Як ператварыць адходы ў даходы і карысную справу, ведаюць у навагрудскай гімназіі № 1. Тут стварылі і паспяхова выкарыстоўваюць механізаваны станок для нарэзкі пластыкавых бутэлек на стужкі. Пластыкавую стужку пасля выкарыстоўваюць для вырабу патрэбных рэчаў (шчотак для падлогі, кошыкаў), а таксама для падвязвання раслін.
— Пачатак гэтай справе паклала патрэба вучэбнай майстэрні ў звычайных шчотках, каб прыбіраць пасля ўрокаў, — расказвае дырэктар гімназіі Святлана Аляхновіч. — Наш настаўнік працоўнага навучання і чарчэння Андрэй Андрэевіч Саўка прапанаваў вучням вырабляць шчоткі з пластыкавых бутэлек на ўроках працоўнага навучання.
Але ж наразаць стужку ўручную нязручна і марудна, складана атрымліваць неабходную яе шырыню. Тут і спатрэбілася рацыянальная думка настаўніка і вучняў, якія прыдумалі станок, з дапамогай якога гэты працэс станавіўся лягчэйшым. Гімназісты прадставілі прыладу на навукова-інжынерным конкурсе навучэнцаў Belarus Science and Engineering Fair — 2016 і атрымалі прыз маладзёжнага журы і дыплом “За ўстойлівае развіццё” ад карпарацыі Ricoh Sustainable Development Award. Натхнёныя такім вынікам, настаўнік і вучні стварылі механізаваную версію станка і прадставілі яе на абласным туры конкурсу “100 ідэй для Беларусі” ў канцы мінулага года. Здавалася б, простае прыстасаванне, але ўвагу наведвальнікаў і журы механізаваны станок выклікаў немалую. Па выніках удзелу ў конкурсе А.А.Саўка, навучэнцы Ягор Анішчык і Андрэй Куц былі адзначаны сертыфікатам пераможцаў.
А.А.Саўка лічыць, што вельмі важна, што хлопцы на ўроках займаюцца патрэбнай справай і гэта выклікае цікавасць і павышае матывацыю да працы. Да таго ж экалагічны складнік прысутнічае: пластыкавая бутэлька не выкідваецца ў смецце, а ідзе на карысную справу. Вырабленымі на занятках шчоткамі карыстаюцца не толькі ў гімназіі (у кабінеце тэхнічнай працы, падмятаецца тэрыторыя вакол гімназіі, міні-футбольнае поле са штучным пакрыццём). У 2017 годзе вырабы з пластыкавай стужкі будуць прапанаваны для набыцця школамі раёна праз гімназічную бізнес-кампанію “Навагрудскія самаробкі”, адкрыццё якой адбудзецца 1 верасня 2017 года. Пакуль што рыхтуецца неабходная дакументацыя. Плануецца таксама выраб іншых прадметаў хатняга ўжытку. Зараз навучэнцы гімназіі падалі заяўку для ўдзелу ў чарговым конкурсе Belarus Science and Engineering Fair — 2017. Яны распрацавалі механічны станок для ачысткі калёс дзіцячай каляскі ад смецця.
Ягор Анішчык і Андрэй Куц з гонарам дабаўляюць, што карыстаюцца зробленымі на ўроках шчоткамі і дома, да таго ж чысціць такой прыладай снег у двары вельмі зручна.
Распрацоўка навагрудскіх гімназістаў будзе прадстаўлена ў фінале Рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.