробленыя рукамі Леаніда Паўлавіча і яго вучняў, з’яўляюцца выдатным упрыгажэннем інтэр’еру.
А ў апошнія два гады ён асвоіў вышэйшы “пілатаж” майстэрства — выраб ікон і пабудову альтанак.
Заходзячы ў дворык школы, адчуваеш сябе, нібы ў казцы: тут і чароўны калодзеж, створаны Леанідам Паўлавічам, і гасцінная альтанка, і цудоўныя разныя лавы.
Леанід Паўлавіч Хаванскі са сваімі дэкаратыўнымі вырабамі пастаянна прымае ўдзел у раённых выставах-кірмашах. З талентам майстра знаёмы жыхары Зэльвы, Смаргоні. Нядаўна з яго дэкаратыўнымі вырабамі пазнаёміліся і жыхары Гродна, дзе працавала выстава “Майстры Дзятлаўшчыны”. За ўдзел у ёй Леанід Паўлавіч быў узнагароджаны дыпломам. Актыўны ўдзел ён прымаў і ў ХVIII Рэспубліканскім фестывалі нацыянальнах культур народнай творчасці, дзе атрымаў дыплом лаўрэата, у VII Рэспубліканскім экалагічным форуме “Суквецце народнай творчасці” ў Гродне, Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы “Дажынкі — 2010” у Лідзе. Педагагічнае крэда Леаніда Паўлавіча — умееш сам — навучы іншага.
Справа майстра працягваецца. На многіх выставах-кірмашах выстаўляліся работы яго вучняў і былі ўзнагароджаны дыпломамі і граматамі. Леанід Паўлавіч і сёння вучыць гэтаму мастацтву дзяцей, шчодра дзеліцца з імі сваімі знаходкамі.
Леанід Паўлавіч лічыць, што навучыцца рабіць цуды з дрэва можа кожны. Галоўнае — цярпенне, старанне, любоў да справы, якой займаешся. “Я заўсёды тлумачу сваім вучням, — гаворыць майстар, — што не ўсё адразу будзе атрымлівацца. Гэта толькі на першы погляд усё проста, а на самай справе трэба месяц або два, каб, напрыклад, зрабіць адзін невялікі драўляны падсвечнік”.
Нягледзячы на цяжкасці, дзецям падабаецца працаваць на ўроках. Дзяўчынкі і хлопчыкі з задавальненнем шчыруюць над сваімі маленькімі шэдэўрамі, укладаюць у іх часцінку душы. “Выпілоўваннем па дрэве ў асноўным займаюцца хлопчыкі, — гаворыць Леанід Паўлавіч. — Гэты працэс патрабуе вялікай фізічнай нагрузкі. Раней былі і дзяўчынкі, якія з задавальненнем займаліся “мужчынскай справай”. На жаль, зараз дзяцей у вясковай школе засталося зусім мала, але Леанід Паўлавіч па-ранейшаму вучыць сваіх выхаванцаў ствараць прыгажосць, займаецца любімай справай, якая напаўняе жыццё фарбамі, не дае сумаваць. Вучні Леаніда Паўлавіча неаднаразова ўваходзілі ў дзясятку наймацнейшых па выніках раённых і абласных алімпіяд па працоўным навучанні.
Прыходзячы на гурток яшчэ нявопытнымі, дзеці крок за крокам авалодваюць майстэрствам работы з дрэвам. А хтосьці і сваё далейшае жыццё звязвае з творчасцю. “Некаторыя з маіх былых гурткоўцаў, — гаворыць Леанід Паўлавіч, — закончылі Мірскі каледж мастацтваў. Цяпер удзельнічаюць у рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры Беларусі”.
А яшчэ Леанід Паўлавіч выдатны садоўнік. Мы былі вельмі ўражаны выключнай чысцінёй, мноствам кветак і дрэў, якія ўпрыгожваюць двор каля дома настаўніка. Паблізу ганка ён пабудаваў альтанку, а побач пасадзіў розныя кветкі, толькі пералік назваў якіх заняў бы шмат месца.

Алена АБРАМЧЫК,
намеснік дырэктара гімназіі № 1 Дзятлава.