Педагог, фатограф, стваральнік цацак і сейбіт дабра

Што мы ведаем пра нашых выхавальнікаў і настаўнікаў? Яны добрыя, шчырыя людзі, якія адкрываюць маленькім і дарослым дзецям дзверы ў шматграннае, цудоўнае і таямнічае жыццё. Але што яшчэ? Які ўнутраны свет нашых педагогаў, што захапляе іх? Раскажам пра цікавае, поўнае творчых прыгод жыццё намесніка загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 1 Фаніпаля Валянціны Міхайлаўны Насановіч.

Педагагічны стаж Валянціны Міхайлаўны — дзевяць гадоў. Пачынала свой шлях у педагогіцы выхавальнікам, за яе плячыма два выпускі. Цяпер працуе намеснікам загадчыка ў нядаўна адчыненым дзіцячым садку, тут жа вядзе заняткі ў мацярынскай школе для мам і дзяцей да трох гадоў. Таксама яна мае шмат хобі. У кожнага — свая непаўторная гісторыя ў лёсе гераіні.

Літаратура

— Я чытаю ўсюды і заўсёды, — пачала гісторыю сваіх захапленняў Валянціна Міхайлаўна. — Гэта маё самае любімае баўленне часу і сродак для рэлаксацыі.

Любоў да якаснай літаратуры ёй прывілі яшчэ ў дзяцінстве. У баць­коў Валянціны Насановіч ёсць вялікая, шыкоўная бібліятэка, пад якую адведзена асобнае памяшканне. Шафы ў ёй — амаль пад столь у два рады застаўленыя кнігамі. Усё як у сапраўдным кнігасховішчы: для хуткага пошуку заведзены спецыяльны дамашні каталог, у якім ледзь не 1000 экзэмпляраў! Маецца і табурэт у тры ступенькі, каб зручней даставаць кнігі з верхніх паліц.

 — Не любіць чытаць сярод такой колькасці кніг было проста немагчыма, — адзначае суразмоўніца. — Аднойчы ў школе ў мяне адбыў­ся канфлікт наконт наведвання бібліятэкі: пасля заканчэння першага класа на свяце пасвячэння ў чытачы выставілі мяне перад усімі паралельнымі класамі і маштабна прысарамацілі за тое, што мая картка чытача засталася пустой. Усе смяяліся, а я стрымала эмоцыі, якія вось-вось бы нахлынулі слязьмі на вачах, і гучна выказала бібліятэкару, што, перш чым рабіць публічнае пакаранне, трэба было б разабрацца. І паклікала яе да сябе ў госці. Гэта быў сапраўдны трыумф справядлівасці, калі яна разгублена стаяла сярод пакоя, даверху запоўненага цудоўнымі кнігамі! У заўзятага кнігалюба заўсёды пытаюцца пра самыя любімыя кнігі, якія сталі настольнымі і перыядычна перачытваюцца, пра тыя кнігі, што чытаюцца цяпер. У мяне няма любімых кніг, і я не перачытваю твор другі раз, таму заўсёды неяк сумна, калі кніга спадабалася, уразіла, але скончылася, пакінуўшы прыемны прысмак ад чытання. Кніга, якую я зараз чытаю, — гэта матэрыял, які тычыцца працы на інтэрактыўнай дошцы. У нашым садзе такая ёсць, і я хачу навучыцца максімальна выкарыстоўваць яе магчымасці.

Выпечка

— У маёй сям’і багатая гісторыя і традыцыя кулінарных рэцэптаў. Яны захоўваюцца і перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Пага­дзіцеся, мала каму на 18-годдзе ва ўрачыстай абстаноўцы падносяць рэцэпт прапрабабулі па прыгатаванні калядных пернікаў з роспісам, — ганарыцца сваім падарункам на паўналецце Валянціна Міхайлаўна.

Уменне выпякаць з цеста арыгінальныя рэчы тыпу плеценага кошыка з клубніцамі, грыбамі ці букетам руж у натуральную велічыню з масцікі  вельмі спатрэбілася будучаму педагогу ў студэнцкія гады. У цяжкія часы глабальнага дэфіцыту выпечка на заказ была надзвычай запатрабавана, асабліва ў вясельны сезон. Юнай Валянціне па­шчасціла выпадкова (але ці ёсць у нашым жыцці выпадковае?) знайсці прыватную кандытарскую і папрацаваць пад яе крылом.

