Душа навагодняй ёлкі

Ці ёсць у навагодняй ёлкі душа? І калі ёсць, дык дзе гэтая душа хаваецца? Пытанні, магчыма, наіўныя і дзіцячыя, але ўсе мы на Новы год і Каляды імкнёмся, каб наша навагодняя ёлка была жывой: па-свойму ўпрыгожваем яе самымі рознымі цацкамі і цукеркамі, штодня даём ёй піць вадзічку, падкладваем пад ёлачку “жывых” сабачак і коцікаў, Дзедаў Марозаў і Снягурак, асабліва калі ў хаце ёсць дзеці… Ёсць, аднак, пры ўсім гэтым момант, якому часта мы не ўдзяляем належнай увагі, імкнучыся на ім сэканоміць. Гаворка пра ўласна ёлачныя цацкі, якія насамрэч уяўляюць дзівосны свет са сваімі шматлікімі таямніцамі і сваімі стасункамі з людзьмі.
Надоечы ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі пачаў працаваць унікальны выставачна-асветніцкі праект “Музей ёлачных цацак”, які дазваляе кожнаму наведвальніку музея ўбачыць як вялікае мноства ёлачных цацак з розных краін свету, так і сам працэс іх вытворчасці. І нават самому выступіць у ролі мастака, наведаўшы адпаведны майстар-клас…

Ініцыятарамі праекта “Музей ёлачных цацак” выступілі два родныя браты прадпрымальнікі-калекцыянеры з Мінска Андрэй і Дзмітрый Бегуны.
— Я нават сам не ведаю, чаму мы з братам так захапіліся збіраннем ёлачных цацак, — расказвае Дзмітрый Бягун. — Я ж па адукацыі і атрыманай у медінстытуце спецыяльнасці хірург, брат — філосаф. Але ў нейкі момант нешта зрушылася ў душы, мы апантана пачалі збіраць ёлачныя цацкі з усяго свету: самі шукалі-куплялі іх на блышыных рынках Еўропы, абследавалі па магчымасці гарышчы і антрэсолі ўсіх сваякоў і знаёмых у пошуку рарытэтаў савецкіх часоў, прасілі сяброў заўсёды прывозіць з замежных вандровак не магніцікі ці іншыя якіясьці сувеніры, а менавіта ёлачныя цацкі… А потым неяк мы займаліся аптовымі пастаўкамі ёлачных цацак з Украіны, са знакамітай Клаўдзіеўскай фабрыкі ёлачных упрыгажэнняў (Андрэй і Дзмітрый працуюць у ТАА “Керызон”. — М.Ч.), пабывалі там у музеі ёлачных цацак, пабачылі ўсю вытворчасць, вельмі ўразіліся — і загарэліся ідэяй стварыць падобны праект тут, у нас, які б і беларусам расказаў не толькі пра гісторыю цацак з дэманстрацыяй гэтых прадметаў з самых розных краін, але і асаблівасці іх вытворчасці, даў нашым людзям магчымасць нават самім паўдзельнічаць у вырабе гэтых цудаў. Тым больш што ў нашай краіне апошняя фабрыка па вытворчасці ёлачных цацак закрылася яшчэ ў 2006 годзе.
Сёння адна з вялікіх зал на трэцім паверсе Нацыянальнага гістарычнага музея ўяўляе сапраўднае казачнае царства з элементамі хай-тэк: трапляеш туды праз прыгожую браму, дзе ўжо на парозе ступаеш на святлодыёднае віншаванне “З Новым годам!”, і апынаешся ва ўладзе таго, што называецца так проста — ёлачная цацка. Экскурсавод першай справай прапануе наведвальніку азнаёміцца з працэсам яе вытворчасці на ўсіх трох асноўных этапах — выдзімання шкла, пасерабрэння гатовай формы і афарбоўкі ды роспісу. Тут жа на экране паказваецца дакументальны фільм пра вытворчасць цацак, зняты братамі Бегунамі на Клаўдзіеўскай фабрыцы. А другі этап — пасерабрэння — дэманструецца ўжывую! На тваіх жа вачах унутр шклянога шара ўпрыснуць вокіс серабра, аміяк і дыстыляваную ваду, пакладуць яго ў гарачую ваду, некалькі разоў дастануць і страсянуць, каб серабро раўнамерна расцяклося па сценках, — і вось ён, пасярэбраны знутры цуд, які застанецца толькі афарбаваць і распісаць звонку! Ты ўжо быў сведкам магіі, але далей — больш…
А далей ты пачынаеш вандраваць па гісторыі і літаральна вывучаць гэтую гісторыю, якая будзе глядзець на цябе з кожнага стэнда, з кожнага экспаната, якіх, дарэчы, на выставе прадстаўлена больш за 400.
