Для гэтай усмешлівай прывабнай дзяўчыны агнявая стыхія — норма жыцця. Яна ўвесь час рызыкуе атрымаць цяжкую траўму ці сур’ёзны апёк, ёй заўсёды трэба быць адважнай і сканцэнтраванай, бо ад яе зладжаных і вывераных дзеянняў залежыць бяспека партнёра і навакольных людзей. Яе праца не звязана з прафесіямі зваршчыка, сталявара ці пажарнага. Яна — настаўнік, аднак з вельмі незвычайным хобі.
Ад танцаў да фехтавання
Каля сямі гадоў назад, яшчэ студэнткай гістарычнага факультэта Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова, Ірына Смірнова захапілася заварожваючым і досыць экстрэмальным субкультурным рухам — фаер-шоу. З часам жаданне праверыць сябе на трываласць і атрымаць новыя эмацыянальныя адчуванні нікуды не знікла. Маючы стабільную працу ў магілёўскай сярэдняй школе № 31 і дружную сям’ю, яна працягвае займацца любімай справай, зноў і зноў пераадольваючы свой страх перад пякучым полымем.
— У дзяцінстве і юнацтве я была непаседай, займалася ў велізарнай колькасці кружкоў і пераспрабавала многія кірункі як у спорце, так і ў творчасці, — успамінае Ірына. — Танцы, фехтаванне, школа мастацтваў, клуб вайскова-гістарычнай рэканструкцыі — бацькі падтрымлівалі ўсе мае пачынанні. Таму не дзіўна, што нават калі я стала дарослай, не змагла ўстаяць перад чымсьці новым і незвычайным, стаўшы ўдзельніцай аднаго з першых у Магілёве фаер-клубаў. Тым больш, задаткі былі: у аснове выступленняў з агнём ляжыць харэаграфія, а танцы — гэта маё другое захапленне. Я і зараз займаюся ў калектыве Цэнтра творчасці “Эверэст”, а ў школе апроч гадзін гісторыі ў мяне ёсць яшчэ і заняткі па харэаграфіі.
Парушаючы стэрэатыпы
Па словах дзяўчыны, прафесійнай дзейнасці такое хобі не перашкаджае і нават наадварот — дапамагае наладзіць узаемаадносіны з вучнямі. Калегі таксама ўспрымаюць педагога-фаершчыка з цікавасцю і нават наведваюць яе выступленні. Дарэчы, некаторыя з іх праходзяць на тэрыторыі школы. Так, Ірына арганізавала відовішчнае святлодыёднае шоу перад дзецьмі, іх бацькамі і адміністрацыяй навучальнай установы на свята 1 верасня.
— Вядома, існуюць пэўныя стэрэатыпы, звязаныя з прафесіяй настаўніка, і першая рэакцыя людзей, якія даведваюцца пра маё хобі — шчырае здзіўленне, — усміхаецца суразмоўніца, для якой такое пытанне ўжо даўно стала “дзяжурным”. — І ўсё ж ніякага негатыву, звязанага з удзелам у фаер-шоу, я на сабе не адчуваю. Гэта той выпадак, калі захапленне дапамагае, а не перашкаджае. Напрыклад, у многіх пытаннях мне значна прасцей паўплываць на дзяцей, скарэкціраваць іх паводзіны, бо яны да мяне прыслухоўваюцца і ахвотна ідуць на кантакт.
Адчуць “Дыханне агню”
У калектыве “Дыханне агню” пры Магілёўскім гарадскім цэнтры культуры і вольнага часу, дзе займаецца Ірына, на пастаяннай аснове выступаюць пяць удзельнікаў, у тым ліку і яе муж. У свой час склад фаер-групы даходзіў да трыццаці чалавек, аднак мастацтвам утаймоўваць агнявую стыхію з-за розных прычын авалодваюць нямногія: у некаторых не атрымліваецца пераадолець страх перад небяспекай, а нехта не можа сумяшчаць гэтае захапленне з працай і мерным сямейным жыццём. Тым больш, што агнявое шоу патрабуе не толькі выверанага да аўтаматызму выканання трукаў, але і поўнага паразумення ўнутры калектыву.
— Праца з агнём — гэта заўсёды экстрым з элементамі нечаканасці, таму важна давяраць адно аднаму, быць сабраным і ўважлівым: адзін няпэўны, нязладжаны рух — і выступленне можа скончыцца дрэнна, — адзначае Ірына. — Гэта ўжо іншы ўзровень адказнасці, калі ад цябе залежыць не толькі асабістая бяспека, але і здароўе партнёра. Страх атрымаць траўму прытупляецца толькі тады, калі адзін і той жа элемент шоу адпрацоўваецца не адзін дзясятак разоў. Усё гэта робіць чалавека больш арганізаваным, стрыманым і ўраўнаважаным.
Агонь — заўсёды рызыка
І ўсё ж траўмы ўсё роўна здараюцца. На шчасце, у Ірыны за час існавання калектыву, апроч апаленых валасоў, пальцаў і рук, сур’ёзных апёкаў не было. А вось яе мужу пашанцавала значна менш: пасля аднаго з такіх выступленняў ён трапіў у бальніцу з апёкам грудзей трэцяй ступені. Аднак ад гэтага ніхто не застрахаваны нават пры выкананні тэхнікі бяспекі — агонь ёсць агонь, упэўнена суразмоўніца. Тым больш, хлопцы рызыкуюць значна часцей, чым дзяўчаты, з-за таго, што выкарыстоўваюць больш траўманебяспечны рэквізіт, захапляюцца брызінгам — выдыханнем агнявога полымя.