Рукадзелле

Гадоў сем назад у жыцці расказчыцы адбыўся творчы пераварот, калі яна аднойчы ўбачыла дабрачынны аўкцыён аўтарскіх работ. Жаданне таксама быць часткай гэтай каманды, дапамагчы хворым дзеткам стала галоўнай матывацыяй, каб навучыцца шыць прыгожыя рэчы для продажу.

Спачатку Валянціна Міхайлаўна вызначыла попыт на дзіцячыя тавары, потым ацаніла свае магчымасці, прачытала дзясятак кніг па рукадзеллі, стварыла свой блог для камунікацыі і падсілкоўвання парадамі ўмельцаў, запаслася патрэбным матэрыялам і прыступіла да працы.

— Першы свой развіццёвы кубік для малышоў я шыла тры тыдні, старанна прадумваючы кожную грань. Я дрыжала над кожным шыўком! Потым справа пайшла крыху хутчэй.

Развіццёвыя кубікі і кніжкі, кам­плекты для кухні, тэкстыльныя брошкі, сувеніры і цацкі, — спачатку за аснову гераіня брала ідэі і выкрайкі май­строў-рамеснікаў. Потым ёй захацелася стварыць нешта сваё, аўтар­скае, ад пачатку і да канца. Так з’явіліся чайнікі з феямі на накрыўках, розныя “кузуркі” ў кветкавыя вазоны, інтэр’ерныя лялькі-прымітывы, сувеніры ў нацыянальным стылі. Нягледзячы на такі спіс казачных рэчаў, зробленых сваімі рукамі, гераіня ацэньвае свае дасягненні сціпла.

— Свой узровень магу назваць так: устой­лівы сярэдні. Але ёсць жаданне расці і развівацца далей. Ужо маю работы, якімі ганаруся: той самы першы кубік, які стаў пунктам адліку майго жыцця ў творчасці, і сувенірныя буслы. Аднаго нават падарылі пісьменніцы Раісе Баравіковай, а другі жыве цяпер у музеі часопіса “Буся”. Ведаеце, калі б мне сем гадоў назад сказалі, што я так захаплюся рукадзеллем, што нават напішу кнігу з майстар-класамі па сваіх аўтарскіх распрацоўках “Матуліна май­стэрня!”, я б вельмі здзівілася і падумала, што з мяне здзекуюцца з-за майго няўмення што-небудзь рабіць сваімі рукамі, — усмі­хаецца Валянціна Міхайлаўна.

Фатаграфія

Валянціна Насановіч і яе родныя беражліва захоўваюць сваю гісторыю і ганарацца, што ведаюць сваіх продкаў на два стагоддзі назад. Фотаальбомы — гэта ў многім тое, што дапамагае захоўваць сувязь і памяць пакаленняў. Самыя старыя фотаздымкі, як успамінае В.Насановіч, — дарэвалюцыйныя.

— У той час займацца фатаграфіяй было дарагой асалодай, таму партрэтных фота спачатку было вельмі мала. У асноўным — сямейныя, групавыя карткі з акуратна абрэзаным хвалістым краем у карычневай сепіі. Затым былі кантрасныя грыфельныя фота са старанна выверанымі віньеткамі і надпісамі мудрагелістым шрыфтам. Потым з’явіліся з дабаўленым уручную колерам парныя і адзіночныя партрэты, затым — строгія чорна-белыя фота ў намаляваных рамках. У нас ёсць такі сямейны альбом, дзе гісторыя фатаграфіі ў адным месцы, як наглядная майстэрня, — расказала педагог.

Па яе словах, каб прагартаць альбомы, рабілі цэлы рытуал: трэба было старанна два разы вымыць рукі (як у сапраўдным хірургічным аддзяленні!), выціралі іх амаль да скрыпу, потым іх пасыпалі дзіцячай прысыпкай, а затым жадаючыя паглядзець фотакартачкі соты раз слухалі аб тым, як яны павінны абыходзіцца з калькай і што нельга вымаць фота з вуглоў, слініць пальцы, што гартаць дазволена толькі строга на стале, які пакрыты абрусам.