Вось, напрыклад, адзін з першых стэндаў — з ёлачнымі цацкамі савецкіх гадоў. Дзмітрый Бягун не без добрага гумару каменціруе гэтую калекцыю:
— Ну, вось бачыце: быў страшны 1937 год, а на савецкіх ёлачных цацках маляваліся твары членаў Палітбюро, паляцеў упершыню чалавек у космас — на навагодніх ёлках з’явіліся ракеты і касманаўты, стаў разводзіць Хрушчоў кукурузу — савецкія ёлкі сталі спрэс упрыгожваць шкляныя кукурузныя пачаткі і г.д. Гісторыю Савецкага Саюза, безумоўна, можна вывучаць па ёлачных цацках, але, папраўдзе, нейкіх цікавых нацыянальных асаблівасцей у тых савецкіх цацак не было. Усе яны былі ў прынцыпе аднолькавымі ва ўсіх савецкіх рэспубліках, бо агульнай была гісторыя.
Мы ідзём далей. І Дзмітрый працягвае:
— А ўвогуле ёлачная цацка ў свеце — гэта вельмі пазнавальная рэч у тым сэнсе, што па ёй можна сапраўды пазнаць рэгіён, у якім яна была выраблена. Скажам, калі гэта Мальта, то тут часта будзе прысутнічаць крыж Мальтыйскага ордэна, калі гэта Дубаі — вярблюды ў пустыні, калі гэта Нідэрланды — знакаміты дэлфцкі фарфор у сіне-белых колерах (ад горада Дэлфт, дзе з 1653 года працуе Каралеўская мануфактура па роспісе фарфору), калі Польшча — прыгожыя фігуркі ў нацыянальных строях, вырабленыя на фабрыцы KO-MO-ZJA.
Тым часам мы спыняемся ля кутка, дзе прадстаўлены нямецкія ёлачныя цацкі. Як высвятляецца, усе яны з самай знакамітай у Еўропе крамы, спецыялізаванай на продажы калядных упрыгажэнняў, у горадзе Ротэнбург-на-Таўберы. Круглы год тут працуюць выставы-кірмашы.
Асобны акцэнт у сваёй экскурсіі Дзмітрый Бягун робіць на стэндзе “Санта-Эрмітаж”, дзе экспануюцца восем навагодніх шароў з выявамі рэпрадукцый вядомых твораў Леанарда да Вінчы, Сальвадора Далі, Пабла Пікаса, Віктара Васняцова, Марка Шагала і інш.:
— Гэта ўнікальны праект, які мы ажыццяўляем разам з адным украінскім мастаком. Кожны з шароў зроблены ў адзіным экзэмпляры, усё ўручную распісана алейнымі фарбамі, а гэта неверагодна складана — перадаць такую выразную дэталізацыю на паўсферы. Мы заключылі з гэтым мастаком кантракт, паводле якога ён не мае права ўзнавіць такія шары на працягу бліжэйшых дзесяці гадоў.
Побач яшчэ адзін вельмі цікавы экспанат — дакладная копія цацкі, падоранай Папу Рымскаму Іаану Паўлу ІІ украінскімі шкловыдзімальшчыкамі, занесенай у Кнігу рэкордаў Гінеса як самы вялікі шар, выдзьмуты ўручную.