— Брызінг — самы небяспечны элемент фаер-шоу, які з-за сваёй неверагоднай відовішчнасці вельмі падабаецца публіцы, — расказвае дзяўчына. — Аднак для выступоўцы гэта каласальная рызыка, якая зводзіцца да мінімуму толькі шматлікімі ўзмоцненымі трэніроўкамі. На жаль, вопыт ратуе не заўсёды — можна папярхнуцца гаручым ці з-за яго неналежнай якасці не паспець патушыць ахопленае полымем адзенне. Раней я таксама займалася брызінгам, аднак у адзін з момантаў страх узяў нада мною верх.
Мастацтва маляваць агнём
Сёння ў арсенале Ірыны шмат інструментаў — тырчы, паі, стафы, вееры, снэйкі… Увесь гэты рэквізіт у руках дасведчанай фаершчыцы “ажывае” і дазваляе маляваць у паветры неверагодныя агнявыя карціны і ілюзіі, якія прыкоўваюць позірк захопленай публікі. Гаспадыня стыхіі і сама арганічна існуе сярод разнастайных агнявых фігур, якія шалёна круцяцца ўсяго за некалькі сантыметраў ад яе.
— У нашым калектыве дзейнічае прынцып поўнай узаемазамяняльнасці, таму засяродзіцца на асваенні толькі аднаго якога-небудзь інструмента не атрымаецца — з адным элементам шоу не зробіш, — растлумачыла Ірына. — Сказаць, з чым лягчэй за ўсё навучыцца працаваць, досыць складана: простага рэквізіту ў нас няма. Нават калі на першы погляд здаецца, што ўсё элементарна, на справе пераконваешся ў адваротным. Напрыклад, з паямі, агнявымі шарамі на ланцугах, можна рабіць вялікую колькасць трукаў — у тым ліку і жангліраваць імі. Гэта самы бяспечны і ў той жа час адзін з самых цяжкіх у асваенні элементаў. Таксама можна жангліраваць і веерамі — гэта заўсёды ярка і вельмі прыгожа.
Выступленне — гэта значны эмацыянальны зарад
Аднак агонь — толькі частка відовішча, якое таксама складаецца з музыкі і харэаграфіі. Вельмі часта да ўдзелу ў шоу запрашаюцца вулічныя музыканты, дыджэі і нават байкеры: усё залежыць ад сюжэта і маштабаў тэатралізаванай фаер-пастаноўкі. Такія выступленні запамінаюцца надоўга і ўдзельнікам, і гледачам. Так, Ірына дагэтуль помніць свой першы выхад на сцэну ў вялікай пастановачнай праграме “Вакол свету”.
— Па задумцы, у гэтым фаер-шоу трэба было не толькі прадэманстраваць валоданне інструментам, але і адыграць адведзеную ролю, — расказала яна. — Для мяне гэта быў вялікі стрэс — дрыжалі рукі і трэсліся каленкі. Аднак калі ўсё стала атрымлівацца, страх прайшоў сам сабой і з’явілася задавальненне ад таго, што ты робіш. Больш за тое, калі выходзіш на сцэну з такім складаным, экстрэмальным відам творчасці і бачыш рэакцыю людзей, чытаеш у іх вачах увесь спектр эмоцый ад здзіўлення і захаплення да перапуду і страху — гэта неверагоднае адчуванне. Безумоўна, я вельмі люблю выступаць на публіцы, для мяне гэта дадатковае эмацыянальнае падсілкаванне, якое дае зарад бадзёрасці і ратуе ад дрэннага настрою.
Займацца агнём, каб дарыць людзям любоў
Фаершчыкі ўпэўнены, што, утаймоўваючы агонь, яны дадаюць прыгажосці ў навакольны свет. Бо ў аснове фаер-шоу ляжыць не толькі прага да перформанса, але ж і сапраўдная філасофія жыцця: займацца агнём, каб дарыць людзям любоў. Таму, як кожнага захопленага сваёй справай энтузіяста, удзельнікаў фаер-шоу больш за ўсё засмучае, калі за справу бяруцца дылетанты, якія недасканала засвоілі пару-тройку элементаў. Гэта не толькі небяспечна, але яшчэ і псуе агульнае ўражанне ад працы прафесіяналаў, якія ўкладаюць у сваю справу ўсе сілы, адзначае Ірына.
У планах — рухацца наперад
Разам з іншымі ўдзельнікамі шоу “Дыханне агню” дзяўчына ўвесь час самаўдасканальваецца: асвойвае новыя элементы і тэхнікі, актыўна бярэ ўдзел у розных трэнінгах і майстар-класах па фаер-мастацтве і харэаграфіі, напрацоўвае вопыт выступленняў на адкрытых пляцоўках. У найбліжэйшыя некалькі гадоў яна не збіраецца расставацца са сваім захапленнем, наадварот — плануе працаваць больш старанна.
— Фаер-шоу — напрамак вулічнага мастацтва, у якім можна развівацца бясконца, і гэта падкупляе, — дзеліцца сваімі думкамі Ірына. — Сёння я не ведаю ніводнага фаершчыка, які б спыніўся ў сваім развіцці і з упэўненасцю сказаў, што авалодаў усім рэквізітам і выпрабаваў усе элементы, якіх налічваецца бясконцае мноства. Наш калектыў таксама знаходзіцца ў пастаянным руху: рэалізуецца шмат творчых ідэй і задумак, рыхтуюцца яркія і незвычайныя шоу. Нас аб’ядноўваюць агульныя інтарэсы і захапленні — і гэта галоўны залог таго, што мы працягнем ісці гэтым творчым шляхам.
Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара і з асабістага архіва Ірыны СМІРНОВАЙ.