Позы, фон, студыйныя атрыбуты, вугал пастаноўкі святла разглядаць маленькай Валянціне было куды цікавей, чым уборы і прычоскі, а думаць пра тое, як гэта было знята, — яшчэ цікавей.

— Мой муж таксама захапляецца фатаграфіяй, і гэтая агульнасць інтарэсаў сыграла вялікую ролю ў рашэнні ства­рыць сям’ю. Цяпер фота — гэта наша агульнае хобі, адду­шына ад побытавых клопатаў і ўсяленскіх праблем.

Лічбавыя фотаапараты змянілі нашы старэнькія “зеніты”, з’явіўся цэлы шэраг аб’ектываў, фільтраў, адбівальнікаў, стоек, успышак. Але нават калі ёсць крутая тэхніка, стараннасць і разуменне, нават зерне таленту — гэтага ўсё роўна мала. Для таго каб рабіць адметнае фота, трэба пастаянна вучыцца. Штосьці прыходзіць на ўзроўні спроб і памылак, разумеецца дзякуючы самаадукацыі, пераймаецца ад гуру-майстроў на май­стар-класах. Мы часта ездзім на розныя трэнінгі. Хтосьці — на мора ў круіз, а мы — у Вільнюс, Прагу, Варшаву на майстар-клас знакамітага фато­графа, каб навучыцца нечаму новаму.

Я не стаўлю сабе мэту перамагаць на конкурсах фатаграфіі. Але заўсёды прыемна, калі мае работы з’яўляюцца на старонках часопісаў, на календарах. Аднак найбольш прыемна, што папаўняецца сямейны фотаальбом і працягваецца ён выдатнымі, добрымі фота, якія будзе цікава разглядаць маім дзецям і ўнукам. Можа, яны таксама будуць гадаць, як гэта было знята, — дапускае ў думках гераіня.

Фотадызайн Валянціна Міхайлаўна асвойвала паралельна з фотаздымкай. Зараз яна робіць калажы, фотаальбомы, фотакнігі, фірменныя біркі для ўласных самаробных работ, фотавітрыны, стэнды, плакаты, календары. Яна лі­чыць, што ўменне працаваць з фотаздымкамі — неад’емная частка працы любога фато­графа. І толькі ён ведае, што чорна-белае фота робіцца адразу пры здымцы, ствараецца святлом і ценем, а не рычажком у камп’ютарнай праграме. Толькі фатограф ведае, які здымак трэба зрабіць для пераводу ў акварэльны малюнак, карціну алеем ці габелен.

— Так, сучасныя камп’ютарныя праграмы робяць цуды, але для любога цуду па­трэбна аснова, — лічыць В.Насановіч.

Маленькі герой вялікай краіны

Але гэта далёка не ўсе таленты педагога. Яе самы вялікі дарунак з маленства — сеяць дабро ў гэты свет. Сямігадовая Валя стала самым маленькім чалавекам, які пералічыў грошы (сама ж і зарабіла іх!) у Міжнародны фонд міру! А было гэта так.

— Дом маёй бабулі стаяў на краі сяла, непадалёк было роўнае месца, дзе яна і прабабуля кожную вясну садзілі кветкі, прыносілі свечкі. Калі я крыху падрасла, мне расказалі, што на гэтым месцы знахо­дзяцца брацкія могілкі часоў Першай су­светнай вайны, што раней тут стаяла капліца і была дошка з 39 прозвішчамі загінуўшых. Мая прабабуля часта станавілася на тым месцы на калені, гладзіла зямлю са словамі: “Сынкі, сынкі… і мой недзе ля­жыць забіты фрыцамі”. На гэта нельга было гля­дзець без слёз, і хацелася зрабіць нешта неверагоднае, такое, што спыніла б усе войны раз і назаўсёды, — расказала Валянціна Міхайлаўна.