Нарэшце, Дзмітрый паказвае, бадай, самую каштоўную ў літаральным і пераносным сэнсах рэч на выставе — шкляную ёлачную цацку канца ХІХ стагоддзя дыяметрам больш за 45 сантыметраў. Такімі ўпрыгожвалі агромністыя навагоднія ёлкі на знакамітых венскіх балях. Асцярожна пытаюся ў свайго гіда, як знайшлі яны з братам такі рарытэт і ў колькі ён ім абышоўся?
— Мы купілі яго ў Будапешце ў аднаго старога венгра-калекцыянера. Ой, як жа ён доўга з намі таргаваўся і нават пусціў слязу, але не спусціў ніводнага форынта! Я ўжо і не памятаю, колькі мы тады яму заплацілі. Здаецца, некалькі соцень тысяч форынтаў. І для нас па вялікім рахунку не важна, многа гэта ці мала на нашы грошы… Для нас гэты прадмет проста бясцэнны, бо мы ведаем, што іншай такой цацкі, можа, і не знайсці больш нідзе.
Экспазіцыя мае яшчэ нямала іншых цікавостак, напрыклад, адмысловы мініяцюрны калядны гарадок, прывезены з Галандыі, дзе карусель рэальна круціцца, а ў доміках запальваецца святло. Дзяцей адсюль проста не адарваць! Або асобны куток пад назвай “Магазін ёлачных цацак”, дзе можна набыць прыгожую шкляную цацку ручной работы, а таксама паслаць паштоўку сваім родным або сябрам па “Пошце Дзеда Мароза”.
Але і гэта яшчэ не ўсё! У невялікай зале на другім паверсе штодня ў рамках праекта “Музей ёлачных цацак” працуе адмысловая майстэрня, дзе мастакі-педагогі праводзяць для ўсіх ахвочых майстар-класы па роспісе ёлачных цацак. Знаёмлюся з Вольгай Вашчылка, на майстар-клас да якой завітала мама са сваімі маленькімі дачкой і сынам. Назіраю, з якім захапленнем малыя размалёўваюць па трафарэце домік, сумёты, зорачкі… І вось самы чароўны момант: пакуль фарба не засохла, трэба хуценька пасыпаць на цацку бліскаўкі — і тады на ёй заіскрыцца сапраўдны снег! Дарэчы, гэтыя распісаныя сваімі рукамі цацкі ўдзельнікі майстар-класа могуць, вядома ж, забраць з сабой, павесіць потым іх на свае навагоднія ёлкі.
— Напрыканцы майстар-класа мы робім дзеткам (і не толькі дзеткам, але і дарослым, якія таксама з радасцю размалёўваюць цацкі) сюрпрыз, — гаворыць Вольга Вашчылка. — Кажам ім, што з адваротнага боку цацкі яны могуць пакінуць нейкі подпіс. Многія пішуць пажаданні родным ці сябрам і дораць потым ім свае “творы мастацтва”, іншыя проста пакідаюць сваё імя і год — 2015. І нічога страшнага няма, калі, напрыклад, у самых маленькіх дзетак атрымліваюцца каракулькі… Галоўнае, каб гэтая цацка захавалася. Каб праз гады яе можна было ўзяць у рукі і пасмяяцца. Ці са слязамі на вачах успомніць, як ты, калі быў маленькім, верыў у навагодні цуд.
…Дык ці ёсць у навагодняй ёлкі душа? Арганізатары праекта “Музей ёлачных цацак” сцвярджаюць, што адназначна ёсць і што хаваецца яна ў навагодніх цацках. Толькі не ў тых танных кітайскіх, якімі запоўнены наш рынак і якія не б’юцца. А ў шкляных, вырабленых ад самага пачатку і да канца ўручную, з душой. У тых, якія прыемна трымаць у руках, прыемна захоўваць як памяць.
Так, па неасцярожнасці такую цацку можна ўпусціць з рук, і яна можа разбіцца на аскепкі. Але ж такая крохкая і чалавечая душа.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.