Пасля першага класа Валянціна і яе аднакласнікі атрымалі заданне назбіраць і здаць лекавыя расліны. Яна набрала кошык трыпутніку, высушыла на гарышчы і паехала разам з бабуляй здаваць яго ў аптэ­ку.

— Атрымаўшы за трыпутнік грошы, я ўжо ведала, што буду рабіць усё астатняе лета, — успамінае Валянціна Міхайлаўна. — Памятаю, бабуля пажартавала, што трэба сабраць цэлы пуд сухіх лекавых траў, каб мой уклад у справу захавання міру меў хоць грам вагі.

Зараз Валянціна Насановіч з цяжкасцю разумее, як тады змагла назбіраць 16 кілаграмаў сухіх зёлак… Грошы, як і планавалася, былі пераведзены ў Міжнародны фонд міру.

— Я памятаю гэтае пачуццё і цяпер. Маё дзіцячае ўяўленне малявала нейкі шчыт, які выкавалі з маіх манетак. Шчыт, які выратуе ўвесь свет ад вайны.

Пра яе, маленькага героя, хутка знялі дакументальны фільм “Ад усяго сэрца” (ЦСДФ, 1983 год, рэжысёр Е.Гекер, аператар Г.Епіфанаў, аўтар сцэнарыя В.Паўлаў). Адным з пунктаў праграмы здымак была сустрэча з дэлегацыяй Міжнароднага фонду міру з Жэневы 22 чэрвеня ў
Брэсцкай крэпасці. Гэтая сустрэча запомнілася дзяўчынцы на ўсё жыццё.

— Я іду з перакладчыкам і здымачнай групай па мосце праз Буг — месца су­стрэчы сімвалічнае. Менавіта тут пачалася Вялікая Айчынная вайна. Насустрач — лю­дзі ў джынсах і беласнежных футболках з выявай голуба міру Пікасо. Усё вельмі ўрачыста. Дэлегаты нясуць кветкі і нешта белае ў руках, якое лунае, як сцяг. На сярэ­дзіне мы сустракаемся. Я бачу, што белае — гэта футболка. Адзін з дэлегатаў (вялікі скандынаў, падобны на бога Тора) становіцца перада мной на калені і апранае футболку-сцяг на мяне. Яна мне вельмі вялікая, як сукенка,  да пят. І тут ён пачынае плакаць, напэўна, яго расчуліў мой выгляд у гэтай вопратцы змагара за мір. Гэтыя кадры абышлі ўвесь свет. Я падумала тады, што ён плача ад таго, што памыліўся з памерам футболкі. Пагладзіла яго па галаве (нечуваная дзёрзкасць для савецкай дзяўчынкі) і сказала: “Не расстройвайся, я да яе дарасту”. Усе засмяяліся. А “бог Тор” сказаў: “Мір у надзейных руках”, — згадвае словы дэлегата Валянціна Міхайлаўна.

Акрамя савецкага тэлебачання, гэтую сустрэчу здымаў шэраг замежных каналаў, якім маленькая Валечка давала інтэрв’ю. Асабліва карэспандэнтаў здзіўляла тое, што сямігадовая дзяўчынка дэталёва памятае ўсе даныя памерлага на вайне дзеда. Адкуль? З пахавальнай, якую вельмі часта прасіла прачытаць прабабуля, калі яе вочы перасталі добра бачыць. Маленькая Валянціна ведала тэкст пахавальнай і суправа­джальнага ліста на памяць.

Пасля таго як фільм выйшаў на экраны, Валянціну пачалі пазнаваць на вуліцах, прысылалі падарункі. Адрас быў такі: Савецкі Саюз, Фонд міру, дзяўчынцы Валі. І пісьмы з пасылкамі даходзілі! Многія з падарункаў і цяпер ёсць у В.Насановіч: кнігі, значкі (у фільме расказвалі пра яе калекцыю значкоў і пра багатую бібліятэку). Дагэтуль захоўваецца адрэз тканіны з Узбекістана: дзеці сабралі бавоўну, з якой зрабілі стракатую тканіну ёй на сукенку.

— Рука так і не паднялася рэзаць ды шыць, — успамінае Валянціна Міхайлаўна.

Самы каштоўны для гераіні падарунак прыйшоў з Чэхаславакіі: запрашэнне наведаць магілу дзеда Валі, які загінуў там 5 мая 1945 года. Але ў Чэхаславакію, як і ў піянерскі лагер “Артэк”, яе не пусцілі, таму што тата быў ваенным.

— Было вельмі крыўдна, — успамінае Валянціна Насановіч. — Прайшоў час, і з Чэхаславакіі прыйшло пісьмо з фота манумента на брацкай магіле, дзе пахаваны дзед, фота табліцы з яго імем і фота вянка, які быў пакладзены ад майго імя. Добра, што мая прабабуля пайшла з жыцця з веданнем таго, што яе любы сын пахаваны з пашанай.

Гэтыя здымкі захоўваюцца ў сямейным альбоме гераіні і яе родных. А яна працягвае сеяць дабро і цяпер.

— Кожны год у нашай установе праходзіць шэраг дабрачынных акцый. У ка­стрычніку — “Крылы анёла”, калі мы аказваем дапамогу дзіцячым дамам, у снежні — “Сняжынка на далоні”, калі рыхтуем і дорым калядныя сувеніры для адзінокіх пажылых людзей нашага горада. Да Дня Перамогі мы ўдзельнічаем у акцыі “Паштоўка ветэрану” — робім прыгожыя паштоўкі са словамі падзякі за наша мірнае неба, я пяку пернікі ў форме галубоў, якія разлятаюцца ў розныя куткі нашай краіны на адрасы ветэранаў.

Выбар прафесіі педагога

Хобі ёсць хобі, як сур’ёзна да яго ні стаўся, але прызванне — гэта зусім іншае, на ўсё жыццё: і цяжкасць, і асалода, і лёс. Колькі Валянціна Міхайлаўна сябе памятае, заўсёды хацела працаваць з дзецьмі. У пачатковых класах настаўнікі арганізавалі для вучняў шэфства над групай дашкольнікаў у суседнім садку. Разам са сваімі аднакласнікамі Валянціна прыдумвала для дзетак цэлыя комплексы заняткаў і з радасцю праводзіла іх. Але з кожным месяцам шэрагі шэфаў радзелі. Аднойчы з актывістаў засталася адна Валя. Было цяжка, але яна не кінула гэты занятак. Шукала вершыкі, загадкі, гісторыі, большую частку з якіх прыдумвала самастойна. Дзеткі сустракалі яе з захапленнем, а выхавальнікі адзначалі, што ў яе прызванне быць педагогам.

— Памятаю нават, як да мяне ў госці прыйшла выхавальнік папрасіць кнігу, па якой я праводжу заняткі. І ніяк не жадала паверыць, што ніякай кнігі ў мяне няма. Ёсць толькі сшытак з накідамі заняткаў і вялікае жаданне тварыць у гэтай сферы.

Калі б я нарадзілася на дзесяць гадоў раней, абавязкова адразу падала б дакументы ў педагагічную вышэйшую навучальную ўстанову. Але маё заканчэнне школы прыйшлося на ліхія 90-я, глабальны дэфіцыт, абмежаванасць у сродках і страту ідэалаў. Я абрала эканамічную спецыяльнасць, каб быць запатрабаванай і мець стабільны даход. Калі я вярталася на канікулы ў родны горад, часта сустракала сваю любімую выхавальніцу Ганну Васільеўну. Яна ўздыхала, гладзіла мяне па спіне і казала: “Ты разумніца! Канечне, ты зможаш праца­ваць эканамістам, але ў душы ты педагог. Не забывай пра гэта”. Мілая мая Ганна Васільеўна! Дзякуючы ёй я пайшла вучыцца на педагога на завочнае аддзяленне, зараз працую ў дзіцячым садку і атрымліваю ад гэтага каласальную асалоду. Лёс вёў мяне па крузе: даў магчымасць атрымаць дыплом эканаміста, сем гадоў папрацаваць спецыялі­стам па нерухомай маёмасці, сустрэць на фірме будучага мужа і вярнуцца на месца, дзе я павінна была быць з самага пачатку, — у дзіцячы сад!

Вікторыя ГОМЗА.
Фота Валянціны НАСАНОВІЧ.